Хлеб штодзённы

6 лістапада
32-я  нядзеля звычайная, год С

 

Трымайся сцежак Бога

 

gr-str-30

1 чытанне — 2 Мак 7, 1-2. 9-14.
Пс 17 (16), 1. 5-6. 8 і 15.  
2 чыт. — 2 Тэс 2, 16–3,5.  
Евангелле — Лк 20, 27-38.

 

“Калі прачнуся, буду насычацца Тваім абліччам“ (Пс 17 (16), 15)
“Праследаванні – штодзённы хлеб Касцёла. Крывавы, як і тое, што зроблена ў белых рукавічках пад покрывам сучаснасці і прагрэсу”. Папа Францішак гаварыў аб гэтым на святой Імшы у капліцы Дома св. Марты 12 красавіка 2016 г., пад-крэсліваючы, “што праследаванні ад самага  пачатку ўпісаныя ў хрысціянства”. Гэта – найлепшы каментар да першага чытання з Другой Кнігі Макабэяў. Шкада толькі, што сёння слухаем толькі малы фрагмент з той прыгожай мартыралогіі Выбранага Народу.
Псальм, увасабленне Хрыстуса, які робіць усё, што  задумаў Айцец. Ён ведае, што паўстане са сну і насыціцца абліччам Міласэрнага. Моцна патрабуем нядзельных  святых Імшаў, каб,  узмоцненыя Святым Духам, маглі моцна  трымацца сцежак Бога, каб дайсці да Неба.
Св. Павел  прыпамінае ў Другім Пасланні да Тэсалані-кійцаў аб запале  евангелізацыі, каб “слова Панскае пашыралася”. Нягледзячы на цяжкасці  павінны захаваць цярплівасць.
Садукеі ўваходзяць у спор з Езусам, сцвярджаючы, як і многія з нас,  што няма  змёртвыхпаўстання. Адказ, які пачулі,  з’яўляецца Добрай Навіной сённяшняга дня: “Бог не ёсць Богам памерлых, а жывых; усе для Яго жывыя”.  Памятайма, што грэх – прычына  смерці. Нам застаецца толькі адказаць сабе, у праўдзе нашага  штодзённага існавання,  ці не так ў маім выпадку?


13 лістапада
33-я  нядзеля звычайная, год С

 

З адвагаю вучняў Хрыстуса

 

1 чытанне — Мал 3, 19-20а.  
Пс 98 (97), 5-6. 7-8. 9.  
2 чыт. — 2 Тэс 3, 7-12.  
Евангелле — Лк 21, 5-19.

 

“Прыйдзе Пан судзіць народы  справядліва” (Пс 98 (97), 9)
З нашага боку дастаткова было б памятаць пра Суд Божы, і многіх з нас гэта ўратавала б  ад агню пякельнага. Канешне, такая пастава  ёсць падобнай да жыцця нявольнікаў. Хрыстус хоча, каб усе мы дзейнічалі ў любові і свабодзе  дзяцей Божых, якія маюць у сабе мудрасць, ведаюць, да чаго вядзе гісторыя, непазбежна да канца.  Гэта не перспектыва  нейкага экзістэнцыяльнага фаталізму, але рэалізму, які дазваляе нам захаваць  здаровую дыстанцыю да ўсяго, што робім.
У сённяшнім Евангеллі Хрыстус гаворыць, што “Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе павалены”, маючы на ўвазе святыню Ерузалемскую. Так будзе  таксама і  з  тым, што пакінем пасля сябе. Нашай мудрасцю павінны быць словы Хрыстуса  з Евангелля св. Мацвея: “Усё міне, але словы Мае  не мінаюць”.  З перспектывы гісторыі свету бачым,  як спаўняецца гэтае прароцтва. Таму самай пільнай справай  ў жыцці Касцёла, а значыць і кожнага з нас, з’яўляецца евангелізацыя і справы міласэрнасці.
Запал у першай справе можа давесці да  пераследавання з боку ворагаў Добрай Навіны. Трымаючыя ўладу і сёння ўводзяць усякія  абмежаванні, каб толькі не дазволіць абвяшчэнне  Евангелля па-за мурамі нашых святынь. Аднак заўсёды застаецца біблійная  “рэшта Ізраэля”,  якая  ёсць вернай  наказам Збаўцы і не глядзіць са страхам  на магчымыя пераследаванні. З адвагаю вучняў Хрыстуса, рызыкуючы жыццём і свабодаю, аглашае Валадарства Божае.


20 лістапада
34-я  нядзеля звычайная –
Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, год С

 

Нашае жыццё – не наша ўласнасць

 

gr-str-31

1 чытанне — 2 Сам 5, 1-3.
Пс 122 (121), 1-2. 4-5.  
2 чыт. — Клс 1, 12-20.  
Евангелле — Лк 23, 35-43.

