Хлеб штодзённы

6 снежня
II — я  Нядзеля Адвэнту, год С

 

Раўняйце сцежкі Яму

 

1 чытанне — Бар 5, 1-9.
Пс 126 (125), 1-2ab. 2cd і 4. 5-6.
2 чыт.- Флп 1, 4-6. 8-11.  
Евангелле — Лк 3, 1-6.

 

“Падрыхтуйце дарогу Пану” (Лк 3, 4)
Што б  ні  чыніў  Бог, усё складаецца ў пэўную гісторыю, якую мы, хрысціяне,  называем   гісторыяй збаўлення. Удзельнічаюць у ёй канкрэтныя людзі, з імёнамі і прозвішчамі. У сённяшнім Евангеллі чуем  пра Тыберыя цэзара, Понція Пілата, Херода, ці Філіпа. Ніхто з іх не ёсць постаць выпадковая.  Так і ў нашай асабістай гісторыі. Бог уваходзіць у яе  з Добрай Навіной,  чакаючы нашага навяртання, што  азначае  нашае ўступленне  ў  Божую гісторыю.
Маем прыгожы час Адвэнту – радаснага  прыгатавання  на прыйсце Пана. Сёння Ён ужо з намі, Адвэнт ужо дзейнічае.  Выкарыстайма  нашае  пакліканне  да Касцёла. Тут многа атрымліваеш задарма: шаты хвалы, плашч справядлівасці і карону  хвалы Спрадвечнага,  прыпамінае нам  аб  гэтым аўтар сённяшняга Псальму. Сам Бог хоча нам дапамагчы ў цяжкай справе навяртання, хоча ўзбудзіць  у  нашым сэрцы  радасць. Прарок Барух  прыпамінае нам, што намеры Пана  адносна нас поўныя справядлівасці і міласэрнасці.
Псалміст  дадае,  што свядомасць  дармаўшчыны змены жыцця падобна на сон, бо гэта  сапраўды такі вялікі цуд. Але гэта факт, і пацвярджае  яго што раз болей дасканалая любоў у нас і  паміж намі.
Што мы павінны  рабіць як парафія? Наракаць на тых, што з’яўляюцца повадам скандалу, не ходзяць да касцёла, не даюць грошы на  агульныя  складкі, што  разводзяцца,  п’юць? Што павінны  рабіць  мы,  адказвае  евангеліст Лука: “аб’ходзіць цэлую ваколіцу і аглашаць “хрост навяртання”. Павінны  шукаць “загубленую авечку”, як аб гэтым часта просіць Святы Айцец  Францішак. Гэта –  місія   кожнай  парафіяльнай  супольнасці!  Шукаць загубленую  авечку. Таму  не толькі клопат пра нашую пабожнасць, але таксама і клопат аб загубленых павінен  быць  зместам  нашага  жыцця, дай  Божа і гэтага штогадовага Адвэнту.


13 снежня
III  Нядзеля Адвэнту, год С

 

Што нам рабіць?

 

1 чытанне — Саф 3, 14-18а.
Пс Іс 12, 2-3, 4bcd. 5-6.   
2 чыт. — Флп 4, 4-7.
Евангелле — Лк 3, 10-18.

 

Абвяшчайма з радасцю, Бог сярод нас
Абсалютная  большасць  разважаюць пра Бога, змяшчаючы Яго недзе там, на нябёсах. Мала хто цешыцца  і  радуецца  ад усяго сэрца  таму,  што Ён сярод нас! Прарок   Сафоній  запрашае  нас  да такога  перажывання  Адвэнту. Для  людзей  веры  Старога Запавету, для “рэшты Ізраэля”, гэта быў бясспрэчны факт – абсалютная  прысутнасць Бога ў штодзённай гісторыі. Адвэнт  у  некаторым сэнсе ужо  спаўняецца. Таму  святы Павел заахвочвае, каб заўсёды  радавацца ў Пану. Бо хіба можа быць  іншая, больш  жыццярадасная прычына радасці? Калі Пан з намі, то  адгэтуль  вынікаюць  чарговыя  жыццёвыя паставы. І аб гэтым пытаюць сёння  у Езуса натоўпы,  мытнікі, таксама  салдаты: што нам рабіць? Няхай кожны з нас  паставіць  гэтае  пытанне  Езусу: “Што я павінен рабіць, Пане, калі  ты   прысутны  ў  маім  жыцці?”.
Адказ Езуса выдатны, гэта сапраўды  Добрая Навіна – трэба  прыняць хрост у Духу Святым.  Гэта значыць – Ён вам дапаможа. Тое, што  Я  хачу  ад  вас, не разлічана на вашыя сілы, Я ведаю, што вы  ўбогія.  Моц  да  жыцця Евангеллем  ёсць  ад  Бога, а не ад нас самых!  Таму  можна  заўсёды  радавацца. Праўда ў тым, што прынялі мы  многа святых сакрамэнтаў, якія з’ўляюцца крыніцаю атрымання  моцы Святога Духа.  Застаецца адказаць на пытанне: чаму  няма ў нас гэтай радасці? Што нас ахутвае і ахутвае смуткам?  Можа не паддаліся мы ўжо  працэсу малацьбы і не засталіся ачышчаныя  аж  да  аддзялення пшаніцы  ад  плевел?  Толькі  чыстае зерне ёсць прыгоднае  да выпечкі хлеба. Чалавек, які паддаўся ачышчэнню  сэрца,  становіцца бедным і гатовым да дзялення сваімі дабротамі, як заахвочвае сёння Езус. Гатовы  да  сумленнага выканання   сваёй  працы, як гэта  параіў Хрыстус  мытнікам і салдатам. Адным  словам,  паслухмянасць  словам  Езуса  ёсць вызначальнікам плённага  “хросту ў Святым  Духу”.


 20 снежняgr-str-31
IV  Нядзеля Адвэнту, год С

 

Воля Божая

 

1 чытанне — Міх 5, 1-4а.
Пс 80 (79), 2ac і 3b. 15-16. 18-19.   
2 чыт. — Гбр 10, 5-10.
Евангелле — Лк 1, 39-45.

 

“Тады Я сказаў, іду, каб споўніць волю Тваю, Пане” (Гбр 10, 7)
Гэтыя словы выражаюць гатоўнасць вучня Езуса да выканання таго, што мае найбольшую вартасць. Найперш патрэбна адкрыць тое, што ёсць Божай воляй. З першага чытання і Евангелля вынікае, што найчасцей да гэтага пакліканыя людзі бедныя, простыя,  каб чыніць малыя справы штодзённага жыцця.  І ў чым  гэтая іх “найбольшая вартасць”? Яна ў тым, што гэта ёсць ВОЛЯ БОГА. Калі гэта адбываецца,  то найперш, як гаворыць Евангелле, “прыносім з сабою Езуса”. Ян Хрысціцель, з радасці, заварушыўся ў лоне Аліжбеты, калі Марыя “прынесла з сабою, а дакладней у сабе, самога Пана”.
Як ведаем, аднойчы “Марыя сабралася і пайшла з паспешнасцю ў горную краіну,  у пэўны горад ў пакаленні Юды” і там была на працягу трох месяцаў. Для кожнага з нас  Бог прызначыў  “пэўны горад” як месца выканання Божай волі. Гэтае месца можа быць моцна бедным, як Бэтлеем Эфрата.У часы Езуса  гэта была малая вёска і не мела ніякага значэння. Тое, што малое і нязначнае, не з’яўляецца мэтаю нашых жыццёвых планаў. Але  воля Бога  вельмі часта ёсць у тым, што малое і пагарджанае ў вачах людзей гэтага свету. Бо хто б траціў жыццё на выхаванне многа дзяцей – лепей бы рабіць кар’еру, чым быць дамашняй “курыцай”. Хто б траціў  сілы на абслугоўванне старой маці ці старога бацькі – лепей уладкаваць у Дом састарэлых з усякімі там зручнасцямі. Хто б траціў жыццё  для людзей у якой-небудзь вёсцы – жыццё мае сэнс толькі ў горадзе. Падобных пры-кладаў можна назваць вельмі многа.  Справа ў тым, каб знайсці той “канкрэтны горад”, туды пайсці і выконваць там волю Божую, нават  насуперак самому сабе.  Гэта не лёгка, але прыносіць радасць і нам, і тым, да каго накіроўваемся  ў імя Бога. Умовы адзіныя, пра якія гаварылі тыдзень таму, –  павінны жыць ў моцы Духа Святога.
Марыя, ікона Адвэнту, вучыць нас мудрай і пакорнай паставе паводле замыслаў Божых: “Гэта я, служабніца Пана, няхай мне станецца па слову Твайму”.


27 снежня
Нядзеля Святой Сям’і, год С

gr-str-3-2

У імя Пана

 

1 чытанне — Сір 3, 2-6. 12-14.
Пс 128 (127), 1-2. 3. 4-5.   
2 чыт. — Клс 3, 12-21 або 1 Ян 3, 1-2. 21-24.
Евангелле — Лк 2, 41-52.

 

“А па-над усім гэтым апраніцеся ў  любоў, якая ёсць повяззю дасканаласці” (Клс 3, 14).
Як  жыве  святая  сям’я, значыць, хрысціянская  сям’я?
Бяскрайнасць  святла, якое  ёсць для  нас адказам, дорыць нам  Бог у лектурах сённяшняга дня. Найперш  слухаючы святога Паўла, дакранёмся да адносінаў  сужэнцаў. Жонкі падпарадкоўваюцца сваім мужам, а  мужы  любяць сваіх жонак і не раздражняюць іх. Свае сэрцы сужэнцы апранулі “у сардэчную  міласэрнасць, дабрыню, пакору,  цішыню, цярплівасць, зносячы адзін другога і прабачаючы адзін другому ўзаемна”. Над усім кіруе любоў, усе ўдзячныя і поўныя  супакою  Хрыстуса.
Мудрасць іх жыцця выплывае са Слова Божага.  Яно  таксама дае натхненне  для  навучання дзяцей  і самых сябе  з усялякай мудрасцю. У хрысціянскай сям’і чытаюцца псальмы, гімны  і песні, поўныя духа.  Усё робіцца ў імя Пана Езуса. Жонкі  плодныя, як вінаградная лаза.  Шматдзетнасць ёсць норма  сем’яў, адданых  Богу.  Дзеці выхоўваюцца ў паслухмянасці Богу. Маюць павагу і гонар у адносінах да бацькоў, знаюць, што ёсць мілае  для Пана.  Дапамагаюць бацькам у старасці і поўныя міласэрнасці  да іх.
У  Евангеллі бачым, што  бацька і маці  прыводзяць сваіх дзяцей у касцёл. Так рабілі  Юзаф з Марыяй,  прыводзячы   Езуса  ў Ерузалем. Сям’я  ўдзельнічае  ў духоўным  жыцці  парафіі. Выхоўвае сваіх дзяцей да сталай веры, каб маглі,  падобна  Езусу, “быць у тым, што  належыць  Айцу”. Выхаванне  ў веры  дае  дзецям свабоду ў шуканні дарог Пана. Бацькі гатовыя  прыняць  прынятыя  дзецьмі рашэнні, нават калі іх не разумеюць.  Нават калі гэта вядзе да болю сэрца і нялёгкіх расчараванняў  сваімі чаканнямі  ад  дзяцей.

 
кс. Славамір  ЛАСКОЎСКІ


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий