Хлеб штодзённы

4 мая
3-я Велікодная Нядзеля, год А

Сцежкі нашага жыцця

1 чытанне — Дз 2, 14а. 22-33.
Пс 16 (15), 1-2а і 5. 7-8. 9-10. 11.
2 чыт. — 1 П 1, 17-21.
Евангелле — Лк 24, 13-35.

“Сталіся адкупленымі драгацэннаю Крывёю Хрыста”  (1 П 1, 19)
На  працягу пяцідзесяці дзён слухаем гісторыі Касцёла з часоў апостальскіх, каб добра зразумець “сцежку  жыцця”. Псалміст  просіць Бога, каб Ён паказаў яе. Існуе “сцежка  жыцця” і “сцежка смерці”. Распазнаванне тых двух спосабаў жыцця вырашаецца вельмі проста – дастаткова  слухаць  Слова Божае ў супольнасці Касцёла. Сёння ў Евангеллі сустракаем  Езуса, Які, у прыватнасці, тлумачыць двум вандроўнікам, што Ён сапраўды памёр і Змёртвыхпаўстаў, як расказалі аб тым прарокі. Вучні, як і мы, былі не такія скорыя, каб паверыць ва ўсё тое, аб чым апавядае Святое Пісанне. Вельмі часта ў нашых вушах “стаяць” фільтры, якія  не  прапускаюць да сэрца праўды, аб’яўленай праз Пана. Фільтруем і селекцыйна выбіраем тое, што нам падабаецца і што для нас  няцяжка. Такім  чынам  ствараем сваю “рэлігію”, якая з’яўляецца “палепшанай” версіяй, пры-гладжанай і дастасаванай  да нашых часоў  і нашых  магчымасцей. Часта ў размовах прыводзяцца аргументы – “я не Хрыстос”, “сёння ніхто так  не  жыве” або “гэта толькі для святых”. Жудасна, жудасна  ад таго, як часта верым плёткам, што з’яўляюцца ў прэсе, радыё  або на тэлебачанні, і як цяжка нам паверыць ва ўсё, аб чым  гаворыць Святое Пісанне.
А кім з’яўляецца вучань Езуса Хрыста? Кімсьці, хто паверыў навуцы Пятра, а вынікае  яна са Святога Пісання. І праўда тое, што і я сярод тых,  якія “прыбілі рукамі бязбожных да крыжа і забілі Езуса”. Ці гэта праўда, ці толькі пабожнае  параўнанне?  Часам  такое ўражанне, што нашыя касцёлы поўныя прыстойных пабожных людзей, якія  перакананыя ў сваёй нявіннасці. Скажу пра сябе – грэшнік, але ніколі не падняў бы руку  на Езуса. Калі ўжо такія справы, то Езус не памёр за цябе! Прыкра  мне,  але  гэтая гісторыя не датычыцца твайго жыцця! І застаецца адкрытым пытанне: хто пасярод  нас  сёння  распазнае Хрыстуса пры  ламанні  хлеба? Адказ знаходзім у Евангеллі: той, хто іншым расказвае  аб  Змёртвыхпаўсталым.


11 маяgr-str-30
4-я Велікодная Нядзеля, год А

Навяртанне да Пастыра

1 чытанне — Дз 2, 14а. 36-41.
Пс 23 (22), 1-3а. 3b-4. 5. 6.
2 чыт. — 1 П 2, 20b-25.
Евангелле — Ян 10, 1-10.

“Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё”(Ян 10, 10)
Каб зразумець  рэакцыю  слухачоў святога Пятра, якія  прынялі да глыбіні  сэрца і  перажылі навяртанне, звернемся да гісторыі навяртання  Андрэя  Сахарава. У 1953 годзе, пасля   жнівеньскага выпрабавання  тэрмаядзернай бомбы, ён першы раз быў названы Героем Сацыялістычнай Працы (увогуле гэтым тытулам быў адзначаны тры разы). Не меў яшчэ 32 гадоў і паволі пачынаў разумець, да чаго прыклаў ён руку. Візіт у месца выбуху зрабіў на яго незабыўнае ўражанне: будынкі змеценыя, як картачныя домікі, смурод ад  абпаленай  цэглы, расплаўленае шкло. Калі чалавек  бачыць усё гэта на ўласныя вочы, нешта ў ім кардынальна зменьваецца. Разумець  абстракцыйна – адна справа і зусім іншая – адчуць гэта ўсёю сваёю істотаю як рэальнасць жыцця  і смерці. Ідэальна гэта стасуецца з тым,  што  сказаў бацька атамнай  бомбы  Роберт Оппенгеймер: “Стаў смерцю, знішчаль-нікам  свету”.
Сахараў не ўцякаў ад уласнай маральнай адказнасці за вадародную бомбу. Калі пачаў адважна падымаць голас, указваючы на татальную памылку гонкі ўзбраенняў,  з  прылашчанага  ўладамі фізіка ператварыўся ў пераследаванага дысідэнта. На Захадзе яго голас стаў пачуты як “сумленне Расіі”, а ў палове 70-х Сахараў павінен  быў  атрымаць  Нобелеўскую прэмію за мір.
У Святым Пісанні чалавек граху параўноўваецца з асобаю, “якая сталася смерцю, знішчальнікам свету”.Таму навяртанне нясе з сабою нешта моцна захапляючае. Гэта татальная змена – ад паставы забойцы да паставы абаронцы жыцця! Ад жыцця ў блудзе, махлярстве, цемнаце да жыцця ў паслухмянасці Хрысту – ва ўсім!
І сёння мы павінны ратавацца ад таго разбэшчанага пакалення, якое трымае Бога за нішто. І не трэба глядзець на Захад, як на калыску ўсялякага зла. Давайце па-глядзім на сваё сэрца. Яно “гняздо” гэтага “разбэшчанага пакалення”. Давайце паспрабуем адказаць сабе на  пытанне: хто ж той злодзей і разбойнік, які адводзіць мяне ад збаўлення? Як уратавацца ад лапаў дэмана? Навярнуцца да Добрага Пастыра, які прыйшоў сёння, каб кожны з нас меў жыццё, і меў ў дастатку!


18 мая
5-я Велікодная Нядзеля, год А

Званок у дзверы…

1 чытанне — Дз 6, 1-7.
Пс 33 (32), 1-2. 4-5. 18-19.
2 чыт. — 1 П 2, 4-9.
Евангелле — Ян 14, 1-12.

“Я – дарога, і праўда, і жыццё” (Ян 14, 5)
Паглядзім далей на жыццё першых хрысціянскіх супольнасцей і бачым, як нам гэта блізка. Паяўляюцца падзелы, некаторыя пачынаюць выказваць незадавальненне  дзейнасцю Дванаццаці. Паслухмяныя місійнаму наказу Езуса, апосталы клапаціліся ў першую чаргу аб  справе  абвяшчэння Евангелля, а некаторыя чакалі ад іх паслугі “хлеба”. У сваёй  многагадовай паслузе сустракаюся з гэтаю праблемаю амаль кожны дзень. Адзін з 50 званкоў у мае дзверы – гэта  просьба  аб  Слове, а  можа прапорцыя нават яшчэ большая.  Вельмі нямнога асобаў заклапочаны аб сваім  навяртанні,  якое  з’яўляецца  плёнам  слухання  Слова. Сёння чуем яшчэ пра адзін цуд з Дзеяў Апосталаў – вельмі многа  святароў  прымалі веру. А яны былі экспертамі ў гэтай справе. Што іх нахіліла да змены свайго мыслення?  Хіба навука простых рыбакоў?  Шкада,  што  не можам іх аб гэтым запытаць!
З  нядаўняй  гісторыі ведаем сведку  навяртання  з  юдаізму, гэта Ізраэль Жоллі. 13 лютага 1945 г. усе буйныя  інфармацыйныя агенцтвы свету паведамілі шокавую навіну:  Вялікі Рабін Рыма, вядомы біблеіст, прафесар Ізраэль Жоллі прыняў  хрост  у  каталіцкім Касцёле, чаму? Пасля  святога хросту сказаў, што не лічыць сябе габрэем, перажыўшым навяртанне, а споўненым, бо  менавіта Касцёл Каталіцкі  ёсць спаўненнем абяцання, якім  з’яўляецца  юдаізм. Выясніў, што Стары Запавет ёсць зашыфраваная  тэлеграма, якую Бог накіраваў людзям, а адзіным кодам  і шыфрам для таго, каб прачытаць  яе  змест, ёсць Езус Хрыстус –  сапраўдны Бог і сапраўдны  Чалавек. Ад   моманту  прыняцця   хросту  прафесар Жол-лі кожны  дзень  многа часу прысвячаў  малітве  і  з  вялікаю  прагнасцю ўдзельнічаў у Эўхарыстыі. Часта паказваў сваю вялікую радасць ад таго, што ён католік. Гаварыў: вы, якія нарадзіліся ў каталіцызме, недаацэньваеце вялікага скарбу, якім  ёсць  вера і ласка Хрыста, якую  атрымліваеце  з  дзяцінства. Нехта, як я, атрымаў ласку веры пасля доўгага часу пошукаў, ацаніў веліч  гэтага дару і перажывае  вялікую радасць быцця  хрысціянінам.  Адышоў  да Пана 2 сакавіка 1956 г. Прымаючы святую камунію на ложа смерці, прамовіў: спадзяюся,  што  Пан прабачыў  мне грахі. З надзеяй, поўнасцю аддаюся Міласэрнасці Пана.
Няхай яго гісторыя дапаможа нам выслухаць і прыняць сённяшняе Слова Божае.
З радасцю  прымаем  Евангелле, у  якім нас запэўнівае Хрыстос, што  пайшоў  прыгатаваць нам месца ў небе і што зноў прыйдзе і забярэ нас да сябе; Той самы, Які сёння  ўзмацняе нас Целам і сваёй Крывёю і хоча стаць нашай дарогай, праўдай і жыццём.


25 мая
6-я Велікодная Нядзеля, год А

Адважнае жыццё

1 чытанне — Дз 8, 5-8. 14-17.
Пс 66 (65), 1-3а. 4-5. 6-7а.16 і 20.
2 чыт. — 1 П 3, 15-18.
Евангелле — Ян 14, 15-21.

“Калі любіце Мяне…” (Ян 14, 15)
Вялікая прагнасць сярод хрысціян – абвяшчэнне Слова Божага. Філіп  абвяшчаў  Добрую  Навіну ў Самарыі, сярод язычнікаў, чынячы цуды і знакі, якія гаварылі аб тым,  што Змёртвыхпаўсталы Пан ёсць побач з ім. Калі такой прагнасці не маем, то ці можам лічыць сябе вучнямі Езуса? Ахрышчанымі – так, але  ці вучнямі?! Давайце ўважліва слухаць Дзеі Апосталаў, крытычна ацэньваць нашае жыццё, прагнуць  шчырага  навяртання і моцы Святога Духа, каб зноў аб’явіліся знакі і цуды прыгожага жыцця  вучняў  Пана.
Адважнае  жыццё  вучняў  Хрыста цягне  за  сабою розныя наступствы – ад навяртання да пераследу. У Паўночнай Карэі  з-за Хрыста ў канцэнтрацыйных лагерах  знаходзяцца  каля 50 000 хрысціян, а 200 000 асобаў, прыналежных да Касцёла, жывуць у катакомбах. У нашым  краі  ёсць вялікая  патрэба  сведчанняў такога радыкальнага  жыцця. Вельмі мала ў  нас  годных  сем’яў, бракуе па-кліканняў  да  святарства і манаскага жыцця, у нашыя  шарэнгі  ўкраўся  нейкі  вірус.
2 сакавіка  адышоў  да Пана Рыгор Барадулін. Апошнія гады жыцця гэтага геніяльнага паэта былі старанным  пошукам  рэляцыі да Бога. Яго творчасць, менавіта “Ксты” (2006 г.) былі  аб’яўленнем прарочага слова, прарочым крыкам  аб  міласці   Створцы  да свайго  стварэння. Адыйшоў у Царства, асвечаны Змёртвыхпаўстаннем; будзем  спадзявацца, што і пасля смерці яго творчасць дапаможа іншым  знайсці дарогу навяртання.
Папа  Францыск  неаднакратна запрашае да  радаснага  абвяшчэння Добрай Навіны. Хіба б нам не хапіла міласці да Хрыстуса? Хто любіць яго, той захоўвае навуку Евангелля. Канчатковая  мова Змёртвыхпаўсталага Пана –  гэта прамы  наказ абвяшчэння.  Давайце  прасіць  Духа Святога, каб зрабіў нас здольнымі выканаць гэты  прызыў.

 кс. Славамір  ЛАСКОЎСКІ


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий