Хлеб штодзённы

3 красавіка
2-я  Велікодная Нядзеля, год С

 

Вартасць цішыніgr-str-30

 

1 чытанне — Дз 5, 12-16.
Пс 118, 2-4. 22-27а.  
2 чыт. — Ап 1, 9-13. 17-19.  
Евангелле — Ян 20, 19-31.

 

“Хваліце Пана, бо навекі міласэрнасць Ягоная” (Пс 118 (117), 2-4)
Надзвычайны Год Божай Міласэрнасці  ад  снежня мінулага года  накіраваў нашыя сэрцы на  надзею збаўлення, якая з’яўляецца вялікай Міласэрнасцю Пана. Змёртвыхпаўсталы, Ён змагаецца за нашае збаўленне, прыкладам чаго з’яўляецца жыццё Апостала Тамаша. Не для ўсіх прыняцце праўды  аб змёртвыхпаўстанні  Хрыстуса  ёсць такім простым і відавочным. Тамаш не быў схільны  паверыць сведчанню сваіх калег. Ён хацеў “дакладных” довадаў на тое, што  Езус змёртвыхпаўстаў.  Бог не пакінуў  яго ў тым інтэлектуальным сумневе. Выйшаў яму насупраць, выказаў яму сваю міласэрнасць.
У булле “Misericordiae vultus” Папа Францішак звяртае ўвагу на тое, што “прыйшоў зноў час для Касцёла, каб  прыняць на сябе  радаснае аглашэнне прабачэння. Гэта час павароту да таго, што істотнае, каб узяць на сябе слабасці і цяжкасці нашых братоў. Прабачэнне – гэта сіла, якая  паварочвае да новага жыцця”.
Якімі дарогамі сёння хоча весці  нас Хрыстус, каб гэтая містэрыя была нашым удзелам? Што павінна здарыцца ў нашым жыцці? Адказ дае нам  Свяцейшы Айцец Францішак: “Каб быць здольнымі да міласэрнасці, мы павінны найперш быць гатовымі слухаць слова Божае. Гэта азначае адкрыць нанова  вартасць цішыні, каб магчы медытаваць слова, якое звернута да нас. Такім спосабам магчыма сузіранне міласэрнасці Бога і прыняцце Яго як уласнага стылю жыцця”. Давайце прымем нанава  яшчэ словы святога  Яна Паўла II: “Касцёл жыве сваім аўтэнтычным жыццём, калі вызнае і аглашае міласэрнасць – найпрыгажэйшую якасць Творцы і Адкупіцеля,  і калі людзі прыбліжаюцца да крыніц Міласэрнасці Збаўцы, Які ёсць іх захавальнікам і  распарадчыкам”. Велікодны перыяд з’яўляецца добрым часам, каб вырваць нас з абыякавасці, якая прыніжае, з прызвычаенасці, якая ўсыпляе наш дух, і з цынізму, які знішчае. Быць вырваным з гэтага злога стану духа, паводле Папы Францішка, значыць праявіцца ў тым, што нашае сумленне абуджаецца. З радасцю заўважым, што  Міласэрнасць Бога ёсць для ўбогіх, значыць для грэшнікаў. Яны, прасякнутыя пачуццямі  любові, з запалам робяць учынкі міласэрнасці для цела і духа.  
У булле “Misericordiae vultus” Святы Айцец заахвочвае  нас, каб  адкрыць “нанава ўчынкі  міласэрнасці для цела: галодных накарміць,  сасмаглых напаіць, нагіх адзець, прыняць у дом падарожных, адведваць хворых, суцяшаць вязняў, пахаваць памерлых. І не забываймася  пра ўчынкі міласэрнасці для душы: настаўляць грэшнікаў; вучыць тых, хто не ведае;  раіць  тым, хто сумняваецца; суцяшаць засмучаных; зносіць цярпліва знявагу; дараваць ахвотна крыўду; маліцца за жывых і памерлых”. Павінны гэтыя ўчынкі адкрыць і імі жыць. Міласэрныя годныя неба.


10 красавіка
3-я  Велікодная Нядзеля, год С

 

Любоў як дар Святога  Духа

 

1 чытанне — Дз 5, 27-32. 40b-41.
Пс 30, 2. 4-6. 11-13.   
2 чыт. — Ап 5, 11-14.  
Евангелле — Ян 21, 1-19.

 

“Узвялічу Цябе, Пане, бо Ты  мяне  збавіў” (Пс 30 (29), 2 і 4)
Кніга Псальмаў поўная Добрай Навіны. Змяшчае яна цэлую гісторыю  збаўлення, таму  вельмі  важная ў літургіі Слова.  Сённяшні псальм поўны пасхальнага бляску Езуса Хрыста.
У кнізе Апакаліпсіс св. Апостал Ян пацвярджае праўду, што “Забітае Ягня годнае прыняць сілу і багацце, і мудрасць, і моц, і пашану, і хвалу, і благаслаўленне”. Толькі Ён годны  гэтай хвалы і ніхто болей. Пацвяр-джаюць гэта таксама чатыры евангелісты, таму падаюць ніц і аддаюць Яму паклон.
Евангелле паказвае нам, як Змёртвыхпаўсталы Хрыстус ў чарговы раз паказваецца Апосталам. Ён заўсёды ў дзеянні, працуе, шукае тых, хто Яму патрэбен, каб евангелізацыя магла пашырацца  на цэлы свет.  Езус пацвярджае сваю вялікую міласэрнасць і выплываючае з яе прабачэнне ў адносінах здрадніка Сымона Пятра. Першы папа, галава Касцёла,  зазнаў сваю слабасць і крохкасць. Адказ Езуса неверагодны. Зрабіў усё, каб Апосталы пазналі цуд Пасхі. У сэрцы Пятра  з’яўляецца любоў як дар Святога Духа,  якая ўзрушвае ўсё яго нутро і дазваляе яму служыць Езусу аж да моманту хвалебнай мучаніцкай смерці.
Такі замысел таксама ў нашага Пана адносна  кожнага з нас і нашых парафіяльных супольнасцей. Павінны зазнаць міласэрнасць і прабачэнне нашых нікчэмных грахоў. Затым, узмоцненыя моцаю звысока, падобна Апосталам, павінны адважна  аглашаць Евангелле.  Ніхто не мае права затрымаць нас у гэтым дзеянні.  Ніякая ўлада, ніякае права. Вучні Езуса цешацца, што сталі годнымі цярпець дзеля Яго.


17 красавіка
4-я  Велікодная Нядзеля, год С

 

Слухайце голас Пана!

 

1 чытанне — Дз 13, 14. 43-52.
Пс 100, 2-5.   
2 чыт. — Ап 7, 9. 14b-17.  
Евангелле — Ян 10, 27-30.

 

“Я зрабіў цябе святлом народаў” (Дз 13,  43-52)
У велікодны перыяд  Касцёл “упіваецца” чытаннямі з Дзеяў Апосталаў, якія  ўказваюць вялікі змест і запал хрысціян ў справе евангелізацыі. Найперш  абвешчана Добрая Навіна ў сінагогах, першыя супольнасці былі юдэахрысціянскія. Пасля, у выніку рэўнасці, адказу і розных інтрыг з боку габрэяў, прыйшоў час евангелізацыі язычнікаў.  Яны, у сваю чаргу, як сведчаць старажытныя сведчанні,  з радасцю прымалі слова Пана.  Бог “выкарыстаў” зацвярдзеласць сэрца Выбранага Народу, каб  дакрануцца да язычнікаў. Падобныя сведчанні  можам цытаваць з сучаснай гісторыі  Касцёла ў Беларусі. Вельмі многа католікаў, якія паходзяць са старажытных хрысціянскіх сем’яў, адышлі або ніколі яшчэ і не прымалі Евангелле.  У той жа час  парафіяльныя супольнасці цешацца прысутнасцю тых, хто з радасцю прыняў  Добрую Навіну, хоць большасць з іх  не мела нічога агульнага з Касцёлам.
Гэта неверагодная  таямніца дзеяння ласкі Божай.  У сваіх замыслах Бог не зразумелы для  нашага розуму.  Адныя прымаюць Евангелле, другія, нават у той самай сям’і, адкідваюць яго. Усё гэта адбываецца на нашых вачах.
У Евангеллі Хрыстус запэўнівае нас, што з’яўляецца добрым Пастырам. Увайшоў у гісторыю нашага жыцця для таго, каб  даць нам жыццё вечнае. Тыя, хто належыць да Яго, слухаюць Яго голас. У сэрцы хрысціяніна няма падзелу. У ім можа быць  змаганне і барацьба, але са шчырым  прагненнем, каб цалкам належаць Пану.  Хто поўны ласкі Святога Духа, той Яго “уласнасць”.


24 красавіка
5-я  Велікодная Нядзеля, год С

 

Апостальскі запалgr-str-31

 

1 чытанне — Дз 14, 21b-27.
Пс 145, 8-13.   
2 чыт. — Ап 21, 1-5а.  
Евангелле — Ян 13, 31-35.

 

“Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго” (Ян 13, 34)
Любоў, якая паходзіць ад змёртвыхпаўсталага Пана, праяўляецца ва многіх формах. Адна з іх – запал апостальскі. Першае чытанне прыпамінае нам незвычайную працу Паўла і Барнабы. Пераадольвалі вялікія адлегласці, каб аглашаць Евангелле ў Лістры,  Іконіі,  Антыёхіі,  Пісідыі, Памфіліі, у Пэргэ і Аталіі. Сёння і следу не засталося ад тых супольнасцей. Мусульманская экспансія  змяла іх  з паверхні зямлі. Так было і ў нашай гісторыі. Вялізная  колькасць парафій і капліц была  знішчана бальшавікамі. Зараз, дзякуючы ласцы Бога, нашы супольнасці памалу адраджаюцца. Канешне, няма ў нас такого запалу, як у Апосталаў, таму і справа евангелізацыі не мае такой дынамікі і памераў. Напэўна, мы больш бюракратызаваныя і замала евангелічныя. Трэба, каб “Новы Ерузалем” шагнуў у нашыя сэрцы. Яго каштоўнасці павінны нанова ўпрыгожыць  нашыя парафіяльныя супольнасці. Што было і застаецца багаццем – каштоўнасцямі Касцёла? Апостальскі запал!!! Калі Касцёл траціць місійны запал, то значыць траціць моц Святога Духа. І пагражае нам, што  не будзе Касцёлам Езуса Хрыста.
Адзін з Дванаццаці не пачуў слоў Хрыстуса аб узаемнай  любові Яго вучняў. Юда выйшаў з  Вячэрніка і застаўся ў сваім трагічным становішчы, у выніку загінуў, загубіў сябе.  Такое наступства пагражае кожнаму з нас, хто не “уваходзіць” у Касцёл, а з яго “выходзіць”.

 

кс. Славамір  ЛАСКОЎСКІ


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий