Падчас сваёй публічнай дзейнасці Езус неаднойчы павінен быў супрацьстаяць розным правакатарам. Іх мэтай было змусіць Езуса да выказвання, якое можна было б ужыць супраць Яго. Наша разважанне будзе датычыць найбольш небяспечнай правакацыі, бо яна кранала складаную праблему адносінаў паміж рэлігіяй і палітыкай. Гэта тэма заўсёды няпростая, але асабліва вострай яна была ў Палестыне ў часы Езуса Хрыста.
“Тады Фарысеі пайшлі і раіліся, як бы злавіць Езуса на слове. I паслалі да Яго вучняў сваіх разам з прыхільнікамі Ірада, каб сказалі: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на аблічча людзей. Таму скажы нам: як Табе здаецца? Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не?». Але Езус, ведаючы зласлівасць іхнюю, сказаў: «Чаму Мяне выпрабоўваеце, крывадушнікі? Пакажыце Мне падатковую манету». Яны прынеслі Яму дынар. Ён спытаў іх: «Чыя гэта выява і надпіс?». Адказалі Яму: «Цэзара». Тады Ён сказаў ім: «Дык аддавайце цэзарава цэзару, а Божае Богу». Пачуўшы гэта, яны здзівіліся і, пакінуўшы Яго, адышлі” (Мц 22, 15-22).
На першы погляд здаецца, што ў гэты раз фарысеі прыдумалі дасканалую пастку і вырвацца з яе будзе немагчыма. Для гэтай мэты яны нават аб’ядналіся з прыхільнікамі Ірада, хоць звычайна лічылі іх здраднікамі, якія супрацоўнічалі з рымскімі ўладамі. У гэтай сітуацыі фарысеі маглі спадзявацца на тое, што Езус не толькі скажа нешта супраць рымскіх акупантаў, але і супраць Ірада і яго людзей. Чытаючы, як яны распачынаюць размову перад заданнем правакацыйнага пытання, можна ўявіць сабе іх яхідныя ўсмешкі. Яны былі ўпэўненыя ў поспеху – усё, нарэшце, праблема з Езусам вырашыцца!
Давайце звернем увагу менавіта на гэты ўступ перад галоўным пытаннем. Як бы спрабуючы ўсыпіць пільнасць, фарысеі крывадушна называюць Езуса настаўнікам, хваляць за яго праўдзівасць і ўменне не зважаць на асобы (менавіта гэта рыса ў Бібліі прыпісваеццца самому Богу). Гэта нечуваная подласць – усхваляюць таго, каго хочуць забіць. Калі б гэтыя слова былі звернутыя да звычайнага чалавека, то яны маглі б змусіць яго паверыць у сваю выключнасць і ў тое, што ён мае права і здольнасць выказваць сваё аўтарытэтнае меркаванне па самых складаных пытаннях, пры гэтым ніхто не можа нават сумнявацца ў правільнасці гэтага меркавання. Але перад фарысеямі быў не звычайны чалавек, Езус адразу ўбачыў іх крывадушнасць, убачыў таксама мэту іх падступнага замеру. І хоць адразу заўважыў іх зло, не абвінавачвае іх, а заклікае іх да разважання. Калі мы бачым, што нас спрабуюць падмануць, выкарыстоўваючы падобныя спосабы, то пачынаем злавацца. Цяжка стрымаць сябе, каб наш гнеў не выліўся на інтрыганаў. Зразумела, што гэта выклікае абурэнне і першым жаданнем з’яўляецца паказаць, што я раскрыў іх замеры, і выказаць усё, што думаю пра ілгуноў. Аднак варта скарыстацца спосабам Езуса і спакойна і аргументавана паказаць, у чым гэтыя падманшчыкі памыляюцца, перацягнуць іх на свой бок.
Уся праблема ў тым, што любы адказ Езуса фарысеі могуць выкарыстаць супраць Яго. Пытанне пабудавана так, што прадугледжвае толькі адказ “так” ці “не”. Калі Езус адкажа пазітыўна, то падтрымае ворага, якога ўсе ненавідзелі, калі ж негатыўна, то выступіць супраць існуючай улады. Хутчэй за ўсё фарысеі чакалі, што Езус стане на бок землякоў, што змагаюцца за свабоду.
Часта здараецца так, што падчас малітвы і размовы з Богам мы таксама задаём Езусу пытанні. Гэта абсалютна нармальна, але праблема пачынаецца тады, калі, пытаючыся, мы ўжо ведаем адказ на гэтыя пытанні, які нас цалкам задавальняе. Мы чакаем, што Езус адкажа нам так, як хочам мы, нават уявіць сабе не можам, што будзе па-іншаму. І калі штосьці ідзе не так, як мы задумалі, і Езус прапаноўвае нам свой варыянт, мы здзіўляемся, а нават і абураемся. Як так? Усё пайшло не па плану! Важна, каб у гэты момант мы не паводзілі сябе, як фарысеі, якія “пачуўшы гэта, здзівіліся і, пакінуўшы Яго, адышлі”. Задаючы пытанне Богу, мы павінны выслухаць Яго адказ і згадзіцца з ім.
