5 кастрычніка
27-я звычайная нядзеля, год А
У супольнасці з вінаграднікам
1 чытанне — Іс 5, 1-7.
Пс 80 (79), 9 і 12. 13-14. 15-16. 19-20.
2 чыт. — Флп 4, 6-9.
Евангелле — Мц 21, 33-43.
“Чаму навучыліся, тое чыніце” (Флп 4, 9)
Колькі ж разоў Бог са старонак Святога Пісання, як і сёння, прыпамінае нам аб сваёй любові да абранніцы, якая многа разоў аказалася нявернай. Прарокі, між іншымі Ісая, неаднаразова звяртаюцца да сімвалу закаханых, якія ў Песні Песняў спяваюць пра таямніцу кахання. Супольнасць Касцёла – сёння вобраз плоднай абранніцы, якая рыхтуецца прыносіць салодкія плёны. Езус Хрыстус даў Богу тое, чаго не мог даць Богу Ізраэль. Езус – той вінаграднік, які прыносіць плады. Які гэта плод? Езус аддае сваё жыццё і пралівае сваю кроў, выдае найбагацейшы плод, найвышэйшай любові.
Што можам мы зрабіць, каб прыносіць добрыя плёны? Павінны трываць у супольнасці з Ім, з адзіным пладародным вінаграднікам. З Ім – значыць таксама з супольнасцю Касцёла. Іначай нічога не можам зрабіць.
Гэта пакліканне абсалютна бясплатнае! Езус адназначна прамаўляе сёння да нас: “Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас, і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён”. Гэта значыць Бог клапоціцца аб тым, каб кожны з нас і нашыя супольнасці прыносілі плён у дастатку, як Ён гэта робіць.
Слуга Божы, кс.Францішак Блахніцкі гаворыць аб трох навяртаннях: навяртанні веры, навяртанні даверу, навяртанні любові.
Першае навяртанне заснавана на асабістым пазнанні, так званым спатканні са Змёртвыхпаўсталым Езусам і адданні Яму свайго жыцця.
Другое навяртанне – адказ ад прагнення збаўлення сябе і ачышчэння ўласнымі стараннямі, разумення, што толькі Бог збаўляе! Вера ў адпушчэнне грахоў, новае стаўленне да сваіх недасканаласцей, якія пераношу з цярплівасцю. Яно мае свой пазітыўны ўплыў на выпрацаванне пакоры і сапраўды маркотнага сэрца.
Трэцяе навяртанне. Навяртанне любові! Гэта этап крыку і засмучэння, за ім ідзе смерць! Што значыць гэта смерць? Смерць старога чалавека, а ён не можа быць аб’ектам любові – ён павінен памерці. Гэты этап ёсць часам глыбокага пазнання, ці любімы я чалавек. Пазнання сваіх грахоў, сваёй грэшнасці ў вачах Любові, якая агортвае маю грэшнасць, – і пасля стыд, боль і прагненне, каб болей любіць, бо мне многае даравана. І менавіта тады становімся здольнымі да любові іншых у любові Хрыста!
Такая дарога навяртання няхай будзе нам у дапамогу ў разуменні Хрыста, які кажа: “Адымецца ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які прынясе плады яго”. Маю надзею, нашыя сэрцы праглі пладоў з вінаградніка Жаніха, Ён ведае нашыя скрухі і прагненні.
12 кастрычніка
28-я звычайная нядзеля, год А
Адкрыць малітву нанава
1 чытанне — Іс 25, 6-10а.
Пс 23 (22), 1-3а. 3b-4. 5. 6.
2 чыт. — Флп 4, 12-14. 19-20.
Евангелле — Мц 22, 1-14.
“Усё магу ў тым, хто ўзмацняе мяне” (Флп 4, 13)
Нядаўна прачытаў вельмі хвалюючую гісторыю Анэсі Муканкака, родам з Рванды. Перажыла з чатырма дзецьмі масавае забойства ў1994 г., якое агарнула два племені – Хуту і Тутсі. Пасля заканчэння тых страшных здарэнняў вымушана была перажыць намнога цяжэйшую барацьбу, каб прабачыць мясцоваму душпастыру, а таксама забойцам яе мужа, чацвярых дзяцей і яе блізкіх.
“У касцёле ў Нянге страціла ўсіх. На маіх вачах перад галоўнымі дзвярыма застрэлілі мужа, сына – пад вокнамі, калі спрабаваў яшчэ ўскочыць у касцёл. Іншыя былі ў сярэдзіне. Усе за-гінулі. Не хацелі выйсці; бульдозерамі, у прысутнасці ксян-дза з парафіі звалілі будынак на людзей, у ім ахрышчаных. Мяне там ужо не было, уцякла разам з чацвярыма ацалелымі дзецьмі”, – пісала Анэся.
Пасля той дэманічнай разні вярнулася ў родны край і знайшла сваіх чацвёра загінуўшых дзяцей. У сэрцы засталася незалечная рана, не патрафіла, як сама прызнавалася, да канца чытаць “Ойча наш”, бо гэта ёй моцна балела. Падчаc хуткіх рэкалекцый усе духоўныя сілы накіравала на просьбу аб ласцы адкрыцця нанава гэтай малітвы. Прамаўляла: “Дапамажы мне прабачыць, каб магла да Цябе маліцца”. Так крычала да Бога. Прабачыла ўсім, акрамя аднаго, – таго, хто ў яе на вачах застрэліў яе сына.
“Падчас малітвы (…) пачула ўнутраны голас – прабач яшчэ Тэлесфору. Угледзела зноў твар забойцы майго сына, ведала яго, быў з мае вёскі. Крычала ўголас, што яму прабачыла. І з радасцю, як ніколі, прачытала тры разы цэлую малітву “Ойча наш”».
19 кастрычніка
29-я звычайная нядзеля, год А
Слухайце чыстым сэрцам
1 чытанне — Іс 45, 1. 4-6.
Пс 96 (95), 1 і 3. 4-5. 7-8. 9-10а і 10с.
2 чыт. — 1 Тэс 1, 1-5b.
Евангелле — Мц 22, 15-21.
“Я ёсць Пан і няма іншага” (Іс 45, 5)
У гісторыі Выбранага Народу Бог карыстаўся паслугамі не толькі асобаў, якія да яго належалі, але таксама і язычнікаў. Адным з іх быў Цырус, пярсідскі цар. Гэта дзякуючы яму ў 538 г. да нараджэння Хрыста выгнаныя маглі вярнуцца з няволі вавілонскай ў Ерузалем і адбудаваць разбураную святыню. Гісторыя вельмі павучальная для многіх пакаленняў і правіцеляў. Мудры кіраўнік разумее пазітыўнае значэнне рэлігіі, якая выхоўвае дух і мараль грамадства. Сваімі пастановамі спрыяе яе развіццю. Мала разумны кіраўнік, ці парламент абмяжоўвае або спрабуе маніпуліраваць жыццём рэлігійных супольнасцей. У выніку гэта ўсё не на карысць краю.
Гісторыя Касцёла – гэта працяглы клопат і рэўнасць аб аглашэнні Евангелля. Прыпамінае нам аб гэтым святы Павел ў лісце да Тэсаланікійцаў, дзякуючы Богу за іх веру і сведчанне жыцця, якое было прычынаю для навяртання чарговых язычнікаў з Македоніі і Ахаі. Аб гэтым даведваемся, чытаючы далей гэты ліст. Нягледзячы на ўсякія цяжкасці, маладыя супольнасці гарэлі любоўю ў аглашэнні Добрай Навіны, што ёсць прычынаю радасці Апостала язычніцкіх народаў.
У Евангеллі Пан перасцерагае нас ад скажонасці сэрца пры слуханні Слова Божага. Вучні фарысеяў хочуць падлавіць Езуса на якіх-небудзь памылках, каб абвінаваціць яго ў недахопе прававернасці ў навучанні. Той новы Прарок не застаўся праз іх памазаным, па якому праву асмельваецца навучаць іншых. Чалавек скажоны не шукае праўды, ён аглашае сам сябе, не церпіць супраціву, крывадушны і праўды Божай не ведае. Таму Езус аказаўся ворагам для крывадушных у фальшывай пабожнасці яўрэяў і выкрывае гэтую паставу ў дыялогу з вучнямі фарысейскімі.
26 кастрычніка
30-я звычайная нядзеля, год А
1 чытанне — Зых 22, 20-26.
Пс 18 (17), 2-3а. 3bc-4. 47 і 51ab.
2 чыт. — 1 Тэс 1, 5с-10.
Евангелле — Мц 22, 34-40.
“Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё” (Ян 14, 23)
Касцёл – супольнасць асобаў, якая з’явілася ў гісторыі свету, як сведка Змёртвыхпаўстання. Жыццё вызваленых са смерці граху ёсць пацверджаннем таго, што навука Панская становіцца чутна ўсюды.
Прыкладам таму можа служыць жыццё Эдуардо Вястэгі. Малады лацінаамерыканскі пясняр, мадэль, плэйбой і акцёр. Яго кар’ера набірала “абароты”, падняўся аж да Галівуда. Багацце, слава, жанчыны і некрывадушны поспех прывялі яго да вышыні багацця. Вёў разгульнае жыццё, у пэўны момант сустрэў сведку Змёртвыхпаўстання Пана. Бог скарыстоўвае слабае веданне Эдуардо англійскай мовы. Настаўніца, адважная хрысціянка, пасля некалькі месяцаў навучання, паставіла свайму вучню пытанні: Ці верыш у Бога? Ці любіш Яго? Ці кіруешся ў сваім жыцці Дэкалогам і ці верыш у тое, што цела тваё з’яўляецца святыняю Духа Святога? Эдуардо даў на ўсе пытанні адказ: так. Тады гэтая адважная жанчына сказала: для чаго абражаеш Бога? Чаму ломіш прыказанні і прафануеш святыню сваёй душы? Плюеш Богу ў твар!
Гэта быў момант зваротны – Эдуардо ў адну хвіліну зразумеў бессэнсоўнасць свайго жыцця, упаў на калені і доўга плакаў. Акцёр змяніў сваё жыццё, Хрыстос для яго зараз – Збавіцель. Ён служыць Яму, застаючыся акцёрам і рэжысёрам. Любіць Яго і захоўвае Яго навуку. Годна ўдзельнічае ў руху “Pro life”, ад-крыў сучасную паліклініку, каб ратаваць жыццё. Стварае цудоўныя фільмы. Палюбіў, таму што застаўся любімым. Зараз ён супермэн з ружанцам у руцэ.
Дабро, якое зараз чыніць, ёсць вынікам спаткання з любоўю Змёртвыхпаўсталага Пана. Слухаючы чытанні, з моцаю выспявайма рэфрэн Псальму: Мілуе Цябе, Пане, моц мая.
кс. Славамір ЛАСКОЎСКІ