Хлеб штодзённы

7 ліпеня
14-я звычайная
нядзеля
Імёны запісаны ў небе
1 чытанне — Іс 66, 10-14с.
Пс 66 (65), 1-3а. 4-5.6-7а. 16 і 20.
2 чыт. — Гал 6, 14-18.
Евангелле — Лк 10, 1-12. 17-20.

gr-chleb-str-22 copyУ сённяшнім Евангеллі Хрыстус пасылае сваіх вучняў ва ўсе  гарады, ва ўсе мясцовасці, куды сам намерыўся прыйсці. Вучні атрымалі цяжкае заданне – не толькі абвяшчаць Валадарства Божае, але таксама  аздараўляць  хворых. Між іншым, здаецца, што ідуць на не заўжды прыемныя тэрыторыі. Хрыстус гаворыць адкрыта: “Ідзіце,  пасылаю  вас, як ягнят сярод  ваўкоў”.

Місія ўдалася. Вучні з радасцю расказваюць аб усіх здзіўляючых рэчах, якія ім удалося выканаць. Хрыстус адказвае ім: “Аднак не радуйцеся таму, што духі слухаюцца вас, лепей радуйцеся таму, што імёны вашыя запісаны ў нябёсах”.
Нашыя імёны запісаны ў нябёсах? І маё таксама? Кожны з нас памятае, напэўна, такі момант у жыцці, калі вывешваліся лісты імёнаў і прозвішчаў (пасля здачы экзаменаў, лісты ўключаных на экскурсію, на новае жыллё, на пакупку аўтамабіля і г. д.) Колькі гэта выклікала  эмоцый!  Кожны  ціснуўся бліжэй да дошкі з аб’явамі, каб паглядзець, ці ёсць там яго імя.
Нашыя імёны запісаны ў нябёсах… Якая ж вялікая адказнасць маладых бацькоў, калі даюць свайму нованароджанаму дзіцяці імя! Не здзіўляе факт, калі перад хростам ксёндз ці бацюшка спрабуюць адгаварыць маладых людзей, якія хочуць даць дзіцяці нейкае “экстравагантнае” імя (бо акурат мама глядзела амерыканскі фільм, і спадабалася ёй імя Кен!!!).
Імя павінна  гаварыць нешта аб чалавеку і характарызаваць яго (Вера, Надзея, Любоў, Хрыстафор – нясучы Хрыста і г.д.) Да таго ж, надаючы дзіцяці імя, мы  вызначаем яму апекуна. Напэўна, святыя Антоній, Казімір, Уладзімір, Ян, Андрэй, Якуб і г.д., і г.д. будуць лепей  захоўваць  дзіця ад ўсялякага зла, чым самыя слынныя героі тэлевізійных серыялаў! Ці думае хто аб гэтым?
Да таго ж, нашыя імёны запісаны ў небе!
Малое дзіцятка не мае ўплыву на выбар свайго імені. Залежыць ад сталасці (або нясталасці!) яго бацькоў. На  шчасце,  пасля  сакрамэнту  хросту  ёсць таксама сакрамэнт  бежмавання. Прымае яго чалавек дарослы і сам выбірае сабе імя… Заўсёды выбірае сабе імя якога-небудзь святога апекуна. Гэта добры повад, каб азнаёміцца з біяграфіяй некаторых святых.
Нашыя  імёны  запісаны  ў  нябёсах…
А ты якое носіш імя? Аб чым гаворыць  яно  іншым людзям? Якое імя  выбраў(ла) сабе  падчас бежмавання  і чаму?


14 ліпеня
15-я звычайная
нядзеля
Важнае  пытанне
1 чытанне — Дрг 30, 10-14.
Пс 69 (68), 14 і 17. 30-31.
33-34. 36ab i 37.
2 чыт. — Клс 1, 15-20.
Евангелле — Лк 10, 25-37.