Аднак вернемся яшчэ раз да адказу Езуса на пытанне фарысеяў. Свой адказ фарысеям Езус пачынае з таго, што просіць падаць яму падатковую манету. Трэба зазначыць, што на манеце, апроч выявы цэзара, знаходзіўся надпіс, які выразна ўказваў на тое, што цэзар з’яўляецца богам. Сярод нумізматаў гэтым “дынарыем цэзара” прынята лічыць манеты з выявай Тыберыя і надпісам “Ti(berivs) Caesar Divi Avg(vsti) F(ilivs) Avgvstvs”, што перакладаецца як “Тыберый Цэзар Аўгуст, сын Боскага Аўгуста”. Таму многія яўрэі моцна сумняваліся, ці ўвогуле можна іх выкарыстоўваць.
Адказ Езуса не абмяжоўваецца “так” ці “не”. Гэтага фарысеі не маглі спадзявацца. “Дык аддавайце цэзарава цэзару, а Божае Богу”. Езус ніколі не ўваходзіў у справы тыпова палітычныя, у яго адна мэта – збаўленне чалавека. Гэтым адказам Ён падкрэслівае, што вартасць чалавека не залежыць ад яго палітычнай прыналежнасці. Вучань Хрыста – гэта не рэвалюцыянер, які праз пратэст ці бунт павінен змяніць свет. Гэта павінна адбыцца іншым чынам – Евангелле з’яўляецца падрабязным апісаннем, як гэта павінна адбыцца. Асноўным пакліканнем і прызначэннем чалавека з’яўляецца ўдзел у жыцці Бога. Грамадзяне атрымоўваюць ад дзяржавы (цэзара) пэўныя бонусы, напрыклад: права, інфраструктуру, медыцынскія паслугі, адукацыю і г.д. і таму абавязаны плаціць падаткі і адказна ўдзельнічаць у барацьбе за праўду і грамадскую справядлівасць. З іншага боку, яны належаць да Бога. Як на манеце знаходзіцца адбітак цэзара, так чалавек мае на сваім сэрцы адбітак вобраза Бога, таму павінен аддаваць Богу пашану. Хрыстус паказвае, што як чалавек з’яўляецца даўжніком цэзара, так у непараўнальна большай ступені з’яўляецца ён даўжніком Бога. Той, хто ведае, што з яго жыцця належыць Богу, аддае гэта. А ці ёсць штосьці, што не было б дарам Бога? Богу трэба ў выглядзе падатку, паводле справядлівасці, аддаць усё. Усім нам добра вядома, што плаціць падаткі не вельмі прыемна. Нам часам здаецца, што гэтыя грошы мы выкарысталі б значна лепей, таму робім гэта неахвотна. Дрэнна, калі падобным чынам пачынаем падыходзіць да сваіх “падаткаў”, якія павінны аддаць Богу. Калі малітва, удзел у святой Імшы, чытанне Божага Слова ці выкананне Божых або касцёльных прыказанняў становіцца для нас цяжкім абавязкам, які трэба хоць як-небудзь выканаць. Вельмі важна ўсвядоміць, што Бог – гэта не падатковая інспекцыя, якой трэба заплаціць пэўны працэнт ад сваіх даходаў і забыць пра яе на пэўны час. Богу трэба аддаць саміх сябе, мы – Яго ўласнасць. Толькі тады мы атрымаем узамен радасць і шчасце еднасці з Ім.
Кс. Юрый ВАРАНКО.
ИЗ КАТЕХИЗИСА КАТОЛИЧЕСКОЙ ЦЕРКВИ
Свобода и ответственность
1731
«Свобода есть укорененная в разуме и воле способность действовать или бездействовать, делать то или иное, и совершать, таким образом, сознательные поступки по собственной инициативе. В силу свободы выбора каждый располагает собой. Свобода является в человеке силой роста и созревания в истине и добре. Свобода достигает совершенства, когда она подчинена Богу, нашему блаженству «.
1738
«Свобода осуществляется во взаимоотношениях между людьми. Каждый человек, созданный по образу Божию, обладает естественным правом на признание за ним свободы и ответственности. Все должны отдавать каждому этот долг уважения. Право на пользование свободой – требование, не отделимое от достоинства человеческой личности, особенно в плане моральном и религиозном. Это право должно быть признано и защищено гражданскими законами в пределах общего блага и общественного порядка «.