3 мая
5 — я Велікодная Нядзеля, год В
Простая дарога
1 чытанне — Дз 9, 26-31.
Пс 22 (21), 26b-27, 28 і 30.
2 чыт. — 1 Ян 3, 18-24.
Евангелле — Ян 15, 1-8.
“Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас” (Ян 15, 4)
Ці сапраўды Касцёл існуе для грэшнікаў? Сёння на гэтую тэму даведаемся яшчэ болей: гэта – месца для ворагаў Евангелля, для ворагаў самога Бога! У Дзеях Апосталаў сустракаемся з гісторыяй навяртання Саўла. Не хочацца верыць, што стаў вучнем Хрыстуса. Канешне, многа паслядоўнікаў той “дарогі” пацярпелі ў выніку руплівых пераследванняў з рукі Саўла. У яго асобе бачым невытлумачальную і незразумелую для нас любоў Хрыста. Толькі Варнава пераканаў супольнасць Касцёла ў сапраўдных і шчырых інтэнцыях нованавернутага праследавацеля. Пасля таго, як рухнула камуністычная сістэма, у нашых парафіяльных супольнасцях многа такіх “Саўлаў”. Дзякуем Богу за іх, для нас гэта вялікі дар і дапамога ў разуменні дзеяння Святога Духа. Як можам навучыцца любіць – не словам і языком – а ўчынкамі і праўдаю без прысутнасці ворагаў Касцёла ў нашай гісторыі? Намерам Хрыстуса з’яўляецца не выхаванне тэарэтыкаў веры, а сапраўдных практыкаў – тых, хто выконвае Яго прыказанні. І выканаць гэта можа толькі той, хто трывае ў Богу і ў кім трывае Бог! Гэта яшчэ раз Добрая Навіна – не я, але Хрыстус ва мне! Няма пладоў на галінках, якія не растуць на вінаграднай лазе. Штодзённая малітва, штотыднёвая святая Імша, раз у месяц прыняцце сакрамэнту прымірэння – гэта, паводле кс. Пянткоўскага, былога пробашча з Мядзведзічаў, і ёсць дарога трывання ў Хрыстусе. Дарога простая, для “Божых прастачкоў”.
10 мая
6 — я Велікодная Нядзеля, год В
Яго задумы і воля
1 чытанне — Дз 10, 25-26. 34-35.
Пс 98 (97), 1. 2-3ab. 3cd-4.
2 чыт. — 1 Ян 4, 7-10.
Евангелле — Ян 15, 9-17.
“Бог не зважае на асобу” (Дз 10, 34)
На працягу ўсёй эпохі дзеяння Касцёла язычнікі сустракалі адчыненыя дзверы. Таму Пётр ідзе сёння з Евангеллем да Карнэлія. І сёння наш душпастырскі клопат павінен быць скіраваны да тых, хто не ведае яшчэ Хрыста. Святы Дух заўсёды ўзбуджае дух місіянерскі, сведкаю чаго з’яўляецца сёння Пётр. Яго паслядоўнікі, асабліва ў апошнія дзесяцігоддзі, паказваюць вялікі апостальскі запал. Прыпамінае нам св. Ян Апостал, што любоў павінна спадарожнічаць нашаму абвяшчэнню Евангелля для язычнікаў. Толькі такое жыццё пераконвае слухачоў у сапраўднасці і чысціні намераў Касцёла. А даецца ўсё дарма, без нашых заслуг, бо Хрыстус першы палюбіў нас. І да таго ж стаў ахвяраю, уміласціўлёнаю за нашыя грахі. Нямым сведкаю таго здарэння з’яўляецца “Турынская плашчаніца”, выстаўленая ў гэтыя дні для ўсеагульнага сузірання. Прыпамінае яна аб тым, што любоў, якою палюбіў нас Езус, ёсць абсалютная і безумоўная, бо Ён аддаў за нас сваё жыццё.
Гэта найважнейшае і ў пэўным сэнсе “адзінае” прыказанне. Яно абумоўлівае ўсё нашае жыццё і ўсю нашую місію. Без той “любові ад Плашчаніцы”, аж да пралівання крыві, няма сведкаў змёртвыхпаўстання. Гэтая любоў прызвала нас рабіць тое, што наш Пан зрабіў. Чытаем у “Традыцыі Апостальскай”, напісанай на пачатку III в., рэкамендацыі для веруючых: “Салдат, які знаходзіцца пад уладай, няхай не забівае чалавека. Калі яму прыказваюць, няхай не выконвае таго і не дае клятвы. Калі ён гэтага не хоча, няхай будзе адлучаны”. Засада ўчынкаў заўсёды абавязвае хрысціян паступаць, згодна з сумленнем. Ніякая ўлада не мае права прымушаць кагосьці выконваць учынкі супраць Божых прыказанняў. Цаною адмовы часта бывае смерць. Сёння гэта можа быць смерць “сацыяльная” – звальненне з працы, выгнанне з краю, астрог або іншыя формы абмежавання.
Напрыканцы Евангелля Езус прыпамінае нам аб тым, што гэта Ён нас выбраў, не звяртаючы ўвагі на нашыя ўчынкі. Гэта Яго задумы і воля, за гэта Яго павінны благаславіць. Часта Бог выбірае тых, хто, у вачах свету, з’яўляецца “нікім”. З погляду людзей, слабыя, але моцныя Богам, з’яўляюцца сапраўднымі сведкамі любові з “Плашчаніцы”.
17 мая
7 — я Велікодная Нядзеля, год В
Праліваючы кроў за веру
1 чытанне — Дз 1, 15-17. 20а. 20с-26.
Пс 103 (102), 1-2. 11-12.
2 чыт. — 1 Ян 4, 11-16.
Евангелле — Ян 17, 11b-19.
“Хутка прыдзе, а мая ўзнагарода са Мною” (Ап 22,7)
21 студзеня 1794 г., ідучы па слядах св. Сцяпана, тысячы като-лікаў з Вандэі, ва Францыі, аддалі жыццё за веру. Адзін з камандуючых рэвалюцыйнай арміі генерал Франсуа-Жозеф Вэстэрман рапартаваў Народнаму Камітэту Бяспекі: “Няма ўжо Вандэі. (…) Памерла пад нашай вольнай шабляй разам са сваімі жанчынамі і дзецьмі. Пахаваў яе ў балотах і лясах пад Савэнам. Як мне расказвалі, падушыў тых дзяцей капытамі коней, забіў жанчын, якія – менавіта яны – не будуць нараджаць бандытаў (…)”. Генерал нічога не перабольшыў. У хуткім часе распачаліся судовыя працэсы, поўныя пародзіі. У г. Лаваль была ўстаноўлена гільятына і загінулі на ёй 359 мужчын і 102 жанчыны. 14 ксяндзоў з той жа дыяцэзіі былі асуджаны на смерць. Працэс вёў нейкі Волклер, былы ксёндз, адступнік. Калі 21 студзеня 1794 г. прывялі да гільятыны ксяндза Пэллі, ён звярнуўся да прысутных: “Вучылі мы вас, як жыць; цяпер вучыцеся ад нас, як паміраць”. Пад канец страцілі ксяндза Турпіна дэ Курмера. Кладучы галаву пад гастрыё гільятыны, цалаваў кроў сваіх забітых папярэднікаў і спяваў “Тэ Дэум”. Папа Піо ХII 19 чэрвеня 1955 г. беатыфікаваў 14 духоўных асоб з Лавалю.
Касцёл – сведка змёртвыхпаўстання на працягу многіх пакаленняў, асабліва дзякуючы адвазе мучанікаў. У 2014 г. каля 100 000 000 хрысціян былі падвергнутыя розным пераследаванням. Кожны з нас можа быць пакліканы да таго, каб даць такое важнае сведчанне, як святы Сцяпан. Мучанікі вераць, што іх узнагарода ёсць у Пана, яны амываюць свае шаты, праліваючы кроў за веру. Адзіны матыў, які іх да гэтага прыцягае, – гэта любоў, якою першым палюбіў іх Езус Хрыстус.
24 мая
Нядзеля Спаслання Духа Святога, год В
Пытанні ў сэрцы
1 чытанне — Дз 2, 1-11.
Пс 104 (103), 1ab і 24ac.
29bc-30. 31 і 34. і 28cd і 29.
2 чыт. — 1 Кар 12, 3b-7.12-13.
Евангелле — Ян 20, 19-23.
Дух Святы, наймелійшы з гасцей.
Кім ёсць Дух Святы? У Крэда вызнаём з веры: “Веру ў Духа Святога, Пана і Жыватворцу”. Першая праўда, якую вызнаём у Крэда, гэта тое, што Дух – Святы, што ён – Пан. Гэта азначае, што ён сапраўды ёсць Бог, так, як і Айцец, і Сын, з нашага боку, ёсць прадметам таго самага акту пакланення і ўсхвалення, якія накіроўваем да Айца і Сына. Увачавідкі, Дух Святы ёсць трэцяя Асоба Святой Тройцы. З’яўляецца вялікім дарам Змёртвыхпаўсталага Хрыстуса, які адчыняе нашыя помыслы і сэрца на веру ў Езуса як Сына, пасланага праз Айца і суправаджаючага нас да прыязнасці, да камуніі з Богам.
Святы Дух ёсць невычэрпнаю крыніцаю Божага жыцця ў нас.
Калі гаворым, што хрысціянін – чалавек духоўны, разумеем гэта літаральна: хрысціянін думае і паступае, як яму ўказвае Бог, згодна з Духам Святым. Сёння святы Павел гаворыць, што “ніхто не можа сказаць без дапамогі Святога Духа: Панам ёсць Езус”. А ці думаем, згодна з Богам? Ці паступаем, згодна з Богам? А можа дазваляем, каб кіравалі намі столькі іншых спраў, якія зусім не Божыя? Кожны павінен паставіць гэтае пытанне ў сваім сэрцы!
З Ліста да Рымлянаў чуем, што розныя дары ласкі прыгатаваныя для нас ад Пана. “Вада жывая”, Святы Дух, дар Змёртвыхпаўсталага, які жыве ў нас, нас ачышчае, асвячае, аднаўляе, пераменьвае, бо робіць нас удзельнікамі жыцця самога Бога, які ёсць любоў. Апостал Павел гаворыць, што жыццё хрысціянскае ажыўляецца праз Дух Святы і праз яго плады, якімі з’яўляюцца: любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, спагадлівасць, дабрыня, велікадушнасць, вернасць, лагоднасць, сціпласць, умеркаванасць, чыстасць. Зноў узнікае пытанне: ці гэта – маё?
Бясцэнным з’яўляецца дар, які Дух Святы ўносіць у нашае сэрца: жыццё самога Бога, жыццё сапраўдных дзяцей, рэляцыя даверу, вольнасці і пераканання ў любові і міласэрнасці Бога. Аб тым нам гаворыць Езус у сённяшнім Евангеллі. Акрамя таго, Святы Дух вучыць нас глядзець вачыма Хрыста, пражывання жыцця так, як пражываў яго Хрыстус, разумення жыцця так, як разумеў яго Хрыстус.
31 мая
9 -я нядзеля звычайная, год В
Урачыстасць Най-свяцейшай Тройцы
Чыніце справы міласэрнасці!
1 чытанне — Дрг 4, 32-34. 39-40.
Пс 33 (32), 4-5. 6 і 9. 18-19.
2 чыт. — Рым 8, 14-17.
Евангелле — Мц 28, 16-20.
“Слова Тваё, Пане, ёсць праўда” (Пс 33 (32), 4)
Адно з прыказанняў, якое засталося забытым, – гэта святкаванне дня шабату. Ніхто не мае права працаваць у нядзелю, нават жывёлы, гаворыць Бог у Кнізе Другазаконня.
Камуністычная сістэма, якая “імкнулася” прынесці вольнасць, кінула людзей у няволю працы. Раней гэта зрабілі крывапійцы капіталізму. Да сённяшняга дня большасць людзей працуюць у нядзелю. Але не хоча наш Айцец, каб мы былі нявольнікамі працы, маем годнасць дзяцей Божых. Пакліканыя да неба. У нядзелю павінны ўжо тут, на зямлі, святкаваць вечнасць. Бог нас абараняе перад спакусаю зняволення працаю. І чалавек да такой ступені можа стацца залежным ад гэтай спакусы, што не зможа ўжо адпачываць, страціць смак быць вольным.
Часта ў мяне пытаюць людзі: а што можна рабіць у нядзелю? Адказваю словамі Езуса з сённяшняга Евангелля: “Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату”. Заўсёды можна чыніць справы міласэрнасці, як і Хрыстус аздараўляў усохлую руку церпячаму чалавеку.
кс. Славамір ЛАСКОЎСКІ