“Настаўнік, што рабіць, каб атрымаць жыццё вечнае?” – гэтае важнае пытанне адрасуецца Містру з Назарэту ў сённяшнім Евангеллі.
Пытанне вельмі важнае для кожнага з нас. Таксама як і адказ на яго – найважнейшае ў жыцці  ёсць любоў  Бога і бліжняга.
Евангелле гаворыць, аднак, аб тым, што той, хто задаваў пытанне, рабіў гэта не для таго, каб нешта даведацца і навучыцца. Ён зрабіў гэта, каб выставіць Езуса на выпрабаванне!
Здараецца, што падобная схема паўтараецца і ў нашым жыцці. Прыходзім з нашымі грахамі і трывогамі да канфесіяналу, ці проста пытаем  Бога: “Што мне рабіць?”. А калі пачуем адказ, высветліцца, што не маем нават намеру што-небудзь змяніць! Задаем важныя пытанні пра сэнс нашага жыцця, але робім гэта толькі для таго, каб пашкадаваць сябе, або апраўдаць свае недахопы і грахі… А што болей – мы ведаем адказы! Ведаем, што павінны рабіць! Чыніць дабро, пазбягаць зла. Ведаем, што павінны любіць Бога і бліжняга! Павінны любіць ўсё болей і болей.
Зразумела, можам, падобна вучоным Права, у рамах апраўдання, запытаць: “А хто ёсць наш бліжні?”.
Хрыстус у адказ прыводзіць гісторыю чалавека, на якога напалі рабаўнікі. Але папрашу не мець ілюзій – нашым  бліжнім не ёсць той, каго цяжка спаткаць (бо акурат у гэтым годзе ні на кога не напалі рабаўнікі!). Нашымі бліжнімі з’яўляюцца нашыя най-бліжэйшыя! Цяжка гэта асэнсаваць, што наш супруг, старэнькая мама, дзеці і суседзі з’яўляюцца нашымі бліжнімі. Гэта іх мы павінны любіць. І любіць так  моцна, як сябе самога (напэўна, лягчэй любіць людзей, на якіх напалі рабаўнікі, або галадаючых дзяцей у далёкай Афрыцы).
Калі ўжо выяснілі мы сабе прыярытэты нашых паступкаў, якія вядуць да жыцця вечнага, варта ўспомніць самую істотную прапанову Хрыстуса з сённяшняга Евангелля: “Рабі гэта і будзеш жыць”.
Важна задаць пытанне. Важна пачуць адказ. Але найважнейшае – выканаць іх ў жыцці кожнага дня.


21 ліпеня
16-я звычайная
нядзеля
Голад  духоўны
1 чытанне — Быц 18, 1-10а.
Пс 15 (14), 2-3а. 3bc-4ab. 5.
2 чыт. — Клс 1, 24-28.
Евангелле — Лк 10, 38-42.

gr-chleb-str-23 copyМарта і Марыя паказваюць два розныя стылі і два розныя падыходы да жыцця. Клопат пра матэрыяльны бок і клопат пра бок духоўны. Зразумела, ні аднаго з іх нельга недаацэньваць. Калі прыходзім у госці да каго-небудзь на дзень нараджэння, то яда і густа застаўлены стол не самае важнае. Важней за ўсё  – сам чалавек, спатканне, нашыя дружалюбныя адносіны. Але з другога боку, што гэта за дзень нараджэння, калі на стале пуста?  Значыць, важна і тое, і другое. Рэч аб тым, каб былі захаваныя патрэбныя прапорцыі: што для цела і што для духа.
Здаецца, што ў сучасным свеце, арыентаваным на спажыванне, гэтыя прапорцыі наогул загінулі. Аказваецца, Еўропа выпрацоўвае значна болей харчавання, чым можа спажыць… Ці сотні тон прадуктаў  выкідваюцца на сметнік. Дастаткова зайсці ў супермаркет (нават у раённых цэнтрах), каб угледзець увагнёныя полкі. Усяго па горла. Звыш меры. Адгэтуль толькі крок да “непамернасці ў ядзе і піцці”.
Адзін з герояў “Анны Карениной” – Левін, назіраў за людзьмі ў горадзе, якія спажываюць пасілак, і прыйшоў да высновы, што ў вёсцы людзі ядуць для таго, каб мець сілу для працы, а ў горадзе ядуць – каб адчуць асалоду ад яды…
Даўней існавала такое паняцце, як святочны абед. Шынка і каўбасы былі “зарэзерваваны” на свята. У папярэднія дні яда была больш стрыманай. А сёння? Складаецца ўражанне, што кожны дзень – свята. Брак меры…
Нехта можа сказаць, што добра, што жывём у дабрабыце. Можа і так. Але нарушыліся прапорцыі паміж тым, што для цела, а што для духа. Цела заўжды накормлена, а дух… Сапраўды. Хіба, у такім выпадку, дух не церпіць голаду?
Калі  прыпомніць  сабе 90-я гады і ўбогае забеспячэнне магазінаў, то вымушаны прызнаць, што зроблены вялізны скок наперад. Гатоўнасць рынку забяспечыць нашыя патрэбы большая, чым колькасць гэтых  патрэбаў!!!
А што з духам? Ці адбыўся такі самы “скок”? Ці наступіла якое-небудзь незвычайнае  развіццё?
Не павінен напамінаць, што матэрыяльная частка нашага жыцця на самой справе важная, бо аб тым трубяць у рэкламах па радыё і тэлебачанню. Хочу напомніць аб патрэбах духоўных, бо гэта – значна важней.


28 ліпеня
17-я звычайная
нядзеля
Навука  малітвы
1 чытанне — Быц 18, 20-32.
Быц 18, 20-32.
Пс 138 (137), 1-2а. 2bc-3. 6-7ab. 7c-8.
2 чыт. — Клс 2, 12-14.
Евангелле — Лк 11, 1-13.

Вучні, бачачы свайго Містра і Пана на малітве і маючы свядомасць  таго,  што  гэта  нешта вельмі  важнае,  звяртаюцца  да Яго з просьбай: “Пане,  навучы нас маліцца (…)”
Натхняе іх прыклад Езуса. Нішто іншае. Калі ёсць што важнае  для  майго  Настаўніка  і Містра, будзе яно важным і для мяне.
Варта  сабе  ўсвядоміць, што першымі  настаўнікамі і “містрамі” для  сваіх  дзяцей  з’яўляюцца  бацькі. Гэта  не касцёл  вучыць маліцца. Гэта не павінна быць бабуля  (спецыялістка  духоўнага  жыцця і спраў касцельных). Першымі настаўнікамі  малітвы  па-вінны быць бацька і маці. Мудрасць людская  гаворыць: “За  пані  матка йдзе  малітва  гладка”. Калі бацькі не даюць прыкладу малітвы, калі дзеці не бачаць, што гэта ёсць  нешта важнае для самых бацькоў, то іх шансы на сапраўдную навуку малітвы  малыя.
Малітва – гэта  размова з Богам. Ці, калі чалавек навучыўся гаварыць,  значыць,  навучыўся таксама  і  размаўляць?  Не заўсёды. Здараецца,  што  гаворым “сабе” замест таго, каб “размаўляць з сабою”. Падобна  бывае з нашай малітвай: гаворым Богу замест  таго, каб размаўляць з Богам.
Размова – такая штука, якой можна  (і трэба)  вучыцца на працягу ўсяго жыцця. Штука гэтая прадугледжвае   таксама  здольнасць  слухаць!  Здараецца, што чалавек забываецца пра тое, што Пан Бог даў яму адныя вусны, але два  вуха…
Не пашкодзіць  і  нам, калі нават ведаем многа малітваў напамяць, звярнуцца да Пана словамі такой  малітвы:  “Пане, навучы мяне  маліцца”.



 4 жніўня
18-я звычайная
нядзеля
«Глядзіце і  сцеражыцеся  ўсялякай  прагнасці…»
1 чытанне — Экл 1, 2; 2, 21-23.
Пс 90 (89), 3-4. 5-6. 12-13. 14 і 17.
2 чыт. — Клс 3, 1-5.9-11.
Евангелле — Лк 12, 13-21.

Хрыстус прызывае нас, каб мы былі ўважлівымі і сцерагліся ўсялякай прагнасці. Ці датычыцца да нас гэты прызыў?  Ці паступаем мы зусім наадварот і стараемся “ўплываць ва ўсё”, запамінаючы, што “наша жыццё не залежыць ад нашай маёмасці”.
Цікава… Чалавек не прыслухоўваецца да прызываў і парадаў Створцы (сцеражыцеся УСЯЛЯКАЙ прагнасці!), робіць зусім  наадварот, а пазней дзівіцца, што Пан Бог не благаслаўляе яго, што нешта ў жыцці ў яго не атрымоўваецца.
Здаецца нам, што грэх прагнасці  датычыцца тых, якія моцна багатыя. Нічога падобнага.
Сённяшняе Евангелле пачынаецца з наступнага: “Нехта з натоўпу звярнуўся да Езуса: “Настаўнік, скажы майму брату, няхай падзеліцца са мною спадчынаю”.
Лічым, што былі двух (можа болей) братоў і нейкая спадчына (малая ці вялікая – не мае значэння). Адзін з іх адчувае сябе крыху ашуканым  і абражаным. Стандартная сітуацыя.  Такія сітуацыі паўтараюцца на працягу болей чым 2000 гадоў. Прыклад? Іх тысячы. На вёсцы памірае старэнькая маці. Застаецца пасля яе старэнькая хатка і кавалак поля.  Дзеці (усе багатыя і жывуць ў гарадах) хутка пасля пахавання, або нават раней, пачынаюць рабіць “прыкід”: за колькі гэта можна прадаць і… хто возьме грошы? І тут пачынаецца сатанінская справа. Браты (або сёстры) скачуць адзін другому ў вочы. Спрэчка на словах. Калі імпэт крыху збаўляецца, гэтую сата-нінскую справу пачынаюць выконваць сыны або іншыя члены сям’і, падбухторваючы і заахвочваючы да лаянкі “за сваё!”.
Ніхто нават не думае аб тым, што хатка тая не вартая аніякай спрэчкі, што ўсе жывуць добра, і што мама перад смерцю прасіла аб згодзе. Усе, заслепленыя, толькі падлічваюць: “ён узяў тэлевізар”,  “яна – халадзільнік…”, “а я – толькі падушкі і пасцель”.
Знаёма гучыць, праўда?
Калісьці былі сям’ёю, а зараз прадалі свае пачуцці за капейкі і нейкае барахло, якое нікому не патрэбна.
Прагнасць абдолела!!! Сцеражыцеся ЎСЯЛЯКАЙ прагнасці! Гэта актуальная перасцярога.


11 жніўня
19-я звычайная
нядзеля
Боегатоўнасць
1 чытанне — Мдр 18, 6-9.
Пс 33 (32), 1 і 12. 18-19. 20 і 22.
2 чыт. — Гбр 11, 1-2. 8-19.
Евангелле — Лк 12, 32-48,
або Лк 12, 35-40.

Кожны з нас, напэўна, бачыў які-небудзь урывак з фільма або рэпартаж аб дзеяннях пажарнікаў. Група маладых, спартыўна падрыхтаваных людзей, нясуць няспыннае дзяжурства. Здаецца, што яны нават спяць (не спяць, толькі дрэмлюць) у  поўным абмундзіраванні! І ўсе гэта для таго, каб у хвіліну, калі празвініць трывожны званок, маглі праз некалькі секунд (карыстаючыся спецыяльнай трубой) апынуцца ў сучасным аўтамабілі, які ляціць на пажар.
Тут лічыцца кожная секунда. Гэтыя секунды могуць азначаць каму жыццё, а каму – смерць.
Будучы малым хлопцам, я мог назіраць трохі іншыя рэаліі… Пажарная ахова прадпрыемства. Людзі з вялікімі жыватамі. Мала натрэніраваныя, але з добрым заробкам. Ніколі і нікуды не спяшаюцца. Сон маюць моцны, бо і алкаголем на працы не грэбуюць (хто ж будзе правяраць пажарную машыну з сігналам?).
На пажар збіраюцца неахвотна, наракаючы, што нехта перарваў ім гульню ў карты  або прагляд цікавага матчу. Самаход прыкладна іх узросту і таксама не спяшаецца…
Пасля пажару хто-небудзь іранічна каменціруе: “Дзякуючы хуткім і зладжаным дзеянням пажарнай аховы, з будынку ўдалося захаваць… мураваны фундамент”. Хрыстус сёння гаворыць нам:  “Няхай сцёгны вашыя будуць падпяразаныя, а светачы запаленыя. І вы будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы”.
Будзьце гатовыя! Усе ведаем, што азначаюць гэтыя словы, але не ўсе прыслухоўваемся да іх.
Як выглядае твая гатоўнасць? А калі “трывожны званок” празвініць сёння або заўтра? На тыя акцыі будзеш мець вельмі мала часу.
Піянеры віталіся словамі: “Будзь гатоў!” – “Заўжды гатоў!”. Варта гэтае прывітанне запомніць, але ў кантэксце сённяшняга Евангелля.


18 жніўня
20-я звычайная
нядзеля
Прыйшоў  укінуць агонь…
1 чытанне — Ер 38, 4-6. 8-10.
Пс 40 (39), 2-3. 4. 18.
2 чыт. — Гбр 12, 1-4.
Евангелле — Лк 12, 49-53.

gr-chleb-str-31-1 copyНазіраючы за  людзьмі ў Польшчы, можна прыйсці да высновы, што палітыка адыгрывае вельмі вялікую ролю ва многіх сем’ях. Рэч не аб тым, што ў практыцы яна мае нейкае там значэнне – рэч аб апантаных эмацыянальных дыскусіях. Сям’я можа падзяліцца і пасварыцца на глебе сімпатыі да партый палітычных. Гэта незвычайна, але факт. Людзі “загараюцца” у дыскусіях, і ні адзін з бакоў не хоча ўступіць і прызнаць правату другога.
А ці таксама “загараемся”, калі дыскутуем  на рэлігійную тэму? Ну, пэўна ж…
Трэба заўважыць, што на тэмы рэлігійныя не размаўляем і не дыскутуем наогул. Палітыка міжнародная, фінансы, жыццё  слынных асоб,  прадказанне болей-меней светлай будучыні – то так, гэта нас “распаліць”. Тут можам падыскутаваць,  пайсці на гостры абмен  прапановамі,  можам  падзяліцца на розныя лагеры (“за” і “супраць”).
Калі  размова датычыцца Бога, рэлігіі, Касцёла (не фінансаў і маральнасці, але пытанняў тэалагічных), то становімся неяк дзіўна маламоўнымі. Тым самым робім шкоду Касцёлу, бо маўчым нават тады, калі хто-небудзь гаворыць глупоты. Бывае, што “прыстойная каталічка” падчас сямейнага спаткання пры стале пазітыўна адзываецца пра аборты, штучнае апладненне, эўтаназію. Усе з паразуменнем ківаюць галовамі і зычліва ўсміхаюцца.  Хто-небудзь іншы  ўздымае пытанні пазітыўнага ўздзеяння нядзельнай эўхарыстыі, непарыўнасці сужэнства (бо навошта тады браць шлюб? Няхай жывуць, як хочуць! Важна, каб кахалі…), ці іншых сакрамэнтаў. І кожны з іх адчувае сябе чалавекам веруючым. Можа ён і веруючы – але, напэўна, не Каталіцкага Касцёла. Логіка падказвае, хто супраць навукі Касцёла, не згаджаецца з ёю,  той не з’яўляецца членам гэтага Касцёла. Калі не “за”, значыць – “супраць”.  Яшчэ  горай з тымі, каторыя   апавядалі вышэй названыя глупоты і лічаць сябе католікамі. Гэта сапраўдныя ворагі Касцёла – развальваюць яго неяк знутры!
Колькі разоў мы ўдзельнічалі ў падобных размовах. Тады мы павінны былі яўна супрацьстаяць. Нават калі датычыцца нашых родных. Тады павінен “запылаць агонь”. Тады не можна маўчаць, нават  калі гэта вядзе да падзелу. І мы павінны стаяць на сваім.


 25 жніўня
21-я звычайная
нядзеля
Ці толькі  нямногія
будуць збаўленыя?
1 чытанне — Іс 66, 18-21.
Пс 117 (116), 1-2.
2 чыт. — Гбр 12, 5-7. 11-13.
Евангелле — Лк 13, 22-30.

gr-chleb-str-31 copyТакое пытанне задае Пану Езусу нейкі чалавек з сённяшняга Евангелля. Хрыстус прама не адказвае. Пачынае з таго, што звяртаецца да слухаючых з прызывам і перасцярогай: “Імкніцеся прайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць спрабаваць увайсці, але не змогуць”. Далей Пан Езус гаворыць аб тым, што нават тыя, каторыя былі каля Яго блізка, слухалі Яго навуку, не былі ў стане забяспечыць сабе “уваходжанне” на неба: “Скажу вам, не ведаю вас, адкуль  вы; адыдзіце ад  мяне  ўсе, хто чыніць несправядлівасць”.
З гэтага вынікае, што наведванне касцёла, слуханне навукі Хрыста і тое, што не прыносіце нікому зла,  – можа быць трохі замала…
Часта сустракаюся з пытаннямі  такога тыпу: “Ці  многа  людзей на небе?”, “Ці Гітлер ў пекле?”, “Ці хутка наступіць канец свету?”, “ Ці Пан Бог стварыў іншыя цывілізацыі?”, “Ці дзікія плямёны, якія не ведаюць Хрыста, могуць быць збаўленымі?” і г.д., і г.д.
Прашу заўважыць, як гэта па-дзіцячы. Адказы на гэтае пытанне ведае адзін Пан Бог. А мы падобныя да студэнта, які мае перад сабою важны і цяжкі экзамен, і замест таго, каб узяцца за навуку сур’ёзна, выпытвае ў іншых, якія  прыёмы выкарыстоўвае прафесар падчас экзамену, колькі тых, каторыя здалі, і г.д.
Пытанне аб колькасці збаўленых не ёсць паказчыкам нейкага вялікага інтэлекту. Значна важней задаць самому сабе пытанне аб уласным збаўленні: ці мая справядлівасць, мая любоў, мая вера дастатковыя, каб прайсці мне праз браму Валадарства Нябеснага? Варта, урэшце, узяцца за сур’ёзную  працу  над  сабою!

кс. Яцэк ДУБІЦКІ,  СМ


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий