Адбітак прыналежнасці

Str-12

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Кс. Павел Шанчук – ураджэнец Гродзеншчыны, пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў в. Гожа Гродзенскага раёна, дэкан дэканату Гродна-Усход. Душпастырскія абавязкі выконвае тут з 2002 г. Вялікі шанавальнік духоўных каштоўнасцей бацькаўшчыны, адзіны (падобна) са святароў Каталіцкага Касцёла ў нашай рэспубліцы, хто сабраў калекцыю рэлігійных медалікаў. Сёння кс. Павел – госць нумара. 

 

 

f-str-13– Шаноўны кс. Павел, дзякуй Вам за згоду на сустрэчу. Прызнаюся: асабіста мне заўсёды цёпла і ўтульна ўжо ад адной  думкі, што сярод сучаснікаў ёсць людзі, якія моцна шануюць спадчыну продкаў і ганарацца ёю. У мінулым нумары часопіс расказаў пра Алену Шатурыну (Бобіну) і яе руплівасць у гэтым накірунку. У Вас падобныя якасці знайшлі выйсце ў  такім незвычайным занятку, як  сабіральніцтва, калекцыянерства…

– Адзін журналіст задаў мне аднойчы пытанне: навошта Вам гэты клопат? Я адказаў: калі не ксёндз будзе займацца, то хто іншы? Лічу гэта своеасаблівым унёскам у  паглыбленне ведаў пра  гісторыю  хрысціянства. Справа ў тым, што  здаўна давён людзі спрабавалі  з  дапамогай  знакаў і сімвалаў  абазначыць  сваё стаўленне да Бога і рэлігіі –  малявалі рыбку, крыж, крыж, стылізаваны пад  якар як сімвал збаўлення. Паслядоўнікі Хрыста імкнуліся пэўным чынам сябе абазначыць, паказаць, што прымаюць навуку Бібліі, выконваюць Божыя Запаведзі, натхняюцца жыццямі сваіх святых  апекуноў, імкнуцца наследаваць іх у штодзённым жыцці. І так было на працягу вякоў, і так ёсць сёння. Вы можаце не пачуць на свае вушы іх сведчанняў, але, заўважыўшы медалік на шнурочку ці ланцужку на шыі чалавека, на запясці рукі, на спецыяльнай стужцы, якая замацаваная на поясе (звычайна у манахаў), адразу  здагадаецеся: гэта – адбітак, знак прыналежнасці да Хрыста.  Дарэчы, у нашых тут мясцовасцях надта папулярныя медалікі са Святым Антоніем, Маці Божай Шкаплернай – людзі носяць іх на сабе і маюць магчымасць у  любую хвіліну памаліцца  да любімага святога, па-прасіць дапамогі ў свайго нябеснага апекуна. І ўсе гэтыя медалікі (літаратура  называе  іх медальёнамі, вытворчасць – медальерным мастацтвам, а майстроў, якія іх вырабляюць, – медальерамі), распаўсюджаныя ва ўсім свеце, бяруць пачатак ад Старажытнага  Рыма. Сёння, калі  я бачу, з  якою цікавасцю разглядаюць маю калекцыю экскурсанты, што прыязджаюць у Гожу, колькі адразу пытанняў  узнікае ў іх галаве, – цешуся: значыць, праца мая  не дарэмная. Праўда, у апошнія гады колькасць наведвальнікаў паменшылася, з-за мяжы не едуць: ковід, санкцыі, неспакойная абстаноўка, але маем надзею, што з Божай дапамогай усё ў хуткім часе палепшыцца.

 

f-str-14-1

– Ойча, а ці можаце назваць свой першы экспанат, медалік, які натхніў Вас на  далейшы збор падобных?

– Першым медалікам у мяне быў Святы Ян Непамук, на адваротным баку якога – Маці Божая Чанстахоўская. Убачыўшы яго, я здзівіўся і ўзрадаваўся: абодва вобразы ў маім сэрцы жылі даўно. Святы Ян Непамук – апякун чэшскай зямлі, адзіны  святы, у німбе

f-str-14-2якога, як і ў Маці Божай, зіхацяць зоркі, а Маці Божая Чанстахоўская… Тут імя ўжо гаворыць само за сябе. Паехаць у Чанстахова да Маці Божай для клерыкаў (я вучыўся ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі) было так моцна жаданым, як быў абавязковым для кожнага з нас  удзел у святой Імшы. Убачыў медалік у аднаго чалавека ў Гродне і адразу купіў. З таго моманту ўсё і пачалося.

 

 – А  калі  прыйшлі медалікі на  Беларусь?f-str-14-2

– Не магу адказаць дакладна. Медальерства – гэта дапаможная гістарычная дысцыпліна, але літаратуры, на жаль, зусім мала, калі не сказаць, што яе зусім няма, і штосьці даведацца можна толькі выпадкова. Неяк пашанцавала мне набыць усяго адно спецыяльнае выданне – Каталог рэлігійных медалікаў Тэафіла Рэвалінскага, выдадзены 

ў польскім горадзе Радом, з падрабязным вопісам экспанатаў, зробленым самымкалекцыянерам у 1887 г. Там ён расказвае, дарэчы, з якімі складанасцямі, за якія вялікія грошы купляў медалікі у f-str-15-1людзей, бо тыя захоўвалі іх як рэліквіі, як памяць аб сваіх блізкіх памерлых. Нешта падобнае адбываецца і з сучасным пошукам. Па майму перакананню, занятак медальерствам, збіраннем гэтых Божых знакаў (нашы праваслаўныя браты называюць іх нацельнымі іконкамі) паказвае ўзровень духоўнасці чалавека, яго маральных якасцей. І я нават не здагадваўся – пакуль сам не пачаў займацца, – што сярод свецкіх беларусаў многа дасведчаных калекцыянераў, тых, хто займаецца зборам медалікаў, крыжыкаў і іншых сакральных рэчаў. Таксама шукаюць інфармацыю, перапісваюцца з калекцыянерамі, абменьваюцца медалікамі, сочаць за аўкцыёнамі, аддаюць вялікія грошы.

f-str-15-2

А на пастаўленае пытанне магу выказаць толькі гіпотэзу: праўдападобна, што на беларускія землі  медалікі  маглі  прыбыць разам з езуітамі ў XVI ст. Гэты каталіцкі манаскі Ордэн, які сваёй мэтай ставіў барацьбу з ерасямі  і прапаведваў Евангелле (заснаваны іспанскім святаром Ігнацыем Лаёла), быў багатым і ўплывовым. З цягам часу набыў надзвычай вялікае значэнне для ўсяго  Касцёла, заняўшы вядучыя пазіцыі ў навуцы, выхаванні і місіянерскай  дзейнасці. На тэрыторыі  Беларусі  (былога ВКЛ) езуіты з’явіліся ў Вільні ў 1569 годзе. У 1581-м быў адчынены калегіум у Полацку, у

f-str-15-31584-м – у Нясвіжы.

 

– …і Вы мяркуеце, што езуіты маглі займацца вытворчасцю медальёнаў?

Так, менавіта манаскія Ордэны і Кангрэгацыі развіццю медальерства надавалі вялікую ўвагу. І росквіт гэтага рамяства прыпадае на XVII – XVIII ст.ст. невыпадкова – гэта і перыяд росквіту манаскіх супольнасцяў, якія мелі сваіх святых і культ распаўсюджвалі.

Многа медалікаў прывозілі  з Рыма пілігрымы.  У езуітаў надта папулярнымі былі выявы заснавальніка Ордэна Св. f-str-16-1Ігнацыя Лайолы, яго паплечніка Св. Францішка Ксавэрыя, Св. Алойзы, Св. Станіслава Косткі, у дамініканцаў – Св. Даменіка і Маці Божай Ружанцовай, у кармэлітаў – Маці Божай Шкаплернай і Св. прарока Іллі…

 

– …і  ўсё  гэта ў Вашай калекцыі  ёсць?

 

– Вядома, зборам медалікаў займаюся больш за дваццаць гадоў, і калекцыя налічвае іх ужо болей за 400: набываў на f-str-16-2аўкцыёнах, купляў у прыватных асоб на рынках, абменьваўся з калекцыянерамі.  Часам  людзі прыносілі да касцёла:  маўляў, знайшлі, можа Вам гэта цікава? Можа  пасуе да калекцыі?

 

– А што найболей папулярнае на беларускіх землях?

 

f-str-16-3– Марыйныя медалікі, найбольш – прысвечаныя Маці Божай Вострабрамскай і Маці Божай Чанстахоўскай. Шмат і тых, дзе Маці Божая ўшанаваная ў іншых вобразах.

Усе медалікі розныя, выкананыя у розных тэхніках, рознай формы, рознай велічыні, з рознага матэрыялу – і адбітыя, як манеты, і літыя па прыгатаванай форме; круглыя і авальныя, прамавугольныя і ў форме сэрца і інш.; памерам – як крышка ад слоіка (гэта самыя вялікія), і як семечка (гэта самыя маленькія); з волава, бронзы, алюмінія (канец XIX ст.), срэбра. На некаторых указаны месца і год вырабу, нават з якой аказіі – кананізацыі, беатыфікацыі, Юбілейнага года Касцёла. Многія медалікі выпускаліся да канкрэтнай падзеі.Медалік  Юбілейнага 1625 года са зваротамі Святога Пятра маю ў сваёй калекцыі.

Яшчэ адна цікавая рэч – медалікі, звязаныя з падзеямі з асабістага жыцця вернікаў. Людзі самі заказвалі сабе медалікі ў ювелірных майстэрнях, у прыватных рамеснікаў, згодна са сваімі духоўнымі практыкамі  і перакананнямі, а таксама грашыма: бяднейшыя – з якога-небудзь таннага сплаву, багатыя – з золата, упрыгожаныя каштоўнымі каменьчыкамі. Некаторыя мініяцюрныя медалікі за-крываюцца  накрыўкамі (надзвычай тонкая праца!).

Наведвальнікі, якія знаёмяцца з калекцыяй (яна прадстаўлена працамі, створанымі ў  XVIII – XIX ст.ст.), з асаблівай зацікаўленасцю разглядваюць медалікі з выявамі сцэн і сюжэтаў на біблійныя  тэмы –“Уцёкі ў Егіпет”, “Звеставанне” “Зняцце  Езуса з крыжа”, “Езус мые ногі вучням” і іншыя, – выкананыя  рознымі  майстрамі.

Канечне, з цягам  часу медальерства  набывала папулярнасць, але не ва ўсіх краях. Забарона дзецям і моладзі ў савецкі час наведваць касцёлы і цэрквы, пераслед некаторых груп насельніцтва за веру адыграла безумоўна негатыўную ролю. Але мясцовыя ўмельцы, нават у прымітыўных умовах, спрабавалі рабіць медалікі і крыжыкі, і атрымоўвалася, як атрымоўвалася: у каго – вельмі добра, у каго – добра… У дзяцінстве і я спрабаваў: браў у бабулі крыжык з ружанца, у пяску рабіў формачку і выліваў волавам… І таксама нешта выходзіла!

 

– Ойча, а ці папаўняеце калекцыю зараз?

– У апошні час – вельмі, вельмі  памаленьку; рэдка трапляецца штосьці новае і цікавае.

 

– … Усе “рэзервы” вычарпаныя?

О, не! Залежнасць тут іншая: чым болей маеш, тым часцей трапляюцца дублікаты.

 

– …Згодна, але гродзенскі край – калыска, у якой плённа і адначасова вырастаюць і духоўнасць, і любоў да сваёй малой радзімы: ці багатая яна на падобныя цікавыя “выкапні”? Як лічыце?

– Хіба не самая багатая… Шмат медалікаў паступала з Віцебшчыны, Магілёўшчыны.

 

– Цікава, колькі медалікаў існуе ў свеце? Напэўна, безліч! Медальерства, відавочна, магло  быць не проста прыватнай справай, а насамрэч – асабістай, ніякіх мэтаў, акрамя асабістага карыстання, і не прадугледжваць.  Напрыклад, як Вы для сябе ў дзяцінстве – ні на продаж, ні ў музей, ні сябрам… Проста каб мець свой крыжык.

–Пра іх колькасць толькі Пан Бог ведае… Асабіста мне моцна падабаюцца уніяцкія медалікі – Маці Божая Жыровіцкая, Святы Язафат Кунцэвіч, Маці Божая Барунская, Маці Божая Пачаеўская, Маці Божая Бярдычаўская… Два гады таму ад кс. Юзафа Сярпейка (Бялынічы) атрымаў медалік, прысвечаны 260-годдзю каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай – самай шанаванай на Магілёўшчыне.

 

– Кс. Павел, я так разумею: кожная знаходка, кожнае набыццё медаліка для калекцыі – для Вас радасць. Ці можаце ўспомніць, што на працягу гэтых дваццаці  гадоў  пацешыла наймацней? Марыў, чакаў выпадку і раптам…

– “Раптам” – не…У мяне быў медалік  святога беларускай зямлі, Св. Андрэя Баболі, а на адваротным баку – Маці Божай Вострабрамскай, якую ўшаноўвае і Праваслаўная Царква. Выпадкова даведаўся, што ў нашых праваслаўных братоў існуе медальён  Маці  Божай  Вострабрамскай у  выкананні  іх майстроў. У аднаго  святара  нават убачыў медальён. Пасля гэтага я, можа, дзесяць ці болей гадоў шукаў яго. Знайшоў, маю, нават у двух выкананнях – адзін авальны, другі – круглы. Надпіс: “Матерь Божия Островоротная, XIX в.”. Дарэчы, у праваслаўных ёсць і медалік, прысвечаны Маці Божай Бялыніцкай, у Царкве яна таксама ўшаноўваецца.

 

– А ці былі выпадкі “арыгінальнага”, незвычайнага, або нават смешнага шляху, якім медалік “дайшоў” да калекцыі?

– Трое мужчын са Шчучынскага раёна былі дзесьці разам у полі і знайшлі медалік Св. Міхала Арханёла, а на адваротным баку – каранацыя Маці Божай Віленскай. Прывезлі, паказалі мне (прыгожы, добра захаваны), у калекцыі такога не было, і я пачаў прасіць, каб яго набыць. Мужчыны не згаджаліся, доўгі час насілі медалік у сваіх партманэ па чарзе, а пасля, на свята Пятра і Паўла падарылі у калекцыю. Я ім вельмі ўдзячны, бо, калі абразы і медалікі Св. Міхала Арханёла распаўсюджаныя, то каранацыя Маці Божай Віленскай – зусім не.

 

– Кс. Павел, наша размова з Вамі адбываецца, можна сказаць,  напярэдадні  ўспаміну любімай  у  народзе  Маці Божай Люрдскай – апякункі хворых. Ці маеце яе медалік?

Так, набыў на аўкцыёне у Польшчы. Люрдская – гэта адзін з тытулаў Маці Божай, звязаных з аб’яўленнямі ў французскім горадзе Люрд. 18 разоў аб’яўлялася Маці Божая 14-гадовай Бэрнардэце Субіру і заклікала яе піць ваду з крыніцы, якая знаходзілася непадалёку, і ўмывацца гэтай вадою. З той пары вада лічыцца лячэбнай, і менавіта ў Люрдзе адбываецца найболей цудаў аздараўлення. Яшчэ Маці Божая ў Люрдзе запрашала пакаяцца і маліцца. Верыла, што мы можам працаваць дзеля збаўлення душ.f-str-15

 

– А ці ёсць спадзяванні на новыя знаходкі, кс. Павел?

Спадзяванні? Толькі на Пана Бога. У прасторы ГУГЛА заўважыў аднойчы ружанец, у якім кожная дзясятка пацерак аддзелена маленькім, бы тая семечка, медалікам. Уяўляеце, колькі сабрана там святых! Уяўляеце, якая надзвычайная была б рэч для калекцыі!.. Буду прадаўжаць пошукі, а далей – на ўсё воля Божая. Мяркую зрабіць вопіс экспанатаў, суправадзіць іх гістарычнай даведкай, упарадкаваць храналагічна. Як калекцыянер разумею, што я – часовы захавальнік духоўнай спадчыны. У перспектыве яна застанецца музею Гродзенскай дыяцэзіі, але спадзяюся, што прыдасца да духоўнай фармацыі будучых пакаленняў хрысціян.

 

– Дзякуй Вам, кс. Павел, за знаёмства  з  Вашай вельмі цікавай  калекцыяй!

 

 

 

 Размаўляла Раіса СУШКО.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD

Гродзенская вобл.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий