7 чэрвеня
10 — я нядзеля звычайная, год В
Услухацца ў голас Айца
1 чытанне — Быц 3, 9-15.
Пс 130 (129), 1-2. 3-4. 5-6ab. 6с-8.
2 чыт. — 2 Кар 4, 13 – 5,1.
Евангелле — Мк 3, 20-35.
“Дзе ты?”
Гэтае пытанне – “Дзе ты?” – можа падацца абсурдным і недарэчным. Бо толькі малое дзіця або чалавек хворы на розум можа мець праблемы з акрэсленнем месца, у якім знаходзіцца. Ці гэтае пытанне скіравана да кожнага з нас? Калі так, то якое яго пасланне?
У “Канстытуцыі аб святой літургіі” Другога Ватыканскага Сабору, у пункце 7, Касцёл навучае, што “Хрыстус заўсёды прысутнічае ў сваім Касцёле, менавіта ў чынах літургічных (…). Прысутнічае ў сваім слове, калі ў Касцёле чытаецца Святое Пісанне, затым Ён сам гаворыць (…), бо сам абяцаў: “Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я сярод іх” (Мц 18,20).
З гэтага вынікае адно вельмі важнае пасланне: гэта сам Бог – тут і цяпер – накіроўвае да мяне пытанне “Дзе ты?”. Пытанне, якое ставіць той, хто заклапочаны аб другой асобе, да чыйго лёсу ён неабыякавы. Бог, як добры Айцец, няспынна шукае сваіх дзяцей. Яго клопат аб знахо-джанні загубленых – выражэнне Яго глыбокай любові да кожнага з нас.
Як расшыфраваць гэтае пытанне сёння? Здавалася б, што скіравана яно да тых, хто знахо-дзіцца па-за супольнасцю Касцёла, хто загублены ў сваёй гісторыі, як “сын марнатраўны”. Пастараймася больш уважліва ўслухацца ў голас Айца.У восьмым раздзеле Евангелля, паводле св. Яна, ёсць вельмі цікавы дыялог Езуса з “пабожнымі і веруючымі габрэямі”. У пэўны момант Езус звяртаецца да іх: “Чаму не разумееце мовы Маёй? Бо не можаце слухаць слова Майго. Ваш айцец д’ябал, і вы хочаце выконваць жаданні бацькі вашага. (…) Хто ад Бога, той слухае Божыя словы. Вы не слухаеце, бо вы не ад Бога”.
Можна, канешне, як Адам і Ева, пасля граху першароднага, схавацца ад Бога за незлічоную колькасць “кустоў і дрэў”. Тыя “кусты і дрэвы” – не толькі грахі бачныя, наадварот, часта і не бачныя, часта гэта пастава чалавека рэлігійнага, які не “слухае Бога”, не шукае і не прымае таго, што ёсць воля Божая.
Псалміст заклікае нас, каб ус-кладалі надзею на Бога, на Яго слова. А Яго слова – гэта не толькі тэкст Бібліі, але таксама факты і падзеі нашага жыцця. І тут разыгрываецца драма. Часта ў жыцці атрымоўваем “беды часу” – вынік слова, што паходзіць ад дэмана. Тое, што цяжкае, што не ўваходзіць у нашыя планы, расцэньваем як глупства і недарэчнасць.А Езус, пра каго гаворым, што “адышоў ад сябе”, сёння гаворыць нам: “Мая маці і браты мае – тыя, хто выконвае волю Божую”.
І дзе я цяпер? Ці ў працэсе выканання волі Божай, ці , можа, схаваны за тым, што непрыемна Богу, у сваіх планах і думках на жыццё, якое не закладае “глупства” крыжа?
14 чэрвеня
11 — я нядзеля звычайная, год В
Каб не збіцца з дарогі
1 чытанне — Эзх 17, 22-24.
Пс 92 (91), 2-3. 13-14. 15-16.
