4 студзеня
2-я нядзеля
пасля Нараджэння Пана, год В
Дзе набрацца мудрасці?
1 чытанне — Сір 24, 1-2, 8-12.
Пс 147, 1-15, 19-20.
2 чыт. — Эф 1, 3-6, 15-18.
Евангелле — Ян 1, 1-18.
“Мудрасць пусціла карэнні ў праслаўленым народзе” (Сір 24, 13)
Чаму Касцёл штогод дае нам у якасці прадмета для разважання пра Нараджэння Пана фрагмент з кнігі Сіраха, які гаворыць аб мудрасці? Бо “ з’яўляецца яна дыханнем моцы Божай і прачыстым уплывам хвалы Усемагутнага (…) Бог любіць толькі таго, хто прабывае з Мудрасцю”. Іншымі словамі, мудрасць з’яўляецца незаменным элементам жыцця, годнага хрысціян. І адкуль яе “узяць”, дзе яе шукаць, што з’яўляецца яе зместам? На гэтае пытанне адказвае нам святы Ян, аўтар сённяшняй Добрай Навіны. “На пачатку было Слова (…) Усё праз яго сталася, а без Яго не сталася б нічога з таго, што сталася”. З нашага боку патрэбна адно – мы павінны Яго прыняць, бо Слова ёсць Мудрасць, бо Слова ёсць Богам, у Ім ёсць мудрасць. І яна робіць нас святымі і незаплямлянымі, як чытаем сёння у св. Паўла. Апостал радуецца сведчанню аб жыцці каталіцкай супольнасці ў Эфесе, якое ён пачуў з вуснаў таго, хто быў сведкаю іх жыцця. Можа і сёння вядомыя такія сведчанні аб нашых парафіяльных супольнасцях. Можа людзі збоку былі ў захапленні ад стылю нашага жыцця, дзе валадарыць любоў.
Любоў у адносінах да Езуса Хрыста натхняе да больш глыбокага пазнання Яго самога. Пазнанне на мове Бібліі прадугледжвае спатканне. Бо як можна пазнаць кагосьці, не спатыкаючыся з ім? Хрысціянін хадатайнічае аб такім спатканні, якім спосабам? Такія спатканні мелі месца ў старажытным Касцёле. Праз доўгі час Эўхарыстыя адбывалася адзін раз у нядзелю, затое біблійнае набажэнства, злучанае з малітваю, са спевам псальмаў і гімнаў, а таксама чытанне натхнёных тэкстаў, магло адбывацца кожны дзень. Калі ахрышчаны не мог удзельнічаць у такім аб’яднанні, то чытаў Святое Пісанне сам або з іншым ахрышчаным, пераважна ў кругу сямейным.
Ці можа Мудрасць сёння запусціць карэнні ў нашым жыцці, у нашых сем’ях і супольнасцях іншым спосабам? Не будзем сабе хлусіць, няма іншай дарогі як тая, якую паказвае нам Касцёл і сёння, у казаннях Папы. Гэта вымагае працы, але пад сілу яна толькі тым, хто паверыў і ў сэрцы перажывае спатканне з Мудрасцю і ёй паслушны. Мудрасць збудавала сабе дом, якім з’яўляецца супольнасць Касцёла; дадам – не ананімная.
11 студзеня
Нядзеля Хросту Пана, год В
Брама, праз якую ўвайходзім у Валадарства Божае
1 чытанне — Іс 42, 1-4, 6-7.
Пс 29,1-4,3, 9-10.
2 чыт. — Дз 10, 34-38.
Евангелле — Мц 3, 13-17.
“Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў“ (Мц 3, 17)
У традыцыі Касцёла Нараджэнне Пана, Аб’яўленне Пана і Хрост Езуса – гэта цыкл аднаго свята – Эпіфаніі. Такім, а не іншым спосабам уваходзіць у гісторыю свету Адзіны і Ўсемагутны, любячы чалавека Бог. Аб’яўляецца чалавеку з воляю вызвалення распусных сыноў Адама з межаў смерці. Таму аўтар сённяшняга псальму заахвочвае нас, каб аддалі хвалу Пану і ставілі Яго магутнасць на святое месца, якім з’яўляецца супольнасць Касцёла і адначасова сэрца чалавека веры.
Чаму Езус прыняў Хрост з рук Яна Хрысціцеля? Сам Ян дае сведчанне аб тым, што “ідзе за мною Мацнейшы за мяне, якому я няварты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на яго сандалях. Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць Духам Святым”. Да гэтага тэксту сустракаем многа каментарыяў. Езус з’яўляецца Юдэйчыкам і хоча прыняць хрост, атаясамліваючыся з якім-небудзь чалавекам. Прыходзіць, паслушны волі Айца, рэалізуючы гісторыю збаўлення, якая замышлялася спрадвеку. Усе, хто прымаў хрост ад Яна, спавядаліся за свае грахі, а Езус імгненна выйшаў з вады, як чытаем у св. Мацвея, які піша Евангелле для габрэяў. Выйшаў імгненна, бо не мусіў спавядацца за грахі, будучы падобны да нас ва ўсім, апроч граху. Сведкамі прыйсця Месіі з’яўляецца Ян Хрысціцель і “голас з неба”, таму сведчанне ёсць сапраўднае.
Важна таксама паслуга Пятра адносна язычніка Карнэліуша. Ён прыгатаваў яго да хросту, з’яўляецца яго айцом хросным. Дакументы старажытнага Касцёла падкрэсліваюць, якое вялікае значэнне мела паслуга верных, якія былі адказнымі за прыгатаванне языч-нікаў да хросту. Цікава, наколькі мы сёння заангажаваныя, каб перадаць веру нашым дзецям? Наколькі ангажуемся ў жыцці і ва ўзросце веры ў нашых хрэснікаў?
І яшчэ адна важная справа – Езус прыйшоў, аздараўляючы ўсіх, хто знаходзіўся пад уладаю д’ябла. Не забываймася, што ён, вораг нашага жыцця, заўсёды вырабляе засады супраць нас. Хрыстус яго перамог і дае нам удзел у той перамозе. Першым сакрамэнтам, праз які маем удзел у гэтым цудзе, з’яўляецца сам хрост. Гэты сакрамэнт – брама, праз якую ўваходзім у Валадарства Божае.
18 студзеня
2-я звычайная нядзеля, год В
Ці чуеш словы Бога?
1 чытанне — І Вал 3, 36-10, 19.
Пс 40, 2, 4а 6,7- 8а.
2 чыт. — 1 Кар 6, 13b-15a. 17-20.
Евангелле — Ян 1, 35-42.
“Жадаю выканаць волю Тваю, мой Божа” (Пс 40, 2, 9)
Таямніца паклікання – праблема, якую вырашае кожны, хто абраны праз Пана. У першым чытанні сустракаем Самуэля, які не ў стане пачуць голас Бога. Чуе словы, але не разумее, што гэта Бог кліча. Патрэбны быў Ілля, каб Самуэль мог адкрыць сваё жыццё для Бога.
Таямніца паклікання – не адзіны выбар паміж духоўнай семінарыяй, кляштарам ці сужэнствам, як прывыклі гэта разумець. Гэта намнога складаней, гэта праца пошуку паклікання ў пакліканні. Калі ўжо Бог адкрыў мне свае планы, і ведаю, да чаго пакліканы, то застаецца пытанне, як павінна быць яно рэалізавана. Тут адкрываецца патрэба прысутнасці ў нашым жыцці людзей тыпу Іллі. Можна б сказаць – старэйшых братоў па веры, якія могуць нам падказаць, як Ілля Самуэлю, што да нас прамаўляе Пан, і як павінны адказаць на Яго голас.
Ян Хрысціцель указаў на Езуса, Баранка Божага, і Андрэй з іншым вучнем пайшлі за Ім. Пазналі Яго асабіста, засталіся на адзін дзень у Яго. Потым Андрэй быў правад-ніком для Пятра, які б сам не знайшоў Езуса. Якая прыгожая гэта паслуга евангелізацыі – паслуга абвяшчэння Езуса Хрыста іншым, Яго Добрай Навіны і прывядзення іншых да Яго. Не выконваюць гэтай місіі паасобку ні ксяндзы, ні законніцы. Хрыстос патрабуе многа апосталаў, каб рэалізаваць свае мэты. Дазволім Яму, каб наша жыццё належала толькі Яму. І ксяндза, і кансэкраванай асобы, і сужонкаў, і моладзі, і нават дзяцей. Давайце прасіць аб гэтай ласцы ў таямніцы паклікання, давайце маліцца, каб знайсці яе і рэалізаваць. Самуэль “не дазволіць ні аднаму слову ўпасці на зямлю”. Што сёння зробім з пачутым Словам? Ці даверым Богу, ці лічымся з Яго выбарам і планамі? Адважна адкажам за псалміста: “Жадаю выканаць волю тваю, мой Божа!”.
25 студзеня
3-я звычайная нядзеля, год В
Пойдзем за Езусам!
1 чытанне — Ён 3, 1-5. 10.
Пс 25, 4-5b, 8-9.
2 чыт. — 1 Кар 7, 29-31.
Евангелле — Мк 1, 14-20.
“Кажу вам, браты, што заканчваецца час” (1 Кар 7, 29)
Тыдзень назад са старонак Святога Пісання Пан пацвердзіў нам справу нашага паклікання да рэа-лізацыі Божых планаў. Сёння ад-крывае глыбіню і значэнне гэтай паслугі.
Ёна не хацеў згадзіцца на паслугу прарока. Супраціўляўся намерам Бога, уцякаў, насамрэч амаль страціў жыццё. Стаў сведкаю міласэрнасці з боку Пана, згадзіўся са сваім пакліканнем і ў канцы пайшоў у Нініві. Яго паслуга прынесла збаўленне жыхарам горада, які насялялі язычнікі. Для Бога жыццё кожнага чалавека цэннае, за яго Хрыстус праліў сваю кроў.
Прароцкая місія Касцёла актуальная ў кожным пакаленні. Для нас, на дзень сённяшні, тэрыторыяй “Нініві” з’яўляецца Беларусь, наш горад або вёска, дзе жывём. Заўсёды існуе рэальная спакуса ўцёку ад нашага паклікання. Гэтага хоча, перадусім, дэман, ён аўтар нашых бунтаў, адыходу і нявернасці. Шатан не хоча, каб Богам выбраны народ вёў святое жыццё.
Калі ў сэрцах язычнікаў ці халодных у веры не з’явіцца інтрыгуючае пытанне “адкуль бярэцца іх узаемная любоў?”, калі асяроддзе хрысціян не пасылае на акружэнне промні высокім узроўнем маральнага жыцця, то можна сцвярджаць з невялікай рызыкай, што няма на тэрыторыі нашай “Нініві” вучняў Езуса. Так, ёсць асобы натуральнай рэлігійнасці, але няма хрысціян. Вучні Хрыста запаўняюць свет моцай і багаццем жыцця. Гаворыць старажытны аўтар ліста да Дыягнета: “Чым з’яўляецца душа ў целе, тым з’яўляюцца хрысціяне ў свеце”. Сам Бог ад нас патрабуе, каб з’явілася “душа” ў асяроддзі, у якім жывём. Заданне ёсць супер, а Божая ласка робіць магчымым яго выкананне.
Час сапраўды кароткі. Валадарства Божае блізка. Каб была прынята намі ласка паклікання. Каб ніхто з нас не адазваўся на спакусу дэмана, які нам пакажа больш цікавае “пакліканне”. Будзе яно адзінай карыкатурай, марнасцю, нічым. А планы Бога – цудоўныя. Устаньма і пойдзем за Езусам, час кароткі. У штодзённай малітве давайце пакорна прасіць, каб Пан даў нам пазнаць свае дарогі. Галоўным зместам абвяшчэння Валадарства Божага павінна быць міласэрнасць і дабрата Пана. Навяртанне ёсць вынікам пакорнага сэрца чалавека, які пазнаў сваю мізэрнасць і папрасіў дапамогі ў Пана.
кс. Славамір ЛАСКОЎСКІ