 

“Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш ў сваё Валадарства” (Лк 23, 42)
“Сапраўды кажу табе: сёння ж будзеш са Мною ў раі”. Справа навяртання, гэта значыць, кардынальнай змены  паводзінаў у адносінах да  Бога і лю-дзей  не адкладваецца  на заўтра. Сёння, у гэтую нядзелю, павінны пакінуць Касцёл з  прыняццем рашэння ў сэрцы, што буду ўдзельнікам “у справе святых у светласці”, чаму? “Вось стаяць нашыя ногі  ў брамах Тваіх, Ерузалем”. З дня, калі мы атрымалі  ласку святога хросту,  з’яўляемся членамі  “Валадарства Божага”, жыццё  нашае належыць Пану, не з’яўляецца нашай уласнасцю!!! Маем толькі “сёння”. “Заўтра” можа не быць, “учора” беспаваротна мінула.
У гісторыі кожнага з нас можа здарыцца ўсё.Ад вялікіх і цудоўных спраў можам упасці на самае дно людской слабасці і граху. Ніхто не можа быць упэўнены сам ў сабе. Без пакоры і скрухі сэрца можна вельмі дрэнна скончыць, як тыя два евангельскія злачынцы.  Аднак Хрыстус запэўнівае, што гатовы прыняць нас у Валадарства, нават у апошнюю хвіліну нашага зямнога жыцця. Патрэбна адзінае – шчырая скруха сэрца, што вынікае з праўды пра нашыя ўчынкі. Ведаем гісторыі дасканалых святых, людзей адданых Богу, жывучых для Яго хвалы.  Людзі, якія сваім  жыццём далі сведчанне аб тым, што няма большай любові на гэтым  свеце, як хто жыццё сваё аддасць за  прыяцелей сваіх. Ведаем таксама трагічныя і змешаныя лёсы многіх людзей, якія ў момант спробы  здрадзілі Богу і Касцёлу. А Бог, поўны міласэрнасці, чакае на нашае навяртанне.  Ніхто для Яго не страчаны. Давайце прасіць Пана аб гэтай святой цярплівасці ў адносінах да грэшнікаў, якія не могуць выпутацца з пасткі  дэмана. Не раз застаецца  апошняя хвіліна для навяртання – “Езу, узгадай мяне, калі прый-дзеш  ў сваё Валадарства”.


27 лістапада
I Нядзеля Адвэнту, год А

 

Быць гатовым на Яго прыйсце

 

gr-str-31-2

1 чытанне — Іс 2, 1-5.
Пс 122 (121), 1-2. 4-5. 6-7. 8-9.  
2 чыт. — Рым 13, 11-14.
Евангелле — Мц 24, 37-44. 

 

 

“Пойдзем з радасцю на спатканне з Панам” (пар. Пс 122 (121), 1)
Цікава, ці прыйдзем  на сённяшнюю Літургію з радасцю? Калі так, то мы як святыя сярод святых, якія прыадзеліся ў Хрыстуса, у “зброю святла”, як гаворыць святы Павел. Радасць  – гэта  вынік жыцця правільнага, якое  ёсць супрацьлегласцю гулянкам, п’янству, распустам,  сваркам і зайздрасці. Дэ факто: так жывуць хрысціяне, народ,  які перакаваў меч на серп, – як гаворыць нам прарок Ісая.
Тыя, хто належыць да Езуса, – як тыя, што выйшлі да аркі Ноя і засталіся збаўленымі ад водаў патопу. За дні Ноя нямнога асоб уверавалі, што тое, што ён робіць, мае сэнс. Гэтая спакуса і сёння  блізка ад нашага сэрца. Заўсёды маем тэндэнцыю жыцця ў натоўпе. У ім можна схавацца, застацца незаўважаным, рабіць тое, на што ёсць ахвота.  Законы большасці лічыць сваімі – бо ўсе так робяць! А жыццё хрысціян, для язычнікаў, у кожным пакаленні ёсць вялікім знакам пытання.  Яны выйшлі з натоўпу, прыцягнутыя любоўю Змёртвыхпаўсталага.
Хрыстус прызывае нас да таго, каб зрабілі правільны выбар і выйшлі з натоўпу, з поўнай ананімнасці. Гэта значыць, не толькі ў сценах  свайго дому, ці касцёла вялі жыццё, годнае Евангелля, але  таксама ў грамадстве, на вачах “усіх”, як Ной і яго сям’я.
Езус сёння звяртае ўвагу на тое, каб  чуваць і быць гатовым на Яго прыйсце. Гэтая гатоўнасць мае два вымярэнні: выканання волі Божай і заканчэння  нашага жыцця. Першае вымярэнне – гэта таксама ўмеласць распазнаваць знакі прысутнасці Бога  ў нашай гісторыі, на працягу якой можам прачытаць Яго планы адносна нас. Другое вымярэнне – гэта таксама  заахвочванне да таго, каб весці жыццё ў ласцы  Божай, якая ёсць гарантыяй нашага збаўлення. Не страх, а радасць ёсць матывам, які вядзе  нас да жыцця вечнага.   
Распачынаем ў Літургіі новы год. Давайце прасіць Пана, каб ніхто з нас не “праспаў” часу Адвэнту.
Дзякую ўсім за тры гады супольнага  затрымання пры Слове.

 

кс. Славамір  ЛАСКОЎСКІ  


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий