5 лютага
V Нядзеля звычайная, год А
Два малюнкі
1 чытанне — Іс 58, 7-10.
Пс 112 (111), 4-5. 6-7. 8а і 9.
2 чыт. — 1 Кар 2, 1-5.
Евангелле — Мц 5, 13-16.
“Вы – святло свету” (Мц 5, 14)
У Евангеллі на гэтую нядзелю Езус вучыць, якім з’яўляецца «значэнне» хрысціянскага грамадства ў свеце, і прымяняе для гэтага два малюнкі: малюнак солі і малюнак святла.
Соль, якая ўжываецца для таго, каб прадукты не псаваліся, азначае цвёрдасць, пастаянства, настойлівасць. Яна ўжывалася таксама пры заключэнні дамоваў і пагадненняў як знак таго, што яны павінны заставацца нязменнымі.
Цяпер хрысціяне з’яўляюцца соллю зямлі, таму што іх прысутнасць – гарантыя трываласці «дамовы» паміж Богам і людзьмі. Калі нават хрысціяне «страцяць сваю моц», то сапсаванасць распаўсю-дзіцца без перашкодаў. Аднак калі будуць хрысціяне верныя дагавору з Богам, то стануць у Божых руках знакам і сродкам для спакойнага вызвалення і паяднання чалавецтва. Зразумела, што ніхто не сцвярджае, што збаўленне свету залежыць ад хрысціянаў. Тым не менш, іх значэнне і прысутнасць у свеце і для свету нельга аспрэчваць.
Езус параўноўвае хрысціянскае грамадства таксама з «горадам, які стаіць на вяршыне гары», і са свечкай, якая «свеціць усім у доме».
Нельга сцвярджаць, нібыта хрысціяне заўсёды з’яўляюцца прыкладам ва ўсім і для ўсіх. Аднак насуперак сваім недахопам і грахам, яны павінны паказваць, што яны давяраюць толькі Богу і сведчаць пра тое, што толькі Бог з’яўляецца сапраўднай асновай усялякаму дабру і добразычлівасці. Хрысціяне павінны ствараць новую сям’ю Божых дзяцей як новае грамадства, якое паказвае ўсім людзям вышэйшую мэту жыцця і крыніцу ўсялякіх добрых паводзін.
Езус тлумачыць: «Няхай святло вашае так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах».
12 лютага
VI Нядзеля звычайная, год А
«А Я кажу вам…»
1 чытанне — Сір 15, 15-20.
Пс 119 (118), 1-2. 4-5. 17-18. 33-34.
2 чыт. — 1 Кар 2, 6-10.
Евангелле — Мц 5, 20-22а.
27-28. 33-34а. 37.
“Шчаслівыя, хто ходзіць у Законе Пана” (Пс 119, (118), 1.
На першы погляд людзям здаецца, што паміж законам і свабодай існуе пэўнае напружанне, а нават невырашальная супярэчлівасць. Ці не з’яўляецца ў сапраўднасці закон перашкодай для свабоды, тормазам для неабмежаванага размаху чалавечага гарачага жадання? Хіба не праўда, што закон, як казалі рабіны, з’яўляецца агароджай, якая абмяжоўвае свабоду чалавека? Ці не з’яўляецца намаганне вызваліцца ад кожнага прымушэння марай сучаснага «звышчалавека»?
Якая ж складаная гэта свабода! Яна ўвесь час падпадае пад атаку нашых ілюзій, гарачых жаданняў і знешняга «прымусу». Сапраўдная свабода не можа існаваць без любові. Аднак ці можа яна існаваць без закону? І калі любоў рэгулюецца законам, ці можа яна заставацца спантаннай, шчырай і поўнай свабоды? Гэтыя і падобныя пытанні нараджаюцца ў нас зноў і зноў. Аб гэтых пытаннях мы бу-дзем чытаць таксама ў біблейскіх тэкстах на гэтую нядзелю.
Евангеліст Мацвей у многіх канкрэтных прыкладах указвае на пераемнасць паміж добрай весткай Езуса і навучаннем, прапанаваным у Старым Запавеце, а таксама на яго выкананне: «Вы чулі, што было сказана прарокам?.. А Я кажу вам…».
У чым заключаецца навізна-выкананне, якое прыносіць Езус? Гэта не толькі заклік да шчырасці і да больш глыбокага падыходу да Закону, бо кожны сапраўдны фарысей клапаціўся пра гэта. Навізна не заключаецца таксама і ў новым Законе, бо Закон Старога Запавету не быў адменены і заставаўся ў сіле. Езус кажа, што Ён сам з’яўляецца асновай маральнага абавязацельства: «А Я кажу вам…». Гэта Ён сам усім сваім жыццём кажа тое, што добра, бо дабро не можа прыйсці «ніадкуль», а толькі ад Яго.
19 лютага
VII Нядзеля звычайная, год А
Езус заклікае ісці насустрач
1 чытанне — Лев 19, 1-2. 17-18.
Пс 103 (102), 1-2. 3-4. 8 і 10. 12-13.
2 чыт. — 1 Кар 3, 16-23.
Евангелле — Мц 5, 38-48.
“Любіце ворагаў вашых” (Мц 5, 44)
Папулярным з’яўляецца меркаванне, што навізна хрысціянскай весткі ў адносінах да Старога Запавету заключаецца менавіта ў запаведзі любіць ворагаў. На аснове такога меркавання мы маглі б сцвярджаць, што ў змесце Старога і Новага Запаветаў існуе істотная розніца. Мы маглі б нават казаць аб супярэчнасці паміж этыкай любові ў Новым Запавеце і этыкай справядлівасці ў Старым Запавеце, або аб супярэчнасці паміж універсальнай любоўю ў Новым Запавеце і этыкай «асаблівай» любові ў Старым Запавеце. Пры дапамозе гэтых супярэчнасцей паміж Старым і Новым Запаветамі, супастаўляючы этычныя нормы і змест, мы хацелі б растлумачыць, у чым крыецца хрысціянская «навізна» ў адносінах да габрэйскай рэлігіі.
У першую чаргу варта спытаць: у чый адрас было прамоўлена Нагорнае казанне? Ні народам, ні дзяржавам. Езус звяртаецца да таварыства сваіх вучняў, якія прымаюць Яго заклік жыць так, як жыў Ён сам. Езус прыносіць этыку, якая магчыма і якую рэальна здзяйсняць (хоць з некаторымі выключэннямі) толькі ў грамадстве братоў і сясцёр, якія жывуць у агульнасці веры, дапамагаюць адно аднаму, узаемна падтрымліваюць адно аднаго, і сярод іх прысутнічае сам Езус, які дае ім сілу свайго Духа.
Этыка Езуса прыводзіць да напаўнення этыкі Старога Запавету, дзе «закон помсты» не быў патрабаваннем помсты, ён нават патрабаваў парадку, заснаванага на асабістай адказнасці і на прынцыпе аднолькавай адплаты за ўчыненае зло: ты не можаш учыніць большае зло, чым табе ўчынілі.
Патрабаванні Езуса можна было б зразумець і іншым чынам: «Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую». Гэта накшталт таго, калі б мы сказалі: «Адрачыся ад правоў сваіх, якія належаць табе па праву, устаноўленаму ў грамадстве». Езус абвяшчае мараль сяброўскай велікадушнасці, якая ўжо ёсць у Законе Старога Запавету, у Кнізе Зыходу. Святы апостал Павел фармулюе той жа прынцып наступным чынам: «Перамагай зло дабром» (пар. Рым 12, 21).
Езус таксама паказвае, што коранем кожнага граху з’яўляецца насілле. Таму Ён заклікае адрачыся ад закону ўзаемнай адплаты, помсты, а значыць––не адказваць насіллем на насілле. Больш таго, Езус заклікае ісці насустрач таму, хто чыніць табе зло або крыўду.
26 лютага
VIII Нядзеля звычайная, год А
Быць шчаслівымі
1 чытанне — Іс 49, 14-15.
Пс 62 (61), 2-3. 6-7. 8-9ab.
2 чыт. — 1 Кар 4, 1-5.
Евангелле — Мц 6, 24-34.
“Не турбуйцеся аб жыцці вашым” (Мц 6, 25)
Езус адназначна акрэслівае перад намі альтэрнатыву: «Езус сказаў сваім вучням: Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне» (пар. Мц 6, 24). Альтэрнатыва наступная: выбраць Бога і самаадрачэнне або грошы і багацце. Выбраць Бога – значыць перажываць першае благаслаўленне: «Благаслаўлёныя ўбогія духам».
Той, хто выбраў Бога як найвышэйшую каштоўнасць свайго жыцця, вызвалены ад напружання і неспакою. Людзі імкнуцца ўсё мець, каб (як ім здаецца) быць шчаслівымі. Езус жа кажа, што шчасце заключаецца ў поўным даверы і адданасці Богу.
Заклапочанасць, пра якую кажа Езус, датычыць будучыні: што мы будзем есці, піць, што мы апранем і г.д. Колькі разоў і мы турбаваліся аб заўтрашнім дні, колькі разоў мы са страхам чакалі, што будзе! Калі мы так сябе паводзім, то не можам упоўні перажываць сённяшні дзень. Можа здарыцца, што мы не будзем жыць увогуле. Мінулае не вернеш, а цяперашняму мы не радуемся таму, што яно напоўнена заклапочанасцю аб заўтрашнім дні, які яшчэ не наступіў.
Езус кажа нам жыць цяперашнім момантам упоўні, з вераю ў тое, што Бог клапоціцца аб нас: «Айцец жа ваш Нябесны ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым» (пар. Мц 6, 32). Бог клапоціцца аб нас, як айцец і сябра. «Калі ж палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, наколькі ж больш вас, малаверныя!» (пар. Мц 6, 30). Выснова відавочная: «Таму не клапаціцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтра само за сябе паклапоціцца. Хопіць кожнаму дню свайго клопату» (пар. Мц 6, 34).
Кожны дзень жыць адданасцю і даверам Богу Айцу – гэта крыніца шчасця. Бо толькі так можна ад-крыць дзейсную прадбачлівую любоў, якая паходзіць ад Айца, якая корміць нябесных птушак і апранае палявыя ліліі.
Аднак тут гаворка ідзе не пра вызваленне нас ад абавязкаў, бо мы чытаем настаўленне Езуса: «Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай» (пар. Мц 6, 33). Вырашальным тут з’яўляецца тое, каб мы з усіх сіл імкнуліся напоўніць кожны цяперашні момант шчырым пошукам «пабожнасці», адноўленага і больш чалавечага свету, што будзе дасягнута толькі з прышэсцем Божага Валадарства. З адданасцю Богу і даверам Яму мы павінны імкнуцца падрыхтаваць месца для Божага Валадарства, быць пабожнымі, як прагне Бог. Гэта дапаможа нам вызваліцца ад заклапочанасці пра заўтрашні дзень, ад страху і неспакою.
кс. Алег ГРЫГАРОВІЧ, SAC