2 сакавіка
8-я звычайная нядзеля, год А
Давярайце Пану і Яго Провіду
1 чытанне — Іс 49, 14-15.
Пс 62 (61), 2-3. 6-7. 8-9ab.
2 чыт.- 1 Кар 4, 1-5.
Евангелле — Мц 6, 24-34.
«…Не можаце служыць Богу і мамоне» (Мц 6, 24)
Калі паглядзець на справу стварэння, нельга надзівіцца, як яно было цудоўна ўсё задумана. Цэлы космас пацвярджае, што ёсць вынікам нейкага замыслу, і замыслу цудоўнага. Той цуд заснаваны на тым, што ўсё створана для чалавека. Езус ў сваім «Казанні на гары» паказвае нам, што Бог-Творца ёсць Богам-Айцом, які дзень і ноч апякуецца сваімі дзецьмі. Яго спрадвечны праект ёсць актам міласці. Ідучы гэтым шляхам мыслення, даходзім да высновы, што слушным і праўдзівым ёсць крок да паслушэнства Богу-Айцу. Гэта нам дазваляе свабодна выбраць шлях веры, на якім супрацьпастаўляемся ўсялякім ідалам.
Езус гаворыць аб тым адназначна: «Не можаце служыць Богу і мамоне». Такая пастава вымагае немалай дозы евангелічнага шаленства. Аб гэтым сведчыць жыццё аднаго з айцоў пустыні: “Святар, калі падчас малітвы надышлі рабаўнікі, звярнуўся да сваіх братоў: «Дазвольце, няхай яны выканаюць сваю справу, а мы выканаем сваю». Наша праца, інакш кажучы, нашы труды, – гэта цярпенне сэрца, каб заўсёды давяралі Пану і Яго Провіду, які ніколі не памыляецца. Сэрца ў тым вельмі непастаяннае. Наш клопат пра сваё жыццё, пра харчаванне і цела так часта адводзіць нас ад Бога. І тлумачыцца проста: не меў часу на штодзённую малітву, на Эўхарыстыю ў кожную ня-дзелю; гэта паказвае, што мы імкнемся туды, куды імкнуцца язычнікі. Гэтая адсутнасць нашай памяці пра Бога для некаторых не з’яўляецца вялікаю праблемаю. Чаму так? Чаму наша душа не шукае спакою і паратунку ў Бога? Чаму мы такія жорсткія да сябе, адкуль такая непавага да Бога? Зноў Езус адказвае нам: «Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць».
Гісторыя жыцця, нашыя думкі, словы і ўчынкі так часта пацвяр-джаюць такі дзіўны стан нашай душы! І гэтаю праўдаю патрэбна вымяраць сябе. Нельга жыць міфамі аб сабе! Ужо ў сераду пачнем Вялікі Пост. Звернемся да паставы пакорнага мытніка і ўцякайма ад ганаровага саманадзейнага фарысея.
9 сакавіка
1-я нядзеля Вялікага Посту, год А
Пост. А які вынік?
1 чытанне — Быц 2, 7-9; 3, 1-7.
Пс 51 (50), 3-4. 5-6ab. 12-14, 17.
2 чыт. — Рым 5, 12-19.
Евангелле — Мц 4, 1-11.
“Змілуйся Пане, бо я грэшны”
Томас Эліот, паэт і драматург, які перажыў навяртанне да хрыс-ціянства з бездані нігілізму, аднойчы сказаў: “Прафесія рэфарматара простая. Гэта той, хто думае, што рэчы, якія належыць змяніць, заўсёды звонку – у грамадстве, на працы, а ніколі не ўнутры чалавека, пачынаючы ад яго самога”. Гэта ён сказаў напэўна пад уздзеяннем Слова Божага, дзякуючы якому змяніў свой спосаб мыслення і разумення жыцця. Яно паказвае нам і сёння на тры фундаментальныя спакусы, якімі зводзіць нас дэман. Гэта спакуса хлеба, спакуса змены гісторыі і спакуса грошай. Каб перамагчы шатана, трэба, па прыкладу Езуса, даць выправадзіць сябе ў пустыню. І для таго Пан Бог дае нам 40 дзён своеасаблівай пустыні. Нельга нам пачынаць тую барацьбу без стану ласкі, бо гэта Дух праводзіў Езуса. Таму вялікія гэта пастыры, якія на пачатку Вялікага Посту запрашаюць сваіх верных да сакрамэнту пакуты і паяднання, а не да фармальнай споведзі. Паспавядацца няцяжка, значна цяжэй прымусіць сваё сэрца да навяртання.
Адначасова Слова Божае ўказвае нам адзінага Рэфарматара – Езуса Хрыста. Ён для нас і з міласці да нас прыйшоў дарогаю спакусы і яе пераадолеў. Нашае пераадольванне магчыма толькі праз навяртанне да Хрыста. І ў тым нам дапаможа пост, малітва і міласціна. Пост мае многа вымярэнняў. Не думаем толькі аб тым, што можна, а чаго не можна на працягу 40 дзён. І не будзе ніякім постам замена мясных блюд на добра прыгатаваную рыбу ці піражкі з грыбамі. Патрэбна думаць пра абмяжоўванне ў ядзе. Асоб, якія замнога дбаюць аб сваёй фігуры, добры пост нават вызваліць ад гэтай глупоты. Добры вынік прынясе пост, калі адмовіцеся ад тэлевізара, Інтэрнэту або іншых сродкаў, ад якіх атрымалі залежнасць. Адмаўленне ад граху – гэта сапраўдны вынік усялякага посту. Малітва не павінна быць кніжным фармалізмам, а – крыкам сэрца, якое пазнае сваю неправату і просіць аб збаўленні. Міласціна для бедных не можа быць дабрачыннасцю, але, дадзеная не напаказ, не прылюдна, вызваляе нас ад прагнасці. Урэшце, памятайма аб тым, што ўсялякія змены пачынаюцца ад самых сябе.
16 сакавіка
2-я нядзеля Вялікага Посту, год А
Вера – дарога навяртання
1 чытанне — Быц 12, 1-4а.
Пс 33 (32), 4-5. 18-20, 22.
2 чыт. — 2 Цім 1, 8b-10.
Евангелле — Мц 17, 1-9.
“Будзем мець надзею ў міласэрнасці Пана”
Ужо ў першым чытанні Пан прызывае нас, як Абрагама, да выйсця ў дарогу. Так у Дзеях Апосталаў называлі хрысціян – “пры-хільнікамі гэтай дарогі”. Гэта вельмі важная акрэсленасць жыцця вераю. Вера – дарога навяртання. А што на самой справе азначае навяртанне? Гэта татальная змена ладу, спосабу жыцця, нашай ментальнасці, дзякуючы дзеянню Духа Святога. Не дзякуючы нашым малітвам, пастам і міласціне! Робячы гэта, мы дапамагаем нашаму сэрцу адкрыцца на дзеянне ласкі, гэта значыць адкрыцца на дзеянне Духа Святога.
Старажытныя семіты, як Абрагам, былі вандроўнікамі. Для лю-дзей біблійных часоў дарога, сцежка, горны шлях адыгрывалі ў іх жыцці важную ролю. Дзякуючы ім, знаходзілі адпаведны кірунак жыцця, не блудзілі. У эпоху юдаізму навука аб дзвюх дарогах змяшчае ўсе маральныя нормы людзей. Дарога жыцця – гэта дарога прыказанняў Пана. Дарога смерці – гэта дарога пышнага свавольства, дарога граху. Але ж ці можна знайсці хоць аднаго справядлівага? Ці чалавек здольны да навяртання і збаўлення? Адказ толькі адзін – да гэтага не здольны.
Хрысціяне – гэта тыя, хто жыве Добрай Навіной! Яны маюць свядомасць да таго, каб знайсці праўдзівую дарогу, не пазнаную імі да гэтага часу. І як жа гэта цудоўна – дарога тая не з’яўляецца правам, а асобаю – Езусам Хрыстусам. Ён Сам пра Сябе гаворыць:”Я –Дарога, і Праўда, і Жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне”.
У сённяшнім Евангеллі Хрыстус паказвае Сябе ў хвале Змёртвыхпаўстання, пераменены. У Ім ажыццяўляецца Пасха, прыйсце са смерці ў жыццё. Зараз адзіная слушная дарога – быццё ў Ім.
Нашае збаўленне, прыпамінае нам святы Павел, ажыццяўляецца дзякуючы “пастанове і ласцы, якая нам дадзена ў Езусе Хрыстусе перад вечнымі часамі”. Будзем мець адзіную надзею ў міласэрнасці Пана, слухаць Яго і цешыцца, што мы адшукалі праўдзівую Дарогу, і Праўду, і Жыццё.
23 сакавіка
3-я нядзеля Вялікага Посту, год А
Бог мае свой план на кожнага
1 чытанне — Зых 17, 3-7.
Пс 95 (94), 1-2. 6-7ab. 7с-9.
2 чыт. — Рым 5, 1-2. 5-8.
Евангелле — Ян 4, 5-42.
“Калі Бог прамаўляе, не пагар-джай Яго словам”
Аўтар псальму сённяшняй ня-дзелі запрашае нас да цэлебравання Эўхарыстыі з вялікай радасцю, проста з абажаннем. Чаму? А таму, што “Бог аказвае нам сваю міласць праз тое, што Хрыстус памёр за нас, калі мы былі яшчэ грэшнікамі”. У Евангеллі сустракаем шчаслівую Самарытанку. Закранута і размова з Хрыстусам, Які дакладна ведае яе жыццё. Ён ведае і нашае жыццё. Айцы Касцёла гавораць, што тыя пяць мужоў, якіх мела Самарытанка, то праўдападобней за ўсё, гэта пяць бажкоў, ідалаў, якім пакланяліся жыхары Самарыі, калі тыя тэрыторыі былі заселеныя асірыйцамі. Жыццё кожнага з нас закончыцца паражэннем, калі не скончым з ідалапаклонствам, якое з’яўляецца карэннем жыццёвага няшчасця. Чалавек з сэрцам падзеленым, ідалапаклонніцкім, здольны да наракання і незадавальнення. За жыццёвыя паражэнні гатовы абвінаваціць самога Бога. Такі стан духа вядзе да слепаты і бясконцага пошуку “крыніц жыцця”, абы заспакоіць прагненне любові, шчасця і поспеху. Адзінае спатканне з Езусам, Які ёсць Месія – Збаўца, можа прывесці нас да глыбокага перамянення. Дзякуючы таму спатканню Самарытанка становіцца сведкаю, якая і іншых вядзе да Езуса. Такі і план Бога адносна кожнага з нас – зрабіць нас сведкамі Змёртвыхпаўстання.
30 сакавіка
4-я нядзеля Вялікага Посту, год А
Бог глядзіць на сэрца
1 чыт. — 1 Сам, 16, 1b. 6-7. 10-13а.
Пс 23 (22), 1-3а. 3b-4. 5. 6.
2 чыт. — Эф 5, 8-14.
Евангелле — Ян 9, 1-41.
“Прабудзіся хто спіць і ўстань з мёртвых”
“Жыццё – гэта імгненне. Поспех, трыумф, багацце і адукацыя – мінаюць. Застаецца адзіная вечная любоў – прычына кожнай добрай справы… Смерць – не канец, а пачатак”. Тымі словамі благаслаўлёны доктар Джузеппе Маскаці сведчыць аб сваім паўстанні з мёртвых, аб новым жыцці, якое атрымаў ад Хрыстуса. Іначай не можа быць, калі сустракаем Змёртвыхпаўсталага. У новым жыцці не месца “безвыніковым учынкам цемры (…), аб якіх сорамна нават гаварыць”.
У першым чытанні Бог запэў-нівае нас, што гэта Ён выбірае тых, каго прагне мець для Сябе. Ён глядзіць на сэрца, а не на знешняе. Вызнанне веры Давіда ў псальме 23 заахвочвае нас да пэўнага даверу Провіду… Нашая барацьба ёсць супраціўленне ўсялякім укусам дэмана. Але без любові барацьба будзе безвыніковай, для гэтага перш за ўсё трэба “абмыцца” ў купальні Сілоам, значыць прыняць ласку святога Хросту. А яшчэ важнейшае – паклапаціцца аб тым, каб Ён прынёс плады нашага жыцця. “Прасвятлець розумам”, як герой сённяшняга Евангелля, азначае радыкальна пайсці за Езусам, азначае жыццё без кампрамісаў, нават цаною страты іншых людзей.