6 ліпеня
14-я звычайная нядзеля, год А
Такая канкурэнцыя?
1 чытанне — Зах 9, 9-10.
Пс 145 (144), 1-2. 8-9. 10-11. 13cd-14.
2 чыт. — Рым 8, 9. 11-13.
Евангелле — Мц 11, 25-30.
“Айца ніхто не ведае, апроч Сына” (Мц 11, 27)
Святы Геранім выказаў невымерна важную сентэнцыю: хто не ведае Святога Пісання, той не ведае Езуса. З гэтага вынікае просты вывад, які абапіраецца на слова сённяшняга Евангелля, што нехта такі не ведае і Айца. Варта было б у кожнай парафіі зрабіць рахунак сумлення наконт ведання Пісання. Рызыкну сцвярджаць, што з тым не ёсць найлепей; а можа горш, а можа – добра? Гэта пытанне і да пастыраў, і да авец. Езус гаворыць, што мае авечкі ведаюць мой голас.
У Евангеллі чуем: прыйдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Для чалавека веры Святое Пісанне ёсць важнаю крыніцаю суцяшэння і супакою. Сёння назіраем вялікую канкурэнцыю паміж проста словам і, на жаль, Словам Божым, якое не знаходзіць месца ў нашым жыцці.
Прарок Захарыя заахвочвае нас да радасці, бо нястомны ў сваёй міласэрнасці Цар пакорных. Ён і ў гэтую нядзелю прыходзіць ў таямніцы Слова і ў таямніцы Найсвяцейшай Эўхарыстыі, каб знішчыць ваенныя калясніцы і лукі, як зброю ворага, якую нам штодзённа ўручае дэман. Тую смяротную зброю Хрыстус знішчыў на крыжы і, змёртвыхпаўстаўшы, даў нам зброю духоўную. Гэтая таямніца ажыццяўляецца ў кожнай святой Імшы. Таму, хто ведае Збаўцу, не жыве ўжо паводле цела, не з’яўляецца нявольнікам моцы зла, але ёсць святыняю Духа. Жыць у Духу азначае жыць у мудрасці сямі дароў, якія Ён прыносіць. Як распазнаць духі, якія жывуць у нас? Па плёнах.
Ёсць таксама сем “дароў” злога духа. Адзін з іх – дар глупства. Гэты “дар”развівае нас у абыякавасці да Бога, дазваляе чалавеку забыць пра даброты нябесныя. Ён не ў стане пазнаваць дзеянні Бога, мае агіду да спраў духоўных.
Нашая прысутнасць на святой Імшы прызначана для таго, каб аднаўляць святыню Духа, якою ёсць нашае сэрца. Дзякуючы Яго моцы маем лагоднае і пакорнае сэрца і дазваляем праводзіць нас у таям-ніцу крыжа – салодкага ярма. Што для цябе сёння гэтае ярмо?
13 ліпеня
15-я звычайная нядзеля, год А
Каму належыць твой час?
1 чытанне — Іс 55, 10-11.
Пс 65 (64), 10abcd. 10e-11. 12-13. 14.
2 чыт. — Рым 8, 18-23.
Евангелле — Мц 13, 1-23.
“Пасеянае на добрай зямлі прыносіць плён” (Мц 13, 23)
Надышоў час даспявання пасеянага зерня, час збіраць ураджай. Кожны год у поце ілба працуем мы на зямлі, каб сабраць плён працы людской. У нашай айчыне даўно забыліся, што гэта Бог навадняе зямлю і ўздымае ўраджаі. Барацьба за ўраджай на дачных і калгасных палях напамінае людзей заблуканых, няверуючых у Святы Провід. Розум, асвечаны верай, зможа гэта распазнаць і кіравацца святлом запаведзей.
Спакуса рацыяналізму, як чарговы з “дароў” злога духа, падрывае павагу да Бога і яе не прымае. Усё высмейвае або пазорыць некаторыя хрысціянскія праўды.
Сёння Пан заахвочвае нас да даверу ў Яго кіраўніцтва. Святочны дзень, нядзеля – дар для кожнага з нас. Хопіць часу на ўсё. Калі твой час не належыць Богу, то хто з’яўляецца яго кіраўніком?
Чарговую нядзелю працягваем разважанні пра вес і значэнне Слова Божага. Прарок Ісайя гаворыць, што гэта як лівень і снег. Мае ве-лізарную моц і місію – узбудзіць багаты ўраджай новага жыцця ў гісторыі кожнага з нас. Езус параўноўвае яго з зярнятамі, якія сейбіт кідае ў зямлю. Тая зямля ёсць сэрца кожнага чалавека. Каб сталася зямлёю добраю, патрэбна ўважліва слухаць і разумець Слова. Якім яшчэ спосабам Пан робіць лепшым людское сэрца? Даючы нам ежу са святых сакрамэнтаў і ўзрыхляючы цвёрдую глебу – плугам крыжа.
І яшчэ раз звернемся да святога Гераніма – гаворыць ён, што, хто не прымае Слова Божага, не мае права прымаць Святую Камунію, чаму? У першым і другім выпадку – прымаем Хрыстуса!
20 ліпеня
Хто мае вушы…
1 чытанне — Мдр 12, 13. 16-19.
Пс 86 (85), 5-6. 9-10. 15-16а.
2 чыт. — Рым 8, 26-27.
Евангелле — Мц 13, 24-43.
“Праведнікі заззяюць, як сонца, у Валадарстве іх Айца” (Мц 13, 43)
Езус многакратна выкарыстоўвае вобразы са штодзённага жыцця, каб нам дапамагчы зразумець праўды Божыя. Большасць з нас ведае, чым ёсць зелле, і як патрафляе яно загубіць нашу працу. Ніхто знас яго не сее, яно і так вырастае. Адкуль бярэцца? І гэтую сітуацыю Езус выкарыстоўвае, каб дапамагчы нам у разуменні жыцця.
У нашым акружэнні, таксама і ў касцёле, нам непрыемныя людзі, якія дзейнічаюць пад уладаю д’ябла. Яны засяваюць насеннем ня-праўды, пляткарства, абгавораў і многім іншым махлярствам. Натуральная рэакцыя – жаданне вы-рваць зелле, каб не заглушала каласоў, поўных добрага зерня. Езус вучыць нас іншым паступкам – павінны чакаць да канца часоў. Анёлы зробяць парадак з тымі, хто дапускаў неправату і сеяў пагаршэнне. Будуць укінуты ў пекла.
Гэтая навука ёсць надта паважнаю перасцярогаю, каб не пагарджалі ёю. Такая пастава ёсць адным з “дароў” Злога. Вядзе яна да непавагі іншых асоб, у тым ліку Бога. Чалавек з такім станам духа лічыць, што яму належыць усё. Цана, якую гатовы заплаціць, нават утрата ласкі і Царства. Яго жыццё не мае адносінаў да Бога, цешыцца банальнасцю – усе так паступаюць.
Псалміст запрашае нас да даверлівай і трывалай малітвы.”Біблія гаворыць, што Майсей размаўляў з Богам твар у твар, як з прыяцелем (…) Такою павінна быць наша малітва: свабоднаю, пастаяннаю і мець падставу. І нават нічога не напамінаючы Пану: “Абяцаў мне тое, яшчэ тое…, а не зрабіў”, так, як размаўляеш з прыяцелем. Патрэбна адчыніць сэрца на тую малітву. Майсей ішоў з гары ўзмоцнены: “Лепей пазнаў Бога”, а тая моц, якую дала яму малітва, уздымае справу правядзення народу на Зямлю Абетаваную. Малітва ажыўляе. Няхай Пан дасць нам усім ласку, бо малітва ёсць ласка”, – падкрэсліў Святы Айцец.
І яшчэ адна мудрасць Евангелля, якая можа быць сёння суцяшэннем для не аднаго пробашча, перадусім для тых, у каго нешматлікія супольнасці. Царства нябеснае ёсць падобнае да зярняці гарчыцы і да квасу. Няма патрэбы прыводзіць статыстыку поспеху, якой ад нас многія дамагаюцца. Няма такога слова ў Святым Пісанні. Яго айцом не з’яўляецца Бог. Важным ёсць клопат аб тым, каб усё, што робім, мела пачатак ў Пану і да Яго нас вяло.
Хто мае вушы, няхай слухае сёння Добрую Навіну.
27 ліпеня
17-я звычайная нядзеля, год А
Крыж усё пераменіць
1 чытанне — 1 Вал 3, 5. 7-12.
Пс 119 (118), 57 і 72. 76-77. 127-128. 129-130.
2 чыт. — Рым 8, 28-30.
Евангелле — Мц 13, 44-52.
“Як жа люблю Тваё права, Пане” (Пс 119 (118))
Тое, што гаворыць Езус аб Царстве, ніяк не пасуе да нашых канцэпцый аб Касцёле. Як можна дазволіць, каб дрэнныя рыбы плавалі разам з добрымі? Ці не за-многа вымагае Езус, гаворачы, што трэба прадаць усё, што маем, каб купіць зямлю ці адну драгацэнную жамчужыну? Не многа, а ўсё?
