4 снежня
II Нядзеля Адвэнту, год А
Раўняйце сцежкі Яму
1 чытанне — Іс 11, 1-10.
Пс 72 (71), 1-2. 7-8. 12-13. 17.
2 чыт. — Рым 15, 4-9.
Евангелле — Мц 3, 1-12.
“Падрыхтуйце дарогу Пану…” (Лк 3, 4)
Як цяжка дабрацца кудысьці, калі дарога знаходзіцца ў жудасным стане. Мы рызыкуем папсаваць транспартны сродак, а таксама ёсць небяспека ўласнаму здароўю або жыццю. Падобнае адбываецца і ў нашым духоўным жыцці. Як цяжка дасягнуць Бога і іншага чалавека, калі дарогі, якія вядуць «да» і «ад» нашага сэрца знаходзяцца ў жудасным стане, поўныя выбоінаў. Сёння мы чуем запрашэнне Яна Хрысціцеля, прарока і папярэдніка Месіі: “Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму ”.
Вызнаць грахі можа толькі чалавек пакорны. Ён мае адвагу, каб паўстаць перад Богам і прызнаць, што яго жыццё і паводзіны былі несправядлівымі. Вызнанне грахоў часта асацыіруецца з пераадоленнем пачуцця сораму. Часам нам прыхо-дзіцца сутыкацца з непрыемнымі ўспамінамі з мінулага. Бывае, што мы вызнаём нашыя грахі ў слязах, у стане эмацыянальнага ўзбуджэння. Узамен мы атрымліваем прабачэнне і міласэрную любоў Бога. Ян насіў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на бёдрах. Абодва гэтыя атрыбуты паказваюць яго ўнутраны свет. Знакам нашага пакаяння з’яўляецца нашая перамена ў адносінах да жыцця. Калі дарога да нашага сэрца простая, то мы таксама становімся жывым Евангеллем пра Езуса Хрыста, Сына Божага. Мы становімся новым пачаткам. Можа варта, каб пачаць ужо сёння…
11 снежня
III Нядзеля Адвэнту, год А
Абвяшчайма з радасцю, Бог сярод нас
1 чытанне — Іс 35, 1-6а. 10.
Пс 146 (145), 6с-7. 8-9а. 9bc-10.
2 чыт. — Як 5, 7-10.
Евангелле — Мц 11, 2-11.
“Бог навекі захоўвае вернасць” (Пс 146 (145), 10)
«З Езусам Хрыстом радасць заўсёды нараджаецца і адраджаецца», – станоўча і рашуча нагадвае свету Папа Францішак. Цяжка не ўзгадаць яго словы ў сённяшнюю нядзелю Gaudete, нядзелю радасці, калі літургія слова насычана радасцю, пра якую кажуць прарок Ісая і апостал Якуб.
Сённяшняя літургія запрашае нас да радасці і да даверу. Тым, хто бедны, чыё сэрца зламанае, хто на розны спосаб зняволены і залежны, паказваецца добрая навіна пра вызваленне, якое набліжаецца, пра трыумф міласэрнасці і справядлівасці.
Але, калі мы аглядаемся навокал і, магчыма, калі глядзім на нашае ўласнае жыццё, нашмат лягчэй бачым прычыны для турботы і трывогі. Проста дастаткова ўключыць радыё ці заглянуць у Інтэрнэт, каб даведацца пра новыя падзеі, поўныя нянавісці і роспачы. Проста дастаткова паглядзець вакол, каб убачыць хваробу, расчараванне, страх і смерць. Гэта не супакой, любоў і дабро, а боль, гвалт, сямейныя крызісы, фінансавыя і іншыя праблемы, здаецца, дамінуюць вакол нас.
Нараджэнне Збаўцы, якое хутка набліжаецца, не забірае са свету грэх і пакуты, але кажа нам, што зло не з’яўляецца апошнім словам у гісторыі. Менавіта ў гэтым свеце Бог становіцца целам. Нараджаецца ў звычайнай сям’і. У ёй расце, развіваецца, сталее. Больш за тое, Ён становіцца Дзіцём, якое можа выжыць, толькі калі яно будзе прынятае, накормленае і апранутае. Божае Валадарства справядлівасці, радасці і супакою прыходзіць да нас дакладна гэтак жа. Божае Валадарства выдаецца нам пазбаўленым сэнсу і слабое, як маленькае гарчычнае зерне альбо як кавалачак закваскі. Але, калі мы, аднак, прымем яго да сябе і будзем пра яго клапаціцца, яно будзе расці ўнутры нас і, нарэшце, прынясе супакой, любоў, справядлівасць, свабоду, дабро і радасць, да якой сёння заклікае нас літургія.
18 снежня
IV Нядзеля Адвэнту, год А
Юзаф зрабіў, як загадаў яму Анёл Пана
1 чытанне — Іс 7, 10-14.
Пс 24 (23), 1-2. 3-4ab. 5-6.
2 чыт. — Рым 1, 1-7.
Евангелле — Мц 1, 18-24.
“Зачатае ў Ёй, ёсць ад Духа Святога” (Мц 1, 20)
У канцы Адвэнту мы чуем Евангелле ад Мацвея аб нараджэнні Езуса. Хацеў бы падкрэсліць асабліва тыя словы, якія адносяцца да св. Юзафа. Юзаф названы праз Мацвея «мужам справядлівым», што на біблейскай мове значыць святы, праўдзівы, сумленны, працавіты і мудры. У сённяшнім Евангеллі ён даведваецца аб новых заданнях, якія чакаюць яго. Юзафа здзівіў знешні стан яго жонкі Марыі. Яна насіла пад сэрцам дзіцятка. Але ён ведаў, што ён не быў бацькам гэтага дзіцяці. Мужчына ведае аб гэтым, калі застаецца верны прынцыпам. У Юзафа не было ніякіх сумневаў, ён таксама ведаў Марыю, быў упэўнены, што няма абсалютна ніякіх падстаў падазраваць яе ў здрадзе. Але дзіця! Дык што ж рабіць? Юзаф, напэўна, меў свае жыццёвыя планы. Хацеў сумленна пражыць сваё жыццё, стварыць сям’ю, гадаваць дзяцей, унукаў і з пачуццём добра выкананых абавязкаў спачыць разам са сваімі продкамі ў магіле. Ўмяшанне Бога цалкам змяніла яго планы і адкрыла перад ім новае бачанне, якое дасягала вечнасці. Бог аддаў у рукі Юзафа Свайго Сына і Яго Маці, і гэтым самым ўчыніў яго адказным за іх лёс на зямлі. Першапачаткова цясляр з Назарэту мала разумеў з таго, што Бог чакаў ад яго, але ў сваёй справядлівасці не мог сказаць Богу «не». З адкрыццём слова Божага і даверу ён узяў адказнасць за даручаную яму місію. А я што ўчыню?
25 снежня
Урачыстасць Нараджэння Пана
Слова сталася Целам
1 чытанне — Іс 52, 7-10.
Пс 98 (97), 1. 2-3ab. 3cd-4. 5-6.
2 чыт. — Гбр 1, 1-6.
Евангелле — Ян 1, 1-18.
“На пачатку было Слова” (Ян 1, 1)
У радаснай і поўнай цеплыні атмасферы мы складаем сабе зычэнні: «Радасных Святаў!». І яны будуць такімі, калі мы перажывем іх найглыбейшы сэнс. Давайце пяройдзем ад калядных гаджэтаў і падарункаў, ад чароўнага настрою да таго, што самае галоўнае: Слова сталася целам і пасялілася між намі!
Мы цешымся з мноства розных рэчаў: з маленькіх падарункаў, якія мы атрымліваем у якасці доказу памяці, з заробленых грошай, кар’еры, здароўя, з поспехаў сваіх дзяцей і ўнукаў. Больш радасці, чым ад рэчаў, даюць нам адносіны з блізкімі: любоў, ўсведамленне таго, што ты камусьці патрэбны; упэўненасць, што хтосьці цябе разумее; ўсмешка, якая выражае падзяку. Тым не менш, нават гэтая радасць з’яўляецца далікатнай і недаўгавечнай. Часам бывае меншай, чым нашыя чаканні і жаданні. Яна пакідае пачуццё нейкага недахопу, таму што гэта толькі прадвеснік сапраўднай радасці.
Крыніцай пастаяннай і бясконцай радасці ёсць Бог, наш Збаўца. Ён адбудоўвае жыццёвыя руіны кожнага чалавека, прыносіць суцяшэнне ў смутку і аднаўляе жаданне жыць (1чытанне). Ён дазваляе радасна спяваць стомленым і змучаным, нявольнікам шэрай што-дзённасці.
Радасць дае прысутнасць Слова Божага сярод нас, якім з’яўляецца Яго Сын (Евангелле). Гэтае Слова дзеліцца з намі жыццём, ласкай, супакоем, радасцю і святлом. Хрыстус Слова пераконвае нас у любові, якой Бог ніколі не пераставаў нас любіць! Гэта фундамент радасці.
І самае галоўнае: Ён «дае нам сілу, каб мы сталіся дзецьмі Божымі». Вось самы вялікі падарунак гэтых Свят!
кс. Алег ГРЫГАРОВІЧ, SAC