Касцёл – таямнічая еднасць Божага і чалавечага. Настолькі моцна гэтыя таямніцы зліваюцца ў нашым жыцці, што цяжка акрэсліць мяжу, дзе адно змяняецца другім. Ці здольны чалавек жыць у зямным жыцці нябеснымі прыярытэтамі? Ці Бог сапраўды цешыцца з ахвяры жыцця дзеля Яго Валадарства і Евангелля? Ці не лепей было б манахіні стаць любячай жонкай і маці, а закрыты за кляўзурай брат не прынёс бы большай карысці ахвярнай працай для грамадства? Навошта ў Беларусі дваццаць першага стагоддзя насіць штодня сярэднявечны строй? І ўвогуле – ці манаства ў сучасным свеце яшчэ мае сэнс?
“Ecce homo”
Уявім сабе сітуацыю. Зіма, марозік дзесьці ля мінус дзесяці па Цэльсію. Аўтобусны прыпынак, дзе некалькі злёгку прамёрзлых пасажыраў чакаюць транспартны сродак, які ўсё ніяк не прыедзе. Хтосьці шпацыруе ўзад-уперад з тэлефонам у руцэ, іншы нэрвова курыць. Цётачка спрабуе растлумачыць па мабільнаму сваім, чаму спазняецца. Хлопец з сур’ёзным, бы самурай, тварам узіраецца ўдалечыню пад рытмічныя барабаны ў навушніках. Ствараецца ўражанне, быццам ніхто ўжо не верыць, што аўтобус прыедзе, і кожны з неахвоты чакання займаецца сваімі справамі.
Такі максімальна спрошчаны вобраз нашага свету, дзе ўсе імкнуцца да спаўнення мараў і рэалізацыі мэтаў, а яны ў кожнага свае. У ім жыццё ў вонкавай адмове дзеяння будзе здавацца марнай тратай часу, бо “за цябе ж ніхто не зробіць”. Там, дзе сэнс жыццю надаецца праз паспяховасць, – цалкам зразумелы, бо бачны ды вымяральны крытэрый – адмова ад уплывовасці будзе здавацца ментальным самагубствам. Калі ўсё залежыць ад цябе, то адсутнасць дзеяння – найгоршы з выбараў. Чалавек, дабравольна апынуўшыся без уласнасці, волі і “сувязяў”, у вачах свету становіцца “меншым”, і ніякая логіка не дакажа адваротнага. Ніякая, апрача той, што прызнае нашую недастатковасць. Святы Павел пісаў да Карынцянаў : “Калі б Хрыстос не ўваскрос, марная была б нашая вера…” І дакладна ведаў аб чым пісаў, бо з фарысея, што ўзурпаваў сабе права на вяршэнне Божай справядлівасці ў стасунку да іншаверцаў, перамяніўся ў таго, хто пазбыўся сябе для Хрыста.
Дзяўчо, што пыталася ў трапіста
“Хто такія манахі?”, – запытала вядомага амерыканскага манаха-трапіста Томаса Мертана Сьюзан Чапуліс, вучаніца шостага класа. У сваім лісце дзяўчынка прасіла даць “хоць якую інфармацыю”, каб магла пасля падзяліцца ёю са сваім класам.
Атрымала цалкам сур’ёзны адказ: «Манахі – гэта людзі, якія хочуць прысвяціць увесь свой час дзеля таго, каб лепш пазнаць Бога і больш Яго палюбіць. Таму пакідаюць гарады і збіраюцца ў адлеглых месцах, дзе ціха і можна разважаць. І калі ўжо жывуць як манахі, выбіраюць яшчэ больш адлеглыя мясціны, дзе маглі б разважаць яшчэ больш. Урэшце, людзі пачынаюць думаць, што гэтыя манахі звар’яцелі: хочуць жыць вось гэтак самотна, без нікога – і гэта сапраўды так. З іншага боку, калі маеш вакол сябе цішыню і супакой, калі ты вольны ад шматлікіх клопатаў, калі не мусіш перажываць за свой аўтамабіль і дом, і ўсе рэчы, і калі не мусіш зарабляць дастаткова грошай, каб плаціць падаткі, і не маеш жонкі, з якой сварышся, і калі тваё сэрца спакойнае, раптам усведамляеш сабе, што ўсё навокал фантастычна прыгожае і што проста праз тое, што захоўваеш супакой і маўчанне, амаль адчуваеш, што Бог не толькі з табою, але нават у табе. Тады ўсведамляеш сабе, што варта было прыняць гэты цяжар і адысці туды, дзе не мусіш гаварыць і ствараць шмат шуму і рабіць з сябе дурня сярод іншых людзей, што бегаюць вакол без мэты.
Думаю, хіба таму манахі пакідаюць свет і жывуць у адлеглых месцах. Так як я зараз жыву адзін у лесе з вавёркамі і зайцамі, і сарнамі, і лісамі, і вялікім пугачом, што прылятае да маёй хаты і робіць гармідар уначы, ад якога чалавек трошкі баіцца, але мы сябры, і ўсё ОК. Такога манаха, што жыве адзін у лесе, называюць пустэльнікам. Ёсць такі рок-н-рольны гурт “Герман і яго пустэльнікі”, але гэта іншае. (…) Так ці інакш, магу параіць і Табе, каб часам пабыла трошкі ў цішыні і падумала, як цудоўнай справай з’яўляецца тое, што Цябе любіць бясконцы Бог, які хоча, каб Ты была найшчаслівейшай, і які сапраўды здольны ўчыніць Цябе найшчаслівейшай. Ці ж гэта не цудоўна? Канешне ж, мая дарагая, і не пераставай маліцца аб тым, каб так сталася з кожным».
З пункта “А” у пункт “Б”
Адзін мой знаёмы неяк у шчырай размове абураўся: ”Добра, вы – святары – дапамагаеце бліжнім, робіце нейкія сацыяльныя праекты, казанні кажаце, урэшце рэшт. А манахі ці сёстры, закрытыя ад свету? Што яны гэтымі ўцёкамі даюць яму? Гэта ж бессэнсоўна, супярэчыць законам прыроды і ўвогуле!..”
Я на той час нічога канкрэтнага яму не адказаў. І справа не толькі ў адсутнасці глыбокіх тэалагічных ведаў і дару красамоўства. Проста на самым пачатку мы з суразмоўцам знаходзіліся ў розных пунктах выйсця: у яго мадэлі свету месца Бога займала практычнасць і рацыянальнасць. І тут згаджуся, чым пэўна сцягну на сваю галаву пабожна-праведны гнеў: манаскае жыццё здаецца быць мала паспяховым. Шлюб беднасці даволі эфектыўна змагаецца з “мець” падчас, калі паслухмянасць і чысціня паволі пазбаўляюць нават уласнага “быць”. Аднак гэта адбываецца толькі тады, калі забярэм з разумення манаства адносіны з жывым Богам – яго цэнтральную частку, сэнс і мэту. Вярні Бога на сваё месца – і пустыня зноў пачне зіхацець яркімі фарбамі. Жывы Бог – вось адказ на першапачатковае пытанне: “Навошта?”. Калі забываюся пра гэта, раблюся сумным манахам з мехам прэтэнзіяў і няспоўненых надзей за плячамі, а такіх мой брат Францішак называў “хмурымі і сумнымі гіпакрытамі”. А ён ведаў, што казаў, бо ў жыцці па Евангеллю знайшоў слодыч там, дзе раней адчуваў толькі гаркавы смак абавязку.
Цімаці Радкліф, колішні генерал дамініканаў, параўнаў манаха з чалавекам, што чакае на аўтобусным прыпынку. Аўтобуса не відаць, але ён чакае, бо сваім чаканнем згаджаецца казаць : “Ён напэўна прыедзе”. Цярплівасцю і надзеяй заахвочвае іншых у гэта верыць. Не бяда, што не бачыш сэнсу ды імгненнага плёну ў пакліканні сваіх братоў і сясцёр па пошуку Бога ў гэтым зменлівым свеце. Можа, шчасліва едзеш да сваёй мэты на гэтым аўтобусе менавіта дзякуючы ім.
а. Яўген ГОЛУБ, OFMConv
ИЗ КАТЕХИЗИСА КАТОЛИЧЕСКОЙ ЦЕРКВИ
Большое дерево со множеством ветвей
917
«Как дерево изумительно и многообразно разветвляется на ниве Господней из зерна, посеянного Богом, так развились разнообразные формы отшельнической или общинной жизни, различные семьи, духовное богатство которых идет как на пользу членам этих семей, так и на благо всего Тела Христова».
918
«От ранних времен в Церкви были мужчины и женщины, стремившиеся через исполнение евангельских советов с большей свободой следовать за Христом и более верно подражать Ему, и каждый из них на свой лад вел жизнь, посвященную Богу. Многие из них по наитию Духа Святого жили в одиночестве отшельничества или же основали религиозные семьи (монашеские ордена), которые Церковь с готовностью приняла и одобрила своею властью «.