І тут можа падыйсці Злы, каб прапанаваць нам чарговы “дар”– зухаватасці. Чалавек зухаваты насмяхаецца з таго, што прапануе яму Бог. Сам ведае лепей, што добра, а што дрэнна. Радыкалізм для яго – сінонім фанатызму. Ні ў якім выпадку так не паступае. Грашыць яму можна. Жыццё сваё тут, на зямлі, будуе без Бога: я і ніхто іначай – гэта пастулат яго паступкаў.
Пан хваліць у першым чытанні паставу Саламона, які заахвочаны праз Бога, каб прасіў аб тым, што хоча ад Яго атрымаць, – просіць аб сэрцы, поўным рассудку, каб адрозніць дабро ад зла. Не просіць аб здароўі і багацці, а гэтага найчасцей жадаем ў выпадках розных урачыстасцей. Такая язычніцкая пустата можа апанаваць нашае сэрца, што нават гаварыць аб гэтым прыкра.
Апостал народаў нам прыпамінае, што Бог з тымі, хто Яго любіць і з Ім супрацоўнічае ва ўсім для яго дабра. Тое, што абавязкова патрэбна сёння для нас, як дар гэтай Найсвяцейшай Ахвяры, – гэта любоў. Яна робіць нас такімі прастакамі, разумеючымі, што “крыж – такое шчасце, што ўсё пераменіць”. І ў гэтым – таямніца любові.
3 жніўня
18-я звычайная нядзеля, год А
Нішто не адлучыць ад любові Хрыстовай
1 чытанне — Іс 55, 1-3.
Пс 145 (144), 8-9. 15-16. 17-18.
2 чыт. — Рым 8, 35. 37-39.
Евангелле — Мц 14, 13-21.
“Ты, Пане, корміш нас “(Пс 145 (144), 15-16)
Колькі гаворыцца сёння аб стратэгіі развіцця, аб адпаведных інвестыцыях у бізнес, аб недарагіх крэдытах. Шукаем найвыгаднейшых прапаноў і фінансавай карысці. А Пан нас закідае найлепшымі прапановамі і найбольш карыснай інвестыцыяй – усё дарэмна і найлепшай якасці. Бог вуснамі прарока Ісайі лічыць за памылку выдачу грошай, бо набываем тое, што не дае жыцця, што не насычае. Сам часта купляю не тое, што патрэбна, а перадусім купляю замнога. Можна сказаць, глупства. Так, гэта праўда, але Пан хоча, каб мы зразумелі, што хоць і купляем, усёроўна гэта нас не насыціць! Слухай, Ізраэль – слухайце Мяне і знойдзеце тлустую ежу. Хто па-знаў смак пяці хлябоў і двух рыб, то ўжо не памяняе іх ні на што іншае! Хрыстус нам прапануе найлепшую ежу, якая найболей насычае, – Слова Божае.
Псалміст прыпамінае нам, што Пан корміць нас у пэўным часе – значыць, не тады, калі мы таго хочам. О, якая гэта вялікая ласка зразумець у прастаце сэрца, што інтэрвенцыя Бога, Яго прысутнасць непамылковыя. Працягвае гэтыя думкі святы Павел, калі гаворыць, што ніхто і нішто не можа адлучыць нас ад любові Хрыстусовай. Бог для нашага дабра і нашага збаўлення можа прадбачыць і прыгнёт, і пераслед, і голад, і меч, і іншую небяспечнасць. Колькі ж пакаленняў вымушаны былі аб гэтым сведчыць. Ці дастаткова нам мудрасці ў навяртанні, каб гэта зразумець і трываць у любові Бога?! Хто ж нас можа адлучыць ад любові Хрыстуса? Святы Павел у другім лісце да Карынцянаў успамінае сваё спатканне са Змёртвыхпаўсталым, калі пачуў: “Хопіць табе мае ласкі. Бо моц Мая чыніцца ў слабасці ”. І таму гаворыць далей, што мае задавальненне ў сваіх слабасцях, у абразах, у недахопах і ў прыгнётах з нагоды Хрыстуса (…). Так, прыніжэнне і пакора, а не пыха і высакамернасць, могуць уратаваць нас ад трагедыі адлучэння ад любові Хрыстовай. Яна даступна для пакорных Пана.
10 жніўня
19-я звычайная нядзеля, год А
Чэрпайце жывую ваду
1 чытанне — 1 Вал 19, 9а. 11-13а.
Пс 85 (84), 9ab-10. 11-14.
2 чыт. — Рым 9, 1-5.
Евангелле — Мц 14, 22-33.
“Буду слухаць тое, што Пан Бог гаворыць” (Пс, 85 (84), 9).
Якія мукі перажываў святы Павел, калі яго суайчыннікі адракліся ад Евангелля, пачуем з ліста да Рымлянаў.
Які запал маем да прапаведвання Добрай Навіны? Ці хвалюе мяне збаўленне маіх блізкіх, майго народу? Ці перажываю наконт гэтага якія-небудзь мукі? Такія пытанні паўстаюць пасля слухання ліста да Рымлянаў. А можа стан майго сэрца абыякавасць? Найгоршы стан, які паказвае брак ласкі Божай. А Касцёл нас вучыць, што без яе ніхто не можа быць збаўлены.
Неаднойчы можа з’явіцца спакуса горычы ад таго, што не відаць плёну нашай працы на ніве Пана. Сёння сустракаемся з Іллёю, які, страціўшы язычніцкіх прарокаў, ратуецца ўцяканнем ад помсты з боку каралеўны Ізабэлы. Тая жанчына хоча адпомсціць прароку, які сваёю дзейнасцю раскрывае ідалапаклонніцтва Ізраэля. Народ замяніў веру ў Бога жывога на культ язычніцкіх бажкоў.Такая пастава вельмі часта сустракаецца і сёння.
У Евангеллі ў чарговы раз сустракаемся з Езусам, які моліцца ў начны час, у адзіноце. Гэта школа малітвы не толькі для за-крытых манахаў, але і для сужэнцаў, для ксяндзоў ці моладзі. Калі час ёсць цяжкі, калі мы моцна засмучаныя, ставайма перад Панам у начной малітве. Псалміст нам падказвае, што нам рабіць: “Буду слухаць тое, што Пан Бог гаворыць”. Якая гэта вялікая ласка ў начных чуваннях слухаць голас Бога. Ён узбуджае ў нас веру і робіць здольнымі хадзіць па вадзе. Гэта абсурдна, з погляду людзей немагчыма. Пётр сведчыў пра цуд, калі глядзеў на Збавіцеля і Яго слухаў. Калі падняўся моцны вецер, пачаў тануць, бо страх паралізаваў яго. Такая спакуса з’яўляецца часта. А вера – нічога іншага – немагчымае, з погляду людзей, робіць магчымым! Евангелле не існуе на мерку людскіх магчымасцей.Яно закладае рэальную прысутнасць у нашым жыцці Змёртвыхпаўсталага Пана і Святога Духа. Кожная нядзельная цэлебрацыя святой Імшы з’яўляецца крыніцаю, да якой прыходзім, каб зачарпнуць “жывой вады”.
17 жніўня
20-я звычайная нядзеля, год А
Місійны запал
1 чытанне — Іс 56, 1. 6-7.
Пс 67 (66), 2-3. 5. 6 і 8.
2 чыт. — Рым 11, 13-15. 29-32.
Евангелле — Мц 15, 21-28.
“Дом Мой будзе названы домам малітвы для ўсіх народаў” (Мк 11, 17).
Запал да прапаведвання Добрай Навіны ёсць вызначальнікам узроўню прыналежнасці да кола вучняў Панскіх. Мера каталіцкасці і ёсць місійны запал! Лянівасць у гэтай справе вядзе да вялікай бяды – загублення дароў Святога Духа, загублення скарбаў.
Ва ўсякіх чытаннях мы заахвочаныя да адкрытасці на свет язычніцкі, гэта значыць на тых, хто яшчэ не ведае Хрыста. Такі сэнс нашага касцельнага жыцця – каб іншым прапаведваць Слова аб збаўленні! На ўсіх франтах – у сем’ях, на працы, на фабрыках і ў калгасах, у бюро і школах. Нішто, ніякае права, а тым болей страх перад пераследам, не можа нас у гэтым абмяжоўваць! Молімся, каб Пан устанавіў нам запал. Паўтарайма ў сваім сэрцы за святым Паўлам – “бяда мне, калі б не прапаведваў Евангелле, бяда мне”.
Разважайма над пакораю і верай жанчыны кананеянкі. Яна ведае, што яна пёс, папросту ніхто. Не абараняецца перад словамі Езуса. Яна сапраўды ведае сваю годнасць дзіцяці Божага і таму не баіцца ўпасці на калені перад Богам. Яна добра ведае, хто яе Айцец і дзе патрэбна шукаць паратунку для сябе і сваіх дзяцей.
Нашыя дзеці – гэта тыя, каму прапаведваем Евангелле. Колькі ж авец загубілася з дому Ізраэля, з Касцёла?! Заглянем у кнігі Хросту і кнігі дзяцей Першай камуніі, і будзе рэальная “карцінка”. Дзеці веры патрабуюць вельмі вялікага клопату, асаблівага кармлення Словам і Эўхарыстыяй. І гэты клопат Касцёла павінен быць тым больш інтэнсіўны, чым больш падрастаюць “нашы дзеці”. А ў нас усё бывае наадварот.
24 жніўня
21-я звычайная нядзеля, год А
Пан хоча збавіць кожнага
1 чытанне — Іс 22, 19-23.
Пс 138 (137), 1-2а. 2bc-3.
2 чыт. — Рым 11, 33-36.
Евангелле — Мц 16, 13-20.
“Ці Езус – мой Месія?”
Адказ адназначны – напэўна, так.
У ваколіцах Цэзарыі Філіпавай, у часы Езуса Хрыста, знаходзіліся язычніцкія святыні, да якіх пілігрымавалі язычнікі, каб шукаць дапамогу ў бажкоў. Гэта было месца многакратнага ідалапаклонніцтва. Язычнікі гэта тыя, хто верыць у Бога, але Яго не слухае і Яму не служыць. Гэта Ён павінен ім служыць і ім дапамагаць. Складаюць сваім бажкам розныя ахвяры, каб дапрасіцца ў іх благаслаўлення ў сваіх справах. Так было і ў часы Езуса, так ёсць і цяпер, без сумневу, і ў нашых касцёлах. Вельмі многа асобаў прыходзяць, думаючы аб сабе, аб сваіх праблемах, просячы аб Божай інтэрвенцыі. Калі ўсё атрымоўваецца, вяртаемся да жыцця ў сваім свеце, у якім не ставіцца пытанне аб тым, што ёсць воля Божая. «Я ведаю лепей, што мне патрэбна». Такая пастава раскрывае вельмі важную праблему – Езус не з’яўляецца маім Месіяй!!!
Тым самым чынам можа аказацца, што ўсё не ёсць так, як нам выдаецца. Не ёсць так увачавідкі. Месія азначае Збавіцель. А гэта, у сваю чаргу, азначае, што Ён ведае, калі, якім спосабам, праз каго, як доўга, ці наогул патрэбна нам тое ці іншае!!! Іншымі словамі, многакратна ўсё іначай, і ад таго цудоўна! Бо хто пазнаў мыслі Пана або хто быў Ягоным дарадцай? З такой паставы выплывае благаславенства, аб якім сёння Езус напамінае Сымону.
Калі чалавек супраціўляецца волі Бога, Ён можа скінуць яго з пасады. Інтэрвенцыя Бога многакратна мацнейшая, і не па нашым думкам. Датычыцца гэта жыцця вялікіх гэтага свету, як і тых найменьшых, бо Пан хоча збавіць кожнага.
31 жніўня
22-я звычайная нядзеля, год А
Апрамененыя ласкаю
1 чытанне — Ер 20, 7-9.
Пс 63 (62), 2. 3-4. 5-6. 8-9.
2 чыт. — Рым 12, 1-2.
Евангелле — Мц 16, 21-27.
“Вёў мяне Пан, а я дазваляў сябе ўвесці”
Заканчэнне адпачынку, вяртаемся да сваіх заняткаў і абавязкаў. Як і тыдзень таму, мы заахвочаныя праз святога Паўла да разумнай службы Божай, да распазнавання таго, што з’яўляецца Яго воляй. Нясе яна з сабою радасць і цяжкасці, якіх Хрыстус не ўкрывае ад нас. Быццё з Хрыстусам звязана з таямніцаю крыжа, запісана ў гісторыю нашага жыцця. І гэтым спосабам аб’яўляецца для людзей з таго свету Добрая Навіна. Чалавек нябесны, хрысціянін, сведчыць аб неверагоднай дапамозе з боку Змёртвыхпаўсталага Пана. Апраменены ласкаю штодзённаю, распазнае, у чым воля Бога: што добра, што Богу прыемна і што дасканалае.
На такой дарозе жыцця неаднойчы сведчым аб сваіх слабасцях, як прарок Ярэмія. Датычыцца яна і ксяндзоў, і сясцёр законных, і маладых сужэнцаў, і кожнага, хто вырашыў пайсці за Хрыстусам. Не баімся тых цяжкасцей; аўтар сённяшняга псальму запэў-нівае нас, што Божае права пад-трымае нас у тых змаганнях. Важна, каб не загасіць у сваім сэрцы агонь запалу ў службе Божай.
кс. Славамір ЛАСКОЎСКІ