Хлеб штодзённы

6 красавіка 5-я  нядзеля Вялікага Посту, год А

Належым Пану

1 чытанне — Эзх 37, 12-14.
Пс 130 (129), 1-2. 3-4. 5-6 ab. bc-8.
2 чыт. — Рым 8, 8-11.
Евангелле — Ян 11, 1-45.

“Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць”   (Ян 11, 25) Прыгожыя  фрэскі  ў сінагозе  і  ў  Доме  Экклезія  ў Дура  Еўропа  на  беразе  Еўфрата (каля 250 гадоў пасля  нараджэння  Хрыстова) і тэксты многіх Айцоў Касцёла даводзяць веру хрысціян і народу Ізраэля  ў індывідуальнае змёртвыхпаўстанне, як і ў адраджэнне люду Божага. Гэтая вера замацавана ў Слове Божым і ў традыцыі, а  таксама  адлюстравана  ў  мастацтве. Сённяшняе чытанне накіроўвае нашыя думкі на  гэтую рэальнасць. У Хрысце Змёртвыхпаўсталым  смерць  ужо не мае ўлады  над  тымі,  хто  жыве паводле Духа. Нашае смяротнае цела будзе  павернута да жыцця, запэўнівае  нас святы Павел. Касцёл глыбока верыць у тое, што жыццё вечнае атрымліваем  ужо  пры  святым Хросце. Провід  прарока  Эзэхіэля  дапамагае  нам  зразумець духоўны стан  чалавека, пагружанага  ў  грахах.  Жыццё ў граху – гэта хвароба і смерць – вынік  шатанскага махлярства. Гэта  падобна  да чалавека, пакладзенага  ў  труну. Ужо ніхто не  можа яму дапамагчы. Адзіная надзея на Міласэрнасць Бога, на Яго інтэрвенцыю, можа, Бог  зменіць  гэтае  трагічнае становішча. Найбліжэйшыя  аплакваюць памерлага, здаецца, што ўсё ўжо скончана. Логіка  дзеяння Божага  зусім іншая. На  пачатку Евангелля Езус гаворыць, што гісторыя  з  Лазарам  існуе для таго, каб аб’явілася хвала Божая. Ад  гэтай  гісторыі  вучымся  пакорным паводзінам паводле планаў і намераў, якія Бог мае ў адносінах да кожнага з нас. Час  і спосаб Божай інтэрвенцыі належыць Пану. У жыцці  і  ў  смерці  нале-жым  Пану. Нават, калі хто памірае “без Хрыстуса”, не можна сцвярджаць, што Міласэрнасць Бога скончылася. Адгэтуль і мудрасць хрысціян, якія пасля смерці сваіх блізкіх просяць Касцёл аб малітве за іх. Для нас, удзельнікаў святой Літургіі, з вялікаю моцаю гучаць словы  Хрыстуса:  “Лазар,  выйдзі з гробу”. Не  хавайся  там,  не  будзь  недавяркам. Хрысціянін  павінен  даваць сведчанне, што, дзякуючы Езусу, яго грахі засталіся  вылечанымі.


13 красавіка Пальмовая нядзеля, год А

На чыім ты баку сёння?

1 чытанне — Іс 50, 4-7.
Пс 22 (21), 8-9. 17-18а. 19-20. 23-24.
2 чыт. — Флп 2,  6-11.
Евангелле — Мц 26, 14-27.

“Прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай”    (Флп 2, 8) “Калі б Бог вучыў мяне сваёй усемагутнасці, змяніў бы ўсё. Але калі б вучыў мяне свайму провіду, можа заставіў бы рэчы такімі, якімі яны ёсць”. Гэтае выказванне  Жака Мансабрэ можа быць дапамогаю ў прыняцці чытання Слова Божага. Дакранаемся ў ім да таямніцы крыжа і цярпення. Прарок Ісая дапамагае нам зразумець, кім ёсць вучань Езуса Хрыста – кімсьці, хто ад самага рана слухае Бога. Кімсьці, хто, з погляду на вернасць Евангеллю, гатовы на зневажанне і аплёўванне. І тут можам успомніць нашыя жыццёвыя паставы, выбар, які неаднакратна рабілі, зняважаючы міласць Пана, Яго планы ў адносінах да нас ці нашых дзяцей. Праз сваю глупоту “плявалі” ў сваё сэрца смертаносным ядам нашых грахоў. Найчасцей гэта было па прычыне  недахопу  даверу  ў прысутнасць Бога. Нашыя веды разбіваюцца  ў пыл і прах ў параўнанні з провідам Божым, асабліва, калі  датычацца  хваробы, адзіноты, цярпення нявінных або смерці. Аўтар  сённяшняга  псалму, як і святы Павел, заахвочвае нас да безгранічнага даверу  ў розных  жыццёвых  крыжах. Бог нас узвышае ў адпаведнай хвіліне, так, як гэта ўчыніў са сваім Сынам. Слухаючы рэляцыі святога Мацвея аб месцы нашага Пана, падумайма, на  чыім мы боку, кім мы ёсць сёння?  Можа Юдаю, які за срэбранікі прадае ласкі жыцця вечнага, можа жыве, схаваны ў тлуме, без твару? Можа мы спячыя ксяндзы, ці айцы сям’і, ці маці, заклапочаныя аб сваёй кар’еры, ці маладая асоба, якая шукае прыемнасці, чые вочы даўно не бачылі Пана. Можа жывём сярод зграі злачынцаў, якія гатовыя выканаць любы загад, абы забіць жыццё? А можа я “пабожны” католік, як вучоныя ў Святым Пісанні ці фарысеі, які страшыцца таямніцы крыжа! А можа, як Юда, сапсаваныя сваімі грахамі – сямейнымі здрадамі, абортамі, ці іншым, – і не можам увераваць у міласэрнасць Бога, у прабачэнне! А можа як адміністратар  – Пілат, не маем адвагі бараніць Касцёл, веру, засланяючы дырэктывамі і псеўдаправам? Навяртаймася  да Пана  з новым  сэрцам, верачы, што толькі Ён дае моц да прыняцця крыжа, толькі Дух Святы накіроўвае да паставы, якую паказвае Пётр, які пакаяўся,  навернуты сотнік ці заможны Юзаф. Чакайма  з  радасцю раніцы Змёртвыхпаўстання – смерць  не  з’яўляецца астатнім словам у  людской  гісторыі. Цэлебруйма разам з Касцёлам праз весь Вялікі тыдзень таямніцу нашага  збаўлення – прыніжэнне  Пана да людской бяды.


20 красавіка Велікодная нядзеля, Урачыстасць Змёртвыхпаўстання Пана,  год А

Смерць не мае ўладыgr-chleb-04-2014

1 чытанне — Дз 10, 34а. 37-43.
Пс 118 (117), 1-2.16-17. 22-23.
2 чыт. — Клс 3,  1-4 або 1Кар 5, 6b-8.
Евангелле — Ян 20, 1-9.

“Ён паўстаў з мёртвых, не бойцеся, ідзіце і  раскажыце гэта маім братам!”    (Мц 28,  7 і 10) Памятайма, што Пасхальная Вігілія Вялікай Ночы ёсць пачаткам  святкавання  Змёртвыхпаўстання, якая  праводзіць  нас у містэрыю Пасхі, якую цэлебруем ад  святой  Імшы Вячэры Панскай ў  Вялікі Чацвер. Трэба, каб  пачуць  усе чытанні тых дзён, каб зразумець  і абдумаць сабе, для чаго  Пасха   ёсць “святам   святаў”. Спрабуйма  вызначыць сабе заданне і прачытайма  ўсе чытанні Вігіліі  Пасхальнай  і  разважайма ў сэрцы вялікую таямніцу Ночы Пасхальнай,  якая  скончыцца  раніцаю Змёртвыхпаўстання. Усё, што  Бог  учыніў  у  гісторыі, учыніў для кожнага з нас. Спрабуйма знайсці сваё  жыццё  ў  гісторыі збаўлення, калі яго там  няма, збаўленне  нас не  дакранаецца. Можна б рызыкаваць і  сцвярджаць,  што  не ўдзельнічаем  у гісторыі збаўлення. А можа  жывая  вера перайшла ў пусты фармалізм  або  руціну?  Такая   пастава прыслання  нам   жывога Бога. Першы воклік, які ўзносіць Касцёл,  молячыся псалмам 104, гучыць: “Няхай ступіць Дух твой і адновіць  зямлю”. Гэта малітва, якая можа вырваць нас з руціны. Бог  нас  заахвочвае  да  даверу Яму, як  гэта  зрабіў  Абрагам, які ахвяраваў  Богу  сына  Ісаака  ў  краі  Морыа. Гавораць Айцы Касцёла, што нават забіў яго, у сваім сэрцы, бо верыў, што той, які  адбірае  жыццё, мае, і моц уваскрасіць яго. Люд Божы – люд  вандроўнікаў,  які  праз  стагоддзі гісторыі  выходзіць  з  Егіпту граху, з-пад панавання фараона – дэмана, абы асягнуць  зямлю Абяцаную – неба, разам са святымі анёламі і Маці Божай. Заветы трывалыя, новыя і вечныя пакінуў нам Айцец у сваім Сыну. У Яго прабітым  боку  адкрыта для нас кры-ніца  збаўлення. Новае жыццё – гэта  не абстракцыйная  формула ці тэалагічныя паняцці. Гэта дасведчанне  спаткання  са  Змёртвыхпаўсталым Езусам, Яго моцы ва ўкрыжаванні чалавека  граху. Жывучы  для Бога ў Хрыстусе, мы запрошаныя  да аглашэння Добрай  Навіны: Пан сапраўды  змёртвыхпаўстаў, смерць не  мае над намі  ўжо ўлады.


