6 верасня
23 — я нядзеля звычайная, год В
Будзьце падтрымкаю адзін другому
1 чытанне — Іс 35, 4-7а.
Пс 146 (145), 7. 8-9а. 9bc-10.
2 чыт. — Як 2, 1-5.
Евангелле — Мк 7, 31-37.
“Скажыце слабым душою: будзьце мужнымі, не бойцеся, Пан прыйдзе…” (Іс 35, 4).
Прарок Ісая атрымаў ад Бога вельмі важнае заданне: несці надзею слабым, быць духоўнаю апораю для тых, хто перажывае цяжкасці на сваіх жыццёвых дарогах. Гэтае заданне ёсць невымерна цяжкім, бо ў жыцці часта складваецца так, што той, хто павінен несці надзею слабым, – сам патрабуе надзеі. Той, хто павінен падтрымаць слабых, – сам трымаецца слаба, хто мае аздараўліваць, – сам хворы і патрабуе аздараўлення. У такім кантэксце з’яўляецца парада св. Якуба, які ў сваім лісце заахвочвае нас, каб мы ў штодзённым крочанні за Езусам не звярталі ўвагі на знешняе, а на тое, што ёсць унутры кожнага з нас, гэта значыць на прысутнасць Бога ў нашых сэрцах. Ён ёсць Тым, хто заслугоўвае шанавання, любові і павагі, і менавіта Ён – Каторы жыве ў нас, з’яўляецца крыніцаю сілы для нашай працы, нашых дзеянняў, нашых штодзённых змаганняў з усялякімі цяжкасцямі і ўзвышэння па сходах шэрай штодзённасці да месца спаткання з Айцом ў Яго Валадарстве. Яго прысутнасць у бедным і ў багатым звяртае ўвагу на “роўнасць” людзей, на іх роўнасць у правах і абавязках. Таму таксама вельмі важнымі з’яўляюцца для нас словы св. Паўла, які сваім заахвочваннем “адзін другога цяжар насіце” (Гал 6,2) напамінае нам, што ў жыцці нельга чакаць, каб нехта нас пастаянна суцяшаў, пад-трымліваў наш дух і ўзмацняў. Сёння можа быць так, а заўтра станецца, што я павінен буду заняць пазіцыю таго, хто дае! Кожны з нас у сённяшнім свеце павінен быць сапраўдным “голасам Бога”, які нясе падтрымку!
13 верасня
24 — я нядзеля звычайная, год В
Не бойцеся рызыкаваць
1 чытанне — Іс 50, 5-9а.
Пс 116А (114), 1-2. 3-6. 8-9.
2 чыт. — Як 2, 14-18.
Евангелле — Мк 8, 27-35.
“Вера без учынкаў мёртвая” (Як 2, 15).
“Хто хоча захаваць сваю душу, той страціць яе, а хто страціць яе дзеля Мяне і Евангелля, той захавае яе” (Мк 8, 35).
Сённяшняя літургія слова ёсць своеасаблівы працяг тэкстаў з папярэдняй нядзелі. Тыя заданні ўзмацняюць бліжніх добрым словам, духоўнае падбадзёранне словамі святога Якуба ўздымае на чарговы ўзровень учынення канкрэтнай дапамогі. Ад добрых слоў мы павінны перайсці да дзеянняў, да рэальнай актыўнасці, маючы мэтаю ўтаймаванне нядолі другога чалавека.
Святы Якуб дасканала ведаў, што гэтая сфера нашага хрыс-ціянскага жыцця праз усе вякі будзе перажываць цяжкасці, бо заўжды лягчэй сказаць, чым рэальна нешта зрабіць. Таму заахвочваю ўсіх вельмі лаканічным прыкладам, каб галоднага – накарміць, спрагненага – напаіць, вандроўніка – пусціць у хату. Заахвочваю да таго, што Касцёл увёў у Катэхізм пад назваю “учынкі міласэрнасці для цела бліжняга”. Звычайна д’ябал хоча перашкодзіць развіццю Божай справы і падсоўвае нам думку, што “той, хто патрабуе”, не ёсць тым, за каго сябе выдае, што нібыта ён хоча нас ашукаць, або яшчэ думку, што, калі яму дапаможам, падзелімся з ім матэрыяльнымі дабротамі, то тады не хопіць нам самым. Кожны з нас многа разоў мог пераканацца ў тым, што такія думкі ў нас са-праўды з’яўляліся. Бог, аднак, не застаўляе без адказу тыя спакусы і ў сённяшнім Евангеллі. Езус гаворыць нам канкрэтна, што, калі мы абмяжуемся толькі захаваннем “свайго”, страцім усё, а калі будзем здольнымі рызыкнуць і падзяліцца, аддаць тое, што маем, другім людзям, тады будзем здольнымі і захаваць, і нават памножыць. Няхай большы давер Богу і Яго міласэрнай апецы заўжды абуджае нас да актыўнага ажыццяўлення хрысціянскай сувязі з людзьмі, якія вакол нас.
20 верасня
25 — я нядзеля звычайная, год В
Пакліканне – знак Божай Міласэрнасці і даверу
1 чытанне — Мдр 2, 12. 17-20.
Пс 54 (53), 3-4. 5. 6 і 8.
2 чыт. — Як 3, 16 – 4,3.
Евангелле — Мк 9, 30-37.
У мінулую нядзелю мы чыталі пра тое, як вучні пазналі ў Езусе з Назарэту абяцанага Богам у Старым Запавеце Месію – Хрыста. З гэтага моманту мы можам заўважыць у Евангеллі ад Марка быццам бы дзве плыні. З аднаго боку, Езус усё больш адкрыта кажа пра свае будучыя пакуты, смерць і ўваскрэшанне ў Іерусаліме. Адначасова Яго вучні ці то не разумеюць, ці не хочуць разумець, бо часам яны занятыя чымсьці іншым.
У сённяшнім урыўку з Евангелля яны засяроджаныя на тым, хто з іх больш годны і важнейшы за астатніх. Іх амбіцыі знахо-дзяцца на супрацьлеглым полюсе ад таго, чаму вучыў і як жыў Езус. Ен Сам сказаў: “Сын чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу сваю дзеля выратавання многіх” (Мк 10, 45).
Такім чынам вучні паказалі, што яны знаходзяцца далёка ад сутнасці Евангелля і што ім яшчэ шмат чаму трэба навучыцца. Прычыны іх баязлівых паводзін у самыя трагічныя моманты крыжовай смерці Езуса знахо-дзяцца ў гэтай іх нясталасці.
Мы можам запытаць: “Чаму ж Езус іх паклікаў? Хіба не было ў Ізраілі лепшых людзей?» У пакліканні менавіта гэтых людзей мы бачым знак Божай міласэрнасці і даверу чалавеку. Вучні не былі дасканалымі, але яны засталіся з Езусам не толькі пры жыцці, але і пасля Яго смерці і ўваскрэшання. Яны былі здольныя выправіць свае памылкі і вучыцца Евангеллю ўсё сваё жыццё.
27 верасня
26 — я нядзеля звычайная, год В
Той, хто выконвае волю Божую, трывае давеку
1 чытанне — Ліч 11, 25-29.
Пс 19 (18), 8. 10. 12-14.
2 чыт. — Як 5, 1-6.
Евангелле — Мк 9, 38-43. 45. 47-48.
Цвёрдыя словы Евангелля ад Марка павінен усвядоміць кожны веруючы і ўвогуле кожны чалавек. Гэта словы папярэджання пра наступствы чалавечых паводзін. Аднойчы нехта сказаў, што калі б Гасподзь раз на сотню гадоў аб’яўляў спіс выратаваных, то людзі жылі б значна лепей. Аднак, не будучы перакананым канчаткова, што яго чакае пасля смерці, чалавек неаднаразова адступае ад Бога па розных прычынах.
Асноўнай прычынай адступлення з’яўляецца спакуса, якая прыводзіць у далейшым да грахоўнага заняпаду чалавека. Святы Ян так кажа пра спакусу: “Бо ўсё, што у свеце: пажаднасць плоці, пажаднасць вачэй і пыха жыццёвая не ад Айца, але ад свету. І свет змяняецца, і пажаднасць яго, а хто выконвае волю Божую, трывае давеку” (1 Ян 2, 16-17). Менавіта такому шырокаму погляду на жыццё вучыць нас вера. Жыццё – гэта не толькі момант радасці, які зараз перажываеш. Жыццё не бывае скончана смерцю, таму яго трэба пражыць як мага лепей. Часам перамога над спакусай патрабуе ад нас такіх вялікіх намаганняў і ахвяры, што нам здаецца, быццам мы губляем частку сябе. Але побач з Езусам мы ўбачым, што для нас карысна і што вядзе нас да шчасця.
Падрыхтаваў
а. Дарый ПЕЛЯК, SVD.