“Хачу ўбачыць Езуса” – назва адной з папулярных рэлігійных песень для дзяцей. Безумоўна, нельга сабе ўявіць, каб гэта было сённяшнім прагненнем дарослых людзей. Ці хачу я ўбачыць Езуса? Ці сапраўды хачу гэтага? Дзе і як магу Яго ўбачыць? Што можа мне ў гэтым дапамагчы, а што – перашкодзіць? Гэта важныя пытанні, якія кожны веруючы чалавек павінен сабе задаць і шчыра адказаць на іх. Такой рэфлексіі спрыяе Велікодны перыяд, падчас якога многа разоў чытаем пра тое, як Пан Езус пасля Змёртвыхпаўстання паказваўся сваім вучням, і яны не пазналі Яго.Чаму?
Пачнем не ад вучняў, а ад Марыі Магдалены.
“Марыя стаяла каля магілы і плакала. Калі ж плакала, зазірнула ў магілу і ўбачыла двух анёлаў у белым адзенні, якія сядзелі адзін каля галавы, а другі каля ног, дзе ляжала цела Езуса. Яны сказалі ёй: “Жанчына, чаго ты плачаш?”. Яна адказала ім: “Забралі майго Пана, і не ведаю, дзе паклалі Яго”. Калі гэта сказала, азірнулася і ўбачыла Езуса, які стаяў, але не ведала, што гэта Езус. Сказаў ёй Езус: “Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш?”. Яна, думаючы, што гэта садоўнік, сказала Яму: “Пане, калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я забяру Яго”. Езус сказаў ёй: “Марыя!”. А яна азірнулася і сказала Яму па-габрэйску: “Раббуні!” (што азначае “Настаўнік”) (Ян 20, 11-16).
Выдаецца гэта ненармальным, што тая, якая любіла Езуса да той ступені, што не баялася рымскіх салдат (яна была пад крыжам да канца), не распазнае любімага Настаўніка – палічыла Яго за садоўніка. Канечне, можна гэта аднесці да праяўлення эмоцый, або да засланых слязьмі вачэй і тых абставінаў, што адбывалася гэта “раннім ранкам, калі было яшчэ цёмна”. Але ці дастаткова гэтага тлумачэння?
Пяройдзем да апосталаў.
У той самы дзень двое з іх былі ў дарозе да вёскі, якая называлася Эмаус, аддаленай на шэсцьдзясят стадый ад Ерузалема. Размаўлялі яны між сабою аб усім тым, што здарылася. Калі так размаўлялі і разбіраліся, сам Езус наблізіўся і ішоў разам з імі. Але вочы іх былі неяк стрыманыя, і яны Яго не пазналі. Так наблізіліся да вёскі, куды ішлі, а Ён паказваў быццам збіраўся ісці далей. Але астанавілі Яго, кажучы: “Застанься з намі, бо ўжо вечарэе і дзень мінае”. І Ён застаўся. Калі заняў месца з імі за сталом, узяў хлеб, паблагаславіў, паламаў яго і даў ім. Тады вочы іхнія адкрыліся і яны пазналі Яго, але Ён стаў нябачным для іх. І сказалі адзін другому: “Ці ж не палала ў нас сэрца нашае , калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?” (Лк 24, 13-16. 28-32).
Ці гэта магчыма наогул? Размаўляць з чалавекам у дарозе і не пазнаць у ім свайго Настаўніка? У гэтым выпадку таксама можна тлумачыць эмоцыямі вучняў, дыскусіяй са “стрыманымі” вачыма. Але можа ёсць і яшчэ што-небудзь, што абмяжоўвала іх бачанне.
Чарговы прыклад.
“Пасля гэтага Езус зноў з’явіўся вучням сваім каля Тыберыядскага мора. А з’явіўся так. Былі разам Сымон Пётр, Тамаш, званы Блізня, Натанаэль з Каны Галілейскай, сыны Зэбэдэя і двое іншых з вучняў Ягоных. Сымон Пётр сказаў ім: “Іду лавіць рыбу”. Яны адказалі яму: “І мы пойдзем з табою”. Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі. Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус. Сказаў ім Езус: “Дзеці, ці маеце што з’есці?”. Яны адказалі Яму: “Не”. А Ён сказаў ім: “Закіньце сетку з правага боку чоўна і знойдзеце”. Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы. Тады вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру: “Гэта Пан!”. Калі Сымон Пётр пачуў, што гэта Пан, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора. А іншыя вучні прыплылі на чоўне, бо недалёка былі ад берага, локцяў каля двухсот, цягнучы сетку з рыбай.
