7 снежня
2-я нядзеля Адвэнту,год В
1 чытанне — Іс 40, 1-5. 9-11.
Пс 85 (84), 9ab-10. 11-14.
2 чыт. — 2 П 3, 8-14.
Евангелле — Мк 1, 1-8.
“Гэта Пан Бог прыходзіць з сілаю”(Іс 40, 10)
Прарок Ісая прыпамінае нам фундаментальную думку Адвэнту – Бог прыходзіць да чалавека. Гэта феномен на плоскасці рэлігійнай і філасофскай. Бог філосафаў адносіцца прынцыпова толькі да сябе, гэта чыстая кантэмпляцыя самога сябе думкаю. Мысленне – справа боская. Бог веры акрэсліваецца ў асноўным праз катэгорыі рэляцыі (адносіны), Ён любоў. Логас (слова) усяго свету, задумка Створцы, адначасова любоў. Праўда і любоў паказваюцца ідэнтычнымі ў логасе. Такім з’яўляецца Бог, які прыходзіць да свайго народа. Хто адчуў умяшанне Бога ў сваё жыццё, перажыў фундаментальную рэвалюцыю.
Бог філосафаў ёсць абсалютна не такі, якім яго прыдумалі філосафы. Бог як добры пастыр, які не затрымліваецца з выкананнем абяцанняў. Ён бесперарыўна зацікаўлены нашым лёсам, хоча ўсіх давясці да навяртання. Аднак жа павінны памятаць, што “дзень Панскі” надыйдзе нечакана. Тая святая хвіліна, якой не баіцца той, хто спаткаўся з любоўю і міласэрнасцю Пана, застане нас без плямаў і недахопаў. Нашы святыя паступкі і пабожнасць указваюць на паставу чування, бо Пан, напэўна, прыйдзе і то, як злодзей, нечакана.
Псалміст падказвае нам, каб слухаць тоё, што гаворыць нам Пан Бог. Маем добры час для прыгатавання “дарогі для Пана”. Давайце прымем рашэнне, каб у акрэсе Адвэнту знайсці час для чытання і слухання Слова Божага, нават у “вясковай” самотнасці. Бо гэта Бог усяго свету зрабіў крок у людское жыццё ў Бэтлееме, не ў Ерузалеме, як чакалі ўсе пабожныя кніжнікі. Выпростваць сцежкі для Пана, гэта, між іншым, стаць простым чалавекам, вызваленым ў моцы Хрыстуса з таго, што было пышна і надменна.
14 снежня
3-я нядзеля Адвэнту,год В
Узбагаціцца тым, што паходзіць ад Бога
1 чытанне — Іс 61, 1-2а. 10-11.
Пс Лк 1, 46b-48. 49-50. 53-54.
2 чыт. — 1 Тэс 5, 16-24.
Евангелле — Ян 1, 6-8. 19-28.
“Узрадуецца душа мая пра Бога майго” (Іс 61, 10)
Тое, што запаведаў прарок Ісая і яго вучні, споўнілася ў Хрысце – Добрая Навіна аглашаецца ўбогім. Аглашае яе самы ўбогі з убогіх – сам Збаўца. Будучы Богам, сам сябе ўчыніў “пустым”, так гаворыць непасрэдны пераклад з грэцкай мовы. Толькі Святы Дух можа даць нам такую адвагу, каб стаць пустым, адрачыся ад свайго бачання свету, гісторыі і самога сябе, а ўзбагаціцца тым, што паходзіць ад Бога.
Прарок Ісая і святы Павел заахвочваюць нас да радасці, якая выплывае з цуду навяртання, з цуду новага жыцця. Новы чалавек носіць шаты збаўлення і плашч справядлівасці, які з’яўляецца дарам Бога. Маці Божая, якая з’яўляецца іконаю Адвэнту, дзеліцца з намі сваёю радасцю, нават больш – сваім пакланеннем Богу Збавіцелю. Гэта не пустая пабожнасць, але захапленне справамі, учыненымі праз Пана. Як ведаем, тыя справы не былі шлейфам поспехаў. Там цяжкасцей болей, чым нам здаецца. Марыя ўсё даследвала і разважала.
Святы Дух указвае на тое, што шляхетнае. Душа і цела павінны быць захаваныя на прыйсце Пана Езуса. Як ведаем, не датычыцца гэта адзінага – канца свету. Пасха Езуса Хрыста адчыніла ўжо “час астатні”, які датычыцца хрысціян. Чалавек веры служыць Пану і душою, і целам, кожны, згодна з мераю Духа і згодна з пакліканнем. Хто дае радаснае сведчанне ўтрымліваючага цэлібат, хто прымае чарговае патомства, а хто рассявае радасць жыцця ў старасці або крануты калецтвам.
У лісце да Тэсаланікійцаў святы Павел заахвочвае маладую у веры супольнасць братоў да таго, каб пазбягалі ўсяго, у чым ёсць хоць кропля зла. Неразумны жарт, бестактоўныя паводзіны, злоўжыванне ўладаю, грубасць у паводзінах і пры размовах – гэта толькі некаторыя прыклады, якія могуць абразіць іншых. А якая вялікая і адказная за жыццё іншых любоў, якая паходзіць ад Духа Святога. Ян Хрысціцель дапамагае зразумець, кім павінен быць чалавек перад людзьмі – марным воклічам ў пустыні. Некім такім, хто не прэтэндуе называцца прарокам ці вялікім настаўнікам. Павінен быць простым пакорным чалавекам, які ведае, што ўсё тое, што звязана са збаўленнем чалавека, завяршае Езус Хрыстус. Мая работа для Хрыста – гэта радаснае абвяшчэнне Добрай Навіны і малітва.
21 снежня
4-я нядзеля Адвэнту,год В
Рыхтуем сэрца
1 чытанне — 2 Cам 7, 1-5. 8b-12. 14а. 16.
Пс 89 (88), 2-3. 4-5. 27 і 29.
2 чыт. — Рым 16.
Евангелле -Лк 1, 26-38.
“А Валадарству Яго не будзе канца” (Лк 1, 33)
Сённяшнія паводзіны Бога могуць нас моцна здзівіць. Не дазваляе Давіду збудаваць святыню. Такі прыгожы замер ад-кінуты Панам. Чаму? Давід – Божы выбраннік, але няма благаславенства для будавання святыні, чаму? Быў час, калі ўзвы-сіўся па-над Богам, запляміў свае рукі невіннай крывёю.
Здавалася б, такая сур’ёзная мэта магла б стаць сродкам выпраўлення крыўды і шкоды, аднак Бог кіруе бегам гісторыі іначай. Не адмаўляе Давіду, які перажыў навяртанне, у сваёй апецы і благаслаўленні, а Давід узаемна пакорна прымае волю Бога за святую. Праз Прарока гаворыць, што сам збудуе святыню і прыняў гэтае рашэнне ў непакаляным лоне Маці Божай. Замерам Усемагутнага з’яўляецца пабудова жывой святыні. Да канца замер гэты завершаны ў Змёртвыхпаўстанні Пана. Марыя вучыць нас, як важна ёсць прыніжэнне сэрца і прыняцце сваёй убогасці, згодна з замерамі Бога, яны нас заўсёды падвышаюць і не ў меру нашых магчымасцей. Застаецца адзіны адказ на планы Божыя – як гэта адбудзецца? І заўсёды нас суцешыць Добрая Навіна, якую пачула Марыя – “Не бойся, Марыя, знайшла ты ласку ў Бога (…) Дух Святы сыйдзе на цябе і моц Найвышэйшага ахіне цябе”. І тут ёсць укрытая таямніца жыцця супольнасці Касцёла і яго членаў: “Без Мяне нічога не можаце зрабіць”.
Застаецца яшчэ некалькі дзён, каб добра падрыхтаваць нашае сэрца, наш дом для радаснага перажывання свят Божага Нараджэння. Выкарыстайма гэты час мудра і ператворым наш дом у прыгожы “Бэтлеем”.
28 снежня
Нядзеля Святой Сям’і,год В
Выхоўвайце,як прарокаў
1 чытанне — Сір 3, 2-6. 12-14.
Пс 128 (127), 1-2. 3. 4-5.
2 чыт. — Клс 3, 12-21.
Евангелле — Лк 2, 22-40.
“Апраніцеся ў міласэрнасць Божую” (Клс 3, 12)
У кастрычніку скончыўся Надзвычайны Сінод Біскупаў, які сканцэнтрыраваў сваю ўвагу на праблемах вакол сям’і, для чаго? Свет, а менавіта той, што мае еўрапейскія карані, можна сказаць, поўнасцю страціў рассудак у разуменні таямніцы сужэнства і сям’і. Разгляданне праблемаў сінадальнымі айцамі суправаджалася многатысячнымі маніфестацыямі, якія прайшлі вуліцамі Парыжа і Бордо, у абарону сужэнскіх і сямейных вартасцей. У абоіх выпадках маніфестанты выступалі супраць легалізаваных ва Францыі аднаполых брачных саюзаў, а таксама супраць сурагатнага мацярынства і дапаможных рэпрадукцыйных тэхналогій. Справы тыя маюць не толькі французскае, але агульнаеўрапейскае вымярэнне. Праз сінадальных айцоў Бог даў прароцкі адказ, каб мы сталі “салдатамі” справы Божай. Сёння прыгледзімся да стылю жыцця Святой Сям’і. Яна жыла Словам Бога, якое запісана на старонках Святога Пісання і на старонках гісторыі. Бацькі хрысціяне змогуць распазнаць планы Божыя, што маюць быць зместам іх жыцця, калі будуць “харчавацца” словам Святога Пісання, часта прыпамінае аб гэтым Папа Фран-цішак. Варта б у дамашняй шопцы пакласці замест фігуркі Нованароджанага ці збоку каля Яго Біблію. Прыгожы знак, але няхай паявіцца тады, калі мы фактычна пажадаем, каб Слова сталася Целам у нашым жыцці. Тады бацькі будуць здольныя выхаваць дзяцей, як сапраўдных прарокаў, як Анну выхаваў Фануэль, або людзей правых і пабожных, якім быў старац Сімяён.
кс. Славамір ЛАСКОЎСКІ