Доктар урбаністыкі і архітэктуры, даследчык з Брэста Ірына Лаўроўская лічыць, што гістарычная архітэктура ўздзейнічае на падвышэнне самаацэнкі чалавека і пачуццё непарыўнай сувязі пакаленняў.
– Ірына Барысаўна, дазвольце спачатку пра асабістае. На працягу жыцця Вы адстойваеце суверэнітэт, мову, гісторыю, спадчыну Беларусі, але пры гэтым не маеце беларускіх каранёў…
– Так, мой прадзед нарадзіўся ў Таліне, бабуля і бацька ў Санкт-Пецярбургу, а кроўныя па лініі маці з Татарстану. Мая бабуля ў 1941 годзе трапіла ў нямецкі палон пад Ленінградам, і пасля вайны ёй і бацькам не дазволілі пасяліцца ў вялікім горадзе, і сям’я апынулася ў Брэсце, дзе я й нарадзілася. Што гэта мая адзіная радзіма, я зразумела яшчэ ў дзяцінстве. Калі з’явілася магчымасць вызваліцца ад вывучэння беларускай мовы, тата цвёрда сказаў: “Іра, гэта твой народ, ён гаворыць па-беларуску, і ты мусіш ведаць мову свайго народа”.
У бацькоўскі круг зносін уваходзілі, у асноўным, прадстаўнікі інтэлігенцыі: паэт Міхась Рудкоўскі, доктар Алесь Засім, мастак Мікалай Чураба, дырыжор Мікалай Шошчыц і іншыя. Воляй-няволяй я чула важнае і засвойвала галоўнае – любоў да Беларусі. Трэба адзначыць, што ў 50-я гады мінулага стагоддзя Брэст быў горадам полікультурным. Толькі на сваім падворку я чула не менш чым 5 розных моў. Тут суіснавалі розныя нацыянальныя культуры, стылі, пахі страў. І не толькі я такім чынам спасцігала культурала-гічную талерантнасць Беларусі.
– Як Вы зацікавіліся гісторыяй горада над Бугам?
– На першым месцы ў сям’і заўжды былі творчасць і мастацтва, таму я рана пачала маляваць і пасля школы выбрала архітэктурную спецыяльнасць. Вучылася ў Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце, дзе, на жаль, пра гістарычнае Бярэсце не пачула і слова. Горад, у якім навучаліся тысячы будучых архітэктараў і інжынераў будаўніцтва, выкладчыкі быццам не заўважалі. Нас вучылі праектаваць і будаваць ў чыстым полі. Пра Бярэсце з амаль тысячагадовай гісторыяй я даведалася ўжо пасля навучання. А моцным імпульсам да пачатку ўласных даследаванняў стала адкрыццё недзе ў 1988 годзе руін бернардынскага кляштара ў Брэсце. Ягоныя муры, збудаваныя ў ХVII – ХVIII стст., дапамаглі пазбавіцца ідэалагічных ілюзій. Нават нарадзіўся слоган: “Брэст – не толькі крэпасць”. У 1989 годзе паўстала суполка, а ў 1992 – грамадскае аб’яднанне “Стары горад”, якое займалася вывучэннем гістарычнай спадчыны і яе захаваннем.
Па ініцыятыве сяброў арга-нізацыі былі ўпершыню праве-дзены грунтоўныя археалагічныя даследаванні забудовы перыяду XVI – XVIII стст. Паспрыялі гэтаму археолагі Міхась Ткачоў і Алег Трусаў, які ўзначальваў камісію па культуры Вярхоўнага Савета рэспублікі, а раскопкі праводзіў выдатны беларускі археолаг Валянцін Собаль. Сябры “Старога горада” апекаваліся археолагамі, удзельнічалі ў раскопках як валанцёры. А я атрымала свой першы даследчыцкі досвед, бо выконвала функцыі нефармальнага навуковага кіраўніка: выстаўляла гіпотэзы, тлумачыла знаходкі, вызначала накірункі шурфоў.
– Да навукі мы яшчэ вернемся, а ці адразу грамадскае аб’яднанне “Стары горад”, якое Вы ўзначалілі, пачало маштабнае вяртанне гістарычнай спадчыны?
– На першым этапе існавання арганізацыі галоўнай мэтай была асвета і папулярызацыя ведаў пра гісторыю Брэста. У перыяд 1989–1994 гг. узнікла неверагодна высокая цікавасць да гістарычнай спадчыны. Нам спрыялі чыноўнікі, дыпламаты, навукоўцы, пісьменнікі, паэты, якія ўваходзілі ў склад ганаровых сяброў арганізацыі. Не памылюся, калі скажу, што мена-віта “Стары горад” вярнуў Брэсту каля 500 гадоў гісторыі, якая была схаваная пад ідэалагічным пластом. Так, па нашай ініцыятыве паўсталі музей гісторыі горада, мастацкая галерэя, якая працуе ў казармах крэпасці, праведзены першы і пакуль што адзіны фэст, на якім прысутнічалі 300 былых берасцейцаў, раскіданых па свеце вайной і бальшавіцкімі рэпрэсіямі. Пад патранатам “Старога горада” і маім навуковым кіраўніцтвам была створана тэматычная вы-става мастачкі Анастасіі Фецісавай “Міражы над Брэстам”, якая сёння ўпрыгожвае залы мастацкай галерэі. Грамадскае аб’яднанне ў 2007 годзе перастала існаваць, але гістарычнае Бярэсце не перастала быць аб’ектам даследаванняў, прадметам вывучэння, творчасці, натхнення.
– А як развівалася Ваша навуковая кар’ера?
– У 2006 годзе ў Інстытуце Мастацтвазнаўства Польскай Акадэміі Навук я абараніла дысертацыю па тэме: “Берасьце Літоўскае ў перыяд Першай Рэчы Паспалітай”. Ад 2013 года працую навуковым кіраўніком фонду European Urban Institute з ся-дзібаю ў Варшаве. Дзякуючы яму працягваю працу на карысць аховы гістарычнай прасторы, захавання аўтэнтычнай забудовы, адметнасці краявідаў, маніторым стан гісторыка-культурных каштоўнасцей галоўным чынам ва Ўсходняй Еўропе, у тым ліку, і ў Беларусі. У гэтым годзе выкладаю курс “Праблемы аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей у Беларусі”, працавала ў Варшаўскім універсітэце і мела час на працу ў архіве аа. бернардынаў у Кракаве. Спадзяюся, што ў хуткім часе закончу падрыхтоўку да выдання манаграфіі, прысвечанай Бярэсцю, пра якое яшчэ ў 1654 го-дзе сейм Рэчы Паспалітай занатаваў: “На тым усей Рэчы Паспалітай залежы абы замак брэсцкі яко брама да Кароны і Літвы быў умацаваны”.
– Дарэчы, раскажыце, калі ласка, пра малавядомы шырокаму колу Берасцейскі замак, які існаваў да XVIII стагоддзя і лічыцца адным са старэйшых на тэрыторыі Беларусі.
– Насамрэч, гэта адзін з найбольш старадаўніх замкаў. Яго тэрыторыя амаль супадае з тэрыторыяй музея “Бярэсьце”. Але разгледзець сляды замка складана. Першапачаткова ён быў з драўляна-землянымі валамі, каменнымі ці цаглянымі вежамі, з сеймавай залай, лазняй, да якой вада падавалася праз рурмус (вадаправод). Ён падымаў ваду з Буга на вышыню да 15 метраў. У палове ХVII стагоддзя замак разам з гарадскімі фартыфікацыямі быў мадэрнізаваны і набыў выгляд бастыённага. А вось муры на ім паставіць не паспелі, хоць намагаліся. Для ўмацавання замка нават быў разабраны бернардынскі кляштар, што знаходзіўся паблізу. Пры ўзвядзенні крэпасці замак быў паніжаны, зменены ў параметрах. Першае даследаванне замка праводзілася ў 1937-1938 гг. пры ўдзеле знакамітых польскіх архітэктараў Яна Захватовіча, Оскара Сасноўскага, Станіслава Гербста.
– Цяпер становіцца зразумелым, чаму Вы напісалі дысертацыю па архітэктуры сярэдневечнага Брэста. Але чаму на польскай мове і ў Польшчы абаронена?
– Гэта здарылася ў сілу абставін, але я вельмі цешуся тым, што атрымала магчымасць працягнуць працу, пачатую ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, у Польшчы. Як ужо казала, атрымлівала адукацыю ў савецкай ВНУ, дзе не было мовы не толькі пра гісторыю беларускай архітэктуры, але ўвогуле пра адметны шлях і развіццё прававой сістэмы і гаспадаркі нашай краіны. А фармаванне прасторы аднаго з найбуйнейшых гарадоў ВКЛ, узбуйненне ягонай забудовы, развіццё архітэктурных стыляў адбывалася ў кантэксце прававых нормаў і будаўнічых правілаў, якія дзейнічалі ў ВКЛ і Першай Рэчы Паспалітай. Без разумення гэтага кантэксту немагчыма зразумець многія рэчы. А мне ўдалося выявіць ўнікальную планіровачную структуру горада, якая была прыменена пры вымярэнні гарадской тэрыторыі з нагоды надання Магдэбургскага права ў 1390 годзе. Папоўніць веды аб развіцці урбаністыкі нашай краіны мне дапамаглі польскія архівы, бібліятэкі і навукоўцы, сярод якіх не магу не адзначыць даследаванні выбітных прафесараў, дактароў – Уршулі Совінай з Інстытута Археалогіі ПАН, Анджэя Рахубы з Інстытута Гісторыі ПАН, Анджэя Бараноўскага, Ежы Кавальчыка, Войцэха Бабёрскага з Інстытута Мастацтвазнаўства ПАН. Вельмі ганаруся тым, што і мая праца заінспіравала далейшыя даследаванні Бярэсця. Чацверты раздзел з маёй дысертацыі цалкам выкарыстаны ў 5 томе зборніка Materialy do dziejоw Sztuki sakralnej. Koscioly i klasztory wojevodztwa brzeskolitewskiego (Krakow). У 2010 годзе ў супрацоўніцтве з майстэрняй АМІГ мною выпрацаваны праект канцэпцыі рэгенерацыі гістарычнай забудовы былога Замухавецкага і Пясецкага прадмесцяў з прапановаю надання новых функцый будынкам бернардынскіх і брыгідскага кляштараў, з мемарыялізацыяй тэрыторыі былых драўляных цэркваў, з паркам над Бугам, азначэннем месца пакуты вязняў брыгідскай турмы. Праект стаў абгрунтаваннем для наступнага этапа асэнсавання магчымасцяў. Спадзяюся, на гэта не спатрэбіцца яшчэ 30 год.
– Над чым Вы працуеце зараз?
– Разам з прафесарам Валянцінам Голубевым з АН Беларусі працую над артыкулам, прысвечаным арганізацыі працы берасцейскага порта і мытні. Спа-дзяюся на заканчэнне мана-графіі, рыхтуюся да новых навуковых падарожжаў па Беларусі, папаўняю інфармацыю ў Публічнай базе дадзеных гісторыка-культурных каштоўнасцей на старонцы фонду.
– Вы – веруючы чалавек?
– Нарадзілася я ў атэістычныя часы, але без Бога ніколі не жыла, мне пашчасціла на хросных і на бабулю. Прысутнасць Бога адчувала ад маленства. Я – парафіянка Берасцейскай парафіі Ўзвышэння Святога Крыжа, якой ў гэтым годзе спаўняецца 630 год з дня заснавання. У чэрвені, спадзяюся, мы паўторым парафіяльную пілігрымку, якую ўпершыню зладзілі год таму, да месцаў, дзе стаялі касцёлы і цэрквы, дзе маліліся нашы продкі і дзе многія з іх засталіся пахаванымі ў крыптах. Успрымаю гэта як прывілею – вяртаць вернікам святыя месцы. Ведаю, што маю пакліканне. 30 год працы для аднаўлення славы старадаўняга Бярэсця – гэта вялікі тэрмін, але змены, якія адбыліся за гэты час, натхняюць не толькі мяне. Побач з гісторыяй ІІ сусветнай вайны на тэрыторыі крэпасці (гістарычнага цэнтра) з’яўляецца другая, немілітарная рэчаіснасць. Вядзецца пошук сродкаў для кансервацыі руінаў бернардынскага кляштара. Рэстаўравана і дзейнічае царква св.Мікалая (былая гарнізонная), кансервуюцца руіны царквы св.Пятра і Паўла (базыліянскай), касцёла Езуса і св.Казіміра і калегіума аа. езуітаў. Для новых шыльдаў, што будуць ўсталяваныя пасля кансервацыі, дырэкцыя мемарыялу выкарыстала мае чарцяжы рэканструкцыі храмаў. Ці не гэта важныя вынікі доўгай працы?
Вера СТРАМАВУС
Фота з архіва Ірыны Лаўроўскай.