Хлеб штодзённы

2 чэрвеня
9-я звычайная
нядзеля
Падуладны
1 чытанне — 1 Вал 8, 41-43.
Пс 117 (116), 1-2.
2 чыт. — Гал 1, 1-2. 6-10.
Евангелле — Лк 7, 1-10.

“Бо і я чалавек падуладны, сам маю ў падначаленні жаўнераў, і кажу аднаму: “Ідзі”, і ідзе; а другому: “Прыйдзі”, і прыходзіць; а слугу майму: “Зрабі тое”, і робіць”.
Варта запомніць словы сот-ніка з сённяшняга Евангелля. З уладаю, падобна, як з ведамі, звязаны пэўныя  абавязкі (залежнасці). Часта здараецца, што той, хто мае меней улады, той найбольш гэтую ўладу дэманстрыруе. І наадварот – людзі, маючыя сапраўды  рэальную ўладу, стараюцца гэта не афішыраваць.
Сотнік з сённяшняга Евангелля сціпла заўважае, што падуладны…
Кожны з нас некаму падуладны тут, на зямлі, але перад усім  мы павінны памятаць, што ёсць “над намі” Нехта яшчэ.
Памятаючы пра Тога Некага, маем дастаткова праблем у штодзённым  жыцці. Увесь час існуе спакуса д’ябла – “не служыць” і “быць, як Бог” .
Гэтае жаданне самавызначэння велізарнае. Чалавек часта задае пытанне: “Для чаго нехта будзе мне дыктаваць, як жыць?”. Часта мы падобныя да дзяцей, якія не хочуць слухаць бацьку і перакананыя, што самі найлепей усё ведаюць! Неяк слухаў дыскусію маладых людзей на тэму маральных прынцыпаў. Адзін з дыскутуючых ў пэўны момант сказаў: “Чужаложства я не лічу грахом…”
І ў гэтым сама праблема. Чалавеку здаецца, што гэта ён сам вырашае: што ёсць добрае, а што – злое; што з’яўляецца грахом, а што – не (ці цяжкі грэх ці лёгкі – гэта таксама вызначае сам); што дазволена, а што – не; якія прыказанні важныя, а якія – меней важныя.
Чалавек забыўся, што над ім ёсць Нехта Той, хто гэтыя прыказанні даў яму да выканання, а не да выбару!
У  іншым выпадку ломім першае і найважнейшае прыказанне, спрабуючы заняць месца самога Бога. Таму варта памятаць пра словы сотніка і памятаць аб тым, што хоць (можа) і маем над кім якую-небудзь уладу, але самі – падуладны.


  9 чэрвеня
10-я звычайная
нядзеля
Значэнне цуду
1 чытанне — 1 Вал 17, 17-24.
Пс 30 (29), 2-4. 5-6.  11 і 12а і 13b.
2 чыт. — Гал 1, 11-19.
Евангелле — Лк 7, 11-17.

Апісанне ўваскрашэння дзіцяці з Наін – вельмі хвалюючы фрагмент Евангелля св. Лукі. Самотная ўдава страціла адзіны свой скарб, сваю надзею і прытулак – памёр яе адзіны сын. Можам уявіць сабе яе роспач… У чорных фарбах малюецца ўся яе будучыня, дзе няма нікога, хто б мог падтрымаць і абараніць. Памёр муж, а пасля  і адзіны сын.
Пан Езус злітаваўся над яе нядоляй. Сапраўды Боскім жэстам уваскрашае дзіця. І ўсё гэта на вачах вялікага натоўпу! Гучыць, як байка  са шчаслівым заканчэннем… Таксама і мы, людзі сучаснасці, паддаёмся той атмасферы.
Ніхто, аднак, не задае сабе пытання пра тое, якое значэнне меў той цуд! Той і іншыя. Эфект быў выдатны: памерлае дзіця ажыло, самотная маці  зноў  атрымала надзею, натоўп быў шакіраваны і захоплены ўражаннем! Выдатна! А што далей?  Ці змёртвыхпаўсталы хлопчык  ніколі не памрэ? Напэўна, так. На самой справе Біблія аб гэтым не ўспамінае, але, падобна, як усіх, так і яго чакаюць “рэчы астатнія”: смерць, Суд  Божы, неба або пекла.
Мусім усвядоміць сабе ў чарговы раз: Пан Езус нікому не абяцае  вечнага шчасця на гэтым свеце! Гэта нам хацелася б пажыць тут як мага даўжэй. Або мець тры жыцці, як у камп’ютарных гульнях.
Уваскрашэнне хлопчыка з Наін даказвала нам не аб тым, што пры дапамозе Пана Езуса  можам “уцячы” ад смерці і ўсялякіх непрыемнасцей і што нашае жыццё стане падобным да байкі. Нічога падобнага. Кожны з нас павінен прайсці праз смерць і многа, многа скрухі. Але гэты цуд даказаў, што Пан Езус  мае ўладу над смерцю. Ён перамог смерць і чакае нас з прыгатаваным  жыллём.
Гэтае ўваскрашэнне паказала таксама, што лёс чалавека, асабліва таго, хто найцяжэй  церпіць,  ніколі Богу  неабыякавы.


16 чэрвеня
11-я звычайная
нядзеля
Слёзы грэшнай
жанчыны
1 чытанне -2 Сам 12, 7-10. 13.
Пс 32 (31), 1-2. 5. 7. 11.
2 чыт. — Гал 2, 16. 19-21.
Евангелле — Лк 7, 36 – 8, 3.

Пан Езус не баяўся жанчын, не абыходзіў іх бокам і не ўцякаў.  Аднак сцэна з сённяшняга Евангелля можа шакіраваць. Уявіце сабе: нейкі прыём, абед,  госці, а сярод іх – Пан Езус.  Нагла з’яўляецца яна, жанчына, якую ўсе ведалі.  Ведалі  з нядобрага  боку.  Яна прыпадае да ног Езуса, аблівае іх слязамі, цалуе  і … пачынае  выціраць іх  валасамі!
Падазраю, што рэакцыя большасці з нас была б падобнай да рэакцыі фарысея, які запрасіў Пана: “Калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, хто  гэта жанчына, якая дакранаецца да Яго, што яна грэшніца”. Так. Чалавек прыстойны павінен адчуць сябе абураным.
На жаль, у чарговы раз Пан Езус не пахваліў “прыстойных”. І нават  наадварот – робіць  ім вымову.
Як гэта можа быць? Чаму мытнікі і грэшнікі маюць нейкія асобныя погляды? А што з намі, “прыстойнымі” людзьмі?
Грэшніца не мела нічога, што б магло абараніць яе. Усе бачылі, хто яна ёсць, але – што намнога важней – яна сама ведала, кім яна ёсць! Што ёсць грэшніца.  Яе шчырыя слёзы былі слязамі па ёй самой! Прыпомнім сабе восьмую стацыю  дарогі Крыжовай. Пан Езус звяртаецца да жанчын і просіць, каб не плакалі па Ім, лепей –  над сабою і над сваімі дзецьмі! Можа, аб гэтым тут рэч! Занадта часта плачам над чужым няшчасцем і над чужымі грахамі… Папросту не заўважаем сваіх грахоў і грахоў сваіх дзяцей. Такія мы “прыстойныя”!
Грэшніца не лічыла сябе “прыстойнай” – яе слёзы ліліся над яе ўласным грэшным жыццём.


23 чэрвеня
12-я звычайная
нядзеляsr-chleb-4 copy
Страціць жыццё
1 чытанне -Зах 12, 10-11. 13, 1.
Пс 63 (62), 2. 3-4. 5-6. 8-9.
2 чыт. — Гал 3, 26-29.
Евангелле — Лк 9, 18-24.

