1 лістапада
Урачыстасць Усіх Святых,год В
Як Ён святы
1 чытанне — (сш.16) Ап 7, 2-4. 9-14.
Пс 24 (23), 1-2. 3-4ab. 5-6.
2 чыт.- 1 Ян 3, 1-3.
Евангелле — Мц 5, 1-12а.
“Паглядзіце, якою любоўю адарыў нас Айцец”
Ёсць дзень, калі Касцёл радуецца жыццю Ўсіх Святых, якія да нашых часоў даюць нязломнае сведчанне аб тым, што любоў, атрыманая ад Айца, ёсць важнейшая за ўсё астатняе. Менавіта з-за яе і для яе кожны са святых жыў і працаваў для Пана. Таму ў працэсе беатыфікацыі трэба перш за ўсё даказаць фактычнае існаванне звышнатуральнай любові ў кандыдата на алтар. Прынцыпова такі працэс павінен датычыцца кожнага, хто называе Бога сваім Айцом. Гэта Ён нам дае настаўленне, каб былі святымі, як Ён святы.
Гэтая Ўрачыстасць паказвае нам незлічоную колькасць хрысціян, якія ў розных акалічнасцях мужна сведчылі аб Змёртвыхпаўсталым. Большасць з іх былі нязломнымі аж да самай мучаніцкай смерці. Таму з Кнігі Апакаліпсіс святога Яна чулі мы словы сведчання аб тых, (…) “хто прыйшоў з вялікага ўціску і абмыў шаты свае, і выбеліў іх у крыві Баранка”. Так, ніхто не мае большай любові, чым той, хто аддае жыццё сваё за сяброў сваіх. Для святых тым сябрам з’яўляецца Езус Хрыстус, а яны становяцца Яго сябрамі. Псалміст напамінае нам, што толькі “чалавек чыстых рук і чыстага сэрца” можа ступіць на гару Пана. І тады “(…) мы ўбачым Яго такім, які ёсць. Кожны па чарзе, хто ўскладае на Яго надзею, стане святым, падобна, як Ён святы”. Да святога месца вядзе нас Той, хто ведае дарогу правадыра. І гэта Баранак, забіты за нашыя грахі. Яго ахвяра, якая прынесла збаўленне, ёсць адзіная плата за нашыя грахі. Такую высокую цану за вызваленне нас з няволі дэмана заплаціў сам Пан.
Любоў Божая мае такую незвычайную моц, што робіць жыццё веруючых благаслаўлёным. Тым, хто абдорвае такім жыццём, ёсць Святы Дух. Ён “уносіць у нашае сэрца : жыццё самога Бога, жыццё праведных дзяцей, рэляцыю даверу, свабоды і перакананасці ў любові і міласэрнасці Бога (…) Святы Дух вучыць нас глядзець вачыма Хрыстуса, вучыць перажыванню жыцця так, як перажываў яго Хрыстус, разуменню жыцця так, як разумеў яго Хрыстус” (Папа Францыск).Аб тым, як жыццё святых разумеў Хрыстус, гаворыць нам сённяшняе Евангелле.Нам застаецца адзінае: даць шчыры адказ, наколькі маё жыццё благаслаўлёнае. Дарога ў супрацьлеглым накірунку вядзе не да святога месца, а толькі, на жаль, у пекла. Варта навяртацца і клапаціцца аб вялікай узнагародзе ў небе. Пацвяр-джаюць гэта сёння Ўсе Святыя.
8 лістапада
32 — я нядзеля звычайная, год В
Будзьце велікадушнымі
1 чытанне — 1 Вал 17, 10-16.
Пс 146 (145), 6с-7. 8-9а. 9bc-10.
2 чыт. — Гбр 9, 24-28.
Евангелле — Мк 12, 38-44.
“Гэтая бедная ўдава ўкінула болей за ўсіх” (пар. Мк 12, 43).
Ці можа беднасць быць багаццем? Супярэчнасць сама ў сабе, аднак у гэтай таямніцы схавана мудрасць Бога. Жывым сведчаннем гэтага Евангелля было жыццё святой сястры Мерыям, арабскай кармеліткі з Бэтлеему. Была вельмі беднай у сваім развіцці: непісьменная, неадукаваная, сястра другой катэгорыі. Заставалася да канца сястрою, але без вечных шлюбаў. Сама сябе называла “амаль нішто”. Часта паўтарала:“Пакора шчаслівая быццём нічым”. Праз яе Бог паказваў многа цудаў. Яна мела дар біялакацыі, чытала людзкія сэрцы, прадказвала.
Не трэба быць багатым, але вельмі бедным, каб на першае месца паставіць Бога. Натура “старога чалавека” так сканструявана, што заўсёды хоча быць “багацей” за Бога. Хто з нас мае паслухмянасць беднай удавы з Сарэпты.
Сама мела “нішто”, толькі крыху мукі і алею на сёння. Давяраючы прароку, яго слову, паслухмяная Богу, падзялілася гэтым “нічым” і стала сведкаю цуду.
У нашай супольнасці няма нікога, хто мог бы сказаць, што для іншага чалавека ў яго няма нічога. Хто думае наадварот – махлюе. Пан заахвочвае нас да велікадушнасці, каб усё сваё жыццё ахвяраваць Богу і бліжнім.
15 лістапада
33 — я нядзеля звычайная, год В
Сцежкі нашага жыцця
1 чытанне — Дан 12, 1-3.
Пс 16 (15), 5 і 8. 9-10. 11.
2 чыт. — Гбр 10, 11-14. 18.
Евангелле — Мк 13, 24-32.
“Сцеражы мяне, Божа, Табе давяраю”
У касцёльным мастацтве многія творцы імкнуліся наблізіцца да тэмы “Апошні Суд”. Шырока вядомыя абразы Рогіра ван дэр Вэйдэна, Ханса Мемлінга, Стэфана Лохнера, а таксама фрэскі Міхала Анёла. Кожны з іх на свой манер адкрываў перад намі таямніцу “апошняга дня”. Перадусім, указваючы на клопат з боку Айца аб збаўленні кожнага чалавека, Сын Божы ўжо ў хвале вяршыць суд справядлівы. Ён, які “злажыўшы раз і назаўсёды ахвяру за грахі, сядзіць па правіцы Бога”.
“Многія з тых, што заснулі ў праху зямлі, абудзяцца: адныя – для жыцця вечнага, другія – для ганьбы, каб быць назаўсёды адкінутымі. Таму псалміст заклікае: “Сцеражы мяне, мой Божа”, укажы мне сцежку жыцця, каб не зблудзіў. Жыццё, вернае Евангеллю, якое з’яўляецца дарогаю, што вядзе да Валадарства, скончыцца “вечнаю раскошаю” па правіцы Бога. Год літургічны памалу скончыцца, і нам патрэбна будзе засяродзіцца над справамі апошнімі: смерць, Суд Божы, неба або пекла. Дарога да неба можа яшчэ вясці праз чысцец, як вучыць нас Касцёл.
Святая Імша кожную нядзелю з’яўляецца своеасаблівым Судом Апошнім. Дазволім, няхай кожны раз Слова Божае абвінавачвае, давайце будзем навяртацца і чуваць. А той апошні дзень, калі прыйдзе, не будзе страшным, а наадварот радасным спатканнем з Міласэрным. І каб у той дзень мы пачулі: “Ідзіце, благаслаўлёныя ў Айца майго, уступайце ва ўладанне Валадарства, прыгатаванае для вас”.
22 лістапада
Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, год В
Дзе шукаць Валадарства Божае?
1 чытанне — Дан 7, 13-14.
Пс 93 (92), 1ab. 1с-2. 5.
2 чыт. — Ап 1, 5-8.
Евангелле — Ян 18, 33b-37.
“Валадарства Маё не з гэтага свету” (Ян 18, 36).
Дзе шукаць Валадарства, якое абяцаў нам Хрыстус? Бо яно ж не з гэтага свету! Ці гэта ўтопія, ці гэта рэальнасць? Хрыстус гаворыць, што Яго Валадарства ёсць Валадарствам праўды і жыцця, святасці і ласкі, справядлівасці і свабоды, любові і пакою (КК 36). Гэтае Валадарства рэалізуецца праз Касцёл, а канкрэтна – праз люд Божы. Яно сярод нас. Гэта сам Езус робіць “нас Валадарствам і капланамі Богу і Айцу свайму”. Без асабістых адносінаў з Ім, без Святога Духа, не можам узрастаць у гэтай таямніцы.Езус у канкрэтным выпадку гаворыць, што Валадарства Божае ў вас. Яго рост акрэсліваецца не барацьбою, а любоўю. Таму Пілат пачуў ад Езуса, што “калі б Маё Валадарства было з гэтага свету, слугі мае біліся б, каб толькі не быў выданы жыдам”.
І яшчэ адна вельмі важная асаблівасць Валадарства – праўда! Езус гаворыць: “Кожны, хто з праўды, слухае мой голас”. Чый голас слухаем мы? Ці сапраўды Бога?
Дзе відаць гэтае Валадарства? Знакам Божага Валадарства з’яўляюцца Святыя. Сёння ў чарговы раз патрэбна зрабіць выбар у бок Езуса, бо без Яго Валадарства Божае не існуе. Яно для святых грэшнікаў, якія добра разумеюць слова аб штодзённым навяртанні.
29 лістапада
I Нядзеля Адвэнту, год С
Езус папярэджвае
1 чытанне — Ер 33, 14-16.
Пс 25 (24), 4-5ab. 8-9. 10 і 14.
2 чыт. — 1 Тэс 3, 12 — 4, 2.
Евангелле — Лк 21, 25-28. 34-36.
“Дай мне пазнаць твае дарогі, Пане”
Распачынаем “Новы Год” жыцця Касцёла. Наша супольнасць мае свой каляндар і рытм жыцця, бо Валадарства Хрыстуса не з гэтага свету. Тыя, хто да Яго належыць, ходзяць, як кажа псалміст, Ягонымі сцежкамі. Тыя сцежкі прынцыпова адрозніваюцца ад тых, якімі крочыць свет. Навука Евангелля для пакорных грэшнікаў. Адзінае, яны шукаюць дапамогі ў Пана. На той дарозе Бог надзяляе слабых ласкаю, якая абавязкова патрэбна для збаўлення, як вучыць нас Касцёл. Дзякуючы ёй, распазнаём Божыя намеры, бо гэта Ягоная воля і яе выконваем раз ад разу ўсё больш дасканалым спосабам. Дапамагае гэтаму пастава чування – паважнага трактавання жыцця, паважнага выканання сваіх абавязкаў. Езус сёння папярэджвае нас, каб не былі лёгкадумнымі. Такія людзі вельмі проста трапляюць у сеці дэмана, які хоча адвесці нас ад збаўлення. Усё робім у духу любові, якая ёсць дарам Бога. Ужо сёння пачынаем прыгатаванні да Свята Божага Нараджэння. Разам з Хрыстусам надыходзіць Валадарства Божае, а гэта – мэта нашага зямнога вандравання.
кс. Славамір ЛАСКОЎСКІ