27 красавіка 2-я Велікодная нядзеля, год А

Іншых варыянтаў няма

1 чытанне — Дз 2, 42-47.
Пс 118 (117), 2-4. 13-15. 22-24.
2 чыт. — 1 П 1,  3-9.
Евангелле — Ян 20, 19-31.

“Калі Пан не ўваскрос, пустая ваша вера”    (1 Кар 15, 17) Сёння, слухаючы Дзеі апосталаў, можам сабе ўявіць, якія гэта ўмовы спаткання  са  Змёртвыхпаўсталым  Хрыстусам. Па-першае, жыццё ў супольнасці Касцёла. Святая  Імша кожную  нядзелю – ламанне  Хлеба і супольная ма-літва, гэта фундамент жыцця, і іншых  варыянтаў няма. Хто не прыходзіць  ў  нядзелю  да  Касцёла, той сам сябе выключае з  гісторыі збаўлення. Для  хрысціяніна няма паняцця пра Бога ў сэрцы і недахоп часу  на спатканне з Ім. Гэта ёсць  вялікае махлярства дэмана. Па-другое, хрысціянін  трывае ў навуцы апосталаў, ва ўсёй  праўдзе, аб’яўленай і пададзенай праз Касцёл для таго, каб верылі. Па-трэцяе, хрысціянін  клапоціцца  пра матэрыяльныя  патрэбы  парафіяльнай супольнасці, аб радасным сведчанні жыцця, дапамагаючы іншым  увераваць і прыняць збаўленне. Святы  Пётр прыпамінае аб тым, што  мы павінны быць выпрабаваны ў веры, а таму служаць розныя жыццёвыя дасведчанні. Евангелле   паказвае  нам   барацьбу за веру у святога Тамаша. У ім бачым чалавека шчырага, які не баіцца  ставіць цяжкіх пытанняў аб веры. Не  хавае  сваіх  дылемаў у гэтай матэрыі, і таму Пан прыходзіць да яго з дапамогаю. Вялікую  моц  мае  Касцёл  у  сваіх ранах, якія  носяць пераследаваныя за веру, хворыя, і тыя, хто мужна   нясе  свой  штодзённы крыж. Так, як  Тамаш  увераваў, таму   што ўбачыў, так і мы пакліканыя, каб не сумнявацца  ў збаўчай  моцы  хвалебнага  крыжа. Дзякуйма разам з псалмістам за гэты  дар і радуймася,  бо Пан  ёсць міласэрны.  І яшчэ адно: трэба паважнага роздуму  над  тым, чаму так дынамічна, як у апостальскія часы, не памнажаюцца  нашы парафіяльныя  супольнасці?  Уцякайма ад спакусы  мыслення,  што  праблема ляжыць  па-за  нашымі парафіямі ці па-за жыццём кожнага з нас.  

 кс. Славамір  ЛАСКОЎСКІ


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий