1 лютага
4-я нядзеля звычайная, год В
Слова Бога дае святло
1 чытанне — Дрг 18, 15-20.
Пс 95, 1-2, 6-9.
2 чыт. — 1 Кар 7, 32-35.
Евангелле — Мк 1, 21-28.
“Чаго хочаш ад нас, Езус Назарэтанскі?”
Колькі разоў збіраецца супольнасць Касцёла, каб цэлебраваць Пасху Хрыста ў дзень Панскі, столькі разоў Ён сам прыходзіць. Паўтараецца здарэнне, аб якім чуем з Евангелля. Хрыстус зайшоў у сінагогу, сёння хоча ўвайсці ў тваё сэрца. Яго цікавіць сэрца чалавека, чаму? Бо з сэрца паходзяць усякія добрыя або злыя ўчынкі, там ёсць месца, дзе нараджаюцца нашыя думкі, адтуль паходзіць таксама ўсялякі грэх. У сэрцы завяршаецца ўнутраны дыялог паміж старым і новым чалавекам. Не раз можа з’явіцца ў сэрцы кожнага з нас той дэманічны крык: “Прыйшоў нас згубіць!”. Гледзячы на бег гісторыі і падзей, не раз паддаёмся гэтай спакусе. Разгублены, бо прыйшла хвароба, бо не здаў экзамен, бо зачалося чарговае дзіця, бо ўкралі мае грошы, бо мяне абразілі, бо адкінулі мае пачуцці, бо страціў працу, бо…
Божы чалавек, чалавек веры, глядзіць на сваё жыццё вачыма самога Бога і ўмее распазнаваць прывіды.Дзеянні злога духа заўсёды палягаюць на махлярстве. Таму першае прыказанне гучыць: “Слухай, Ізраэль, бо Слова Бога дае святло і разуменне спробаў дэмана. Яно – крыніца мудрасці, а мудрасць будуецца на праўдзе». Праўда, якую ведаем, дазваляе выкрываць махлярства шатана, якое ён нам хоча змясціць у сэрца. Здабытая мудрасць становіцца найвышэйшым скарбам, які не мае цаны.
Гісторыя ведае многа хрысціян, якія аддалі жыццё за вернасць Мудрасці. Здабытая аднойчы, яна кіравала ўсім іх жыццём. Кандыдаты да хросту неаднакратна зменьвалі свае прафесіі, якія не адпавядалі веры або хрысціянскай этыцы. І толькі пасля змены стылю жыцця былі дапушчаныя да хросту. Сведчанне жыцця павінна было быць ясным. Варта і сёння паставіць сабе пытанне: ці мая праца адпавядае Евангеллю і ці маё жыццё з’яўляецца празрыстым сведчаннем аб Змёртвыхпаўсталым?
Мысленне чалавека Божага заўсёды ўпэўнена ў тым, што ўваход Хрыстуса да майго жыцця ёсць збаўленнем. Ён ніколі не прыходзіць, каб згубіць мяне. Калі хоча што знішчыць, то толькі “старога” чалавека, які ў сваім мысленні і дзеянні ёсць вораг Бога!
І чаго хоча ад нас Назарэтанін? Нашага сэрца, каб зрабіць яго святыняю Сваёй прысутнасці.
8 лютага
5-я нядзеля звычайная, год В
Аддаць Хрысту
1 чытанне — Ёв 7, 1-4. 6-7.
Пс 147, 1-6.
2 чыт. — 1 Кар 9, 16-19. 22-23.
Евангелле — Мк 1, 29-39.
“Ці жыццё ёсць марнасць?”
Святы муж Божы Ёв сведчыць сёння аб марнасці людскога жыцця. Яго стан духу можна апісаць моваю псіхіатрыі – дэпрэсія. Слова зараз моднае, часта ўжыванае. Гаворым прыяцелям, што маем дэпрэсію: ніхто мяне не разумее, сам нічога не разумею, нічога мне не хочацца. Стан мукі духу, унутранай барацьбы, безсэнсоўнасць пераменаў – ці гэта не блізка нам?
Хто не пазнаў такой барацьбы, ёсць у веры яшчэ немаўляткам, а нават і не дзіцём. Дарослыя ў веры ўдзельнічаюць у гэтай містычнай барацьбе, бо для таго і паклікаў іх Хрыстос. Святы Павел адкрывае гэтую таямніцу ў Лісце да Карынцянаў: “Для нядужых я стаў, як нядужы, каб здабыць нядужых. Для ўсіх я стаў усім, каб уратаваць прынамсі некаторых. Раблю ж гэта дзеля Евангелля, каб стаць яго са-ўдзельнікам”.Сведчыць аб гэтым таксама псалміст, калі гаворыць: “Пане, ты ацаляеш зламаных у духу”. Ён таксама заахвочвае нас прынізіцца, а Пан нас адродзіць.
У Евангеллі паўтараецца гісторыя з выгнаннем дэмана, як і ты-дзень таму назад. Канешне, так бывае і з намі, многакратна трапляем ў лапы злога духу. Цікава, колькі злых духаў уцячэ сёння пасля спаткання з Езусам на той святой цэлебрацыі Эўхарыстыі?
Нашую ўвагу можа прыкаваць яшчэ слова аб тым, дзе і калі ма-ліўся Езус. Гэтае слова не толькі для ксяндзоў ці манахаў, але і для ўсіх нас. Уразіла мяне калісьці сведчанне аб малітве людзей свецкіх, канкрэтна маладых сужонкаў. Каб маліцца ранішняй малітвай Касцёла, малітвай Ютрані, устаюць у 4.30, пакуль яшчэ цёмна, і ідуць на “месца пустыннае”. У такую пару ніхто не перашкаджае, каб маліцца разам з Касцёлам за цэлы свет, а не толькі ў інтэнцыі сваёй сям’і.
Жыццё – не марнасць, яно дорага каштуе, і яго варта аддаць Хрысту. Бяда мне, паўторым за святым Паўлам, калі б не абвяшчаў Евангелля, бяда.
15 лютага
6-я нядзеля звычайная, год В
Будзь ачышчаны
1 чытанне — Лв 13, 1-2. 45-46.
Пс 32, 1-2. 5. 11.
2 чыт. — 1 Кар 10, 31-11, 1.
Евангелле — Мк 1, 40-45.
“Ты ж мой уцёк і мая радасць”
У першым чытанні з Кнігі святарскай аўтар паднімае праблему асоб, хворых на праказу. Гэтая хвароба ў часы Езуса была як прыгавор смерці для найгоршага злачынцы. Хворага чакала адасабленне і выгнанне за абшар жыхарства людской супольнасці і паступовае, павольнае паміранне цела і яшчэ страшней – цярпенне сэрца. Для людзей Старога Запавету захворванне праказаю было караю, якую Бог пасылаў на грэшнікаў. Была яна знакам пракляцця і непрыняцця. Ці ёсць якая-небудзь надзея для чалавека, знішчанага праказаю?
Цуд аздараўлення, які ажыццяўляе Езус у сённяшнім Евангеллі, узрушвае нашае сэрца. У чарговы раз Бог імкнецца запэўніць нас у сваёй бязмежнай міласэрнасці. Тая сцэна прыпамінаецца нам кожны раз, калі прыступаем да сакрамэнту пакуты і прымірэння. Праказа ёсць адлюстраванне стану сэрца пасля граху, канешне, пасля здарэння цяжкага граху, граху смяротнага. А пачынаецца ўсё з нявіннай высыпкі ці плямаў на скуры. Што страшнага ў тым, што крыху “паблукаю” у Інтэрнэце. Пагляджу тут, там. Якісьці “нявінны” тэлефон да сімпатычнай мне, а чужой жонкі, якісьці пахабны жарт. Калі хутка распазнаем хваробу, то і яе наступствы не такія страшныя для арганізма. Адзіным паратункам для грэшніка ёсць выратаванне ўцёкамі да міласэрнасці Божай. Яно не мае межаў. Езус учыніў сябе “пракажоным”, прыняў на сябе ўсе грахі і стаў ахвяраю адкуплення за іх, Баранкам Божым, які ўзяў на сябе грахі свету.
Пачуйма сёння, што Езус вылечваў усе людскія хваробы. У многія хваробы пападае людское сэрца. Найгоршая з іх – “скляроз сэрца”, калі забываемся пра міласць Божую. У такім стане духу няма ўжо ўцёкаў, застаецца безнадзейная горыч і цынізм. Езус адназначна адказаў пракажонаму, які ўпаў перад Ім на калені і прасіў аб дапамозе: “Хачу, будзь ачышчаным”. Не раз трэба прымусіць сваё сэрца, нават калі яно гэтага не хоча, каб яно “упала на калені”. Гэта вельмі добры стан духу, бо адначасова тады нас па-кідае “праказа” граху. Калі мы адчуваем вызваленне, нічога не дасць забарона Езуса на маўчанне. Той уратаваны “асуджаны” не мог замаўчаць, бо павярнуўся да жыцця, а быў мёртвы. Нават перашкодзіў Езусу тымі сваімі паводзінамі, але хто б з нас паступіў іначай? Яго шчырая радасць і запал у еванге-лізацыі прывялі да Езуса многіх людзей.
22 лютага
1-я нядзеля Вялікага Посту, год В
Прыгатаванне
1 чытанне — Быц 9, 8-15.
Пс 25, 4-9.
2 чыт. — 1 П 3, 18-22.
Евангелле — Мк 1, 12-15.
“Твае дарогі, Пане, гэта ласка і вернасць”
Усе нядзелі Вялікага Посту Касцёл прызначае да непасрэднага прыгатавання катэхуменаў да Святога Хросту. Хрысціянскае ўтаямнічанне азначае працэс хрысці-янізацыі або “станаўлення” хрысціянінам. Складзены ён з многіх этапаў і расцягнуты па часе. Заключаецца на дасягненні сталасці ў навяртанні і веры, а ў далейшым – уцягненні чалавека ў містэрыю Хрыста і Касцёла (пар. ККЦ 1248). Для дарослых яно адбываецца падчас катэхуменату, які працягваецца некалькі гадоў, пры дапамозе строга акрэсленых Касцёлам чынаў і абрадаў публічнага і сімвалічнага характару. Галоўнае месца займаюць сакрамэнты хросту, бежмавання і Эўхарыстыі – фундаменты ўсяго хрысціянскага жыцця. Таму з усіх кропак гледжання пажадана было рашэнне II Ватыканскага Сабору, каб катэхуменат аднавіць. Катэхуменат завершыцца перыядам ачышчэння, асвячэння і выбрання, а збягаецца гэта па часе звычайна з Вялікім Постам.
Першая Нядзеля Вялікага Посту называецца нядзеляю “выбрання”. Пакуль мы яшчэ не “выбралі”, ад катэхуменаў патрабуецца навяртанне сэрца і змена абычаяў, дастатковае знаёмства з хрысціянскаю навукай, а таксама дух веры і любові. А як гэта праверыць? Адказам ёсць Евангелле. Так, як наш Пан пераадолеў спробы шатанскіх спакусаў, так і катэхумен павінен у працэсе навяртання прайсці “40-дзённую пустыню” і напрыканцы быць выпрабаваным гэтаю спакусаю.
Першая спакуса – гэта спакуса “хлеба”. Яна павінна дапамагчы нам убачыць, што з’яўляецца са-праўдным забеспячэннем майго жыцця, што з’яўляецца маім “хлебам”, які насычае мяне кожны дзень. Ці толькі Слова Божае і выкананне волі Пана?
Другая спакуса – гэта спакуса “гісторыі”. Быць мудрэйшым за Бога, быць больш інтэлігентным за Яго. Кольк і ж разоў паўтараем мы фразы – “не згодны, не падабаецца мне тое, не падабаецца мне сёе, ці яшчэ там, ці яшчэ сям”. Як многа разоў скардзімся і не задаволены жыццём. Скоч з вежы, павераць, што ты – Сын Божы. Ці згаджаюся з маім статусам сацыяльным, жыццёвым, як Езус – сын плотніка?
Трэцяя спакуса – гэта спакуса “багацця”. Ідэалізацыя грошай, улады, знаёмстваў, уласнай асобы і прагненне бясконцых поспехаў. Гэта толькі некаторыя багацці нашага сэрца. Якое з іх твой удзел? Калі адкажам “ніякае”, то значыць махлюем і не маглі б прыняць хрост.
Спакусы для таго, каб паказаць нам праўду ўбогага сэрца і прывесці нас да Езуса, які за нас перамог д’ябла і хоча падарыць нам жыццё новае, вызваленае ад старога чалавека граху, жыццё, заснаванае на ласцы.
кс. Славамір ЛАСКОЎСКІ