Хлеб штодзённы

2 кастрычнікаgr-str-30
27-я  нядзеля звычайная, год С

 

Каб сэрца не зацвярдзела

 

1 чытанне — Абк 1, 2-3; 2, 2-4.
Пс 95 (94), 1-2. 6-7а. 7b-9.  
2 чыт. — 2 Цім 1, 6-8. 13-14.  
Евангелле — Лк 17, 5-10.

 

“Мы нікчэмныя слугі” (Лк 17, 10)
Сёння апосталы просяць Хрыстуса, каб памножыў іх веру. Прыгожая просьба, на першы погляд, нават пакорная. Адказ Езуса  вельмі рэзкі: “Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне (…)”. Іншымі словамі, Езус гаворыць, што тое, што маеце, яшчэ не з’яўляецца  верай. Далей паясняе, якім спосабам вера аб’яўляецца ў жыцці –  гэта пакорная служба для  дабра іншых, без чакання якой-небудзь узнагароды.  Раблю ўсё, што павінен рабіць, і з’яўляюся  апошнім.  
Пастава пакорнага  слугі не звязана з  якою-небудзь жыццёвай няўдачай, але з цвярозым разважаннем, якое мае сваю крыніцу боязі Божай, а гэта – дар Святога Духа. Такі спосаб  мыслення і дзеянняў  ёсць часткаю “дэпазіта” веры, які на працягу ўсіх пакаленняў  ахоўвае Касцёл.
Хрысціянін усё ацэньвае з любові, уключаючы цвярозае мысленне, інакш кажучы, розум павінен быць асвечаны верай, вера павінна быць разумнай, не фанатычнай. Добры апостал ведае, што чакаюць яго праследаванні, розныя цяжкасці. Такая цана адважнага сведчання. Цяжкасці і  супрацьдзеянні з’яўляюцца часткаю  нашай штодзённасці, таму  псалміст  заахвочвае нас, каб “слухаючы  голас Пана, сэрцам не зацвярдзелі”. Ва ўмовах розных цяжкасцей можна  цярпець спакусу сумневу, чаму Бог дапускае тую ці іншую сітуацыю?  Не разумеючы дарог Пана, патрэбна  проста  “сагнуць перад Ім калені” і прасіць святла  Святога Духа, каб  праўдзіва інтэрпрэтаваць гісторыю жыцця, захоўваючы ўдзячнасць.


9 кастрычніка
28-я  нядзеля звычайная, год С

 

Бог чакае сведчання

 

1 чытанне — 2 Вал 5, 14-17.  
Пс 98 (97), 1. 2-3ab. 3cd-4.  
2 чыт. — 2 Цім 2, 8-13.  
Евангелле — Лк 17, 11-19.

 

“За ўсё дзякуйце Богу” (1 Тэс 5, 18)
Працягваем слухаць Другі Ліст святога Апостала Паўла да Цімафея. Напісаны ён, як і многія іншыя, у астрозе.  Павел дадае адвагі і заахвочвае да трываласці пры праследаваннях. 20 стагоддзяў пазней у падобным духу піша да сваіх прыяцеляў Дзітрых Банхёфер, пратэстанцкі тэолаг, замардаваны  гітлераўцамі ў 1945 г.  Гэта яго словы: “Мяркуем, што нашае жыццё мае сэнс таму, што жыве тая ці іншая асоба. На самой справе не так. Таму і толькі таму нашае людское жыццё мае сэнс, што зямля ў адзін канкрэтны дзень стала годнай насіць чалавека! Езуса Хрыстуса! Што жыў такі чалавек як Езус. Калі б не жыў Езус, наша жыццё не мела б сэнсу, нягледзячы на  ўсе людскія істоты, якіх знаем, шануем і кахаем”. Дзітрых меў магчымасць уцячы з астрогу. На свабодзе чакала яго каханая жанчына, але ён выбраў дарогу крыжа і вернасці волі Божай. 9 чэрвеня 1945 г. загінуў у канцэнтрацыйным лагеры Флосенбюрг.
Такіх сведчанняў у гісторыі хрысціянскіх супольнасцей вельмі многа.  Бог хоча, каб нашае жыццё было чарговым сярод іх. Усё, што робіць хрысціянін, робіць з удзячнасці  любові Хрыстуса, якая ачышчае яго ад усялякага граху. У кожным пакліканні – жыццё для Хрыстуса, пасля з гэтай любові – для бліжніх; ніколі не наадварот.


16 кастрычніка
29-я  нядзеля звычайная, год С

 

Святло Слова Божага

 

1 чытанне — Зых 17, 8-13.
Пс 121 (120), 1-8.  
2 чыт. — 2 Цім 3, 14 – 4, 2.  
Евангелле — Лк 18, 1-8.

 

“Узнімаю вочы свае да вышыняў” (Пс 121, 1)
Вочы хрысціяніна  звернуты “да вышыняў”, гэта значыць, да Слова Божага. Чаму? Бо менавіта адтуль прыходзіць дапамога. Святло Слова Божага дае нам  разуменне “логікі Божага дзеяння”. Бог мае свае спосабы  дзеяння, якім навучаемся  са старонак Святога Пісання. Таму святы Геранім казаў: хто не ведае  Святога Пісання, той не ведае Бога. Наша пабожнасць многакратна сентыментальная і плыткая, накіраваная на самых сябе, а не на пошук  волі Божай.Той, хто пакліканы  да  Касцёла, павінен   удзельнічаць у барацьбе з амале-кітамі, гэта значыць супраць першапрычын зла, супраць спакусаў злых духаў.  Ізраільцяне  перамаглі  мацнейшага ворага, бо змагаліся ў імя Пана. Заступніцкая малітва Майсея адыграла вельмі  важную ролю ў той барацьбе.  Так і сёння наша малітва  ў інтэнцыі іншых для іх ёсць вялікая дапамога.  Вялікую ролю ў гэтым адыгрываюць  кантэмпляцыйныя кляштары, дзе днём і ноччу  ўзносіцца заступніцкая малітва за цэлы Касцёл. Вораг сур’ёзны, з дэманам не дасягнеш ніякіх дамоваў. І Майсей быў не адзін, яму дапамагалі Аарон і Хур. Тут мы бачым абразец супольнай малітвы, якая мацнейшая за асабістую малітву, хоць яе і не выключае. Таму няма хрысціян па-за Касцёлам. Езус Навін, паслухмяны Майсею, пайшоў на поле бітвы з войскам, меў падтрымку  з яго боку. Такім спосабам функцыяніруе наш Касцёл, усё ў паслухмянасці, якая ёсць гарантыяй  спаўнення волі Божай.
Сённяшні 121 псальм ёсць прыгажэйшым прыкладам малітвы бацькоў за дзяцей, ці ўзорам малітвы ў інтэнцыі іншых асоб.
Святы Павел  прыпамінае Цімафею, што ад веку немаўляці ведаў Святое Пісанне. З гэтага вывад, што бацькі клапаціліся аб тым, каб перадаць яму веру.Сёння трэба самому сабе адказаць на пытанне: наколькі і ў якой ступені клапачуся я пра перадачу веры сваім дзецям, ці мой дом з’яўляецца месцам чытання Святога Пісання, месцам малітвы? Ці, гледзячы на лад жыцця ў маім доме, можна назваць яго “дамашнім Касцёлам”?  Ці выхоўваю сваё патомства ў мудрасці Божай?
“Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці  знойдзе веру на зямлі?” (Лк 18, 8)


23 кастрычнікаgr-str-31
30-я  нядзеля звычайная, год С

 

У ценю «Яго крылаў»

 

1 чытанне — Сір 35, 12-14. 16-18.
Пс 34 (33), 2-3. 17-18. 19 і 23.  
2 чыт. — 2 Цім 4, 6-9. 16-18.  
Евангелле — Лк 18, 9-14.

 

“Няшчасны паклікаў, і Пан яго выслухаў” (Пс 34, 7.)
Тэма бедных – anawim (габр.) вельмі часта  сустракаецца ў чытаннях, чаму?  Убогія  ў Бібліі займаюць вельмі важнае месца.І мова  не  толькі аб канкрэтнай сітуацыі  эканамічнай, але перадусім  аб  пэўнай  унутранай, акрэсленай духоўнай паставе. Святое Пісанне гаворыць аб  багацці духоўнага  ўбоства.  Наша  бяда вынікае  з  факту  граху, а багацце – з Божай Міласэрнасці ў адносінах да нас. Бедныя – гэта  тыя, хто не мае ніадкуль дапамогі, і таму  “крык” іх  малітвы  пачуты  Панам. Да іх можна аднесці пераследаваных, няшчасных і прыгнечаных.
“Сям’я  ўбогіх” вялікая. Яны сумуюць  па  лепшай будучыні, пакорна  чакаюць  збаўлення  праз Яхве. Гэта яны, будучы прыяцелямі і слугамі Бога, у ценю “Яго крылаў” чакаюць  аховы.  Бедныя – гэта тыя, хто ў цішыні,  пакоры і лагоднасці зносіць усялякія недарэчнасці лёсу. Яны ведаюць, што з’яўляюцца грэшнікамі, стаяць ў роспачы “здалёк” ад Бога і таму вельмі Яму  блізкія.
Тыя, хто,як  сённяшні  псалміст, моліцца ў такім стане духу, поўнасцю заслугоўваюць  назвы “убогіх Яхве”. З’яўляюцца аб’ектам  збаўчага  дзеяння і любові Бога.
Святы Павел вучыць нас  пакорнаму прыняццю  волі Божай. Ён  упэўнены ў тым, што Бог дапускае ў яго жыцці. Нягледзячы на тое, што ўсе ад яго адвярнуліся, сведчыць аб блізкасці Пана, Які ўзмацняе яго. Апостал перакананы, што будзе  вырваны моцаю Бога “з  усялякага  злога дзеяння” і ў выніку  будзе  “прыняты ў Валадарства  Нябеснае”.


30 кастрычніка
31-я  нядзеля звычайная, год С

 

Сёння!

 

1 чытанне — Мдр 11, 22 – 12, 2.
Пс 145 (144), 1-2. 8-11. 13cd-14.  
2 чыт. — 2 Тэс 1, 11 – 2,2.  
Евангелле — Лк 19, 1-10.

 

“Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты” (Лк 19, 9)
Сёння. Гэтае слова ёсць вельмі важным ключом для разумення Бібліі і жыцця, да якога запрашае нас Хрыстус. Бог  запрашае менавіта сёння –  не ўчора, не заўтра, а сёння. Так ідзе гісторыя збаўлення, сёння мусім  адкрыць сваё сэрца на Яго голас (Пс 95).Так зрабіў Закхей з Ерыхона, і яго жыццё пераўтварылася, адбылася метаноя, перамяніўся розум.  Калі “сёння” Закхей пачуў і прыняў слова Хрыстуса,  адбыўся цуд навяртання.  Закхей адкрыў свой дом – жыццё для  Езуса, а Ён  ажыццявіў такую кардынальную змену ў сэрцы “беднячка”, такога вялікага грэшніка!
Калі “сёння” адчынім  наш “дом” для збаўчай прысутнасці Хрыстуса,  атрымаем такія самыя цуды. Адзінае – трэба ведаць сваю “бяду”,  з якой сёння прыходзім да Пана, і прагнуць цуду метаноі.
Святы Павел у Другім Лісце да Тэсаланікійцаў  прыпамінае нам, што Бог чыніць нас годнымі  свайго паклікання, чыніць нас дасканалымі, у нас  павінна быць праслаўлена імя Езуса.
Аўтар Кнігі Мудрасці заклікае нас да пакорных адносінаў з Богам, таму што  “свет цэлы пры Табе, як зярнятка на шалі, кропля ранішняй расы, што падае на зямлю”. Бог не брыдзіцца сваім стварэннем і нашымі грахамі, хоча дапамагчы нам “сёння”, як і дапамог Закхею ў перамяненні жыцця.  Бог  любіць жыццё, таму і нас навяртае на тыя сцежкі, дзе прападзе грэх і злосць, каб толькі паверылі Яму ўсім сэрцам.

 

кс. Славамір  ЛАСКОЎСКІ


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий