…Ці паверыце, шаноўныя чытачы, што ў наш час ёсць людзі, нямытыя паўгода ці болей?.. Цяжка паверыць! І ці ведаеце, для чаго і як выкарыстоўваюцца памперсы для дарослых?.. А-а, ужо дакараеце, што я недалікатна пачынаю свой артыкул? Не спяшайцеся дакараць. Бо пад гэтых ляжачых, нерухомых, адкінутых, пакараных лёсам і пакрыўджаных (часам нават іх блізкімі), добраахвотна падкладаюць свае рукі тыя, пра каго гаворка ніжэй. Назва гэтым людзям – з поўным ласкі сэрцам і пяшчотнымі рукамі – валанцёры.
“Табе больш за ўсіх трэба?”
Хто з нас не чуў такога рытарычнага пытання? Чулі, і не адзін раз, і пры розных акалічнасцях. Той, хто задаваў яго, не патрабаваў ад нас адказу – і без таго быў ўпэўнены, што мы разумова абмежаваныя, някемлівыя, непрактычныя, калі не сказаць горшага, дзівакі. Асабіста я перад такімі дзівакамі, якім “больш за ўсіх трэба”, нізка схіляю галаву, пераканаўшыся (сто ці мо болей разоў), што без іх чулых сэрцаў нашае жыццё страціла б і сэнс, і змест.
У Крысціны Петрашка, студэнткі дзяржаўнага медыцынскага каледжа, некаторыя таксама пыталіся, навошта ёй дапамагаць бяздомным. Але добра, што пыталіся ўжо пасля таго, як дзяўчына, па-першае, прышла да высновы, што “жыць толькі для сябе, любімай, – мала”, а па-другое, пасля таго, як яе пастанову шчыра падтрымалі ўсе родныя і блізкія: “Дапамагай, за гэта табе адудзячыць Бог!”.
– На самой справе, – гаварыла пры сустрэчы Крысціна, – вакол многа такіх, хто моцна патрабуе канкрэтнай дапамогі, і я лічу, што, калі мне пад сілу гэтую дапамогу аказаць, то чаму не зрабіць так, каб камусьці стала ў жыцці лягчэй? Зараз мае абавязкі як валанцёра – дапамагаць раздаваць абеды ў Доме начнога прабывання на Ваўпшасава ў Мінску, аказваць гэтым людзям псіхалагічную падтрымку. Калі пачынала туды хадзіць, “пастаяльцы” дому былі хмурымі, непрыветлівымі і нават не маглі стрымаць свайго здзіўлення ад майго візіту: “Вы?.. Прыйшлі да нас?..”. Цяпер яны ўжо сталі зусім іншымі. Спадзяюся, што да канца праекта многія змогуць вярнуцца ў свае сем’і, адновяць згубленыя дакументы, уладкуюцца на працу – яны амаль ўсе працаздольнага ўзросту, маюць прафесійную адукацыю, там нікога няма непісьменнага.
Вяртанне ўсмешкі
– У мяне таксама пыталі знаёмыя, – расказвала Лена Карневіч, лінгвіст, студэнтка катэхітычнага каледжа, – ці ты такая добрая, ці ты хочаш загладзіць нейкую віну, ці дома табе няма чаго рабіць? На жаль, не ведаюць, што шчасце не толькі ў тым, каб сябе адчуваць шчаслівым, але і каб рабіць шчаслівымі іншых. Мая праца – дапамога на даму тым, хто абмежаваны ў магчымасцях, хто адзінокі, або ў каго ёсць дзеці, але жывуць далёка. Канешне, да іх прыходзяць сацыяльныя работнікі 2-3 разы на тыдзень, але чалавеку нерухомаму дапамога патрэбна нашмат большая, да таго ж самая рознабаковая і кожны дзень! І ў Бога няма іншых рук на зямлі, як рукі валанцёра або проста добрага суседа. Можаце ўявіць сабе, напрыклад, адзінокую (ні братоў, ні сясцёр, бацькі даўно памерлі) 44-гадовую жанчыну, якой трэба зрабіць масаж, дапамагчы ўстаць, выканаць розныя гігіенічныя працэдуры, падаць ежу і пры дапамозе вертыкалізатара дапамагчы заняць месца за кампутарным сталом?… І яна пачынае працаваць, усміхацца… А колькі пар рук трэба прыкласці, каб гэтая ўсмешка на яе твары з’явілася? Часам жадае “схадзіць” на прагулку ў горад ці батанічны сад, правесці фотасесію… Інваліды – такія ж людзі, як і мы, ім патрэбна ўсё тое, што і нам. Лічу, што менавіта ў такія моманты правяраецца наш асабісты характар, здольнасць несці любоў Хрыста людзям.
Аплатка
“Не хлебам адзіным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых”… Словы Езуса Хрыста добра памятаюць супрацоўнікі місіі.
– Падчас калядных святаў, – расказвае дырэктар Рэлігійнай місіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі бр. Андрэй Жылевіч, OFMCap, – мы пайшлі да начлежнікаў Дому начнога прабывання з аплаткай. Для некаторых з іх яна была першай, для некаторых – даўно забытай… Да таго ж, мы завезлі кожнаму невялікія падарункі – зубныя шчоткі, пасту, цёплыя шкарпеткі і інш. Не ведалі яны, як на гэта рэагаваць, не ведалі, што сказаць і як усміхнуцца… Відаць, што ім было моцна балюча, і зразумець іх было няцяжка: у мінулым яны былі, як і ўсе звычайныя людзі, – з працай, са здароўем, з сям’ёй і жыллёвай плошчай, а зараз апынуліся… Не, не хачу сказаць “на сметніку” – дзяржава дала памяшканне, дзе яны могуць памыцца і паспаць, дзе ёсць юрыст, дзяжурная медсястра і куды кожны дзень прыходзіць доктар. Мы штодзённа возім ім гарачыя абеды, даюць харчаванне і іншыя цэрквы. Да красавіка яны будуць карыстацца паслугамі Дому начнога прабывання, а далей пойдуць кожны сваім шляхам. І не вядома, дзе і з кім будуць дзяліцца аплаткай у чарговы раз, але мы сваю задачу бачым у тым, каб больш лагодным зрабіць іх прабыванне там сёння, падарыць ім хвілінку нейкага чалавечага кантакту і пад-штурхнуць да роздуму пра тое, што Бог дае ім шанс змяніць свой лёс да лепшага, і што патрэбна выкарыстаць гэты шанс.
Тым, хто чакае…
– Валанцёрскі рух, які актыўна развіваецца ў краіне ў апошнія 20 гадоў, моцна патрэбен грамадству, – працягвае бр. Андрэй. – Што датычыцца нашай архідыяцэзіяльнай місіі, то першы праект, які распачаўся ў Ляскоўцы ў 2003 годзе, прадугледжваў дапамогу дзецям з анкалагічнымі захворваннямі і ажыццяўляўся ў супрацоўніцтве з медыцынскім дзіцячым цэнтрам у Бараўлянах. Праект сябе апраўдаў, ён дзей-нічае і сёння, але сёння мы пайшлі далей. Зараз супрацоўнічаем не толькі з медыцынскімі, але і з адукацыйнымі, сацыяльнымі і іншымі ўстановамі. Праектаў шмат, яны накіраваныя на пад-трымку дзяцей-сірат, дзяцей са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі і маладых інвалідаў. Аказваем гуманітарную дапамогу, арганізуем летні адпачынак, “Канікулы з Богам” як у нашай краіне, так і за мяжою, адпраўляем групы ў Аўстрыю, Польшчу, Германію, Чэхію, Бельгію. Ёсць праграмы адукацыйныя і крэатыўныя, якія развіваюць таленты і здольнасці дзяцей. Таму традыцыйнымі сталі розныя конкурсы, выставы творчых прац юных майстроў. Усе гэтыя праекты магчыма рэалізаваць, маючы не
толькі значныя спонсарскія сродкі, але і цёплыя людскія рукі. “Рукамі” “Карытаса” з’яўляюцца валанцёры, іх у нас болей за 30 чалавек – працоўная і студэнцкая моладзь, дарослыя, дарэчы, незалежна ад веравызнання, якія ахвяруюць свой час, духоўныя і фізічныя сілы тым, хто сумуе, пакутуе, чакае… Валанцёры – служба неадкладная, ахвярная і самае галоўнае – добраахвотная, між імі і іх падапечнымі складваюцца заўсёды цёплыя адносіны. Стварэнню такіх адносін, а таксама выкананню медыцынскіх паслуг (штучнае дыханне, непрамы масаж сэрца, капельніцы, ін’екцыі) валанцёры вучацца на курсах, якія мы праводзім праз кожныя паўгода. Прыязджаюць трэнеры з Чэхіі, Аўстрыі, цесна супрацоўнічаем з Мальтыйскай службай дапамогі Германіі. Засмучае толькі адна рэч – слаба развіваюцца парафіяльныя “Карытасы” на месцах, а патрэба ў іх ёсць вялікая.
Кошык у Еўраопце
– Працы для валанцёраў мала не бывае, – разважае бр. Андрэй,– да таго ж і самі яны – людзі з крэатыўным мысленнем. Напрыклад, Яна Козыр напярэдадні калядных свят разам з парафіяльнаю моладдзю ў Магілёве правялі такую акцыю: дамовіліся з магазінамі сеткі “Еўраопт”, распаўсюдзілі лістоўкі, і пакупнікі, робячы закупы на свята, адну з пакупак клалі ў валанцёрскі кошык – макароны, цукар, муку, пячэнне – хто што. Акцыя была арганізавана для дапамогі шматдзетным сем’ям і сем’ям дзяцей-інвалідаў. Да таго ж Яна, сама гісторык, актыўна працуе ў арганізаваным намі на базе Дому дзіцяці пакоі сацыяльнай перадышкі, праводзіць майстар-класы для бацькоў і для валанцёраў. Справа ў тым, што ёсць дзеці-інваліды, якія павінны знаходзіцца пад пастаянным наглядам, пакінуць іх адных нельга ніколі. І калі бацькам патрэбна куды-небудзь пайсці ці ад’ехаць, яны пакідаюць тут сваіх дзяцей на валанцёраў.
Наогул для дзяцей валанцёрамі робіцца шмат. Летась мы завяршылі праект ў Гарадзейскай школе-інтэрнаце: зрабілі рамонт і абсталявалі кабінет, дзе яны проста вучацца жыць. Справа ў тым, што сярод выхаванцаў інтэрнатных устаноў ёсць такія, якія не ведаюць, што такое тэлефон, мікрахвалёўка, пральная машына-аўтамат, чым адрозніваюцца цэны ў магазінах… У іх адсутнічаюць навыкі звычайнага жыцця, бо гэтым навыкам няма адкуль узяцца! Таму, калі ў вольны час прыходзяць у школы-інтэрнаты, у дзіцячыя сацыяльныя прытулкі не настаўнікі і выхавацелі, якіх яны бачаць штодня, а людзі “збоку”, валанцёры і прапануюць ім цікавыя заняткі або гульні, распавядаюць пра сябе, трэба бачыць, як загараюцца вачаняты малых насельнікаў гэтых устаноў.
Не астудзі сваё сэрца
Ёсць яшчэ адна незвычайная асаблівасць у адносінах паміж валанцёрамі і іх падапечнымі. Пра яе сказала Людміла Платава, спецыяліст па сацыяльнай рабоце: “Я не сустракала чалавека, у якога б нельга было чаму-небудзь навучыцца. Я пераконваюся ў тым кожны раз, калі бываю ў нашых падапечных, часам такіх нямоглых, і калі сустракаю нашых валанцёраў”. “Сапраўды, – пад-трымлівае калегу па валанцёрскай працы Крысціна. – У кожнага з нас бываюць праблемы, якія выбіваюць са звычайнага рытму, псуюць настрой. Але, калі бачыш інвалідаў, ляжачых, і разумееш, у якім духу трымаюць яны сябе, становіцца няёмка за сваю слабасць, і ты гатоў бясконца дапамагаць тым, каму невыносна цяжка, або пра каго забыліся, або пра каго няма каму паклапаціцца”.
Так, кожная праца мае два вынікі: першы – той, што яна табе дае, дзеля чаго ты яе выконваеш (задавальненне, сродкі на жыццё); другі – што яна ў цябе забірае (здароўе, час, сілу). У валанцёраў перабольшвае першы – яна іх самых робіць больш лоўкімі, вынослівымі, мудрымі. Пры гэтым не астуджае іх сэрцы.
Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.
і з архіва «Карытаса»