3 ліпеня
14-я нядзеля звычайная, год С
Нашыя імёны запісаны ў небе
1 чытанне — Іс 66, 10-14с.
Пс 66 (65), 1-3а. 4-5. 6-7а. 16 і 20.
2 чыт. — Гал 6, 14-18.
Евангелле — Лк 10, 1-12. 17-20.
“Якія грозныя справы Твае!” (Пс 66 (65), 3)
У сакральным заходнім мастацтве сустракаем абразы Маці Божай Карміцелькі. Іх тэалагічны змест цалкам даецца інтэрпрэтаваць праз сённяшняе чытанне з Кнігі прарока Ісаі. Марыя з’яўляецца фігураю Касцёла – Новага Ерузалема. Маці-Касцёл корміць нас малаком ласкі праз удзяленне нам сакрамэнтаў. Яна носіць нас на руках, вучыць веры, вучыць хадзіць па сцежках спаўнення волі Божай аж да часу нашай смерці. Кожная нядзельная Нябесная літургія дае нам ежу, уцеху і радасць сэрца.
Без гэтай ежы – Слова Божага і сакрамэнтаў мы не ў стане прыняць навуку пра крыж, які для вучняў Хрыстуса ёсць прычынай, каб ганарыцца. Крыж з’яўляецца пацверджаннем выбару і паклікання. Крыж дапамагае нам у барацьбе з грахом, праз яго сплывае на нас спакой і міласэрнасць.
У Папяльцовую сераду Айцец Святы паслаў апосталаў міласэрнасці па ўсім свеце. Зрабіў гэта на ўзор Хрыстуса, які паслаў семдзесят двух вучняў. Яны па-вінны былі абвяшчаць надыход “Валадарства Божага”. З гэтым звязана ласка міласэрнасці. Езус ведае, што не ўсе іх прымаюць, як і Яго адкінуў народ. Гэтае пасланне дало вучням вялікую радасць, бо рэальна ўбачылі, што, дзякуючы Хрыстусу, мелі ўладу над нячыстымі духамі. Аднак Езус запэўнівае нас, што маем цешыцца з іншага поваду: што “нашыя імёны запісаны ў небе». Нават улада над дэманамі не мае такога вялікага значэння ў параўнанні з такой вялікай ласкай. Такая дзіўная справа нашага збаўлення.
10 ліпеня
15-я нядзеля звычайная, год С
Жыццёвыя інвестыцыі
1 чытанне — Дрг 30, 10-14.
Пс 69 (68), 14 і 17. 30-31. 33-34.36ab і 37.
2 чыт. — Клс 1, 15-20.
Евангелле — Лк 10, 25-37.
“Езус Хрыстус з’яўляецца першародным сярод усякага стварэння” (Клс 1, 15).
Праз сённяшняе Евангелле Хрыстус запрашае нас да руплівага перажывання Году Божай Міласэрнасці. Ён Першародны, Ён – вобраз Бога нябачнага, які хацеў нам “паказацца” ў сваім Сыне. Адкрыў для нас таямніцу Свайго міласэрнага сэрца. Як Добры Самарыцянін вучыць нас, што павінны рабіць з тымі, хто дрэнна сябе адчувае. Павінны “завесці іх да гасцініцы» – Касцёла, пакрыць раны алеем – гэта ласка. Езус за іх побыт ужо за-плаціў два дынары – з Яго боку выплыла кроў і вада; сакрамэнты збаўлення – Хрост і Эўхарыстыя. Як члены містычнага Цела Хрыстуса, г.зн. Касцёла, павінны мець старанне аб тых, хто сябе дрэнна адчувае, а ўзнагародзіць нас Хрыстус, калі вернецца! Гэтым спосабам збіраем скарбы на небе. Справы міласэрнасці – найлепшыя жыццёвыя інвестыцыі!
А можа ў нас праблемы з зразуменнем, каго лічыць сваім бліжнім? Перадусім таго, хто “напалову мёртвы”, таго, хто па-трабуе нашай дапамогі. Езус сказаў: “Я прыйшоў да тых, хто дрэнна сябе адчувае”. У першую чаргу мы пасланыя да такіх асоб.
Адзіная прычына, якая пры-звала хрысціян да місійнага запалу, – гэта прыказанне любові, сэрца ўсяго Права і Прарокаў.
17 ліпеня
16-я нядзеля звычайная, год С
Дасканаласць – дар Божы
1 чытанне — Быц 18, 1-10а.
Пс 15 (14), 2-3а. 3bс-4ab.5.
2 чыт. — Клс 1, 24-28.
Евангелле — Лк 10, 38-42.
“Хто застанецца жыць на Тваёй гары святой” (Пс 15,1)
Святы Павел, паслухмяны свайму пакліканню, прыпамінае хрысціянскай супольнасці ў Калосах аб таямніцы нашага збаўлення, якою ёсць Хрыстус, аб’яўлены ў гісторыі. Ён ёсць Тым, хто паслаў Апостала да язычніцкіх народаў, каб абвяшчаў ім Слова Божае. Дзякуючы яму, мы атрымліваем веру, застаёмся з заўвагамі і атрымліваем “усю мудрасць”. Яна, у сваю чаргу, дазваляе нам “стаць дасканалымі ў Хрыстусе”.
Гэта – таямніца, укрытая спрадвеку, чалавек не можа дасягнуць дасканаласці, ёю можна валодаць як дарам. Узрастанне ў Хрыстусе дасягаецца ў таямніцы ўважлівага слухання, як гэта рабіла Марыя. Гэта вызывала абурэнне з боку Марты, якая рабіла “па-людску”, згодна з усходняй традыцыяй гасціннасці. Святы Дух дае нам дар распазнавання таго, што ёсць “найлепшай часткай”. Кожны дзень мусім многакратна рабіць канкрэтны выбар. Мусім прымаць розныя рашэнні. Каб ва ўсім гэтым не за-блудзіцца, трэба нам навучыцца ад Марыі “мастацтву” супольнага чытання і слухання Бібліі. Толькі такім спосабам можам уладаць мудрасцю, якая дазволіць нам разумець усё, што робіцца ў нашай штодзённай гісторыі.
Абрагам, як гаворыць нам Кніга Быцця, распазнаў у “трох людскіх постацях” самога Бога. Такая місія пасланых Касцёлам прапаведнікаў Слова Божага, што разам з імі аб’яўляецца сам Бог. Праз усе пакаленні, па сённяшні дзень з нашых парафіяльных супольнасцей Пан выбірае канкрэтныя асобы для місіі абвяшчэння. Гэта не вызваляе нікога з нас ад самаадданай працы па прадказанню Валадарства Божага. Хто сустрэўся з Змёртвыхпаўсталым, чыё сэрца належыць да Святога Духу, той ужо не мае “спакойнага жыцця”. Такі чалавек разумее, што яго жыццё яму не належыць, бо “жыве ў ім Хрыстус”. Абвяшчэнне Валадарства, прывядзенне іншых да Хрыстуса – гэта аснова найбольшай міласэрнасці.
Памятайма, што ўсё пачынаецца ад той “найлепшай часткі”, якую выбрала Марыя.
24 ліпеня
17-я нядзеля звычайная, год С
Свет патрабуе заступніцтва
1 чытанне — Быц 18, 20-32.
Пс 138 (137), 1-2а. 2bс-3. 6-7ab.7c-8.
2 чыт. — Клс 2, 12-14.
Евангелле — Лк 11, 1-13.
“Пан мяне пачуў, калі Яго паклікаў” (Пс 138 (137),1)
Місія Касцёла ў адносінах да язычніцкага свету многавектарная. Адзін з аспектаў паслання – місія заступніцтва. Свет, які не ведае Бога, глуміцца, жыве ў “глупстве” граху, думаючы, што ён “мудры”. Чытаем у Кнізе Быцця, што “глупства” такой паставы вядзе да страшных наступстваў. Бог пастанаўляе знішчыць жыхароў Садома і Гаморы. Іх упартасць у грахах такая вялікая, што застаецца толькі адно выйсце – гэтае пакаленне павінна згінуць. Ёсць мера грахоў, калі чалавек перакрочвае гэтую мяжу, за якою няма павароту назад. Абрагам, які сам атрымаў міласэрнасць Бога, у сваёй малітве заступаецца за жыхароў тых месцаў, просіць Бога аб міласэрнасці да іх. Аднак сярод іх не знаходзіцца нават дзесяці сумленных мужчын, якія б не былі закранутыя гомасексуальным грахом. Кожнаму з нас пагражае ўпартасць у злым, у граху без прагнення навяртання. Канец такога жыцця страшны, можна скончыць у пекле.
Касцёл, які разважае аб Божай мудрасці, ведае, што свет патрабуе Яго заступніцтва. Для выканання гэтай місіі Бог паклікаў кляштары да сузіральнага жыцця. Мужчыны і жанчыны пакліканыя да такой формы жыцця, дзень і ноч, у малітвах, на ўзор Абрагама, падтрымліваць гэты свет у міласэрнасці Бога.
31 ліпеня
18-я нядзеля звычайная, год С
Не пакарыцца спакусе
1 чытанне — Экл 1, 2; 2, 21-23.
Пс 90 (89), 3-4. 5-6. 12-13. 14 і 17.
2 чыт. — Клс 3, 1-5. 9-11.
Евангелле — Лк 12, 13-21.
“Неразумны, гэтай жа ноччу забяруць душу тваю ў цябе!” (Лк 12, 13-21)
Калі хто-небудзь сцвярджае, што з’яўляецца чалавекам веры, то са шчырым сэрцам павінен шукаць “таго, што на вышынях”, гэта значыць волі Божай, а не ўласнай. Святы Павел прыпамінае аб гэтым у Лісце да Каласянаў. Павел перасцерагае, каб дасягнуць “таго, што на вышынях, а не таго, што на зямлі”. Спакуса “прыстасоўваць” Бога для дасягнення ўласнай карысці вядомая з язычніцкіх часоў. Чалавек, які “разам з Хрыстусам (не) паўстаў з мёртвых”, будзе шукаць таго, што яму па-трэбна і выгадна. Не прыхіляйцеся да спакусы махлярства і іншых ганебных грахоў, агульным займеннікам якіх з’яўляецца ідалапаклонніцтва.
Божы чалавек разумее марнасць людскіх высілкаў. Эклезіяст нам гаворыць, што ўсё – марнасць. Трэба нам “дыстанцыравацца” адносна нас самых і нашых “найлепшых” дасягненняў, каб не пакарыцца спакусе поспеху і самадастатковасці. Разам са смерцю ўсё трэба “пакінуць”, “каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў?”.
Каб дзень Апошні не застаў нас, як злодзей, мы павінны раней станавіцца багатымі перад Богам. Як гэтага дасягнуць? Хрыстус сёння адказвае нам: “Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае”.
кс. Славамір ЛАСКОЎСКІ
7 жніўня
19-я нядзеля звычайная, год С
Скарбы ў небе
1 чытанне — Мдр 18, 6-9.
Пс 33 (32), 1 і 12. 18-19. 20 і 22.
2 чыт. — Гбр 11, 1-2. 8-19.
Евангелле — Лк 12, 32-48.
“Шчаслівы народ, які Пан сабе выбраў” (Пс 33 (32), 1)
Кніга Мудрасці напамінае нам, што Бог не пакіне свой народ у няволі. Большасць з нас памятае, маю надзею, няволю камуністычнага рэжыму. Частка людзей, канешне, сумуе па “старых парадках”, нехта страціў добрую пасаду. Сярод тых, хто радуецца упадку старой сістэмы, – людзі веры. Яны, як і іх продкі, чакалі дзеяння Бога, які вызваліць іх з атэістычнай сістэмы. Самі, ва многіх месцах патаемна, маліліся і імкну-ліся жыць, згодна з Боскім правам. Сёння павінны чакаць вызвалення з няволі граху. Вызвалення са страшнага махлярства, быццам грэх у сваёй аснове развязвае нам многа праблем у нашай гісторыі.
Аўтар Ліста да Габрэяў прыпамінае нам Абрагама і Сару. Іх дарога да веры, дарога вызвалення з махлярства граху была Божым замыслам. Ён сам – “архітэктар і будаўнік” жыцця народу Божага. Паўната веры прыводзіць да глыбокага даверу Богу, бо Ён – адзіны Пан жыцця і смерці.
Сёння Езус запэўнівае нас, што “спадабалася Айцу вашаму даць вам Валадарства”. Прыходзім да новага жыцця, даючы, між іншым, міласціну. Гэтым спосабам павялічваем свае скарбы ў небе, дзе і злодзей не дастане, і моль не знішчыць.
Нам заўжды здаецца, што не хопіць нам грошай на годнае жыццё. А колькі, нарэшце, па-трэбна нам для жыцця? Мудрэц, цынік Дыяген пастанавіў есці ў пасудзіне з дрэва. Аднойчы ўбачыў, як дзіця п’е воду, склаўшы далоні. Разбіў пасля гэтага свае міскі і сказаў: “Цяпер ведаю, што яшчэ маю непатрэбныя рэчы”. Столькі нам патрэбна, каб жыць. Дадам, што інфляцыя не знішчыць скарбы, сабраныя ў небе! Хто мае шчырае прагненне жыць у Валадарстве, павінен быць заўжды напагатове, па прыкладу слуг, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара. Рэгулярнае слуханне Слова, актыўны і поўны ўдзел ў святой Імшы кожную нядзелю, удзел у жыцці парафіяльнай супольнасці дае гарантыю гатоўнасці да спаўнення волі Пана.
14 жніўня
20-я нядзеля звычайная, год С
Таямніца збаўчага прыніжэння
1 чытанне — Ер 38, 4-6. 8-10.
Пс 40 (39), 2-3. 4. 18.
2 чыт. — Гбр 12, 1-4.
Евангелле — Лк 12, 49-53.
“Я няшчасны і ўбогі, але Пан пра мяне дбае” (Пс 40 (39), 2-3)
Водпуск, летні адпачынак, радасць ад знойдзенага спакою, а Бог прыпамінае нам аб змаганні і барацьбе. Як бы насупраць яму прарок Ярэмія гаворыць аб бессэнсоўнасці барацьбы з халдэйчыкамі, прызывае паддацца ворагам. Тая вайна не прыводзіць да перамогі, але да навяртання, якое адбываецца ў няволі, гэта воля Божая. Мера грахоў дапоўнілася, і Бог вырашае выслаць людзей да паўторнай няволі. Там разыгрываецца важнейшая вайна, вайна за збаўленне, каб кожны з нас добра зразумеў замеры Пана Бога. Неаднакратна прыводзіць нас яна, як і Ярэмію, – праз ад-кідванне, непаразуменне і “незаслужанае” цярпенне – да вызвалення з грахоў. Таямніца збаўчага прыніжэння вялікая. Псалміст вучыць нас, каб з на-дзеяй чакалі на прыйсце Пана, былі цярплівымі, бо Бог, напэўна, дастане нас ”з ямы пагібелі, з балоцістай багны”. Некаторым з нас трэба дасягнуць трагедыі жыцця ў “балоцістай багне”, каб потым стаяць на скале Слова Божага, усхваляць і благаслаўляць Бога за Яго дабрату і дапамогу. Адкрыццё няшчасця і ўбоства сваіх грахоў павінна нас прывесці да Хрыстуса. Ён узмоцніць нас да барацьбы, да змагання супраць грахоў, нават цаною пралітай крыві. Такая цана, якую заплаціў за нашае збаўленне Хрыстус. Такая цана любові да Збаўцы, пралітая кроў мучанікаў. Пасля змагання і барацьбы атрымаем сапраўдны адпачынак і спакой, таму што такі стан з’яўляецца толькі пасля вызвалення з грахоў. Выграная бітва з дэманам дае тое, за што няўмела змагаемся на працягу жыцця, блытаючы часта ворагаў, якія здаюцца, з ворагамі сапраўднымі.
21 жніўня
21-я нядзеля звычайная, год С
За каго мы Яго прымаем?
1 чытанне — Іс 66, 18-21.
Пс 117 (116), 1-2.
2 чыт. -Гбр 12, 5-7. 11-13.
Евангелле — Лк 13, 22-30.
“Ты – Месія, Сын Бога жывога” (пар. Мц 16, 15)
На працягу літургічнага года неаднакратна слухаем дыялог, які вядзе Езус з вучнямі пад Цэзарыяй Філіпавай. Езус вы-браў гэтае месца невыпадкова. Было яно для рымлянаў месцам ідалапаклонніцтва, месцам многіх язычніцкіх святыняў. Пытанне, якое ставіць перад намі Хрыстус, вельмі актуальнае: за каго Яго прымаем?
Каб даць праўдзівы адказ, павінны паглядзець на сваё штодзённае жыццё, на нашыя думкі, імкненні, словы і ўчынкі. Адказ ужо дадзены, але Бога цікавіць тое, што робім, а не тое, што дэкларыруем.
У першым чытанні з Кнігі прарока Ісаі сустракаем Шэбну – выскачку на царскім двары. Скарыстаў сваю пазіцыю вы-ключна ва ўласнай карысці. Бог скінуў яго з гэтай пасады. Папа Францыск многакратна папярэджвае нас аб спакусе кар’ерызму ў Касцёле. Мы – у “Доме Айца”, каб выконваць Яго волю па прыкладу Яго Сына. Гэта магчыма, таму што Ён памнажае моц нашай душы. У Святым Духу адкрываем глыбіні багацця, мудрасці і ведаў Бога Самога.
Ні цела, ні кроў не могуць паглыбіць тых таямніц. Замеры Бога адкрывае нам Касцёл, сцеражэ іх Папа, Пётр – Скала. Нягледзячы на слабасці членаў Касцёла, брамы пякельныя Яго не перамогуць, бо пабудаваны на моцным фундаменце.
28 жніўня
22-я нядзеля звычайная, год С
Уцякайма да Бога
1 чытанне — Сір 13, 17-18. 20. 28-29.
Пс 68 (67), 4-5ab. 6-7ab. 10-11.
2 чыт. — Гбр 12, 18-19. 22-24а.
Евангелле — Лк 14, 1. 7-14.
“Ты, добры Божа, беднага ахоўваеш” (Пс 68 (67), 11)
У Евангеллі Езус запрашае нас да жыцця пакорнага, да займання апошніх месцаў. А што з нашай кар’ерай? У адпаведны час пачуем ад гаспадара вяселля, каб “перасесці вышэй“. Бог выбірае час і людзей, праз якіх дзейнічае, каб “пасадзіць” нас у адпаведнае месца для служэння Яму і людзям. Гэтая праўда датычыцца ўсяго Народу Божага. Кожны з нас павінен займаць тое месца ў грамадстве, якое згодна з воляю Божай. Тады прынясём найбольш дабра для людзей, нам давераных. З найвялікшым ангажаваннем і духоўныя, і свецкія павінны клапаціцца аб “бедных, няспраўных, кульгавых і сляпых”. Ці павінны быць яны на нашых “абедах, святах, вячэрах і прыёмах”. Хіба гэта не хрысціяне, вучні Хрыстуса, якія атрымалі паварот з цемені грахоў да жыцця ў ласцы? Ці не кульгалі мы пры выкананні ўчынкаў жыцця вечнага? Ці не зажыўляў Хрыстус нашай слепаты эгаізма? Ці ж не з’яўляемся надалей нядужымі ў любові? Маем зачарпнуць у Хрыстуса новае жыццё, яно даецца дарма, ніколі нічым не адудзячым за гэты дар. Павінны працаваць на ніве аглашэння Евангелля тым, хто яшчэ слабы, хто не дасягнуў яшчэ духоўнай сталасці, а адплату атрымаем пры змёртвыхпаўстанні.
Гэтую паслугу павінны выконваць мякка ў адносінах да беднякоў, у адносінах да малых і дрэнна сябе адчуваючых.Чым болей атрымаем ад Бога, тым больш павінны быць прыніжанымі і пакорнымі. Такая пастава найбольш падабаецца Пану.
Асцерагаймася пыхі, бо ў ёй – насенне зла. Давайце насіць у сэрцы памяць аб нашай маласці і ўцякайма заўсёды да Бога, бо Ён – апякун удоваў і айцец для сіротаў.
кс. Славамір ЛАСКОЎСКІ