Хлеб штодзённы

2 красавіка
V  Нядзеля  Вялікага Посту, год А

 

 

Хто верыць

 

 

1 чытанне — Эзх 37, 12-14.
Пс 130 (129), 1-4. 5-6ab. 6с-8.  
2 чыт. — Рым 8, 8-11.  
Евангелле — Ян 11, 3-7. 17. 20-27. 33b-45.

 

 

“І ўдыхну ў вас дух Мой, і ўчыню, што будзеце жыць” (Эзх 37, 14)
Давайце скарыстаем са свайго штодзённага вопыту і назіранняў. Усё навокал нас нясе знакі смерці: час, які бязлітасна бяжыць, поры года і кругазварот у прыродзе, транспартныя здарэнні або траўмы на вытворчасці, забойствы, смерць ад невылечных хваробаў, гвалт. Мы адчуваем страх перад смерцю, і ў ім  – усе нашы боязі.
Жыццё мы адчуваем як пастаянную пагрозу, як шлях да смерці, як існаванне-быццё дзеля смерці. І ўсё ж  маем непераадольнае жаданне жыць. Наша сітуацыя нагадвае тую, пра якую апавядаецца ва ўрыўку з Кнігі прарока Эзэхіэля, дзе сімвалічна апісваецца перасяленне габрэяў у Вавілонскую імперыю. Мы горача жадаем жыць, аднак усё навокал кажа пра смерць.
Таксама для нас гучыць прароцтва Эзэхіэля: «Уваскрэснеце!». Хіба гэта магчыма? Існуе надзея на жыццё?
У прысутнасці людзей Езус аб’яўляе ўсяму свету словам і чынам ажыўленне Лазара: «Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць» (Ян 11, 25). Тое, чым адрозніваецца таварыства «сяброў» Езуса, – гэта вера ў ажыўляльную сілу Езуса. Аднак нават сябры Езуса не без цяжкасцей прыйшлі да разумення сэнсу смерці. Марта сказала: «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой!». Марта папракае Езуса ў Яго адсутнасці, у Яго абмежаванай здольнасці і сіле. Яна яшчэ не ведае, якая сіла зыходзіць з Езуса. Ён жа адказвае: «Я – уваскрасенне і жыццё». Марта ўяўляла сабе ўваскрасенне ў далёкай будучыні, у канцы вякоў, як у гэта верылі фарысеі. Аднак Езус сваім словам дае ёй надзею, што Ён сам – уваскрасенне.
Нават побач з Езусам боль і смерць суправаджаюцца плачам і горам, аднак яны не нясуць адчаю. Апошняе слова належыць Езусу – слова, якое цалкам вызваляе нас ад знявольваючага страху смерці і дае надзею на вечнае жыццё.


9 красавіка
Пальмовая Нядзеля, год А

 

 

Выключныя і збаўчыя

 

 

1 чытанне — Іс 50, 4-7.
Пс 22 (21), 8-9. 17-18a. 19-20. 23-24.  
2 чыт. — Флп 2, 6-11.  
Евангелле — Мц 26, 14-27. 66.

 

 

“Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана” (Мц 21, 1-11)
Гэтая нядзеля, якая ўводзіць нас ў Вялікі тыдзень, заклікае да разважання аб таямніцы Езуса Хрыста, Які «памёр за нас» (пар. Рым 5, 8) і за нашыя грахі (пар. 1 Кар 15, 3), Які «прыйшоў аддаць душу сваю дзеля адкуплення многіх» (пар. Мк 10, 45). У адным з сённяшніх чытанняў, паводле Паслання да Філіпянаў, мы пачулі, што Езус, «будучы ў постаці Бога, не палічыў патрэбным быць на роўні з Богам». Чаму Езус, «уцелаўлёны» Божы Сын, жыве, церпіць і памірае ў сваім целе?
Жыццё, цярпенні і смерць уцелаўлёнага Божага Сына з’яўляюцца «толькі» Яго справай. Усе яны выключныя і збаўчыя. Сапраўды, Езус жыве, пакутуе і памірае «ў сваім целе» ў поўнай салідарнасці з чалавецтвам і ў поўнай адданасці і паслухмянасці Богу Айцу. Ён быў «паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай». Паслухмянасць –гэта тое, што характарызуе Езуса ў Яго выключным становішчы перад Богам і чалавецтвам. Езус як Сын Нябеснага Айца і сапраўдны чалавек паказвае нам, якімі мы павінны быць, каб цалкам рэалізаваць сябе перад Богам. Сэнс апісання Мукі Езуса ў Евангеллях мы маглі б падсумаваць наступным чынам: Езус нават у цярпенні быў паслухмяны Айцу. Ягоная паслухмянасць не занявольвае, гэта не простае падпарадкаванне сябе, гэта не аскетызм ці адданасць стоіка. Гэта дасканалая адданасць, поўная даверу і любові да свайго Айца. Такім чынам Езус вучыць нас, як мы, хрысціяне, павінны жыць.


16 красавіка
Урачыстасць Змёртвыхпаўстання Пана, год А

 

gr-str-31

Хрыстус уваскрос! Ён жыве!

 

 

1 чытанне — Дз 10, 34а. 37-43.
Пс 118 (117), 1-2. 16-17. 22-23.  
2 чыт. — Клс 3, 1-4.  
Евангелле — Ян 20, 1-9.  

 

 

“Пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное” (Клс 3, 2)
Сёння вялікае свята. Літургія нам кажа: «Пасха нашая, Хрыстус, ахвяраваны за нас, таму будзем святкаваць у Пану». Так, сёння прыходзіць шмат людзей на літургію, прыходзяць нават тыя, хто звычайна не клапоціцца пра ўдзел у літургічных святах. Можа, гэта ўплыў ужо традыцыйнай урачыстай атмасферы, якая напаўняе гэты дзень. А мы ведаем, што радасць – гэта пачуццё, якоё лёгка перадаецца. Аднак важна правільна зразумець сутнасць гэтай урачыстасці, каб потым, калі яна завершыцца, мы не адчувалі пустату і расчараванне.
Сёння мы святкуем уваскрасенне Хрыста, Які паўстаў з памерлых і жыве сярод нас. Мы не засяроджваем нашу ўвагу на тым, што перажываем у глыбіні нашай душы, – маем мы прычыну для святкавання, ці не. Мы радуемся, бо Езус жыве і ёсць сярод нас. Ён — прычына нашага свята. Гэта Яго свята, гэта Езусава Пасха, а не «нашая» Пасха.


23 красавіка
II Велікодная Нядзеля, год А

 

 

Незвычайная сустрэча

 

 

1 чытанне — Дз 2, 42-47.
Пс 118 (117), 2-4. 13-15. 22-24.  
2 чыт. — 1 П 1, 3-9.  
Евангелле — Ян 20, 19-31.

 

 

“Хваліце Пана, бо навекі Міласэрнасць Ягоная” (Пс 118 (117), 1)
Кожны з нас марыць пра незвычайнае спатканне: ці то з вядомым спартсменам, ці то з акцёрам, ці са спеваком. Такое спатканне было б тым больш прыемным, калі б адбылося неспадзявана.
Калі мы ўважліва слухалі словы Евангелля, то павінны прызнаць: тое, што перажылі вучні Езуса, было адзінаю і незвычайнаю сустрэчаю… Вечар. Дзверы добра зачынены. Раптам сярод вучняў з’яўляецца Езус. Гэта той самы Езус, якога забілі тры дні таму…
Уваскрослы Езус вітае іх словамі «Супакой вам!» – і паказвае раны на руках і на баку.  Гэтая нечаканая прысутнасць Уваскрослага прывяла да таго, што тыя, хто раней быў напалоханы, цяпер напоўнены радасцю. Гэтая радасць –не адзіны дар, які атрымалі вучні ад Уваскрослага Езуса. Найкаштоўнейшы дар – гэта дар Святога Духа, моцай якога яны змогуць адпускаць людзям грахі. Такім чынам, можна сказаць, што гэта была незвычайная сустрэча.
Таму ў кожную нядзелю мы можам перажываць незвычайнае спатканне з нашым Панам. Гэта нічога, што Ён прысутнічае сярод нас іначай, чым тады, калі даваў пазнаць сябе сваім вучням відавочна. Бо Ён жа сказаў Тамашу: «Шчаслівыя, хто не бачыў і паверыў» (гл. Ян 20, 29).
Для веруючых у Хрыста нядзеля – самы галоўны святочны дзень, дзень радасці і адпачынку ад працы. Таму ў гэты дзень мы збіраемся разам, каб паслухаць Божае слова і ўдзельнічаць у Эўхарыстыі, каб успомніць Муку, Змёртвыхпаўстанне і Хвалу Пана Езуса і скласці падзяку Богу за адраджэнне нас да жывой надзеі.


30 красавіка
III Велікодная Нядзеля, год А

 

 

Аллелюя!

 

 

1 чытанне — Дз 2, 14а. 22-33.
Пс 16 (15), 1-2а і 5. 7-10. 11.  
2 чыт. — 1 П 1, 17-21.  
Евангелле — Лк 24, 13-35.

 

 

“Гэтага Езуса ўваскрасіў Бог, чаму ўсе мы сведкі” (Дз 2, 32)
У кнізе Дзеяў Апосталаў, з якой узята адно з сённяшніх імшальных чытанняў, гаворыцца пра самы ранні перыяд жыцця Касцёла. Пачаткам Касцёла было, як вядома, спасланне Духа Святога. Можна сказаць, што менавіта тады нарадзіўся Касцёл. Адразу пасля свайго нараджэння ён пачаў хутка развівацца і імкліва разрастацца.
У самым пачатку гэтай кнігі, дзе гаворыцца пра выбар дванаццатага апостала замест здрадніка Юды, успамінаецца невялікая – каля 120 – група вучняў, якія знаходзяцца ў Ерузалеме (гл. Дз 1, 15 і наступн.). Аднак, калі Дух Святы сышоў на Апосталаў, тыя з вялікім поспехам пачалі абвяшчаць Евангелле ў Ерузалеме. Ужо пасля першай прамовы св. Пятра да гэтай невялікай групы вучняў далучылася аж тры тысячы тых, хто паверыў (гл. Дз 2, 41). Пасля аздараўлення калекі і наступнай прамовы св. Пятра ў Евангелле паверылі каля пяці тысячаў адных толькі мужчын (гл. Дз 4, 4).
Дзякуючы моцы, атрыманай ад Духа Святога, Апосталы абвяшчаюць Евангелле не толькі ў Ерузалеме. Добрую Навіну пра Хрыста яны нясуць у многія мясцовасці Палестыны. Больш таго, прагнуць дайсці з Евангеллем ва ўсе куткі зямлі. Таму пакідаюць Ерузалем і адважна распачынаюць місійныя экспедыцыі ў аддаленыя краіны. Далучаюць да Касцёла не толькі габрэяў, якія верылі ў адзінага Бога, але таксама і вельмі шмат язычнікаў, якія раней не ведалі праў-дзівага, адзінага Бога. Уваскрослы Хрыстус становіцца са-праўды «святлом для асвятлення язычнікаў» (гл. Лк 2, 32).
Кожны з нас атрымлівае дар Духа Святога, каб адважна вы-знаваць сваю веру. Гэтае пры-знанне нашай прыналежнасці да Хрыста не заўсёды бывае лёгкім. Але мы маем выдатны прыклад Апосталаў! Пастараемся наследаваць іх у руплівасці і адвазе! На жаль, у параўнанні з імі мы аказваемся вельмі слабымі. Пане Езу, дай нам адвагу і сілу, каб мы ўмелі і жадалі набліжаць да Цябе тых, хто занадта мала Цябе ведае.

 

кс. Алег  ГРЫГАРОВІЧ,  SAC 


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий