Хлеб штодзённы

5 сакавіка
I Нядзеля Вялікага Посту, год А

 

Што нам рабіць?

 

gr-str-30

1 чытанне — Быц 2, 7-9; 3, 1-7.
Пс 51 (50), 3-4. 5-6ab. 12-13. 14 і 17.  
2 чыт. -Рым 5, 12-19.  
Евангелле — Мц 4, 1-11.

 

Езус пасціў сорак дзён, і д’ябал выпрабоўваў Яго.
Пачынаецца час Вялікага Посту. І адразу ж да нас прыходзіць пытанне: што мы павінны рабіць у гэты перыяд? Многія прыслухоўваюцца да парадаў біскупаў і святароў. Аднак ёсць прапанова, якая ўключае ў сябе ўсе іншыя прапановы і пранікае ў сутнасць, у сэрца часу посту. Яна перавышае тое, што мы можам выконваць практычна. Гэта заклік навяртання, заклік да цвёрдай веры. Гэты заклік скіроўвае да нас таксама св. Павел: «Кожны, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены».
На пачатку сатана выпрабоўвае Езуса, намаўляючы Яго ператварыць камень у хлеб, каб стаць такім чынам дабрадзеем чалавецтва. Падобна думаем і мы. Нам здаецца, што мы вырашым праблемы людзей, калі накормім іх усіх, забяспечым дабрабыт, калі дадзім упэўненасць у працы і жыцці. Чаму гэтыя рэчы могуць стаць спакусай? Звернем увагу на тое, што Езус адказвае сатане: «Нaпiсaнa: не хлебaм aдным бу-дзе жыць чaлaвек, а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых». Езус кажа, што найперш людзям патрэбны Бог, што Бог з’яўляецца для іх большай каштоўнасцю, чым хлеб.
Другое выпрабаванне датычыла ўлады – панавання над усім светам. Да нас таксама прыходзіць спакуса верыць, што валоданне ўладаю нясе з сабою самы высокі дабрабыт і шчасце, што яна дасць магчымасць жыць добра і прысвячаць сябе іншым. Але Езус на спакусу рэагуе так: «Нaпiсaнa: Пaну Бoгу твaйму пакланяйся і Яму aднaму служы». Валоданне ўладаю не прыносіць збаўлення, не робіць людзей шчаслівымі, не дае ім  магчымасць жыць вечна. Улада дае магчымасць набываць многія рэчы, але рэчы не робяць людзей па-сапраўднаму шчаслівымі.  Адзіным, хто можа зрабіць усё, каб мы жылі, з’яўляецца Бог.  Менавіта Ён  дае ў дар Самога Сябе, сваё жыццё, сваю праўду. Бог дае нам жыццё і робіць нас шчаслівымі. Час Вялікага Посту мы перажывём добра тады, калі нам удасца пазбавіцца неўтаймаванага жадання мець, валодаць, зарабляць і набываць усё большую ўладу.
Трэцяе выпрабаванне – самае моцнае: мы думаем, што можам заняволіць і Бога. Езус кажа: «Скaзaнa: не будзеш выпрабоўваць Пaнa Бoгa твайго». Аднак мы ствараем сабе нейкага бога для нашага ўжытку і нашых па-трэбаў, з якім мы можам кантактаваць так, як нам падабаецца. Зразумела, што гэта будзе замена Богу цалкам свабоднаму і трансцэндэнтнаму, таямнічаму і бязгрэшнаму. Бог – гэта абсалютная свабода. Такую праўду даў нам пазнаць Езус. Сэнсам нашага жыцця не з’яўляецца нейкая рэч, нават ніякае жывое стварэнне. Ім з’яўляецца абсалютная і любячая Любоў.


12 сакавіка
II  Нядзеля Вялікага Посту, год А

 

Час вядзе да пазнання

 

1 чытанне — Быц 12, 1-4а.
Пс 33 (32), 4-5. 18-19. 20 і 22.
2 чыт. — 2 Цім 1, 8b-10.  
Евангелле — Мц 17, 1-9.

 

“Аблічча Ягонае заззяла, як сонца” (Мц 17, 2)
У першым чытанні гаворыцца пра веру Абрагама: «Абрагам паверыў Пану, і Ён залічыў яму гэта як праведнасць». Абрагам паверыў у парадаксальнае абяцанне: «Бог вывеў Абрагама вонкі, і сказаў яму: “Паглядзі на неба і палічы зоркі, калі ты зможаш палічыць іх. І сказаў яму: такім вялікім будзе тваё патомства». Ён прагне Бога, ён «рашаецца» на Бога, і такім чынам ён зразумее парадаксальнае абяцанне – Божае абяцанне. Абрагам не «выпрабоўвае» Бога. Такім чынам,  толькі шчырае і глыбокае навяртанне дазваляе нам пазнаць, хто такі Бог.
Божае Аб’яўленне цалкам і канчаткова здзяйсняецца ў Езусе, як гэта абвяшчаецца ва ўрыўку з Евангелля пра Перамяненне Пана. На гары, якая нагадвае Сінай, прысутнічае Божая «слава» («Пётр і тыя, хто быў разам з ім,.. убачылі славу Яго і двух мужоў, якія стаялі разам з Ім»), воблака, якое з’яўляецца сімвалам Божай прысутнасці («з’явілася воблака і агарнула іх,.. а з воблака пачуўся голас»). Увесь аповед аб перамяненні з’яўляецца малюнкам Аб’яўлення. Таксама «сон» апосталаў падобны на моцны сон, які адалеў Абрагама. Гаворка ідзе не пра натуральны сон, а пра асаблівы стан, з дапамогай якога на біблейскай мове выражаецца сустрэча з Богам. Перамяненне Езуса ўказвае на Яго боскую натуру, пра што прамаўляе голас з воблака: «Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце».
Час посту павінен нас весці да лепшага пазнання таго, якім ёсць Езус Хрыстус, і да разумення, што мы павінны быць Яму ўсё больш вернымі. Разважаць і дзейнічаць мы павінны адначасова. Адпаведна мы не можам аддзяляць пазнанне і разважанне ад малітвы, бо гэта шлях да пазнання, кім для нас з’яўляецца Езус. Таму мы не можам аддзяляць практычную дзейнасць ад разважання, любоў ад веры.


19 сакавіка
III  Нядзеля Вялікага Посту, год А

 

Крыніца новага жыцця

 

1 чытанне — Зых 17, 3-7.
Пс 95 (94), 1-2. 6-7ab 7с-9.
2 чыт. — Рым 5, 1-2. 5-8.  
Евангелле — Ян 4, 5-42.

 

“Крыніца вады, якая цячэ ў жыццё вечнае” (Ян 4, 14)
У гэтую нядзелю мы вернемся да вытокаў нашай хрысціянскай існасці, да крыніцы, з якой мы былі адроджаны, каб з новым бачаннем і яшчэ больш глыбокім захапленнем ізноў шукалі сваёй глыбокай тоеснасці.
Падчас хросту святар задае пытанне: «Чаго просіце ў Касцёла?». Бацькі і хросныя адказваюць: «Хросту». Хрост жа – гэта сакрамэнт веры Касцёла. Запаленая свечка сімвалізуе святло веры. Падчас хросту Езус асвятляе нас сваім яўленнем, поіць жывой вадой, дае веру. Вера – гэта «пазнанне», у якім чалавек расце, крочыць наперад або, наадварот, развіваецца недастаткова. Таму сёння Езус паўтарае: «Калі б ты ведаў дар Божы…» Коранем нашай хрысціянскай існасці з’яўляецца дар веры праз пасрэдніцтва дару Духа Святога. Аднак вера пастаянна выпрабоўваецца «ў пустыні»: у клопатах, цяжкасцях, горычы і бессэнсоўнасці жыцця.
Вера – гэта і «сродак», пры дапамозе якога мы прымаем дар Божай любові, Духа Святога.
Божая любоў паказвае нам усю праўду пра Хрыста. Божая любоў – гэта пачатак нашага новага пазнання, якім з’яўляецца наша вера. Таму мы можам сказаць, што вера – гэта зрок, вочы любові! Інакш кажучы, вера – гэта пазнанне, народжанае са шчырай любові да Бога, якую ў нас уліў Дух Святы. Гэтая Божая любоў дае нам магчымасць любіць Пана, дае нам здольнасць праслаўляць Яго «ў Духу і праўдзе»; яна з’яўляецца крыніцай, з якой нараджаецца новая ацэнка каштоўнасцяў, новых выбараў і рашэнняў; яна з’яўляецца крыніцай новага жыцця.
Ключавым і вырашальным у сённяшнім Евангеллі з’яўляецца выраз «будуць пакланяцца Айцу ў Духу і праўдзе» (пар. Ян 4, 23). «Дух і праўда» дапаўняюць сэнс «жывой вады»: ісціна, праўда – гэта з’яўленне, якое Езус прыносіць і ў якое ён уцелаўляецца. Дух – гэта Святы Дух, якога дае Езус. Таму аўтэнтычнае пакланенне натхнёна з’яўленнем Езуса, якім кіруе Дух праўды, прынесены ў дар Хрыстом.


26 сакавіка
IV  Нядзеля Вялікага Посту, год А

 

Добрая нагода

 

1 чытанне — 1 Сам 16, 1b. 6-7. 10-13а.
Пс 23 (22), 1-3а. 3b-4. 5-6.
2 чыт. — Эф  5, 8-14.  
Евангелле — Ян 9, 1. 6-9. 13-17. 34-38.

 

“Пан –пастыр мой, не буду мець нястачы” (Пс 23(22),1).
Вера – гэта заўсёды прыгода, бо наша свабода перакрыжоўваецца з ласкай Езуса, якая дае магчымасць існаванню нашай свабоды. Ніхто з нас не можа дасканала спазнаць таямніцу веры. І ўсё ж такі мы ў ёй упэўніваемся, хоць і складана перажываць яе ў поўнай меры.
У сённяшнім Евангеллі мы пачулі пра цуд ацалення сляпога ад нараджэння. Затым наша ўвага была звернута да дыскусіі, якая ўзнікла ў выніку гэтага здарэння. Цэнтральнымі тут з’яўляюцца словы Езуса: «Я – Святло свету» (пар. Ян 9, 5). Езус бачыць дзве супрацьлеглыя сітуацыі: сляпы пераходзіць з цемры да святла, а габрэі, якія думалі, што яны бачаць, асуджаны на цемру. З аднаго боку, шлях веры (прыйсці да святла азначае прыйсці да веры), з іншага – жорсткасць сэрца, духоўная слепата. Відавочна, што «святло» і «слепата» тут набываюць сімва-лічнае значэнне. Гаворка ідзе не толькі пра фізічную слепату і сонечнае святло, але і пра духоўнае святло і слепату душы.
Сляпы паступова ўсведамляе, кім з’яўляецца Езус: спачатку ён кажа, што гэтага чалавека завуць Езус, потым называе Яго прарокам, потым, што Ён ад Бога, і, нарэшце, ён вызнае: «Веру, Пане!». Габрэі ідуць у адваротным кірунку: умацоўваюцца ў перакананні супраць Езуса і абвінавачваюць у блюзнерстве сляпога. Іх упэўненасць у сабе і высакамернасць  ствараюць у іх такую слепату, што яны зусім не адчуваюць неабходнасці свайго асвячэння.
Тое, што сталася з чалавекам сляпым ад нараджэння, вельмі да-кладна і трапна адлюстроўвае кожнага хрысціяніна, які прыходзіць на  свет духоўна сляпым і праз хрост асвячаецца Святлом, якім з’яўляецца Езус. Таму Айцы Касцёла хрост называюць «асвячэннем».
З той прычыны, што мы грэшныя, у нас заўсёды існуе зародак заразы, які спакушае нас і жадае весці ў кірунку нявер’я. Пастанова на Вялікі пост можа стаць добрай нагодай, пабуджэннем да яшчэ больш гарачага і смелага ўдасканальвання на шляху веры, якая нараджае добрыя ўчынкі.

 

кс. Алег  ГРЫГАРОВІЧ,  SAC


 

 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий