Хлеб штодзённы

7 лютага
5-я нядзеля звычайная, год С

 

Выкарыстайма ласкі Года Міласэрнасці

 

1 чытанне — Іс 6, 1-2а. 3-8.
Пс 138, 1-5, 7-8.  
2 чыт.- 1 Кар  15, 1-11.  
Евангелле — Лк 5, 1-11.

 

“З ласкі Божай я стаў тым, чым ёсць” (1 Кар 15, 10)
Прарок  Ісая, вялікі евангелізатар святы Павел і апостал Сымон Пётр маюць у сабе Святога Духа і  ўсведамляюць  свае  абмежаванні, свае  грахі  і  ўсялякія  перашкоды для  атрымання вызыва, да якога  запрашае іх сам  Бог.  Кожны з іх атрымаў  дапамогу  з боку Таго, Хто паклікаў, і, узмоцнены ласкаю, згаджаецца на тое, што ёсць для яго немагчымае.  Дух перамяняе  нашае “не” на “так”.
Ісая атрымае вялікую ласку бачання і спаткання з трыжды  святым Богам.  З’яўляецца сведкаю, і гэтае  ягонае  сведчанне  па сённяшні дзень гучыць  у кожнай літургіі Нябеснай, калі Касцёл ушаноўвае Бога словамі: “Святы, Святы, Святы, Пан Бог Усемагутны. Неба і зямля поўныя хвалы Тваёй (…)”. Прысутнасць хвалы Бога прыстрашыла яго,  дазволіла  яму  ўгледзець, што ёсць мужам  з нячыстымі губамі, абсалютна нягодным,  каб  быць  пасланцам Бога. І атрымлівае вопыт цуду ачышчэння, сустракаецца з вялікаю  Міласэрнасцю  Бога, атрымлівае  дар  знішчэння  грахоў.  Дараванне  ўсялякіх правінаў напоўніла яго адвагаю для  прыняцця рашэння, каб пайсці і аглашаць Слова Божае ў Ізраэлі.
У першым Лісце да Карынцянаў гучыць адно з найстарэйшых “Крэда” Апостальскага Касцёла, выказанае вуснамі святога Паўла.  Вызнанне веры падтрымліваецца гісторыяй  навяртання  Саўла, даўняга ворага Хрыстуса. Атрыманне вопыту  Міласэрнасці, прабачэння   ад  Змёртвыхпаўсталага  падштурхоўвае  яго на сцежкі аглашэння Добрай Навіны. Ясна гучыць ягонае пасланне аб тым, што збаўленне жыцця кожнага з нас  залежыць ад  таго, як прытрымліваемся   Евангелля. Напрыканцы пакорна  прызнаецца,  што ўсё, што  зараз   адбываецца ў яго жыцці, ёсць вынікам  працуючай у ім  ласкі Божай.
У Евангеллі сённяшняга дня  даведаемся  аб плёнах слухання  Слова Божага.  Сустракаем лю-дзей, якім Езус выкладае навуку.  Пасля  ўсяночнай  лоўлі рыбы, якая  нічога  не  дала,  Езус  заахвочвае іх да паўторнага паходу на возера. І  на гэты раз іх праца прыносіць  незвычайны плён – злавілі мноства рыб, бо былі паслухмяныя  Слову-Езусу.  Адкрываем простае правіла “поспеху” ў жыцці: “на Тваё слова закідваем сеці”. У жыцці  ловім мала або нічога, бо не дзейнічаем, згодна з навукаю  Касцёла.
Выкарыстайма  ласкі Года  Міласэрнасці,  якія  прыгатаваў для нас Пан. Няхай Святы Дух заменіць  нашае “не” на “так”.


 14 лютага
1 — я Нядзеля Вялікага Посту, год С

 

gr-str-30

Жывая прысутнасць Бога

 

 

1 чытанне — Дрг 26, 4-10.
Пс 91, 1-2. 10-15.    
2 чыт. — Рым 10, 8-13.  
Евангелле — Лк 4, 1-13.

 

“Будзь са мною, Пане, у маёй горычы” (пар. Пс 91, 2)
У Кнізе  Другазаконня знахо-дзіцца найстарэйшы сімвал веры Ізраэля. Абапіраецца  ён    на  неаспрэчны  факт, на  прысутнасць, дзеянне Бога ў гісторыі народа. Гэта Бог, які дзейнічае, аб’явіў сябе чалавекам. Памятаць аб  жывой  прысутнасці Бога ў нашым жыцці вельмі важна, асабліва ў цяжкія моманты яго.  Тады найчасцей  дэман падманвае нас  думкамі аб  недахопу любові з боку Бога, хоча ўвесці нашае сэрца ў стан бунту і наракання з поваду недахопу Прысутнасці  Божай.  
Адзін з шансаў, які дае нам Вялікі Пост, ёсць  паважнае ўслухоўванне  ў  голас  Пана. Для  гэтага  абавязкова  патрэбна “выйсці ў пустыню”. Як гэта зрабіць? Зусім няцяжка: выйсці з Інтэрнэту,  сацыяльных  сетак,  выключыць тэлевізар і  іншыя крыніцы, якія заглушаюць “вушы” нашага сэрца.
У Юбілейны Год Божай Міласэрнасці  маем  шанс  павароту жыцця ў блізкасці Айца. Той, Які ведае,  як нас давесці да гэтай  інтымнай рэляцыі з Богам, заахвочвае  нас  да  адважнага  “адказу” ад свету, бо наша Айчына  ёсць у небе. Псальміст моліцца словамі, поўнымі  даверу  чулай  і  апякунчай  любові Пана.  І якую пастанову прымае  Божы чалавек? Ісці за Богам, як  Абрагам, і шукаць апору — “эмуна” на  канкрэтных  абяцаннях  і споўненых  для  нас у Езусе Хрыстусе.
Евангелле  сённяшняга дня  вучыць  нас, якім спосабам мусім правесці  сорак  дзён у пустыні.  Па-першае, трэба аддацца суправаджэнню Бога.  Гэта Ён вядзе свой народ, таму будзьма асцярожнымі з нашымі планамі  на Вялікі Пост.  Пакорна просім, каб Ён  зрабіў  нас  дасведчанымі  і дапамог  нам  разгледзець, што ёсць  у  нашым  сэрцы.  Калі б не час пустыні, Ізраэль  ніколі б  не  навярнуўся.  Тое, што нам па-трэбна, каб  радасна святкаваць Вялікдзень, – гэта  навяртанне нашага сэрца. Малітва, якая  не выпрабоўвае Бога,  але просіць  аб выпрабаванні мяне самога, ёсць мілая Богу.  Спакуса змены  бегу гісторыі жыцця будзе вяртацца неаднакратна. Людское  сэрца  заўсёды мае тэндэнцыю, каб  накідаць  Богу асабістых, “лепшых”  планаў на жыццё. І застаецца  яшчэ  адна бітва і змаганне, якое заўсёды  актуальнае, – з  ідалапаклонніцтвам. Чалавек заўсёды мае тэндэнцыю абагаўлення  сябе самога, іншых асоб ці рэчаў, якія моцна дапамагаюць у “боскім  панаванні” і рэалізацыі  ўласных канцэпцый на жыццёвы  поспех.  У сваім  глупстве мы  такія  ідалапаклоннікі, што і самога Бога  адносім да  своеасаб-лівай ролі слугі, які павінен быць нам паслухмяным.  Таму Вялікі Пост з’яўляецца часам давання  добрай  і шчырай міласціны, каб стаць убогімі, гэта значыць тымі, якія  багатыя ў веры, што  аблічча Бога  адкрываецца для нас у таямніцы крыжа. Аб гэтым  напомніць  нам  святы Павел у наступную нядзелю.


 21 лютага
2 — я Нядзеля Вялікага Посту, год С

 

gr-str-31

Чужы цяжар

 

 

1 чытанне — Быц 15, 5-12. 17-18.
Пс 27, 1. 7-9. 13-14.     
2 чыт. — Флп 3, 17 – 4,1.  
Евангелле — Лк 9, 28b-36.

 

“Гэта Мой Сын выбраны, Яго слухайце” (Лк 9, 35).
 Спатканне з Хрыстусам, слуханне Яго слоў і кармленне хлебам нябесным  так  важна,  што некарыстанне гэтым прывілеем у ня-дзелю  дае  повад  для  ўтраты ласкі.  Дабравольны адказ ад слухання Сына ёсць адначасова  ад-кідваннем  Яго  любові. Час Вялікага Посту дадзены  для  адбудавання і паглыблення гэтай рэляцыі. Направіць яе можна  адзінае праз навяртанне і  Сакрамэнт  паяднання. У Юбілейным Годзе Божай Міласэрнасці  варта  на  гэтым сканцэнтрыраваць  сваю  ўвагу. Паводле  святога  Паўла, Міласэрнасць Бога  аб’явілася для нас у таямніцы крыжа. Гэтая таямніца ёсць  падставаю  для будавання нашых адносін з другімі асобамі. Не  можна  любіць каго-небудзь, не  прымаючы  грахоў  гэтай асобы на сябе. Любоў закладвае гатоўнасць нясення  чужога цяжару.Адтуль сённяшні прызыў Апостала Народаў, каб  не  былі мы ворагамі  крыжа Хрыстуса.  Для язычнікаў  ён глупства, для нас веруючых – нашае  святло і збаўленне. Ён абараняе нас  ад напасці ворага, калі ёсць найсапраўднейшым месцам спаткання з Тым, хто нас  узмацняе.
Езус  забірае сёння Пятра, Яна і Якуба на гару, каб маліцца. Адна з форм малітвы – спатканне з Богам праз Слова.  Ён гаворыць, а я адказваю. Рэляцыя жывога дыялогу.  Мая малітва  ёсць адказам, шчырым вызнаннем, шчаслівым прабываннем у прысутнасці Пана.  Адтуль у Пятра з’яўляецца  прагненне  паставіць тры палаткі, каб не было канца гэтаму шчасцю. Аднак іншыя планы ў Бога. Усё, што атрымліваем у тым узбагачаючым спатканні са Словам, ёсць дарам для іншых.


 28 лютага
3 — я Нядзеля Вялікага Посту, год С

 

Крыніца шчасця

 

1 чытанне — Зых 3, 1-8а. 13-15.
Пс 103, 1-4. 6-8. 11.    
2 чыт. — 1 Кар 10, 1-6. 10-12.  
Евангелле — Лк 13, 1-9.

 

“Пан ёсць ласкавы, поўны Міласэрнасці” (пар. Пс 103, 8)
Невычэрпнаю  крыніцаю  шчасця  для  вучняў Хрыстуса  ёсць Міласэрнасць  Пана. Ніякія поспехі, найгарачэйшыя пачуцці ці кар’ера не заменяць нам шчасця, якое атрымліваем у прабачэнні нашых грахоў.  Таму аўтар псальму  благаслаўляе і выхваляе Пана  за веліч Яго дабрадзейства, за адпушчэнні правінаў. А таксама за тое, што Бог лечыць усе хваробы сэрца.  Ён ведае ўсялякія мукі нашага жыцця, для гэтага ў кожным пакаленні  пасылае  Майсея –  Езуса, каб  вырваць  нас з няволі Фараона. Ён Той, Кім ёсць. Яго прысутнасць  заўсёды прыносіць пэўнае  збаўленне.
У Лісце да Карынцянаў  навучае нас Павел аб універсальным вымярэнні гісторыі збаўлення. Усё сталася  паводле нас і для нашага навучання. Мудрыя і моцныя ў Пану, павінны адварочвацца ад злога і не  наракаць, як рабіў гэта люд у пустыні і застаўся  пакінутым.  Хрыстус  паклікаў нас да веры для таго, каб  плёны жыцця ў Яго валадарстве  аб’явіліся ў нас.
Час навяртання кароткі. Як  у сённяшнім Евангеллі, можа за год Пан  нас  можа “выразаць” і выкінуць прэч.  Выкарыстайма добра дадзены нам час Вялікага Посту.

 

кс. Славамір  ЛАСКОЎСКІ


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий