5 красавіка
Велікодная Нядзеля,
Урачыстасць Змёртвыхпаўстання Пана, год В
1 чытанне — Дз 10, 34а. 37-43.
Пс 118 (117), 1-2. 16-17. 22-23.
2 чыт. — Клс 3, 1-4.
Евангелле — Ян 20, 1-9.
Я – вучань і сведка Змёртвыхпаўсталага
Няма перыяду больш важнага, чым дні Святога Пасхальнага Трыдыуму і іх кароны, т.з. Вігіліі Пасхальнай у Велікодную Ноч.
Усё распачынаецца ў Вялікі Чацвер падчас Імшы Вячэры Панскай. Кніга Выйсця прыпамінае нам прадпісанні, звязаныя з Пасхальнаю Вячэраю, якіх верныя габрэі прытрымліваюцца па сённяшні дзень. Святы Павел па-цвярджае, што ў Езусе Хрысце спаўняюцца ўсе абяцанні, дадзеныя нашым праайцом у веры. Ён стаў для нас сапраўдным Баранкам пасхальным, выданым на забіццё. Сёння спажываем ужо не баранак, але праўдзівае Цела і Кроў Змёртвыхпаўсталага Пана. Толькі гэтая Кроў з’яўляецца абаронай ад забойчай смерці граху. Набліжаючыся да Алтара, маем насіць у сэрцы тую любоў, якую Езус аб’явіў сваім вучням на астатняй Вячэры. Гэта любоў слугі, які, як Ён, прыніжаецца, ведаючы, што апошнія стануць першымі, ведаючы, што гэта ёсць сапраўднае і адзінае аблічча любові.
У Вялікую Пятніцу парафіяльная супольнасць збіраецца рана, каб урачыста цэлебраваць Ютрань разам з Гадзінамі чытання. Пасля абеду, а звычайна ўвечары, цэлебруем таямніцу выданага за нас, грэшнікаў, і прыбітага за нашыя грахі, паслухмянага аж да самай смерці Сына Чалавечага. Не цэлебруем святой Імшы, бо Ён прыблізіўся “тады” і “цяпер” са-праўды забіты. У колькіх братах і сёстрах у веры “цяпер” церпіць і памірае Хрыстус! Кожныя пяць хвілін хтосьці памірае, таму што верыць у Хрыста. Пасля Літургіі разыходзімся ў цішыні, прызнаючыся сабе самым, перадусім, у асабістай подласці, якая давяла Хрыста да смерці.
Вялікая Субота нясе з сабою цішыню ранка, бо “забілі і пахавалі” нявіннага Баранка. Парафія рана збіраецца на цэлебрацыю Ютрані і Гадзіны чытанняў. Паяўляемся яшчэ ў святыні для асвячэння велікоднай ежы, на памяць аб Вячэры Пасхальнай. Сустракаемся зноў, ужо пасля заходу сонца, каб з вялікім перажываннем незвычайнай радасці цэлебраваць літургію Вігіліі Вялікай Ночы. У тую ноч ніхто не спяшаецца. Распачынаем Літургію з абраду пасвячэння агню і Пасхалу. Працэсія ўваходзіць з ім у касцёл, і ён з’яўляецца адзінаю крыніцаю святла, пануючага ў цемры святыні. Памалу, крок за крокам, уносіцца святло Хрыста, “разыходзіцца” па касцёле, каб мы зразумелі, якою важнаю справаю ў нашым жыцці ёсць парыў евангелізацыі, пераказванні Добрай Навіны тым, хто яшчэ не спаткаў Змёртвыхпаўсталага. Затым чуем Абвяшчэнне Пасхі, а пасля ўсе сабраныя слухаюць словы аб збаўчым умяшальніцтве Бога ў гісторыю. Усіх чытанняў дзевяць. У гэтую ноч нашае сэрца павінна насыціцца духоўнаю ежаю ў дастатку. Малітвы, якія ўзносяцца пасля кожнага чытання, заахвочваюць нас да таго, каб кожны годны адказваў на ласку паклікання, з удзячнасцю дзякаваў за ласку велікоднай ахвяры Хрыста, узрастаў у цнотах і быў сведкаю адраджэння, дзякуючы міласэрнасці нашага Пана. Напрыканцы святы Павел прыпамінае аб тым, што Хрыстус сапраўды Змёртвыхпаўстаў. Смерць не з’яўляецца ўжо канчаткам людскога існавання, з’яўляецца пераходам да жыцця. Аллелюя!!!
12 красавіка
2 — я Велікодная Нядзеля або Божай Міласэрнасці, год В
Ці маеш веру?
1 чытанне — Дз 4, 32-35.
Пс 118B (117), 2-4. 16-18. 22-24.
2 чыт. — 1 Ян 5, 1-6.
Евангелле — Ян 20, 19-31.
“Пан мой і Бог мой” (Ян 20, 28)
У замеры Хрыста было і ёсць тое, каб пасля Яго Пасхі паўстала жывая супольнасць братоў і сясцёр, якія жывуць у еднасці сэрца і духу. Па сённяшні дзень Касцёл клапоціцца пра людзей, якія жывуць у патрэбе, і ажыццяўляе мноства міласэрных спраў. Адзінаю крыніцаю фінансавання самых розных харытатыўных праектаў з’яўляюцца дабраахвотныя ахвяраванні веруючых і людзей добрай волі. Святы Ян напамінае нам вельмі просты метад знахо-джання адказу на пытанне: ці маю веру? Бо той, хто сцвярджае, што любіць Бога, не можа не любіць сваіх бліжніх! Які просты метад! Больш таго: хто мае веру, той перамог свет са спакусамі д’ябла і махлярствам. Выкарыстаў вялікі дар сакрамэнту пакуты і паяднання, устаноўлены з волі Езуса Хрыста. Пакуль любім грэх, да Бога не належым. Няма ў нас любові.
У сённяшнім Евангеллі сустракаемся з Тамашом, які ўпаў у роспач ад таго, што яго прыяцелі сустрэлі Змёртвыхпаўсталага. А чаму ён не сустрэў? Бо не быў разам з імі, дзесьці аддаліўся. Можа на “дачу”, можа на рынак, на рыбалку ці на паляванне. А можа “завіс” на якой-небудзь гульні ў кампутары? Езус, аднак, не адкінуў Тамаша. Спецыяльна прыходзіць, калі той павярнуў да супольнасці веруючых вучняў і, ня-гледзячы на замкнёныя дзверы, уваходзіць у яго жыццё. Паказвае свае раны, бо і сёння Касцёл носіць Яго святыя раны. Місія супольнасці веруючых у Змёртвыхпаўсталага Месію – браць на сябе грахі свету. Таму маем велізарную колькасць сучасных мучанікаў.
19 красавіка
3 — я Велікодная Нядзеля, год В
Пан прыйшоў
1 чытанне — Дз 3, 13-15. 17-19.
Пс 4, 2. 4. 7. 9.
2 чыт. — 1 Ян 2, 1-5а.
Евангелле — Лк 24, 35-48.
“Пане Езу, дапамажы нам зразумець Пісанне” (пар. Лк 24, 45)
Што з’яўляецца клопатам жыцця супольнасці вучняў Хрыста? Дзяленне цудамі, якія адбываюцца ў іх жыцці дзякуючы Змёртвыхпаўсталаму Езусу. Навошта яны патрэбныя? Каб узмацнялася наша вера.
Каб дапамагчы тым перапалоханым вучням, якія ў сумневе, у роспачы, Езус прыходзіць да іх, аб’яўляецца ў целе хвалебным, якое носіць знакі нядаўняй мукі. Прыпамінае ім, што пасля барацьбы і цяжкасцей жыцця чакае нас хвала змёртвыхпаўстання. Смерць не з’яўляецца мяжою чалавечага жыцця. Усё, што напісана пра Яго ў Законе Майсея, у Прарокаў і ў Псалмах, усё выканана. Пракляцце граху ўжо знішчана. Ён, прадстаўнік Айца, – адзіная ахвяра, уміласціўлёная за нашыя грахі.
Прамова святога Пятра ў Дзеях Апосталаў – гэта фундаментальная керыгма Касцёла. Да навяртання, да спаткання з Панам Змёртвыхпаўсталым чалавек дзейнічае ў несвядомасці. Цемра граху настолькі жорсткая, што губляем уласны погляд на жыццё і разуменне яго таямніц. Адракаемся ад Бога – выбіраем грэх як “праўду”. Забойца – шатан – становіцца нашым айцом, аб тым гавораць нашыя дзеянні. Жыццё забіваецца ў нас і праз нас. Адзіным паратункам ёсць спатканне з тым, хто сапраўды Змёртвыхпаўстаў. Таму бачым у Евангеллі, як радуюцца вучні, бо Пан прыйшоў да іх, прабачыў ім, не асудзіў.
І сёння Пан з намі. Навяртаймася, бо грахі нашыя знішчаны! Пан прыходзіць, каб вырваць нас з усякай прыкрасці, з Ім можам жыць бяспечна.
26 красавіка
4 — я Велікодная Нядзеля, год В
1 чытанне — Дз 4, 8-12.
Пс 118 (117), 1 і 8-9. 21-23. 26 і 28cd і 29.
2 чыт. — 1 Ян 3, 1-2.
Евангелле — Ян 10, 11-18.
“Ні ў чым няма збаўлення – толькі ў Езусе Хрыстусе” (пар. Дз 4, 11)
Жыццё хрысціяніна – дабраахвотны дар для Хрыста. Няма хрысціян класа А і класа В. Ці ксёндз, ці сястра законная, ці сужэнства, ці немаўля – належыць толькі да Езуса і толькі для Яго жыве. Маючы глыбокае ўсведамленне прыналежнасці да добрага Пастыра, самі становімся добрымі пастырамі для тых, да каго мы пасланыя. Ведаем, што добры ёсць толькі Бог і таму патрабуем, як святы Пётр, напаўнення Святым Духам. З гэтага напаўнення атрымліваем ласкі з неба. Яны – падстава нашай адданасці і служэння.
Яны робяць нас дзецьмі Божымі. Вучні Хрыста не з гэтага свету. Іх жыццё “касмічнае”, бо паходзіць з неба. Не шукаюць зразумення ў людзей, бо не ведаюць, адкуль паходзіць гэтая навіна існавання. Мы павінны гэта ім аб’явіць.
Евангелле прыпамінае нам, што любоў – гэта адданне сябе іншым. Святы Дух дае такую моц, яна не з нас самых, і гэта сапраўды добрая навіна! Ужо магу аддаць сваё жыццё, бо яго атрымаў навекі. Гэта таямніца бескампраміснай веры, якую паказалі нашыя браты ў Іране, Іраку, Кітаі, Паўночнай Карэі, ці ў Нігерыі. Яны не адракліся ад любові да Хрыста. Аддалі сваё жыццё, не адкінулі краевугольнага каменя – наадварот, на Ім пабудавалі сваё жыццё. Давайце і мы будзем прасіць аб ласцы мучаніцтва, аб ласцы бескампраміснай веры.
І яшчэ адно. Памятайма ў нашых малітвах аб сваіх пастырах, каб былі добрымі распарадчыкамі ласкі Божай.
кс. Славамір ЛАСКОЎСКІ