7 верасня
23-я звычайная нядзеля, год А
1 чытанне — Эзх 33, 7-9.
Пс 95 (94), 1-2. 6-7а. 7b-9.
2 чыт. — Рым 13, 8-10.
Евангелле — Мц 18, 15-20.
“Нікому нічога не будзьце павінныя, акрамя ўзаемнай любові” (Рым 13, 8)
Большасць з нас пасля адпачынку вяртаецца да сваіх абавязкаў. І адразу ж павінны прызнацца Богу, як рэагавалі мы на чужыя грахі. Пэўна, лета спрыяе граху. Прарок Эзэхіэль прыпамінае нам, што нясём адказнасць і за свае, і за чужыя грахі. Часта кіруюць намі канфармізм, выгада, адносіны на працы, у сям’і, у палітыцы, страх, безадказнасць, людская глупота або брак кахання. Тыя ці іншыя матывы ўплываюць на нашыя дзеянні. Звязаныя, зняволеныя грахамі, мы не ў стане папракнуць каго-небудзь, хто паступае нядобра. Датычыцца гэта як душпастыраў, так і асобаў свецкіх. Папракаць павінны і малых, і тых вялікіх, хто мае ўладу, калі блудзяць і грашаць. Асабліва, калі робяць на шкоду грамадству як духоўна, так і матэрыяльна. У Пасланні да Рымлянаў пачуем, што засада простая – любоў не прычыняе зла бліжняму!
Хрыстус вучыць нас, як павінны будаваць моцныя рэляцыі ў нашых касцёльных супольнасцях. Асноўнай супольнасцю з’яўляецца сям’я, потым парафія, потым розныя парафіяльныя групы, розныя супольнасці законныя і ўрэшце – грамадства. Усё павінна аба-пірацца на праўду і на прабачэнне. Адно і другое служыць для будавання моцных сувязей людскіх і грамадскіх. Пан прыпамінае нам: супольная малітва павінна быць не толькі ў нядзелю, але кожны дзень.
14 верасня
24-я звычайная нядзеля, год А
Свята Ўзвышэння Святога Крыжа
Прабачайце!
1 чытанне — Ліч 21, 4b -9. Пс 78 (77), 1-2. 34-35. 36-37. 38
2 чыт. — Флп 2, 6-11.
Евангелле — Ян 3 13-17.
“Ці жывём, ці паміраем, мы належым Пану” (Рым 14,8)
Memento Mori – гэтымі словамі ў некаторых супольнасцях да сённяшняга дня вітаюць адзін другога манахі. Мудры чалавек – гэта той, які памятае пра рэчы апошнія – старасць, хваробу і смерць, і які штодзённа ў сваіх паступках кіруецца прыказаннем любові. Наша Маці Касцёл вучыць, што ў канцы жыцця чакае нас смерць, пасля смерці – суд Божы, а пасля яго – Неба або пекла. Каб не зблудзіць у нашым пілігрымаванні да Неба, мы павінны кіравацца простымі прынцыпамі – як мне Бог прабачыў усё, так і я павінен прабачаць. У супрацьлеглым выпадку не можам разлічваць на міласэрнасць Божую. Калі замышляе чалавек помсту, то помста чакае яго з боку Бога. Псалміст накіроўвае нашыя думкі да Пана, усхваляе неабсяжную таямніцу Божай міласэрнасці. Хто носіць у сваім сэрцы дары Святога Духа, той кіруецца ў сваіх паступках прынцыпамі святога Паўла: жывём для Пана і паміраем для Пана. Любоў Бога і бліжняга вымагае “па-мірання для сябе” – не жыву ўжо, як эгаіст, але жыву для Пана і бліжніх. Такія цуды адбываюцца, дзякуючы ласцы, якую ў дастатку прыгатаваў для нас Бог у Найсвяцейшай Эўхарыстыі.
21 верасня
25-я звычайная нядзеля, год А
Гарантыі з боку Пана
1 чытанне — Іс 55, 6-9.
Пс 145 (144), 2-3. 8-9. 17-18.
2 чыт. — Флп 1, 20с-24. 27а.
Евангелле — Мц 20, 1-16а.
“Думкі мае не вашыя думкі” (Іс 55, 8)
“Чым старэйшы станаўлюся і багацейшы вопытам, тым болей бачу, што самая верная дарога да асабістай святасці і служэння з большай карысцю Сталіцы Святой ёсць імкненне, каб звесці ўсё (…) да максімальнай прастаты і пакою, ачышчаючы мае вінаграднікі ад лішніх лісцяў і парасткаў і дабіваючыся толькі таго, што ёсць праўда, справядлівасць і любоў, перадусім любоў. Кожны іншы спосаб паступкаў ёсць толькі поза і пошук сябе (…). О, прастата Евангелля (…)”. Няхай гэтыя словы святога Яна ХХIII прывядуць нас да ўважлівага слухання сённяшняга чытання.
Бог прагне зрабіць наш спосаб мыслення і паступкаў годным дзяцей Бога. Тыя, хто з Бога нарадзіўся, ва ўсім кіруюцца прастатою слоў Добрай Навіны. Не баяцца ў сваіх дзеяннях крытыкі з боку “мудрацоў таго свету”, бо ведаюць, што “прастата справядлівага будзе высмеяна”. Сёння павінны праверыць свой спосаб мыслення і дзеяння, якім кіраваліся на астатнім тыдні. Усё тое, што ёсць нямілае ў вачах Бога, павінны змяніць і аддаліць. Праца навяртання – гэта наша штодзённасць. Перасцерагае нас Хрыстус словам з Евангелля. Аказваецца, што для нас прыгатаваны, як узнагарода, адзін дынар. Незалежна ад таго, якое месца займаем у супольнасці Касцёла. Усе маем гарантаваную любоў і міласэрнасць з боку Пана, якая нас суправаджае да жыцця вечнага.
Думаю, што маю многа яшчэ чаканняў, якія нас не ўводзяць, а наадварот “выво-дзяць” з вінаградніка Панскага і якія не ёсць па думках Хрыстуса. Быццё першым, кар’ера, вымаганне поспеху, жыццё без крыжа, ці любоў да сябе – гэтыя словы чужыя для працаўнікоў “вінаградніка Панскага”. Для таго прарок Ісая заахвочвае нас да змены спосабу мыслення. У іншым месцы проста скажа нам – навяртайцеся. Маем зачарпнуць з крыніцы Эўхарыстыі моц ад Бога, якая зробіць нас здольнымі да таго, каб жыць у прастаце Евангелля.
28 верасня
26-я звычайная нядзеля, год А
Калі сэрца скажонае
1 чытанне — Эзх 18, 25-28.
Пс 25 (24), 4-5. 6-7. 8-9.
2 чыт. — Флп 2, 1-11.
Евангелле — Мц 21, 28-32.
“Успомні, Пане, пра сваю міласэрнасць” (Пс 25 (24), 6)
На мінулым тыдні мы з вамі слухалі Евангелле, у якім Езус завяраў нас, што “не чыніць нам крыўды”, паступаючы з намі не так, як думаем мы. Сёння прарок Эзэхіэль нас пытае ад імя Бога: “Ці мой спосаб паводзінаў для вас нячутны, ці вашыя ўчынкі скажоныя?”.
Таямніца скажонага чалавечага сэрца – гісторыя жыцця кожнага з нас. Можа, непрыемна з тым пагадзіцца, што маё сэрца ёсць скажонае. Лепей так сказаць пра каго-небудзь іншага, а не пра сябе. А мае грахі – гэта што? Хіба не ад скажонасці майго сэрца? Таму жадайма разам з аўтарам псальма: “Успомні, Пане, пра сваю міласэрнасць”.
Так, нам патрэбна настой-ліва ўслухоўвацца ў Слова Божае, каб пазнаць дарогі Пана і імі крочыць. Псалміст нам падказвае:”Пан ёсць добры і справядлівы, таму ўказвае дарогі грэшнікам”. Адвага і пакора сэрца патрэбны, каб прагнуць толькі аднаго – любові Хрыста. У грэчаскім тлумачэнні чытаем, што Езус “сябе самога ўчыніў пустым”. Пазбыўся ўсяго, стаўшы слугою Айца. Толькі Яго ласка можа ўчыніць нашае сэрца вольным ад скажонасці, зрабіць нас гатовымі да службы, аб якой прыпамінае нам святы Павел у Пасланні да Філіпянаў.
Важным ёсць апамятацца, гэта значыць, навярнуцца, як першы з сыноў, герояў сённяшняга Евангелля. Нашае скажонае сэрца не схільнае быць паслушным волі Айца. Таму перасцерагае нас Езус, што мытнікі і прастытуткі перад намі ўвойдуць ў Валадарства Нябеснае. Для многіх з нас гэта будзе вялікім сюрпрызам, калі споўняцца словы гэтага Евангелля. Давайце прасіць Пана аб ласцы, каб мы апамяталіся, і аб ласцы ўверавання ва ўсё, што гаворыць нам Хрыстус, ва ўсё!
кс. Славамір ЛАСКОЎСКІ