…Як лічыце, шаноўны чытач, ці добры вы чалавек? Каверзнае, канечне, пытанне. Можна крыху іначай: да якіх людзей маглі б сябе аднесці – да тых, якія горача і голасна спачуваюць чужой бядзе, да тых, якія моўчкі падкладваюць рукі пад чужы боль, ці да тых аб’ектыўных, якія кажуць: “Гэта іх асабістая праблема… Не трэба было… Самі вінаватыя… Я б на іх месцы ніколі…”. Тады апошняе і зусім простае: а ці зможаце быць побач з чужым болем штодня, калі гэта стане вашым службовым абавязкам?
Усяго толькі дотык
Калі б у далёкім дзяцінстве дзяўчынцы сказалі, што ўсё жыццё будзе мець справу з хворымі, ніколі не пагадзілася б – марыла стаць настаўніцаю, хадзіць прыгожа апранутай, на высокіх абцасах і ставіць дзецям толькі выдатныя адзнакі (сама ж была выдатніцай!). Але так здарылася, што, 15-гадовая, яна трапіла ў шпіталь з зусім не дзіцячаю хваробаю (гіпертанія), даволі доўга лячылася і ўпершыню заўважыла, як лёгка ёй становіцца, калі доктар, робячы абход, на нейкі момант затрымае сваю руку на яе ілбе… Усяго адзін дотык далоні, а як доўга адчувала ад яго цяпло!
Успамін, падобны да летуцення, не раз вяртаўся да Галіны, калі пасля заканчэння лячэбнага факультэта медыцынскага вучылішча малады фельчар атрымала размеркаванне на працу загадчыцай Сенічанятскага ФАПа, што ў Баранавіцкім раёне. А што робіць загадчыца? Усё! Вядзе прыём пацыентаў, назначае ім лячэнне, адпускае фізіатэрапеўтычныя працэдуры, робіць уколы, вядзе патранаж цяжарных жанчын і дзяцей да года, перавязкі пасля розных траўмаў, ставіць катэтары і г. д. Адным словам, як кажуць, два (тры, а можа пяць?) ў адным. І колькі разоў паклала яна сваю далонь на лоб сваіх пацыентаў за 22 гады працы ў сельскім ФАПе? Хто ж гэта палічыў?
Другі ўспамін з дзяцінства, які нагадвае ёй пра абавязак любові да бліжняга, звязаны з бабуляй Марыяй, татавай маці, і бабуляй Генаэфай, мамінай маці, якія навучалі не толькі катэхізісу, але і лічылі неабходным паказаць унучцы касцёлы, іх унутранае убранства, даць ёй магчымасць назіраць прыгажосць літургіі, слухаць гучанне аргана… Разам яны аб’ездзілі ўсе касцёлы, якія толькі можна было аб’ехаць на аўтобусах і электрычках. Сям’я жыла на Гродзеншчыне, у Лідзе, і настаўнікі надта пільнавалі, каб вучні не наведвалі храмы, таму на святую Імшу бабулі з унучкай ездзілі ў Ашмяны, Жупраны, Гервяты, Баруны, Вавёрку, Забалаць, Осаву, Эйшышкі, летам хадзілі ў пілігрымку ў в. Дубічы (дзве апошнія – на літоўскім баку). Бабуля Марыя шмат усяго расказвала – розныя гісторыі з жыцця, што-небудзь з Бібліі і заўсёды знаходзіла повад, каб падсумаваць: “Дзіцятка, як можаш – трэба заўсёды дапамагчы чалавеку, табе за гэта Бог дапаможа!”, – успамінае Галіна Іосіфаўна. – А хто не жадаў бы атрымаць Божую дапамогу?”.
…Так, мы ўсе – родам з дзяцінства. І ўсё тое, што ўзрушвала сэрца, прамянела любоўю нашых бліжніх да нас, з цягам часу давала парасткі, набывала сілу, нараджаючы і ў нашых сэрцах жаданне бескарысна несці любоў іншым ужо ў нашым аса-бістым дарослым жыцці.
“Чамадан”
Можа, зусім і не смешна, але муж Галіны Іосіфаўны аднойчы пажартаваў, маўляў, у цябе не сумка – чамадан. А жанчына і на самой справе заўсёды трымала ў сваёй сумачцы танометр, спіртавыя салфеткі, ампулку з нашатырным спіртам, валідол, каптапрыл… Не, не аптэку, але сёе-тое, што можа спатрэбіцца для аказання першай дапамогі, напрыклад, да прыезду “Скорой”.
– Працавала я ў Сенічанятах, а жылі мы з сям’ёй у Застарынні, – расказвае. – У гады Другой сусветнай вайны, у 1943 годзе, фашысты спалілі вёску разам з яе жыхарамі. У знак памяці аб загінуўшых кожны год 9 мая ў Застарынні збіралася мноства народу. Прыбывалі ветэраны вайны, іх сем’і, наогул жыхары навакольных вёсак. Помню такі выпадак: вяду праграму канцэрта (сама я таксама ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці), аб’яўляю чарговы нумар, а тут крычаць: “Мужчына ўпаў!”. Кінула мікрафон – і бягом… Пажылы чалавек знепрытомнеў, амаль ніякіх прызнакаў жыцця… І проста на асфальце, стоячы на каленях, пачала рабіць яму штучнае дыханне, аж пакуль не прыехала “Скорая”. Адратавалі тады ветэрана. Было, што адна жанчына, яшчэ не дайшоўшы да месца правядзення свята, страціла прытомнасць, пагрузілася ў кому. А гэта вельмі цяжкі стан, пры якім парушаюцца ўсе функцыі арганізма, ён пагражае смерцю. Дзякаваць Богу, на тую хвіліну адратавалі і жанчыну, а пазней высветлілася, што ў яе цукрыца, пра якую яна сама на той час яшчэ не ведала. Ды хіба толькі два выпадкі? Шмат розных было, і рашэнне патрэбна было прымаць маланкава і самастойна. Ні за чыімі плячамі ніколі не працавала. Так і пры-звычаілася насіць “чамадан” з сабою. Здаецца, і не разгубілася ні разу… А сёння, бывае, здараецца такая сітуацыя, што выйсця шукаем усе разам – і доктар, і медыцынскія сёстры, і няні, і санітаркі, і выхавацелі: “Божа, што ж нам рабіць?”.
Сёння Галіна Іосіфаўна Коўш працуе фельчарам у Гарадзішчанскім Доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Калі першы раз, пры прыёме на працу, былы дырэктар правёў яе па этажах і паказаў будучых “пацыентаў” – амаль не абамлела. Асабліва ўразілі ляжачыя, з жудаснымі дэфармацыямі канечнасцей, цяжкія дзеці, якія не могуць трымаць ні ложку ў руках, ні бутылку з соскай (хоць прымаюць сюды не немаўлят), і “ходзяць” пад сябе. Усіх трэба накарміць, абмыць, памяняць памперсы, пасцель. А яшчэ – пагладзіць па галаве, падарыць усмешку, паціснуць слабеючую дзіцячую руку, заспакоіць, калі ўзніклі якія-небудзь хваляванні. На кожнага, хто заходзіць ў групы лежакоў, з на-дзеяй і мальбой заўсёды гля-дзяць дзіцячыя вочы… Глядзелі яны і на Галіну…
– Што скажаце? Будзеце ў нас працаваць? – спытаў дырэктар напрыканцы “экскурсіі”.
Медработнік з болей як 25-гадовым вопытам працы, яна, канечне, ведала, што ў свеце сярод здаровых людзей ёсць многа з прыроджанымі парокамі развіцця, але каб да такой ступені… Адказала сціпла: “Пас-прабаваць можна”. І засталася.
Дзеці сюды паступаюць (інтэрнат разлічаны на 220 месцаў) пасля 4-гадовага ўзросту. Розныя, з рознымі дыягназамі – разумовай адсталасцю ўсіх ступеней, з сіндромам Даўна, ДЦП, іншымі пабочнымі дыягназамі. Па сацыяльнаму статусу – сіраты, сацыяльныя сіраты, ёсць і з поўных, абсалютна здаровых сямей, з якімі (без прафесійнай дапамогі) не могуць справіцца бацькі. Ёсць па двое і нават трое з адной сям’і. А што датычыць складаных сітуацый, калі выйсце патрэбна шукаць разам з калегамі, то ўзнікаюць яны даволі часта. І не з тымі ляжачымі, якія калісьці моцна ўразілі Галіну, а з тымі, хто ходзіць. Дакладней сказаць – хто бегае; наогул ёсць дзеці са схільнасцю да ўцёкаў.
– Бывае, сядзяць разам у групе, займаюцца якой-небудзь канкрэтнай справай, ці малююць, ці вышываюць, усе зацікаўленыя, – расказвае Галіна Іосіфаўна, – і раптам такое дзіця зрываецца з месца і бяжыць, само не ведаючы, куды. Затрымаць яго адразу не заўсёды ўдаецца: вельмі хутка бегаюць, таму, бывае, і ўпадзе, ударыць сябе незнарок. Або без усялякіх бачных прычын у некага з іх можа ўзнікнуць крыўда, плач, агрэсія… Пачынаюць біць суседа… Вельмі шкада іх… Ну а калі настрой у іх добры, калі сумавалі па табе напярэдадні – трымайся! Будуць моцна праяўляць свае пачуцці, з сілай (а такія дзеці дужыя) сціскаць у абдымках, лашчыцца. Нездарма санітарачак, нянь і выхавацелей – тых, хто з імі працуе пастаянна, (па зменах), мамамі клічуць… Нашыя дзеці вельмі чуллівыя.
Хвіліны шчасця
А ці многа хвілін шчасця ў Галіны Іосіфаўны? Палічыць іх таксама немагчыма, бо ўсе яны – асабістыя, сямейныя і тыя, што каляровымі вясёлкамі засвецяцца час ад часу на працы, – перапляліся, завязаліся ў адзін тугі вузел і быццам паасобку ўжо не існуюць. Але дзякаваць Богу, што існуюць наогул!
Падзея, якая мінулым летам радасна агарнула ўсіх жыхароў Дома, і стала такой агульнай хвілінай шчасця для ўсяго калектыву. Упершыню за ўсю гісторыю існавання інтэрната (заснаваны ў 1958 г.) двое сацыяльных сіротаў – 26-гадовы Дзіма і 30-гадовая Света, – якія трапілі сюды са спецшкол і тут выхоўваліся на працягу многіх гадоў, стварылі сям’ю. Прыгожа пры-браныя жаніх і нявеста не маглі схаваць сваю радасць, калі ў дзень рэгістрацыі іх шлюбу выхавацелі, санітаркі, кіраўніцтва інтэрната ў якасці ганаровых гасцей і вельмі дарагіх ім людзей суправаджалі маладых у сельсавет. А тыя, хто суправаджаў, ледзь стрымлівалі слёзы.
Дзіма і Света – выпускнікі адносна маладога аддзялення, створанага ў інтэрнаце ў 2013 годзе, – отделения сопровождаемого проживания, дзе рыхтуюць да самастойнага жыцця: вучаць карыстацца электрычнаю плітою, іншымі бытавымі прыборамі, рыхтаваць ежу, мыць бялізну, прыбіраць жытло, карыстацца грашыма і г. д. Зараз на падрыхтоўчым этапе аддзялення 27 чалавек, а яшчэ 9 хутка стануць выпускнікамі і будуць пераведзеныя ў інтэрнаты для дарослых. Дарэчы, Дзіма і Света – брэстчане, там атрымалі жылплошчу.
Бог заўсёды дае шанс
Восенню мінулага года здарылася яшчэ адна падзея, якая ашчаслівіла 18-гадовага пастаяльца і дала надзею астатнім – хлопца знайшла сям’я. “У якім бы ўзросце ,– заўважыла Галіна Іосіфаўна, – ні знаходзіліся нашы падапечныя, а ёсць у нас і многа старэйшых, чым 18-гадовыя, – большасць з іх марыць, каб – рана ці позна – знайшліся іх мамы і таты”.
Гісторыя жыцця Кірыла выглядала прыкладна так. У маладой сям’і нарадзіліся блізняты – адзін здаровенькі, пра другога дактары сказалі, што жыць яму – дзень-два, не болей… Маці ад’ехала дамоў з адным нованароджаным. А гадоў праз 10 родныя ўбачылі хлопчыка па тэлебачанню – спявак, выступае ў творчым конкурсе, які праводзіла дабрачыннае аб’яднанне “Мир без границ”, як дзве кроплі вады падобны да браціка, які дома… Патэлефанавалі ў інтэрнат, навялі спраўкі, удакладнілі – ўсё сходзіцца, іхні хлопчык: разумны, светлая галава, але з моцна дэфарміраванымі канечнасцямі. Адразу быў лежаком, пасля навучыўся поўзаць, хадзіць на каленях, трымаць раўнавагу, але ўсё роўна яму патрэбен спецыяльны уход. Сітуацыя абвастрылася, калі прыйшоў час перавесці 18-гадовага юнака ў інтэрнат для дарослых, які знаходзіўся акурат у той самай мясцовасці, дзе і жылі яго родныя. “У той самы інтэрнат? – не пагаджаліся родзічы. – А хіба не можна ў іншы? Што людзі скажуць, усе лічаць, што ён памёр…”,. “Вашаму Кірылу, з улікам яго стану здароўя, патрэбен менавіта той інтэрнат, а не іншы, – настаялі ў Гарадзішчы. – Да таго ж, ці не думаеце вы, што Бог дае вам шанс пакаяцца, прыняць ўсё, як ёсць, прызнацца ў тым, што адбылося, і ўсё ж падарыць свайму ўнуку і сыну кавалачак шчасця?”.
Сёння Кірыл жыве ў інтэрнаце паблізу дома, яго наведваюць родныя, і зла на іх не трымае – даўно прабачыў. Ён валодае камп’ютарам, піша пры дапамозе палачкі, трымаючы яе ў зубах, карыстаецца мабільнікам і марыць вучыцца.
Вось такія гісторыі. Шчаслівыя, бо такімі лічаць сябе іх героі.
– За гады працы ў інтэрнаце, – прызналася пры развітанні жанчына, – прыйшла да высновы, што не толькі мы даём дзецям сваю любоў, пяшчоту і клопат. Шмат даюць нам і яны, перш за ўсё паказваючы, што дар ад Бога мы, здаровыя, атрымалі непараўнальна большы, таму пакліканыя гэтым дарам дзяліцца. І я моцна ўдзячная Богу, што скіраваў у медыцыну, што магу дапамагаць тым, хто востра адчувае ў гэтым патрэбу. Дзякую Богу за свайго мужа, дачок, зяця, унукаў, якія з разуменнем і павагай ставяцца да мае працы, і веру, што “шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць”.
Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА,SVD
і з архіва інтэрната.
Брэсцкая вобласць.