Пан Езус  у сённяшнім Евангеллі прапануе нам вельмі цяжкую прапанову: “Хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго. А хто загубіць жыццё сваё дзеля  Мяне, той уратуе яго”.
Ёсць з гэтым невялікая праблема, бо часта мы чуем, што людское жыццё  ёсць найвышэйшая каштоўнасць. Не ёсць.
Чалавек не ёсць “мерай усяго”, аб чым прыпамінаў нам Бэнэдыкт ХVI. Так і яго жыццё не з’яўляецца  найбольшаю каштоўнасцю. Што можа быць большай каштоўнасцю? Прыкладаў можна прывесці многа.  На штандарах Рэчы Паспалітай часта выпісваліся тры словы: Бог, Гонар, Айчына.
Усе становіцца зразумела.  Колькі маем мучанікаў! Людзей, якія абароне сваёй веры  прысвяцілі жыццё. Дастаткова ўспомніць гісторыю святога Андрэя  Баболі…
Падобна і з Гонарам і Айчынай. Жыць без Гонару – то ўжо лепей памерці! Жыць без Айчыны? Як  нявольнік? Большасць выбіралі смерць, баронячыся  перад акупацыяй.
Канешне, заўсёды былі такія, хто любою цаною бараніў толькі сваё жыццё і не быў гатовы  прысвяціць яго якой-небудзь іншай каштоўнасці. Напэўна, такіх былі мільёны. На жаль, гісторыя іх не ўспамінае… Гісторыя, людская памяць і ўдзячнасць заўсёды ўспамінаюць тых, хто аддаў сваё жыццё за каго-небудзь, або за што-небудзь! Шкада, што сённяшніх маладых людзей выхоўваюць не ў духу прысвячэння, а ў духу спажыўца і выкарыстальніка.
Забываемся пра тое, што “хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго. А хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго”.


30 чэрвеня
13-я звычайная
нядзеля
Пан Езус не кідае
маланак
1 чытанне -1 Вал 19, 16b. 19-21.
Пс 16 (15), 1-2a i 5. 7-8. 9-10. 11.
2 чыт. — Гал 5, 1. 13-18.
Евангелле — Лк 9, 51-62.

Пан Езус, ідучы ў Ерусалім, не быў прыняты ў пэўным самарытанскім мястэчку. Рэакцыя вучняў Якуба і Яна была хуткай: “Пане, хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба і знішчыў іх?”. Езус забараняе ім гэта…
Не  здзіўляюць  войны на рэлігійнай глебе і крыжовыя паходы, калі нават найбліжэйшыя апосталы мелі падобныя ідэі: калі хто не з намі і яшчэ працівіцца нашым замерам, то атрымае “навуку”. І не важна якім спосабам – ці пашлём на іх агонь з неба, ці затопчам коньмі, ці  пашлём агонь з мінамётаў. А можа, хопіць двух верталётаў і двух танкаў… Знішчым іх!
На свеце заўжды недзе ваююць нейкія людзі. На жаль, многія з іх думаюць, што робяць гэта ў імя Бога. Падобна мыслілі Якуб і Ян! Мыслілі, што, знішчаючы самарытанскае мястэчка, робяць прыемнасць Езусу. Гэта блуд! Гэта  сапраўды хворае мысленне!
Заўважым, што сам Пан Езус ні на кога не кідаў ні агню, ні маланак, ні грымотаў.  Мог гэта зрабіць – быў жа Богам! Але Ён не зрабіў гэтага нават у мэтах самаабароны, калі раз’юшаныя салдаты здзекаваліся над ім, катавалі і аплёўвалі. Ён маліўся за іх.
Калі здараецца, што не ведаем, як  у данай сітуацыі паступіць,  варта паставіць сабе пытанне: што на  маім  месцы  зрабіў бы Пан Езус?
Пан Езус ніколі не кідаў маланак…

кс. Яцэк ДУБІЦКІ,  СМ

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий