Хлеб штодзённы

1 студзеня
Урачыстасць Святой Багародзіцы Марыі, год А

 

gr-str-30

Умацоўвай на карысць дабра

 

1 чытанне — Ліч 6, 22-27.
Пс 67 (66), 2-3. 5. 6 і 8.  
2 чыт. — Гал 4, 4-7.  
Евангелле — Лк 2, 16-21.

 

“Паслаў Бог Сына свайго, народжанага ад жанчыны” (Гал 4,4).
Сёння – першы дзень новага,  2017 года. Гэта чарговы год трэцяга тысячагоддзя хрысціянства, і перад намі зноў вялікія перспектывы і магчымасці, планы, праекты, заданні і г.д. Сённяшняя ўрачыстасць накіроўвае нашу ўвагу на мацярынства, бо на пачатку кожнага жыцця заўсёды знаходзіцца маці. Усведамляючы  вялікае значэнне гэтай праўды, Касцёл нездарма прысвячае першы дзень новага года, 1 студзеня, менавіта мацярынству Найсвяцейшай Панны Марыі. З гэтай нагоды калісьці не так  і даўно, дакладна 8 снежня 2000 г. св. Папа Ян Павел ІІ у той час, будучы на іспанскай плошчы, прамовіў такую малітву:
«Беззаганная Марыя, узносім да Цябе нашыя позіркі і пакорна просім, падтрымлівай нас у змаганні з сіламі зла і ўмацоўвай нас на карысць дабра. Захавай нас у Тваёй матчынай апецы, Дзева Святая і Прыгожая! Будзь нам успамогай, каб мы ўвайшлі ў трэцяе тысячагоддзе, апранутыя ў пакору, дзякуючы якой Ты, о Маці, стала выбранай перад вачыма Усемагутнага, Які вялікія рэчы ўчыніў для Цябе. Няхай плёны новага года ў новым тысячагоддзі не будуць знішчаны».


8 студзеня
Свята Хросту Пана, год А

 

gr-str-30-2

Цябе ўпадабаў

 

1 чытанне — Іс 42, 1-4. 6-7.
Пс 29 (628), 1а і 2. 3ас-4.
3b і 9b-10.  
2 чыт. — Дз 10, 34-38.  
Евангелле — Мц 3, 13-17.

 

«Ты – Маё ўмілаванае дзіця»
Пасля хросту Езуса ў Ярдане раскрыліся нябёсы і голас з неба сказаў, што гэта Яго ўмілаваны Сын, якога Ён упадабаў. Такім чынам Бог Айцец пацвярджае, што Езус – гэта Сын Божы.
Гісторыя Божага сыноўства не завяршылася на Езусе. Яна працягваецца. У сакрамэнце хросту Бог паўтарае тыя ж самыя словы да кожнага з нас: «Ты – Маё ўмілаванае дзіця». Умілаванае не толькі калі ў нас усё добра складваецца, але і тады, калі мы знаходзімся ў бядзе. Бог заўсёды памятае пра сваіх  дзяцей.
Няхай сённяшняе свята Хросту Пана будзе для кожнага з нас добрай нагодай, каб ад сэрца, шчыра падзякаваць Богу за гэты каштоўны дар, якім з’яўляецца хрост, Эўхарыстыя, у якой мы разам удзельнічаем, а таксама іншыя сакрамэнты, дзякуючы якім узрастаем у любові і ласцы. Няхай сённяшняе Божае Слова, якое мы пачулі, абудзіць у нас прагненне адновы тых абяцанняў, якія ад нашага імя далі калісьці нашыя бацькі і хросныя, ці, можа, нават мы, калі прымалі хрост, будучы ўжо дарослымі. Памятайма, што ў Езусе Хрысце мы сталі Божымі дзецьмі, а значыць, словы, пачутыя намі ў Евангеллі, адрасаваны кожнаму з нас: ты – сын, ты – дачка Мая ўмілаваная, цябе Я ўпадабаў.


15 студзеня
II нядзеля звычайная, год А

 

Ці маем мы ў сабе жыццё?

 

1 чытанне — Іс 49, 3. 5-6.
Пс 40 (39), 2 і 4ab. 7-8a. 8b-9.  
2 чыт. — 1 Кар 1, 1-3.  
Евангелле — Ян 1, 29-34.

 

“Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грэх свету” (Ян 1, 29).
Прарок Ісая паказвае таямнічую постаць Слугі, які вызнае: «Бог мой стаў маёй моцаю» (гл. Іс 49, 6). Таму яго не палохае заданне, да якога пакліканы: «Таго, што ты Мой Слуга, вельмі мала для падняцця пакаленняў Якуба, вызвалення ацалелых з Ізраэля. Устанаўлю цябе святлом для паганаў, каб маё збаўленне дайшло аж да канцоў зямлі» (гл. Іс 49, 6). Пагадзіцеся, што заданне, пастаўленае перад слугою, вялізнае, бо датычыць яго місіі не толькі адносна выбранага народу, але і ўсіх народаў свету.
Калі Ян Хрысціцель убачыў падыходзячага Езуса, усклікнуў: «Вось Ягнё Божае, якое бярэ на сябе грэх свету». Што такое «грахі свету»? У Евангеллі, паводле Яна, «свет» – гэта паняцце, якое абазначае сферу існавання, пабудаванага без Бога на аснове чалавечых патрэбаў і жаданняў. Іншымі словамі, «свет» – у адмоўным сэнсе – гэта ўсё тое, што закрывае чалавека ў яго эгаізм і эгацэнтрызм. Ён вядзе да разумення жыцця як імкнення толькі мець, валодаць чым-небудзь і прысвойваць сабе тое, да чаго імкнёмся і пра што думаем, каб задаволіць свае патрэбы любым коштам. Такі пункт гледжання адносна жыцця і выцякаючыя з гэтага паводзіны вядуць да насілля і бязлітаснага эгаізму, да прыгнёту іншых, да эксплуатацыі бліжніх і да недаацэнкі непаўторнасці іншых людзей. Таму накіроўваць усё на сябе, не заўважаць іншых, жыць дзеля таго, каб мець і валодаць, – гэта грэх.
Езус  прапануе сябе як Ягнё Божае, якое аддае сваё жыццё і бязмежнай любоўю ахвяруе сябе за іншых.  Езус  самаахвярна  аддае сябе за жыццё іншых: Ён дорыць свой час, сваё слова, сваю кроў, сваё жыццё – усё тое, чым Ён ёсць, і ўсё тое, што мае. Езус з’яўляецца поўнай  супрацьлегласцю свету! Падобна  таму, як  святло з’яўляецца  супрацьлегласцю цемры, любоў – супрацьлегласцю нянавісці, так  жыццё  з’яўляецца  супрацьлегласцю  смерці. Ці маем мы ў сабе  жыццё?


