2 лістапада
31-я звычайная нядзеля, год А
Клопат аб памерлых
1 чытанне — (сш 16) Ёв 19,1. 23-27а.
Пс 27 (26), 1.4. 7 і 8b і 9а. 13-14. 15-16. 19-20.
2 чыт. — 1 Кар 15, 20-24а.25-28.
Евангелле — Лк 23, 44-46. 50. 52-53; 24, 1-6а.
“Збаўленне правых паходзіць ад Пана” (Пс 37)
Наколькі важная малітва за тых, хто скончыў сваю пілігрымку на зямлі, сведчыць сённяшняя ўрачыстасць.
Касцёл дазваляе кожнаму ксяндзу ў гэты дзень цэлебраваць тры святыя Імшы. Такое вялікае значэнне мае малітва супольнасці Касцёла і такая вялікая ласка выплывае для памерлых з праведзенай Эўхарыстыі. Гэты клопат аб памерлых мае свае карані ў мудрасці хрысціянскай – кожны з нас ёсць грэшнік, які збаўлены праз бясконцую міласэрнасць Божую.
Не смерць ёсць галоўным клопатам сённяшніх чытанняў, а жыццё, і жыццё новае, жыццё для Бога і ў Богу. Супольнасць жыцця з Хрыстусам Змёртвыхпаўсталым – гэта штодзённасць чалавека веры. Смерць ужо не мае ўлады над намі, яна прайграла бітву з Езусам, дарыцелем жыцця. Бог прагне, каб кожны з нас меў удзел у вялікіх дабротах, прыгатаваных праз Хрыстуса. Наш Бог – Бог жывых, а не мёртвых. У Евангеллі, паводле святога Яна, Езус нам прыпамінае, каб нашыя сэрцы не турбаваліся. Ён прыгатаваў для нас памяшканняў многа, прыйдзе і забярэ нас да сябе. Хрыстус пасля дару сваёй Пасхі поўнасцю змяніў перспектыву смерці! З ворага перамяніў на нашу сястру, як гаварыў пра яе святы Францішак. Адзіная ўмова, якую нам ставіць Бог, – гэта крочанне дарогаю, якая кіруецца праўдаю, і удзел у жыцці, якім ёсць сам Езус Хрыстус. Святы Павел вучыць нас глядзець на жыццё рэа-лістычна – тое, што бачнае, пра-мінае. Нашае цела абнішчаецца, але маем дом трывалы, не рукамі зроблены.
Феномен жыцця – гэта жыццё вечнае, якое даруе нам Пан, на дарозе навяртання. Апостал язычнікаў гаворыць ясна – Езус вызваліў нас з няволі граху. Рашэнне аб жыцці або аб смерці павінна быць паднята ў нашым сэрцы! На якую смерць вырашаецца чалавек веры – на смерць для граху. А якое жыццё яго цікавіць – тое, за якое сёння просім Пана маліцца за нашых памерлых.
9 лістапада
32-я звычайная нядзеля, год А
Майце аліву ў лямпе
1 чытанне — Мдр, 6, 12-16.
Пс 63 (62), 2. 3-4. 5-6. 7-8.
2 чыт. — 1 Тэс 4, 13-18.
Евангелле — Мц 25, 1-13.
“Мудрасць знойдуць тыя, хто яе шукае” (Мдр 6,12)
Святы Аўгустын, святая Эдзіта Штэйн – прыклады асобаў, якія шчыра шукалі праўду і знайшлі яе. Іх дарогі жыцця не былі простымі. Змагаліся супраць розных сумненняў, пазналі змрокі атэізму. У канцы тых пошукаў чакаў іх Змёртвыхпаўсталы. Спатканне з Ім перамяніла іх жыццё, якое стала вялікім дарам для Касцёла.
Аўтар Кнігі Мудрасці заахвочвае вас да пошукаў Божай праўды. Пра яе разважаць – гэта шчыт мудрасці. Не ведаю, колькі з нас сапраўды знаходзіць час на разважанне, на паважнае разважанне аб жыцці. Так часта жывём наогул без рэфлексій, быццам усё і так зразумела.
Псалміст паказвае нам свае адносіны з Богам. Ён Яго шукае, прагне Яго знайсці, сумуе па Ім, углядаецца у Яго ў святыні, Яго ласку цэніць даражэй, чым жыццё. Ці можа быць іначай у жыцці вучняў Езуса? Абсалютна не можа! Хто вядзе іншы лад жыцця, той не ў стане падняць імкненне да святасці.
У Евангеллі Езус прыпамінае нам аб паставе чування, гэта значыць, жыцці з адкрытымі вачамі. Чуваць – гэта значыць быць благаразумным, які клапоціцца аб жыцці ў ласцы. Мець аліву ў лямпе – значыць жыць у моцы Святога Духа.
Занядбанне Божых прыказанняў – глупства.Трацячы аліву – Святога Духа, выстаўляем сябе на небяспечнасць; не ўвойдзем на вясельнае свята, не будзе для нас месца ў доме Айца. Калі жыццё ў Духу трацім – трацім запал. Удзел у нядзельнай святой Імшы – гэта пабожны, але не абавязкова штотыднёвы рытуал. Харчаванне Целам Пана – адзіны рытуал для пабожных бабулек. Малітва асабістая, а тым больш сямейная, – гэта тэорыя. На пошукі волі Божай няма месца ў нашым сэрцы. Такое жыццё можа давясці нас да страшнага канца, калі ў дзень астатні Езус скажа нам: сапраўды вам скажу, не ведаю вас.
Дзякуйма Пану, што яшчэ дае нам час для навяртання. Хто страціў аліву – няхай ідзе і возьме яе задарма – у Касцёле.
16 лістапада
33-я звычайная нядзеля, год А
Каб ноч не агарнула
1 чытанне — Прып 31, 10-13. 19-20. 30-31.
Пс 128 (127), 1-5.
2 чыт. — 1 Тэс 5, 1-6.
Евангелле — Мц 25, 14-30.
“Дзень Панскі надыйдзе неспадзявана” (1 Тэс 5, 2)
Заканчэнне літургічнага года – гэта напамінак аб абавязковасці чування. Пан набліжаецца, зямное жыццё скончыцца ў момант, які найменьш чакаем. Езус нас просіць, каб мы чувалі і вялі жыццё цвярозае, гэта значыць – поўнае веры і любові. Давер наш – міласэрнасць Божая.
Псалміст прызывае, каб страх Божы гасціў у нашым сэрцы. Ён павядзе нас па правільнай дарозе, на якой з’явяцца плады хрысціянскага жыцця – па-першае, руплівасць ў абвяшчэнні Евангелля, аб чым гаворыць Хрыстус у прыпавесці аб талентах. Наступнае – дом хрысціянскі, у якім поўніцца воля Божая і дзе пануе любоў сужэнская, якая заўжды плодная, аб чым напамінае нам аўтар псальму.
Рухае нас таксама сімволіка цемры і святла. Дзеці ночы – гэта тыя, хто не ведае Змёртвыхпаўсталага, падданыя князю цемры. Дэман не хоча, каб чалавек застаўся асвечаным бляскам Змёртвыхпаўстання. Ён прагне, каб егіпецкія цямноты панавалі ў нашым мысленні. Тыя, хто любіць цемру, – гэта зладзеі, блудніцы, забойцы. Ноч небяспечная, таму патрэбна ўстойлівае чуванне, каб нас яна не агарнула.
23 лістапада
Урачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, год А
Вочы павінны быць адкрытымі
1 чытанне — Эзх 34, 11-12. 15-17.
Пс 23 (22), 1-2а. 2b-3. 5. 6.
2 чыт. — 1 Кар 15, 20-26. 28.
Евангелле — Мц 25, 31-46.
“Як апошні вораг будзе знішчана смерць” (1 Кар 15, 26)
У жыцці часта вядзём барацьбу, неаднакратна перамагаем, але ніхто не атрымаў перамогу над смерцю, апроч аднаго выпадку. Ведаем таго пагромшчыка смерці – Езус Хрыстус.
Прарок Эзэхіэль прыпамінае нам пра клопат, які ёсць у сэрцы Пана. Ён як пастыр, які наглядае за сваім статкам. Бачачы, што авечка заблудзілася, адшукае яе і верне назад у статак. Якім спосабам? Праз паслугу вучняў. Кожны з нас патрэбен Езусу, каб стаць Ягонымі вуснамі, рукамі і нагамі. Мы, містычнае цела Змёртвыхпаўсталага, павінны быць ў пастаянным евангелізацыйным руху. Вочы кожнага з нас павінны быць адкрытымі, каб распазнаць авечку, якая заблудзілася. Такі клопат магчымы толькі ў адным выпадку, калі гасцюе ў нашым сэрцы міласэрнасць. Ніякае права, ніякае мара-лізаванне не прымушае нас да такога клопату – адзіная міласэрнасць Хрыста. Ён усё зрабіў для сваіх братоў найменьшых – гэта значыць, для кожнага з нас. Цяпер патрабуе добрых пастыраў. Працуе над сэрцам кожнага з нас, каб было яно напоўнена любоўю.
Нам засталося адказаць сабе на пытанне: хто я – казёл ці авечка? Ад добрага адказу залежыць наш лёс. Калісьці група людзей, заінтрыгаваная тым фрагментам Евангелля, прыйшла з падобным пытаннем да старога манаха. Запыталі яго: скажы нам, хто мы – авечкі ці казлы? Пакорны манах адказаў: не ведаю, кім вы ёсць. Затое ведаю, хто я – казёл. І я таксама знаходжу сябе ў гэтай фігуры. Чаму? Пастаянна, штодзённа патрабую навяртання. Неразумны, як казёл.
30 лістапада
I -я нядзеля Адвэнту, год В
Нам час падараваны
1 чытанне — Іс 63, 16b-17. 19b; 64, 2b-7.
Пс 80 (79), 2ас і 3b. 15-16. 18-19.
2 чыт. — 1 Кар 1, 3-9.
Евангелле — Мк 13, 33-37.
“Аднаві нас, Божа, і дай нам збаўленне” (80 (79))
“Глядзіце, трывайце без сну”. Так можна найпрасцейшым спосабам растлумачыць з грэчаскага языка першыя словы сённяшняга Евангелля. Некаторыя рукапісы дадаюць словы: “І маліцеся”. На пачатку новага літургічнага года Езус заахвочвае нас да паважнага і адказнага трактавання свайго жыцця. Для хрысціяніна гэта перш за ўсё пазіцыя “адкрытых вачэй”, якая шукае знакаў прысутнасці Пана ў гісторыі збаўлення. Усе знакі – гэта аб’яўленне таго, што называем “Воля Божая”. Гляджу, што робіцца вакол мяне і са мною, і стараюся прачытаць замысел Бога. У тым духу зацвярджае нас сёння святы Павел, калі гаворыць, што наша пакліканне – гэта жыць у супольнасці з Езусам Хрыстусам. Няма горшага стану духа для веруючага чалавека, чым неразуменне замыслаў Бога. Прарок Ісая жаліцца, што “чаму ж, Пане, дазваляеш нам блудзіць здалёку ад Тваіх дарог”. Неразуменне планаў Божых вядзе да нячуласці сэрца і браку страху Божага. У сваю чаргу гэта прыводзіць да гонару, бунту і да папаўнення многіх іншых грахоў. Прарок разумее, што Бог, жадаючы прывесці свой народ да навяртання, аддае яго “у моц нашай віны”. І гэта ёсць найгоршая кара. Яна прывядзе да скрухі і навяртання. Таму прарок ласкава звяртаецца да Бога: “Ты ж, Пане, наш Айцец, “Адкупіцель наш” – Тваё імя. Знаходжанне чалавека ў стане граху робіць яго няздольным да таго, каб “глядзець”, ён знаходзіцца ў стане “сну”. І таму непрыдатны для спраў Божых, бо не заўважае, калі і якім спосабам прыходзіць да яго жыцця “Пан дому”. І гэта самае важнае – аддаць сваё жыццё ў рукі Хрыста, Ён з’яўляецца яго Панам. Час Адвэнту нам падараваны, каб нанава перагледзець паставы свайго жыцця і ўсё аддаць пад уладу Пана дому. Давайце зробім рахунак сумлення у першую нядзелю Адвэнту, каб добра распачаць такі радасны перыяд прыгатавання да свята Божага Нараджэння. А можа гэта ўжо апошні Адвэнт, Пан блізка, напэўна на адлегласці аднаго года.
кс. Славамір ЛАСКОЎСКІ