2 чыт. — 2 Кар 5, 6-10.
Евангелле — Мк 4, 26-34.
“Добра дзякаваць Пану” (Пс 92,2)
У сэрцы Божага чалавека заўсёды ёсць удзячнасць, якая выражае перакананасць і любоў Бога, які клапоціцца аб сваім тварэнні. Яму блізкае і мілае тое, што малое, што нічога не значыць.
Сённяшнімі чытаннямі Бог прыніжае тых, хто хоча бачыць “поспех” у касцёльнай статыцы. У кожным пакаленні, быццам нанава, пачынаецца будаванне Валадарства. А яно, як прыпамінае нам Хрыстус, падобнае да зярнятка гарчыцы ці да маленькай кедравай ветачкі. Наш клопат у тым, каб трываць пры Богу, як расліны, пасаджаныя ў “доме Пана”. Рост і ўраджай дае Бог. У цярплівасці будзем уладальнікамі Валадарства. Давяраем Божаму провіду, пілігрымуем, вядучыя верай. На гэтай дарозе кормімся словам Божым і сакрамэнтамі, каб не стаміцца і не зблудзіць. Пілігрым у дарозе не шукае жыцця стабільнага, ён адкрыты на перамены і нечаканыя здарэнні.
Святы Павел прыпамінае, што кожны з нас стане перад судом Хрыста, каб атрымаць “згодна з тым, што ён рабіў, жывучы ў целе: добрае ці дрэннае” (2 Кар 5,10). Калі трываем у “доме Пана”, то знаходзімся ў супольнасці Касцёла, перакананыя, што і “ў старасці будзем плоднымі” (Пс 92,15). Калі будзем імі – “любоўю, радасцю, спакоем, доўгацярплівасцю, дабрынёй, вернасцю, лагоднасцю, далікатнасцю, стрыманасцю” (Гал 5,22), можам мець упэўненасць у міласэрнасці Пана, які нам скажа: “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меньшых, вы Мне зрабілі” (Мц 25,40), таму “Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, пры-міце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету” (Мц 25,34). Якая цудоўная перспектыва нашага пілігрымавання, як жа за яе не дзякаваць Пану!
21 чэрвеня
12 — я нядзеля звычайная, год В
Для каго жывём?
1 чытанне — Ёв 38, 1. 8-11.
Пс 107 (106), 23-24. 25-26. 28-29. 30-31.
2 чыт. — 2 Кар 5, 14-17.
Евангелле — Мк 4, 35-41.
“Бог ёсць Панам гісторыі”
Свет навукі, яшчэ раз, у кожным новым пакаленні імкнецца адгадаць таямніцу Творцы. Нялёгка адгадаць, якім спосабам паўстаў і функцыяніруе Сусвет. Да гэтай пары ведаем толькі тэорыю, ніякіх навуковых дагматаў. Калі пачынаем браць у рукі Біблію, пазнаём Таго, хто ўсё стварыў. Ён адкрывае нам “таямніцу” свайго замыслу. Сёння з Кнігі Ёва даведаемся, што Бог ставіць межы ўсякім жывёлам: “Дагэтуль дойдзеш, не далей. Тут зламаеш свае ганарыстыя хвалі”. Дагэтуль – і ні кроку далей.
Падобныя плаціны ў гісторыі неаднакратна ставіў Бог ад усякага зла. Такія плаціны ставіць і ў нашай асабістай гісторыі. Дагэтуль – і ні кроку далей: прыходзіць хвароба, неспадзяваны выпадак, якаясьці здрада, ці яшчэ што, і той, хто быў вялікім у вачах свету, падае і траціць усё. Успомнім гісторыю Леніна, Сталіна, Гітлера, Полпота. Падаюць дыктатары, і падае ўся магутнасць, падае чалавек. Божая цярплівасць мае межы. Прыпа-мінае нам святы Павел, што любоў Хрыста прызывае нас да навяртання. А што значыць да навяртання? Каб не жыць для сябе, а толькі для Таго, хто за нас памёр і змёртвыхпаўстаў. Іншымі словамі, шукаю і выконваю волю Бога. Гэта – прырода новага стварэння, якая народжана Святым Духам.
У Евангеллі сустракаем Хрыстуса, які пацвярджае, што ёсць Гаспадаром ўсякіх жывёлаў. Таксама і тых, якія бушуюць у нашым сэрцы, у нашым целе. Добра дасведчыць уласную слабасць і страх паводле тых “жывёльных інстынктаў”. Ніхто іх не ўцішыць, толькі Ён. І гэта прыгожае выпрабаванне веры, якая нас навучае, дзе шукаць паратунку.
28 чэрвеня
13 — я нядзеля звычайная, год В
Не будзьце гледачамі
1 чытанне — Мдр 1, 13-15; 2,
23-24.
Пс 30 (29), 2 і 4. 5-6. 11 і 12а і 13b.
2 чыт. — 2 Кар 8, 7. 9. 13-15.
Евангелле — Мк 5, 21-43.
“Бог не ўчыніў смерці” (Мдр 1,13)
Лета, перспектыва прыгожага адпачынку, а тут Бог ставіць перад нашымі вачыма перспектыву смерці, для чаго? Кніга Мудрасці прыходзіць да нас з дапамогаю пошуку адказу. Для хрысціян існуе радасная перспектыва – мы створаныя для несмяротнасці! І калі думаем аб смерці, то выключна ў вымярэнні экзыстэнцыяльным – смяротны яд яе ўлады над чалавекам мае свае карэнні ў граху!
Таму на час летняга адпачынку Бог засцерагае нас, каб мы праз уласную глупоту і неадпаведныя паводзіны не страцілі жыцця. Для хрысціяніна жыццё азначае вечную радасць з Богам. Няма падзелу паміж верай і штодзённым жыццём. Мець жыццё азначае тое самае, што асвячальную ласку. Страта ласкі – гэта страта жыцця. І першае, і другое можа быць удзелам кожнага з нас.
У Евангеллі Хрыстус аб’яўляецца як той, у каго заўсёды можам шукаць паратунку. Толь-кі Ён ёсць Панам жыцця і смерці. У нікім іншым паратунку няма. Сёння чуем, як адна жанчына дванаццаць гадоў цярпела ад страты крыві, многа цярпела ад дактароў, страціла ўсю ўласнасць, а нічога не дапамагло. Кожны з нас мае свае “дванаццаць гадоў” пошукаў і цярпенняў. У Бога многа цярплівасці ў адносінах да нашых дарог, часта крывых, якія вядуць невядома куды. Аздараўляючае спатканне з Езусам можа быць ў розных акалічнасцях: можа бацька ці маці прасілі аб нашым навяртанні, а можа сам Збаўца прайшоў каля боку і дазволіў дакрануцца да Яго шат. “Таямніцы” нашага аздараўлення – цудоўныя! У часы публічнай дзейнасці Езуса нельга было аб гэтым гаварыць, бо яго “час” яшчэ не надышоў. Сёння можам радасна сведчыць аб сіле любові Змёртвыхпаўсталага ў адносінах да грэшнікаў.
Сёння, магчыма, акурат і ёсць той дзень, калі для некага з нас скончыцца “дванаццаць гадоў” цярпення, дастаткова толькі “дакрануцца” да Хрыстуса ў сакрамэнтах. Недастаткова прыйсці да касцёла і быць “гледачом”, павінны ўсім сэрцам, усёю сваёю істотаю ўдзельнічаць у гэтай пасхальнай Літургіі.
Адпачынак можа прынесці нам многа радасці, але ёсць, аднак, адна ўмова – жыццё ў ласцы, бо мы створаныя для несмяротнасці.
кс. Славамір ЛАСКОЎСКІ