22 студзеня
III нядзеля звычайная, год А

 

Пан – маё святло і маё збаўленне

 

gr-str-31

1 чытанне — Іс 8, 23b–9, 3.
Пс 27 (26), 1-4. 13-14.
2 чыт. — 1 Кар 1, 10-13. 17.  
Евангелле — Мц 4, 12-23.

 

“Наблізілася  Валадарства Нябеснае” (Мц 4, 17).
Сёння сталі моднымі «спецыя-лісты» па песімізму, саркастычнаму цынізму, маладушшы і любові, якая аказваецца ў тупіку. Людзі імкнуцца аб’ектывізаваць і дыс-крэдытаваць хаця б толькі размову аб радасці, бо лічаць гэтую размову пустою. Экспертам песімізму здаецца, што свет створаны дрэнна, таму яны лічаць сваім  абавязкам прад’явіць сур’ёзныя папрокі ў адрас Стварыцеля за непарадак і бедствы ў створаным Ім свеце. Аднак стаўленне з пагардай да жыцця і свету, насмешкі з тых, хто верыць, што яны могуць прыняць удзел у аднаўленні касмічнага парадку, і адмаўленне абсалюту знаходзяцца ў супрацьлегласці з сур’ёзным  рэалістычным падыходам.
Езус пачаў абвяшчаць Евангелле словамі: «Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае». Бог збіраецца ўмяшацца і прымяніць сваю бязмежную вызваляльную ўладу. Божае Валадарства непасрэдна звязана з асобай Езуса, бо Ён адкрывае яго сваім жыццём, сваімі справамі і словамі. Трэба, аднак, «пакаяцца», а значыць выйсці з самога сябе і адкрыцца на новы спосаб мыслення і дзеяння.
Навярнуцца – гэта значыць пачаць разумець рэальнасць з пункту гледжання Бога, пазбавіцца забабонаў, што ўсё павінна разглядацца праз прызму патрэбаў і жаданняў чалавека. Такім чынам, навяртанне азначае «змяніць погляд, якім мы глядзім на жыццё», і прыняць погляд, якім Бог бачыць і ацэньвае рэальнае жыццё. Сказаць, што «наблізілася Валадарства Нябеснае», азначае, што тое, што нам здаецца нездзяйсняльным, становіцца магчымым з дапамогай Езуса: дабрыня, радасць, вечнае жыццё. Езус на самой справе прыносіць Божае Валадарства, бо ў чалавеку, які верыць у Яго, Ён адкрывае новыя, неапісальныя магчымасці жыцця.


29 студзеня
IV нядзеля звычайная, год А

 

Да неба сэрцам дакрануцца

 

1 чытанне — Саф 2, 3; 3, 12-13.
Пс 146 (145), 6-7, 8-9а. 9bс-10.
2 чыт. — 1 Кар 1, 26-31.  
Евангелле — Мц 5, 1-12а.

 

“Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае” (Мц 5, 3).
Прыходзячы на свет, чалавек пакліканы да святасці, да таго, каб браць удзел у радасці Божага Валадарства, каб цешыцца перамогаю Хрыста і мець вечнае жыццё. Бо святасць,  іншымі словамі, –  гэта збаўленне. Гэта адказ “так” на Божую прапанову. Мы створаны Богам без нашай згоды, але быць збаўленымі без нашай асабістай згоды мы не можам. Бог нас сілай не збавіць. Як жа нам быць?  Што значыць быць святым?
Быць святым – гэта ствараць гармонію між вызнаванай вераю і жыццём. Гэта значыць слухаць Божае Слова, прымаць яго і жыць ім. Быць святым – гэта не значыць хадзіць па аблоках ці будаваць паветраныя замкі. Быць святым – гэта значыць быць рэалістам, Хрыстовым рэалістам, які цвёрда ступае нагамі па зямлі, а сэрцам дакранаецца да неба.
Наследваць Хрыста кожны дзень свайго жыцця – ці гэта радасны дзень, ці дзень, поўны расчаравання і болю, – вось нашая з вамі задача! “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас”, – кажа Пан. Вось наш накірунак да святасці: прыйсці да Езуса, нягледзячы ні на што, з вераю ў тое, што Ён з’яўляецца даўцам сапраўднага супакою і што Ён здольны зразумець і выслухаць нас, нават у самых складаных жыццёвых  ыыабставінах.

 

кс. Алег  ГРЫГАРОВІЧ,  SAC


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий