Хлеб штодзённы

1 сакавіка
2-я Нядзеля Вялікага Посту, год Вgr-str-30

Дзе двое або трое…

1 чытанне — Быц 22, 1-2. 9а. 10-13. 15-18.
Пс 116B (115), 10 і 15. 16-17. 18-19.   
2 чыт. — Рым 8, 31b -34.
Евангелле — Мк 9, 2-10.

“Дорага каштуе ў вачах Пана смерць святых Яго”  (Пс 115, 15 (6))
Працягваем нашу падрыхтоўку да свят Велікодных. Сёння Бог пытае ў нас пра нашу веру.  Каб не было розных стандартаў, дае нам як абразец веры – Аўраама. Пасля доўгай вандроўкі веры Пан падвяргае Аўраама выпрабаванню – той павінен аддаць на ахвяру на гары Морэ свайго адзінага сына Ісаака.  Гэта вера  сталая – аддаць Богу нават тое, што ад Яго атрымалі. Вера, па-габрэйску – эмуна, азначае “апірацца поўнасцю на Бога”. Аўраам з’яўляецца правобразам  Езуса Хрыста, які  “абапёрся” на Айца, калі “увайшоў” у смерць, аддаў Яму ўсё – цэлае жыццё.  
Псалміст вызнае веру, калі гаворыць, што “у краіне жыцця буду бачыць Бога”. У смерці  яго жыццё належыць Пану, Ён разрывае “кайданы” пекла.  І гэта поўнасцю ажыццявілася ў Езусе Хрысце. Таму Месія паказваецца сваім вучням на гары Табор ў хвале Змёртвыхпаўстання, каб не паддацца спакусе згаршэння крыжам. Цярпенне – чысты аргумент з боку дэмана, каб укінуць нас у бунт супраць Бога. Ён ніколі не скажа, што цярпенне – гэта вынік граху. Ён абвінаваціць Бога, гаворачы нам, што, калі ўжо існуе цярпенне, то няма Бога. А калі ёсць, то не  ёсць Ён любячым айцом, а кімсьці страшным, монстрам. Езус зрабіў крыж моцаю і мудрасцю Бога.
Выкарыстайма час Вялікага Посту для навяртання да Хрыста. Не будзем  зачароўвацца “кухняю” Вялікага Посту – што павінны есці, што павінны піць, што аглядаць, а ад чаго ўцякаць. Давайце кожны вечар прысвяцім слуханню Сына Ўмілаванага. Гэта будзе цуд навяртання! Велікапосныя практыкі павінны нам  у гэтым дапамагчы, бо яны –  сэрца гэтых сарака дзён! Пост, міласціна, малітва няхай дапамагаюць гэтаму  ўслухоўванню ў Слова. А можа проста сярод  родных? Бо Пан забраў з сабою на гару Табор невялічкую супольнасць. Там, дзе двое або трое збіраюцца ў імя Хрыста, там Ён пасярод іх!


8 сакавіка
3-я Нядзеля Вялікага Посту, год В

Прасіце аб ласцы святла

1 чытанне — Зых 20, 1-17.
Пс 19 (18), 8. 9. 10. 11.    
2 чыт. — 1 Кар 1, 22-25.  
Евангелле — Ян 2, 13-25.

“Хто ў Яго верыць, той мае жыццё вечнае” (пар. Ян 6, 47)
Трэцяя нядзеля Вялікага Посту  ў традыцыі касцёла прызначана  для правядзення першага навучання, у духоўнай фармацыі, катэхуменаў, якія маюцца прыняць у Ноч Пасхі сакрамэнты хрысціянскага жыцця.  Мэтаю гэтых дзеянняў з’яўляецца ачышчэнне намераў і сэрцаў ад усякага ідалапаклонніцтва.
Кніга Выйсця ёсць словам Бога, якое ачышчае наш спосаб мыслення і  дзеянняў адносна Бога і бліжніх.  Дэкалог не з’яўляецца зборам пропісаў забараняючых,  гэта – дзесяць слоў жыцця. Хто іх не захоўвае, ідзе  дарогаю ідалапаклонніцтва, якая даводзіць да смерці. Альтэрнатывы няма ніякай. Той самы Бог, Які вывеў Ізраэля з няволі фараона, сёння ўрачыста абвяшчае і напамінае нам, што гэта – слова жыцця вечнага. І гэта не “лепшая” маральнасць, а гэта – быць ці не быць ў Валадарстве Божым. Гэтае Права жыцця нам дадзена, каб узмоцніць нашыя душы. Яно радуе чалавека веры.  Хто не мае веры, той дыскутуе з дэманам і з’яўляецца яго спакусаю. Езус, як і ў Евангеллі,  сёння таксама падрыхтаваў  біч са шнуркоў Слова Божага і прагне выгнаць  ідалаў са святыні нашых сэрцаў. Хрысціянін і на дарозе веры паступае ў шчырым пазнанні сябе, у паважным распазнаванні сваёй душы. Для гэтага запрашае да свае душы, святыні “прыхільніка спраў Божых” Хрыста. Не адважваецца сказаць, што нявінны. Даверліва адчыняе сваё сэрца, вызнае грахі і адкрывае застарэлыя раны, бо даверыў любові Хрыста.
Набліжаемся да ТРОХ СВЯТЫХ ДЗЁН.  Выкарыстайма даны нам час добра. Давайце прасіць Пана аб запале, які кіраваў Езусам, каб  справы Божыя, справы  Касцёла сталі зместам нашага што-дзённага жыцця. У гэтыя дні давайце прасіць аб ласцы святла, якое дае Святы Дух, аўтар навяртання ў сэрцы, поўным боязі Божай.


15 сакавіка
4-я Нядзеля Вялікага Посту, год В

Дар Бога

1 чыт. — 2 Кр 36, 14-16. 19-23.
Пс 137 (136), 1-2. 3. 4-5. 6.    
2 чыт. — Эф 5, 8-14.
Евангелле — Ян 9, 1-41.

“Памерлі ў выніку граху,  ласкаю збаўляецеся” (пар. Эф 2,5)
У чацвёртую Нядзелю Вялікага Посту ў фармацыі катэхуменаў праходзіць другое навучанне. Звычайна ў гэты дзень чытаецца ўрывак з Евангелля св. Яна аб аздараўленні сляпога. На гэтым этапе жыцця катэхумен павінен мець “адкрытыя вочы” сэрца. Яго погляд на самога сябе залежыць поўнасцю ад святла, якое прыносіць у яго жыццё  Змёртвыхпаўсталы Езус. Аб тым святле пачуем у сённяшнім Евангеллі. Касцёл вымагае ад  кандыдата да хросту адназначнай дэкларацыі, каму імкнецца служыць – Богу ці мамоне, значыць, ідалам. У першых чытаннях Бог перасцерагае нас ад дапасаванасці  жыцця ў цемры ідалапаклонніцтва, у  цемры граху. Пагарджанне Словам Божым, высмейванне, адкідванне і сарамлівасць да навукі Касцёла, калі ўжо набіраюць паважныя памеры,  вядуць да знішчэння жыцця  цэлага народу. Усякая статыстыка гаворыць аб тым, што ў нашым народзе яшчэ валадарыць смерць, і гэта – вынік  пагарджання  Божымі Запаведзямі  ўжо некалькімі пакаленнямі. Напаўняе надзея, што сэрцы абудзяцца для жыцця духоўнага. Вельмі важна, каб тыя, хто мае ўладу, зрабілі ўсё для духоўнага адраджэння нашага народу.
Катэхумен, які ідзе за святлом навукі Касцёла, прагне атрымаць сакрамэнты жыцця – хрост, бежмаванне і Эўхарыстыю, бо разумее, што памірае з-за граху. Паварот да жыцця можа ажыццявіцца, як гаворыць святы Павел, толькі дзякуючы ласцы. Той ласцы, якая а’явілася ў смерці і Змёртвыхпаўстанні Хрыста. Маем прыняць яе праз веру, і гэта ёсць дар Бога.
Дарога, якая вядзе да прыняцця гэтага пасхальнага дару, і называецца  катэхуменатам.  На ёй будучы хрысціянін пазбываецца засляпіўшых яго ілюзій гэтага свету, які не знае ласкі Хрыста.
Вынікам другой хрысціянскай перамогі  з’яўляецца  шчырае прагненне хадзіць дарогамі веры, шуканне таго, што справядлівае і святое. Гатоўнасць зносіць цярпенне для Хрыста, таму што мудрасць крыжа знішчае часовую мудрасць гэтага свету.
Касцёл перадае  кандыдатам да хросту Сімвал веры, які ўтрымлівае вялікую таямніцу збаўлення і заахвочвае да захоўвання іх сэрцам чыстым, без якога-небудзь ідалапаклонніцтва.


22 сакавіка
5-я Нядзеля Вялікага Посту, год В

Ісці за Езусам

1 чытанне — Ер 31, 31-34.
Пс 51 (50), 3-4. 12-13. 14-15.   
2 чыт. — Гбр 5, 7-9.
Евангелле — Ян 12, 20-33.

“Хто хоча Мне служыць, няхай ідзе за Мною”  (Пар. Ян 12, 26)
У пятую нядзелю Вялікага Посту катэхумены збіраюцца, каб удзельнічаць у трэцім хрысціянскім навучанні. Для тых, хто ўжо ахрышчаны, чарговая нядзеля Вялікага Посту  з’яўляецца дарам Бога, каб напамінаць свайму сэрцу пра завет, які заключыў з імі Пан у дзень іх хросту. Літургія Слова Божага адпавядае таямніцы гэтага дня. Кандыдаты да хросту прымаюць апошняе рашэнне, каб ісці за Езусам.  Касцёл перадае ім малітву “Ойча наш”, каб штодзённа, як Езус, з воклічам і плачам узносілі гарачыя просьбы да Таго, хто можа вызваліць ад смерці. Яны вучацца малітве, поўнай дзіцячага даверу і жыцця, якое з’яўляецца шчырым шуканнем “хлеба”, які насычае сэрца. І гэта ёсць выкананне волі Айца, які пасылае нас. Катэхумены, паслушныя навуцы Касцёла, якую пазнавалі і ў якой узрастала іх вера, вырашаюць прыняць Бога, як свайго Айца. Толькі сыноўскія адносіны дазваляюць катэхуменам з даверам  глядзець у будучыню, дзе іх чакае “тая гадзіна”,для якой з’явіліся ў гісторыі гэтага свету. Таямніца “той гадзіны” звязана з крыжам, які ёсць дар Самога  Бога. Ён – святло ў цемры. Дзякуючы яму, можам правільна распазнаць, што з’яўляецца воляю Бога. Там, дзе людзі гэтага свету бачаць смерць, няшчасце, хрысціяне бачаць таямніцу свайго збаўлення. Яны ведаюць, што пшанічнае зерне павінна памерці, каб прынесці добры ўра-джай. Таму вераць Слову Бога, ідуць за Езусам і дзейна падымаюць  працу штодзённага жыцця.


29 сакавіка
Пальмовая Нядзеля  або Нядзеля Мукі Пана, год Вgr-str-31

Крыж – дрэва жыцця

1 чытанне — Іс 50, 4-7.
Пс 22 (21), 8-9. 17-18а. 19-20. 23-24.   
2 чыт. — Флп 2, 6-11.
Евангелле — Мк 14, 1 – 15, 47.

“Буду хваліць Цябе, Пане, бо мяне ўзвышаеш” (пар. Пс 22 (21), 23)
Літургія ўводзіць нас у Вялікі Тыдзень. Няма  перыяду больш важнага, як гэтыя сем дзён. Распачынаем нашае святкаванне ад слухання Евангелля, якое гаворыць нам аб урачыстым уваходзе Езуса ў Ерузалем. Езус ведае, што прыйшла “гадзіна”, дзеля якой прыйшоў. Вучні, паслухмяныя Збавіцелю, робяць усё, як сказаў, і раз ад разу становяцца сведкамі праўдзівасці Слова Божага. Пан уваходзіць у Ерузалем, каб прыйсці з дапамогаю абцяжараным і знішчаным грахамі, іх уласным бяссіллем.
Прарок Ісая паказвае нам, якую паставу прымае сэрца катэхумена, які вырашыў прыняць  сакрамэнты жыцця вечнага ў Пасхальную Ноч. Вера ёсць моцаю Бога ў нас, якая нас “абмежавала” і зрабіла здольнымі не адкідаць волю Божую, асабліва ў найцяжэйшыя моманты. Хрысціянін, узмоцнены Святым Духам, гатовы прынізіць самога сябе, каб узвысіць Бога. Крыж з’яўляецца ўжо дрэвам жыцця, а не смерці.

кс. Славамір  ЛАСКОЎСКІ


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий