7 мая
IV Велікодная Нядзеля,год А
Езус – Добры Пастыр
1 чытанне — Дз 2, 14а. 36-41.
Пс 23 (22), 1-3a. 3b-4. 5. 6.
2 чыт. — 1 П 2, 20b-25.
Евангелле — Ян 10, 1-10.
«Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку” (Ян 10,10).
Слова «пастыр» у значэнні «пастух» можа выклікаць у нас непрыемныя пачуцці і адчуванне сябе авечкамі. З «авечкай» асацыіруецца падпарадкаванасць, пасіўнасць, несамастойнасць. Акрамя таго, авечка – гэта ціхмяная жывёліна. Нам жа хочацца прымяняць цвёрдыя метады для таго, каб змяняць свет. Аднак, калі падумаць, то ў пэўных выпадках мы сапраўды з’яўляемся «авечкамі», бо дазваляем, каб намі кіравалі тысячы галасоў акаляючай нас культуры. Мы становімся вучнямі столькіх непраўдзівых настаўнікаў, мы спатыкаемся ад нашай самастойнасці, якою так даражым.
Такім чынам, кім з’яўляюцца нашы пастыры і правадыры? Часта гэта людзі, якія трымаюць нас у несвабодзе, кіруюць намі дзеля ўласнай выгады, як найміты, а не як сапраўдныя бескарысныя пастыры. Аднак ці жадаем мы быць сапраўды свабоднымі і незалежнымі? А можа, у нас пануе інстынкт стаднасці і падпарадкаванасці, непрызнанае намі самімі імкненне стаць нявольнікамі кагосьці?
Мы хочам быць хрысціянамі і нам здаецца, што мы – хрыс-ціяне. Аднак ці сапраўды Езус Хрыстус з’яўляецца нашым настаўнікам і пастырам?
Часта нашымі настаўнікамі з’яўляюцца кнігі, тэлебачанне, непраўдзівае сведчанне калег і «грамадскае меркаванне». Падобна, як у рэкламе: насуперак нашаму імкненню да незалежнасці мы трапляем у розныя формы залежнасці таксама ў адно-сінах да культуры, у якой мы жывём. У сённяшнюю нядзелю Езус заклікае нас шчыра адказаць сабе на пытанне: хто нашыя настаўнікі і правадыры?
14 мая
V Велікодная Нядзеля,год А
«Я – дарога і праўда,і жыццё»
1 чытанне — Дз 6, 1-7.
Пс 33 (32), 1-2. 4-5. 18-19.
2 чыт. — 1 П 2, 4-9.
Евангелле — Ян 14, 1-12.
«І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я”. (Ян 14, 3)
Чалавек – такая істота, якая шукае сэнс. Ён безагаворачна адкрыты на праўду, ён палымяна жадае любові і жыве надзеяй быць шчаслівым. Адпаведна, у чалавека ёсць тры «гарачыя жаданні»: праўда, любоў і шчасце. Аднак нішто і ніхто не можа быць паўнатой праўды, паўнатой любові і паўнатой шчасця для чалавека.
Мы ўсё больш хочам пазнаваць, усё больш жадаем любіць і быць любімымі, імкнемся да большага шчасця. Аднак ні навука, ні тэхніка, ні багацце не змогуць заспакоіць наша прагнае жаданне «хацець усё больш і больш». Усе мы прызначаны для абсалютнай праўды, для абсалютнай любові і абсалютнага шчасця.
Мы лёгка становімся ахвярамі падманлівых ілюзій. Нам здаецца, што мы ўсім задаволены, што больш нічога нам не трэба, што нам не патрэбны больш высокія жаданні. Нас агортвае –а часта і знявольвае – культура, якая робіць нашае жыццё нязначным. Яна нібы запэўнівае нас: хто задаволіўся, той мае асалоду. Аднак шчаслівыя тыя, якія носяць у сабе гарачае жаданне абсалюту, неспакой па абсалютнай праўдзе, абсалютнай любові і абсалютнаму шчасцю.
Мы не ставім мэтай хваліць неспакой, мы хочам сарваць маску фальшывага ўяўлення пра тое, што мы створаны для нязначнага і дробязнага жыцця. Мы створаны для абсалюту, а значыць – для Бога. Гэта наша глыбокая чалавечая годнасць, наша адкрыццё для Абсалюту –абсалютнай Свабоды і абсалютнай Любові.
21 мая
VI Велікодная Нядзеля,год А
Моц Евангелля
1 чытанне — Дз 8, 5-8. 14-17.
Пс 66 (65), 1-3а. 4-5. 6-7а. 16 і 20.
2 чыт. — 1 П 3, 15-18.
Евангелле — Ян 14, 15-21.
«Я папрашу Айца, і дасць вам іншага Суцяшыцеля» (Ян 14, 16).
Бог хоча нас збавіць, зрабіць сваімі дзецьмі, сабраць у сваім Касцёле, у канкрэтнай парафіяльнай супольнасці. Касцёл не існуе па волі людзей, яго існаванне робіць магчымым Божы план збаўлення і моцная Божая збаўленчая дзейнасць. Бог не робіць адрозненняў паміж людзьмі. Менавіта гэтым Касцёл не падобны да сектаў. Касцёл не з’яўляецца таксама «таямнічым таварыствам», таму што збаўленне прыходзіць ад Стварыцеля ўсяго, які хоча быць Богам для ўсіх людзей.
У Евангеллі Езус абяцае ўнутранае святло і разуменне таго, што Ён кажа: «Я сказаў вам гэта, будучы з вамі. А Суцяшальнік, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам». Дух Хрыстовы – аснова «Новага Запавету» хрысціяніна. Нормы ў гісторыі змяняюцца, яны падпарадкоўваюцца простым ацэнкам, якія звязаны з дадзенай эпохай і сітуацыяй паводле таго, якім чынам у дадзены момант і на дадзеным месцы здзяйсняецца Хрыстовая любоў. Але аснова новага жыцця — тая ж самая, пастаянна ідэнтычная і пастаянна новая – Хрыстовы Дух.
Ніхто не выключаны з закліку Езуса. Усе людзі, незалежна ад расы, мовы ці нацыі могуць стаць членамі Касцёла, калі прымуць Духа Хрыстовага і Яго слова. Бо асновай нашай прыналежнасці да Касцёла з’яўляецца вера ў Хрыста, і мы выражаем яе тым, што прымаем слова Хрыста, якое абвяшчае ўвесь Касцёл на чале з пераемнікам Пятра і біскупамі і ў лучнасці з Хрыстом.
Гэта Дух Езуса, які пранікае ў сэрцы людзей праз моц Евангелля, нараджае Божых дзяцей у хросце, і такім чынам пастаянна нараджае Касцёл, амаложвае і натхняе яго. Дух Езуса пастаянна кліча ў Касцёл усё новых і новых вучняў, здзяйсняе цуды ў сэрцах людзей, якія любяць Езуса, слухаюць Яго і захоўваюць Яго слова. Такім чынам яны становяцца святыняй Найсвяцейшай Тройцы: «Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да Яго, і зробім жыллё ў Яго».
28 мая
VII Велікодная Нядзеля,год А
Чаканне сустрэчы
1 чытанне — Дз 1, 12-14.
Пс 27 (26), 1. 4. 7-8а.
2 чыт. — 1 П 4, 13-16.
Евангелле — Ян 17, 1-11а.
«Ойча, прыйшла гадзіна. Услаў Сына свайго» (Ян 17, 1)
Калі мы развітваемся з кімсьці, каго вельмі любім, то чакаем ад яго толькі аднаго. Чаго? Тое, што ён будзе пісаць нам лісты, поўнасцю нас не задаволіць. Проста нам хочацца, каб гэты чалавек як мага хутчэй вярнуўся. Чым больш мы некага любім, тым больш нам хочацца, каб разлука з ім была як мага карацейшай. Таму добрым сяброўкам хочацца сустракацца вельмі часта. Таму добрыя прыяцелі часта бываюць разам. А калі даводзіцца ім расставацца, дык той, што адыходзіць, дае абяцанне, што хутка прыедзе зноў.
Калі ж разлука працягваецца доўга, або, напрыклад, сябар назаўсёды выехаў з бацькамі за мяжу, то тады можа здарыцца так, што мы забудзем пра яго абяцанні, а чаканне сустрэчы з ім аслабне. Аднак той, хто з’яўляецца сапраўдным сябрам, ніколі гэтага не дапусціць.
Гэтае абяцанне Езуса адносіцца таксама да нас. Яго запэў-ніванне – «Прыйду да вас» – датычыцца ўсіх вучняў, незалежна ад таго, жылі яны некалі, ці жывуць цяпер, ці яшчэ толькі будуць жыць у будучыні. Больш таго, абяцанне Езуса не змяняецца. Яно нязменнае. Было б вельмі дрэнна, каб аслабела наша любоў да Езуса, бо тады нашае чаканне таго, калі споў-ніцца Яго абяцанне – «Прыйду да вас» – можа стаць амаль непрыкметным.
Той, хто любіць Езуса, спаўняючы Яго словы, атрымае асаблівую адзнаку. Езус так гаворынь пра гэтую адзнаку: «Палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго» (гл. Ян 14, 23). Наша любоў да Хрыста часам такая слабая і кволая, але і яна заўважаецца. Айцец, які ў небе, на нашую любоў адказвае сваёю бясконцаю любоўю.
кс. Алег ГРЫГАРОВІЧ, SAC