Хлеб штодзённы

6 сакавіка
4-я нядзеля Вялікага Посту, год С

 

Не зважаючы на правіны

 

gr-str-30

1 чытанне — Ос 5, 9-12.
Пс 34, 2-7.  
2 чыт.- 2 Кар, 5, 17-21.  
Евангелле — Лк 15, 1-3. 11-32.

 

“Паглядзіце ўсе, які добры Пан Бог” (Пс 34, 9)
Плённае пражыванне  Вялікага Посту заўсёды прыводзіць нас да  зразумення  граху, як вялікай ганьбы! Няма ў ім нічога добрага. Прыносіць сорам і пазбаўляе гонару перад Богам і людзьмі. У гэтым кантэксце вялікім суцяшэннем з’яўляюцца словы  з Кнігі Езуса Навіна: “Сёння скінуў з вас ганьбу егіпецкую”. Яшчэ большую радасць прыносіць нам святы Павел у лісце да Карынцянаў: “Бог у Хрыстусе паяднаў з Сабою свет, не зважаючы на правіны людзей (…). Бо  таго, хто не ведаў граху, Ён учыніў грахом замест нас, каб мы сталіся справядлівасцю Божай”. Гэта Езус  узяў і далей бярэ  на сябе ганьбу нашых грахоў.  Адзінае – Ён мае моц  вызваліць  нас ад ганьбы “няволі егіпецкай”. Усклікнем разам з псалмістам: “шукаў дапамогі ў Пана, і Ён выслухаў мяне”. Давярайма, як Ён, і будзем вольныя ад прыгнёту.
Таму чытаем сёння таксама  Евангелле  пра  марнатраўнага сына. У час Вялікага Посту  няма месца для сумневу, а толькі для  цвёрдага пераканання, што для адных магчымым з’яўляецца вяртанне, а для другіх  магчымым  з’яўляецца радаснае прыняцце  тых, хто заблудзіўся. Тыя, хто ў доме Айца, павінны маліцца  аб вяртанні  “марнатраўных” сваіх братоў.  Мала таго, павінны падрыхтаваць для іх  шыкоўны прыём – прыём радасны, прыём братэрскі, прыём, поўны  міласэрнасці.
Пагражае нам поўнае незразуменне  замыслаў Айца, калі  апы-німся ў  стане пыхі і неразумнай ўпартасці. Няма нічога горшага за фальшывую пабожнасць, якая не дазваляе  павярнуцца  да  дому Айца. Сэрца Айца неспакойнае, поўнае напружання, чакае  вяртання  заблудзіўшага  сына. Ён адзін разумее страшныя наступствы, якія ўпалі на “неразумнага” сына, таму таксама сочыць за яго вяртаннем. Хоча яму дапамагчы, але  нічога не можа зрабіць без яго асабістага рашэння, бо такая цана любові і вольнасці.
Дастаткова зрабіць хоць некалькі крокаў на  дарозе  вяртання, як адразу трапляем  у рукі ўзрадаванага Айца.  Гэта – благаслаўлёная перспектыва Вялікага Посту і Году Божай Міласэрнасці.


13 сакавіка
5-я нядзеля Вялікага Посту, год С

 

Не асуджаю

 

1 чытанне — Іс 43, 16-21.
Пс 126, 1-6.   
2 чыт.- Флп 3, 8-14.  
Евангелле — Ян 8, 1-11.

 

“Пан Бог учыніў вялікія  цуды  для нас” (пар. Пс 126, 3)
“Miriabilia Dei” – вялікія цуды Пана ёсць зместам  сведчання  хрысціянскага жыцця. У супрацьлегласць язычнікам, вучні Езуса  называюць цудамі таксама тыя сітуацыі, якія звязаны з таямніцаю крыжа. Хрыстус хоча, каб кожны з нас дасягнуў  “як моцы Яго змёртвыхпаўстання, так і ўдзелу ў Яго цярпеннях”. Псалміст сведчыць аб гэтым словамі: “Тыя, хто ў слязах сеюць, жаць будуць ў радасці”.
Прарок Ісая, параўноўваючы  выйсце Ізраэля з Егіпту, пераконвае  народ Ізраэля ў тым, што Бог знішчыць усіх ворагаў, як утапіў войска Фараона ў водах Чырвонага мора. Кароль Цырус ёсць “чалавекам Бога” і дзякуючы яму, Ізраэль   зазнае,  цуды “новага выйсця”,  на гэты раз з няволі  вавілонскай.  Успамін тых “мiriabilia Dei” для нас  супакаенне. Хто знаходзіцца ў няволі граху, няхай  звяртаецца да Пана.  Бог падтрымае свой люд на пустыні.  У сваю чаргу святы Павел успамінае сваё навяртанне, сваё спатканне з Хрыстусам. Гэтае здарэнне змяніла  ўсё яго жыццё, нутро яго сэрца. Змёртвыхпаўсталы Хрыстус, якога “пазнаў” у моцы Яго дзеяння, дапамагае яму зразумець, што – смецце, а што – сапраўдныя скарбы. Найвялікшыя цноты, калі яны без міласэрнасці, – нішто!
Пацвярджае гэта Езус у сцэне з сённяшняга Евангелля. Многія біблеісты сцвярджаюць, што Езус на вачах здзічэлага тлуму пісаў пальцам на зямлі адно слова – rahamim. Старажытныя настаўнікі Торы сцвярджалі, што “кожны, хто праяўляе міласэрнасць  у адносінах да Божых стварэнняў, будзе захаваны міласэрнасцю Неба, а той, хто не праяўляе міласэрнасці ў адносінах да Божых стварэнняў, нягодны  міласэрнасці Неба”. Хрыстус пацвярджае гэтыя праўды, і таму ўсе адыходзяць, устыджаныя, бо думалі,  што  Права ёсць над rahamim, над міласэрнасцю.Давайце і мы скажам гэтыя словы ў адносінах да тых, каму не захацелі прабачыць: “І я цябе не асуджаю. Ідзі і ад гэтай хвіліны болей  ужо не грашы”. І гэта ёсць найбольшы  цуд сярод “мiriabilia Dei” – сэрца, поўнае міласэрнасці! Такі замер мае ў адносінах да нас Пан.


20 сакавіка
Пальмовая Нядзеля, год С

 

Дарогаю Хрыстуса

 

1 чытанне — Лк 19, 28-40;
Іс 50, 4-7.
Пс 22, 8-9. 17-20. 23-24.    
2 чыт. — Флп 2, 6-11.  
Евангелле — Лк 22, 14 – 23, 56.

 

“Хрыстус прынізіў сябе самога, таму Бог Яго ўзвысіў” (пар. Флп 2, 7-9)
Літургія Слова сённяшняй урачыстасці вельмі багатая  зместам. Калі св. Імша пачынаецца працэ-сіяй з пальмамі, найперш слухаем  Евангелле  ад св. Лукі, якое гаворыць аб  урачыстым уваходзе Хрыстуса ў Ерузалем. Народ радасна кланяецца Богу за ўсялякія цуды, якія бачыў. Езус дазваляе гэта супраць волі фарысеяў.  Ён ведае, што прыйшоў ужо Яго  час, каб быў усхвалены. Прарок Ісая ўказвае, як у Хрыстусе спаўняецца слова аб вучню, вуха якога адкрытае для слухання Бога і для спаўнення Яго волі. Ён не абапіраецца і не дрыжыць  перад  тымі, якія праз хвіліну будуць біць Яго па спіне і шчаках, будуць  Яго зневажаць, а Ён, узмоцнены Айцом, зробіць свой твар як камень. Святы Павел у Лісце да Філіпянаў  дадае, што “Хрыстус існуе  ў постаці Божай, не скарыстаў з таго, каб  быць нароўні  з Богам, але выракся  самога сябе, прыняўшы постаць слугі, (…) прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, да смерці крыжовай”.  Яго кенозіс – прыніжэнне – ёсць часткаю  дарогі да хвалы змёртвыхпаўстання.
Аўтар 22 Псальму таксама  прарочыць аб пасхальнай дарозе Езуса Хрыстуса. Гэта дарога, якою  Касцёл крочыць на працягу  усіх часоў і пакаленняў, сведкамі чаго мы таксама з’яўляемся зараз. Свет знаходзіцца ў стане загавору  маўчання  і  амаль нічога не гаворыць  пра  пераслед хрысціянаў.  Замоўчваецца сітуацыя хрысціян на Блізкім Усходзе, у Паўночнай Карэі,  Кітаі, у  краінах Афрыкі.
Слухаючы Евангелле аб муцы нашага Пана, дазволім сабе ўвайсці ў таямніцу гэтага свята, якое і сёння падпільноўвае тых, хто асмельваецца называцца сынамі Бога. Вучням Хрыстуса наканавана светам непрыняцце і забіццё. Ва ўсе часы  рэалізоўвалася гэтая праўда Місіі  аб Касцёле,  якая працягвае  місію церпячага слугі Ягве. Таму не  трактуйма  сённяшнюю ўрачыстасць як  традыцыю асвячэння “вярбы”, якая павінна  захоўваць    жыллё ад няшчасця. А калі ўжо рэч аб няшчасці, то памятайма, што найбольшае з іх  – гэта адступніцтва ад жывой веры: адказ ад рэгулярнай нядзельнай св. Імшы, ад малітвы, жыццё без сакрамэнтаў, жыццё ў грахах смяротных.Памятайма заўсёды аб ласках  Года Божай Міласэрнасці і выкарыстайма яе  для нашага навяртання.


27 сакавіка
Нядзеля Змёртвыхпаўстання Пана, год С

 

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

 

gr-str-31

1 чытанне — Дз 10, 34. 37-43.
Пс 118, 1-2. 16-17. 22-23.    
2 чыт. — Клс 3, 1-4 або
1 Кар 5, 6b-8.  
Евангелле — Ян 20, 1-9. або Мк 16, 1-7. або Лк 24, 13-35.

 

“Вось дзень, які Пан учыніў, будзем радавацца ў ім” (пар. Пс 118, 1-2, 16-17, 22-23)
“Няхай у свята  радаснай Пасхальнай Ахвяры складаюць ёй верныя дары сваіх пакланенняў”. Касцёл у гэты дзень радуецца і ўсхваляе Бога, бо “Яго ласка навекі”. Тыя з нас, хто  гэтай ноччу не спаў, а прымаў жывы ўдзел у Вігіліі Пасхальнай, добра ведаюць прычыну той невыказнай радасці.Яшчэ болей радуюцца тыя з нас, хто  верна ўдзельнічаў у Святым Пасхальным Трыдууме. Праўда тое, што ў Вялікі Чацвер вечарам распачалася  гэтая цудоўная літургія, якая не мае сабе роўных на працягу года.  
У дзень Змёртвыхпаўстання Касцёл падсумоўвае ўсю гісторыю пасхальных здарэнняў – смерці і змёртвыхпаўстання Пана. У лектурах гучыць сведчанне Добрай Навіны аб тым, што Бог паставіў  Хрыстуса суддзёю жывых і памерлых. А тыя, хто паверыў у Яго, у Яго імя атрымаюць адпушчэнне грахоў. Хто жыве ў гэтай ласцы, памёр дзеля граху, і яго жыццё ўкрытае з Хрыстусам у Богу.        Што азначае “укрытае”? Хіба ні для каго не бачнае? Зусім наадварот!!!
Усё жыццё хрысціян ёсць па-цверджаннем таго, аб чым сведчылі Сымон, Пётр і Ян. Падышлі яны да гробу і ўгледзелі “ляжачыя палотны і хустку”. Угледзелі і паверылі. Іншымі словамі, жыццё кожнага з нас, калі называецца хрысціянскім,  паклікана ва ўсіх  яго дэталях пацвярджаць прыналежнасць да Касцёла, а не да таго свету, які забіў Збаўцу. Аднак пакуль мы дасягнем шляху Хрыстуса, павінны прайсці пасхальнай дарогай вяртання ад забойцаў да стану  вызваленых і тых, хто сведчыць аб моцы ласкі  Змёртвыхпаўсталага.

 

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

 

 кс. Славамір  ЛАСКОЎСКІ


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий