Што нас яднае
Беларускі мастак, творы якога ёсць нават у Трацякоўскай галерэі ў Маскве, рэстаўратар, кандыдат мастацтвазнаўства, уладальнік уласнай артгалерэі Фелікс Янушкевіч лічыць, што ні яго самога, ні яго сям’і і нават усяго старажытнага роду Янушкевічаў не існавала б на гэтай зямлі, каб не моцная вера. “Талент, творчасць, прызначэнне – гэта таксама ад Бога. Усё, што зроблена, зроблена з Яго дапамогай”, упэўнены суразмоўца.
– У час сустрэчы Вы неаднойчы падкрэслівалі, што на Вашу свядомасць з самага маленства ўплывалі вера, святары, дзякуючы чаму Вы шмат чаго ў гэтым жыцці дасягнулі. Цікава было б пачуць нейкія канкрэтныя гісторыі.
– Калі ласка. Гісторыя першая, амаль містычная: мне тады было ўсяго чатыры гады, але памяць добра зберагла і абставіны, і вобразы. Наша мама спявала ў касцельным хоры. Помню, мы з татам зайшлі па яе ў храм, я глянуў уверх і ўбачыў чатырох анёлаў. “Мама, тут анёлкі”, – толькі і змог ёй сказаць. Бацькі азірнуліся, але там ужо нікога не было.
Тата з мамай, зразумела, вырашылі, што дзіцяці нешта падалося, але гэта было на самай справе. Цяпер я лічу, што бачыў херувімаў. І гэта быў добры знак.
Другая гісторыя звязана з ксяндзом Такарскім, які быў пробашчам парафіі ў Ракаве і жыў побач з нашай сям’ёй. Вуліца была брукаваная. У нас, дзяцей, тады было мала забаў, таму мы любілі браць металічныя колы і бегаць з імі па вуліцы – грохат стаяў неймаверны. Заставіць нас супакоіцца было цяжка. Але Такарскі ўсё ж знайшоў спосаб. Тады ў Мінску толькі толькі адкрылася крама замежнай літаратуры, там прадавалі, у тым ліку, і дзіцячыя кніжкі, дзе карцінкі маглі рухацца.
Святар набываў іх і, калі нашыя «гонкі» запаўнялі сваім шумам наваколле, выходзіў, каб паказаць той цуд. Мы заміралі не меней, чым на дзень, а то і больш – вывучалі, як так робіццца. Падчас “вывучэння” кніжку раздзіралі ўшчэнт. Потым зноў браліся за колы. І зноў з’яўляўся Такарскі з новай дзівоснай кніжкай. З той самай пары, дзякуючы ксяндзу, я шчыра палюбіў кнігі.
У жыцці было шмат і іншых цікавых сустрэч са святарамі, і кожны з іх пакідаў свой заметны след у маім лёсе. Напрыклад, біскупы Тадэвуш Кандрусевіч, Уладзіслаў Блін, кардынал Казімір Свёнтэк.
– Прабачце, знаёмствы з імі адбыліся таксама ў дзяцінстве?
– Не, значна пазней. У 90я гады мінулага стагоддзя я ўзначальваў Беларускую каталіцкую грамаду. Існавала такая грамадская арганізацыя, якая ставіла сваёй мэтай, каб каталіцызм у нашай краіне набываў “беларускі твар”. Мы змагаліся за тое, каб набажэнствы ў касцёлах Беларусі адбываліся на роднай мове, каб выходзіла рэлігійная літаратура для дзяцей і дарослых. Арганізацыя была зарэгістравана ў жніўні 1991 года. У хуткім часе Беларусь атрымала незалежнасць, пачалі развівацца дэмакратычныя працэсы. На гэтай хвалі грамада вырашыла распрацаваць план дзеянняў і правесці свой першы з’езд. На яго з’ехаліся больш за 200 святароў. У той гістарычны перыяд арцыбіскупу Казіміру Свёнтку была нададзена кардынальская годнасць.
Другі з’езд нехта прапанаваў правесці ў Гродна. Гэта аказалася стратэгічнай памылкай, бо мела шмат наступстваў. Пасля мера-прыемства, якое насіла мірны рэлігійны характар, у газеце “Глос над Немнам” з’явіўся артыкул, у якім нас абвінавачвалі ў распальванні нацыянальнай варожасці. Пісьмы- скаргі паляцелі высока – у Савет Міністраў, генеральнаму пракурору краіны. Прыйшлося даказваць, што адзінае, чаго мы жадаем, – гэта каб у касцёлах Беларусі гучала беларуская мова. У Гродне, дзе ўсе набажэнствы на той час вяліся толькі на польскай мове, гэта не спадабалася. Шчыра кажучы, былі тады і ў сталіцы асобы, якім наша дзейнасць не прыходзілася па густу. Але мы ўпарта ішлі сваім шляхам, знаходзілі падтрымку і ў простых вернікаў, і ў святароў. Каталіцкі Касцёл на Беларусі ўслухоўваўся ў беларускую мову, прымаў яе, на роднай мове пачалі выходзіць разнастайныя рэлігійныя выданні, у тым ліку і для дзяцей. У 2003 годзе Беларуская каталіцкая грамада спыніла сваю дзейнасць, бо задачы, якія стаялі перад арга-нізацыяй, былі выкананы.
– Прабачце, але дзе Вы бралі час, каб займацца творчасцю? Усё тое, што Вамі створана, не кожны за ўсё жыццё адолее – вялікая колькасць карцін, калекцыя ракаўскай керамікі, якая прызнана спецыялістамі самай буйнай у Еўропе, не кажучы ўжо пра саму артгалерэю.
– Час – паняцце філасофскае… Жыві, май веру, жадай, і ўсё атрымаецца, зразумела, не без падтрымкі звыш. Пішу карціны больш за 50 гадоў, таму не дзіўна, што іх шмат. Калі мне было 10 гадоў, у Мінску адкрылася школа для таленавітых дзяцей. Будучых мастакоў туды прымалі з 4 класа, і бацькі аддалі мяне вучыцца ў сталіцу. Вучыўся я аж да 30 гадоў без перапынку: скончыў Маскоўскую акадэмію мастацтваў, інстытут мастацтвазнаўства пры Акадэміі навук Беларусі, дзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. Дарэчы, дзеля яе і сабраў вялікую калекцыю ракаўскай керамікі – каля 1700 экспанатаў. Як грамадзянін сваёй краіны, як жыхар Ракава я не мог пагадзіцца, каб такая каштоўнасць загінула. Гэта зараз Ракаў – невялікі аграгарадок у Валожынскім раёне Міншчыны, а калісьці мястэчка было культурным, прамысловым і рэлігійным цэнтрам, з’яўлялася сталіцай графства магнатаў Агінскіх. Тут працавалі лесапільны і цагляны заводы, 16 ганчарных майстэрняў, існавалі вадзяныя мельніцы. Ракаў валодаў Магдэбургскім правам. Да аб’яднання з Усходняй Беларуссю ў 1939 годзе тут было больш за 100 крамаў, каля 80 рэстаранаў, казіно і шмат іншых цікавых устаноў. Слуцкія паясы таксама ткалі ў Ракаве, іх фрагменты ёсць у нашай галерэі. Цяпер вы разумееце, адкуль набраліся тры паверхі ўнікальных экспанатаў? Мястэчка Ракаў вядома з XV стагоддзя. Адсюль паходзіць наш род, мы не маглі дапусціць, каб хоць маленькая частачка гісторыі гэтага ўнікальнага месца загінула. Ну а яшчэ мы з братамі ніколі не складвалі грошы ні ў панчохі, ні ў афшоры.
Мы вырашылі адкрыць у Ракаве нашу асабістую артгалерэю – дзеля себя, дзеля сваіх патомкаў і ўсіх, каму неабыякавы лёс радзімы. Фонд нашага ўнікальнага музея, які існуе ўжо 12 гадоў, налічвае каля 12 тысяч экспанатаў. Усе гэта зроблена без спонсараў, грантаў і дзяржаўнай дапамогі. Гэта наша з братам Валер’янам, вядомым у Беларусі скульптарам, задумка і рэалізацыя.
– Дарэчы, раскажыце, калі ласка, пра сваю знакамітую сям’ю. Кажуць, ваш прадзед працаваў сакратаром у самога Адама Міцкевіча?
– Сярод экспанатаў музея Янушкевічаў ёсць дарожны сакрэтнік паэта. Лічу, што ён невыпадкова ў нас. Так что можаце «запытаць» у яго наконт Яўстафа Янушкевіча – ці працаваў такі ў Міцкевіча (смяецца). Я ганаруся сваім старадаўнім знакамітым родам. Янушкевічы нямала зрабілі для Радзімы, як бы на той час яна ні называлася – Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая ці СССР. У нашых бацькоў было пяць сыноў, кожны з іх выхаваны дастойным чалавекам. Старэйшы, Казімір, кандыдат матэматычных навук, займаецца фізікай цвёрдых цел, аўтар шматлікіх навуковых прац. Язэпа ведаюць як літаратара, ён кандыдат філалагічных навук, лаўрэат прэміі Льва Сапегі, аўтар больш чым 400 публікацый – навуковых і літаратурных. Валяр’ян – скульптар, яго работы ўпрыгожваюць Нясвіжскі замак, сярод твораў – помнікі Міцкевічу ў Навагрудку, Агінскаму – у Маладзечна, Скарыне – у Лідзе і другіх гарадах нашай краіны. Дастаткова іх вы ўбачылі і ў нашым артмузеі, ёсць яны і ў Нацыянальным мастацкім музеі. Я і малодшы брат – мастакі.
– Ваша артгалерэя – гэта вяртанне да вытокаў, ушанаванне памяці аб малой радзіме?
– Не, даражэнькая, не. Аб якім вяртанні да вытокаў можна весці размову, калі мы ніколі нічога не пакідалі! Так, быў час, калі я жыў у сталіцы, але заўсёды меў ракаўскую прапіску, ды што там прапіска! Я, як і мае браты, сэрцам належым гэтай мясціне. Ракаў для нас гэта усё, гэта – само жыццё. Нездарма ж збіраў і збіраю ўнікальныя рэчы з мясцовай «прапіскай». Аб кожнай магу расказваць гадзінамі. Веру, што сямейную справу працягнуць і дзеці, якіх у мяне двое, яны таксама пайшлі па творчай лініі, таксама жывуць з верай у душы. Напрыканцы хачу яшчэ раз падкрэсліць, што самае моцнае, самае яднаючае для ўсяго нашага роду – вера. Гэта дзякуючы ёй рэалізуюцца мары і працягваецца жыццё.
Вера СТРАМАВУС
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Валожынскі раён Мінскай вобласці