Калі ж выйшлі на бераг, убачылі распаленае вогнішча, а на ім пакладзеную рыбу і хлеб. Езус сказаў ім: “Прынясіце рыбы, што цяпер налавілі”. Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзясят тры. І хоць іх было столькі, сетка не парвалася. Сказаў ім Езус: “Хадзіце ж, снедайце”. Ніхто з вучняў не адважыўся спытаць у Яго: “Хто Ты?”, бо ведалі, што гэта Пан» (Ян 21, 1-12).
Сітуацыя здзіўляе. Калі на пачатку дакладна не ведалі, хто стаіць на беразе, бо было гэта на вялікай адлегласці і было на досвітку, то, седзячы з кімсьці пры адным вогнішчы днём, не спосаб памыліцца. Чаму вучні, ведаючы, што гэта ёсць Пан, хацелі (але не адважваліся) запытаць: “Хто Ты?”.
У гэтым месцы прыходзім да найістотнейшых высноваў, якія з’яўляюцца агульнымі для ўсіх выпадкаў.
Па-першае: Пан Езус паказваецца ў праслаўленым целе. Гэта ўжо іншае цела. Цела дасканалае. Такое, якое не церпіць, не хварэе, не памірае. Цела, якое патрафіць пранікаць праз сцены. Цела прыгожае і прасветленае. Піша пра гэта святы Павел і Тамаш Аквінскі. Менавіта таму апосталы, якія бачылі змучанае цела Езуса ў астатнія дні Яго жыцця, ніяк не маглі звязаць таго з целам праслаўленым.
Па-другое – і хіба найважнейшае не толькі для сведкаў візуальных, але і для нас: – ніхто не спадзяваўся ўбачыць Езуса сярод жывых!
Здаецца, што гэта вельмі бестактоўна, калі хто пераблытае жывога з памерлым нават у звычайнай размове. Сітуацыя вельмі, вельмі нязручная…
Канечне, усе ўдзельнікі апісаных здарэнняў дапусцілі такую бестактоўнасць. Анёлы звяртаюць іх увагу: “Чаму шукаеце жывога сярод памерлых? Няма Яго тут, змёртвыхпаўстаў”.
Ці я спадзяюся ўбачыць жывога Езуса? Ці так, як паўтараю з усімі людзьмі ў касцёле ў кожную нядзелю, – “чакаем Яго прыйсця ў хвале”. Бо, калі фактычна чакаеш чыйгосьці прыйсця, то не можаш быць тым прыйсцем здзіўлены. Гэта было б нелагічна. А можа Езус для мяне мёртвы, а літургія – гэта такія “памінкі”, успамін пра Пана Езуса, які калісьці жыў…
Кожная Эўхарыстыя – гэта сустрэча з жывым Езусам. Большасць святых, падчас Перамянення Дароў, бачылі не белую гостыю, а самога Пана Езуса. Жывога Бога. Каб людзі ўсведамлялі сабе гэта, не прапусцілі б ніводнай аказіі, каб сустрэцца з Богам. Жывым і сапраўдным. Касцёлы былі б тады перапоўненымі. Там заўсёды можна Яго ўбачыць. Падобна, як у іншым чалавеку. Дастаткова прыпомніць сабе гісторыю святога Марціна ці святога Альберта Хмялёўскага, каму Езус паказаўся ў постаці беднякоў… Недахопу ў іх няма і сёння. Калі хто сапраўды хоча ўбачыць Езуса, няхай не шукае Яго сярод мёртвых. Ён жыве!
кс. Яцэк ДУБІЦКІ, СМ
ИЗ КАТЕХИЗИСА КАТОЛИЧЕСКОЙ ЦЕРКВИ
«Ты не дашь святому Твоему увидеть тления»
627
«Смерть Христа была истинной смертью в том отношении, что положила конец Его земному человеческому существованию. Но по причине союза, который тело Его сохранило с ипостасью Сына, Оно не превратилось в бренные останки, как это бывает обычно, ибо «Божественная добродетель уберегла тело Христово от тления». О Христе можно одновременно сказать: «Он отторгнут от земли живых» (Ис 53, 8) – и: «…плоть Моя упокоится в уповании, ибо Ты не оставишь души Моей в аде и не дашь святому Твоему увидеть тления» (Деян 2, 26-27). Воскресение Иисуса «в третий день» (1 Кор 15,4; Лк 24, 46) было тому доказательством, ибо тление должно проявиться начиная с четвертого дня».