Хлеб штодзённы

4 чэрвеняgr-str-30
Нядзеля  Спаслання  Духа Святога, год А

 

Спашлі, Пане, свайго Духа і аднаві аблічча зямлі

 

1 чытанне — Дз 2, 1-1; 1.
Пс 104 (103), 1ab і 24ac. 29bc-30. 31 і 34.  
2 чыт. — 1 Кар 12, 3b-7. 12-13.  
Евангелле — Ян 20, 19-23.

 

“Прыміце Духа Святога” (Ян 20, 22).
У літургіі Нядзелі Спаслання Духа Святога мы святкуем дар, які даў Езус сваім вучням – дар Духа Святога. У Сімвале веры мы вызнаем, што Дух дае нам жыццё. Таму сёння – свята жыцця! Уваскрослы Езус дае нам свайго Духа, таму што хоча, каб мы жылі.
Для свету сённяшняя ўрачыстасць з’яўляецца святам надзеі, адказам на нашае непагаснае жаданне жыцця. Мы самі не зможам цалкам рэалізаваць гэтае жаданне, але з дапамогай Езусавага Духа можам жыць паўнавартасным і вечным жыццём. Яго Дух дае нам магчымасць жыць, таму што з’яўляецца «жыватворчай энергіяй» Бога.
Грэх чалавека прынёс у свет смерць, і здаецца, што смерць з’яўляецца бязмежнай уладаркай, аднак жыватворчая моц Духа мацнейшая за смерць. І сёння мы з радасцю паўтараем: «Веру ў Духа Святога, Пана і Жыватворцу».


11 чэрвеняgr-str-30-2
Нядзеля  Найсвяцейшай Тройцы, год А

 

Сапраўдны твар Бога

 

1 чытанне — Зых 34, 4b-6. 8-9.
Дан 3, 52. 53 і 54. 55 і 56.  
2 чыт. — 2 Кар 13, 11-13.  
Евангелле — Ян 3, 16-18.

 

“Ласка Пана Езуса Хрыста і любоў Бога, і еднасць Духа Святога з усімі вамі” (2 Кар 13, 13).
 Касцёл – гэта супольнасць людзей, якія  шукаюць  Бога. Яны не шукаюць ні ўлады, ні грошай, ні прэстыжу, ні забаваў, ні славы. Наадварот, шукае ўсяго гэтага той, хто не верыць. Але хрысціяне павінны адрозніваць і асуджаць гэтыя рэлятыўныя, адносныя  каштоўнасці, калі яны перашкаджаюць адзінаму, што ў жыцці неабходна, – шуканню Бога. Усю гісторыю Касцёла можна было б нанава перачытаць з пункту гледжання гэтага бесперапыннага і нястомнага пошуку Бога.
Усе гэтыя пошукі – гэта і наша маленькая асабістая гісторыя, гісторыя хрысціян, якую перажываем на працягу літургічнага года.
Пачынаючы з Адвэнту, праз дні Божага Нараджэння, па шляху Вялікага посту ажно па сённяшняе свята Найсвяцейшай Тройцы мы шукалі Божы твар, і Бог выйшаў нам насустрач, апярэдзіўшы нашы жаданні, прыйсцем свайго Сына Езуса Хрыста (Божае Нараджэнне – Вялік-дзень) і дарам свайго Духа (Спасланне Духа Святога). Як Сын, так і Дух даюць нам даведацца, што Бог – гэта і Айцец.
Сённяшняя ўрачыстасць з’яўляецца як быццам «сукупнасцю» зыходнай і выключнай таямніцы ўсіх створаных рэчаў, якія мы ўзгадваем прыблізна ў палове літургічнага года. У дзень Спаслання Духа Святога мы задумваліся над з’яўленнем Духа, якое ажыццявіў Езус. Сёння мы задумваемся над з’яўленнем Айца, пасрэднікам чаго быў Езус. У пачатку  ўсіх  створаных рэчаў стаіць Трыадзіны Бог – Найсвяцейшая  Тройца –  які  з’явіўся  ў  зямным  жыцці ў гісторыі Езуса Хрыста як Айцец, Сын і Дух Святы.


 18 чэрвеняgr-str-31
XI  нядзеля звычайная, год А

 

Паклікаўшы Дванаццаць…

 

1 чытанне — Зых 19, 2-6а.
Пс 100 (99), 2. 3. 5.
2 чытанне — Рым  5, 6-11.
Евангелле — Мц 9, 36-10, 8.

 

“Маліце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё” (Мц 10, 2).
Місіянерскае прапаведаванне і сведчанне пра ісціну Евангелля ў атмасферы культуры нашага часу патрабуе правільнай ацэнкі сітуацый, тлумачэння знакаў часу. Кожны з нас, з’яўляючыся членам Касцёла, прымае ўдзел у місіянерскім пакліканні Касцёла. Усе ахрышчаныя ў Касцёле з’яўляюцца суб’ектамі і ўдзельнікамі місіянерскага паклікання праз ласку святога хросту. У Касцёле ёсць розныя служэнні, аднак толькі адно пакліканне. Сённяшнія чытанні са Святога Пісання даюць нам імпульс да разважання на гэтую тэму.
Касцёл мае сваё паходжанне ў Езусе, які жадаў Яго і сабраў вакол сябе. Сённяшні ўрывак з Евангелля паказвае нам выбар і пакліканне Дванаццаці. Ужо з самага пачатку новы Божы народ прадстаўляецца нам аб’яднаным вакол Езуса дзякуючы дзейнасці пастыраў (Дванаццаці), якіх Ён выбраў і прызначыў на ролю правадыроў народа.
«Боская місія, якую Хрыстус даручыў апосталам, будзе працягвацца да сканчэння веку, бо Евангелле, якое яны павінны прапаведаваць, у любы час з’яўляецца для Касцёла асновай усяго жыцця. Таму апосталы паклапаціліся аб устанаўленні сваіх пераем-нікаў у гэтым іерархічна ўпарадкаваным грамадстве» (энцыкліка «Lumen gentium», 20). Папа і біскупы з’яўляюцца пераемнікамі апосталаў, пастырамі ад імя Езуса, якія падба-дзёрваюць Касцёл, каб ён пастаянна дзейнічаў так, як Езус, і чакаў Яго канчатковага прыйсця.
Евангеліст Мацвей падкрэслівае, што місія апосталаў працягвае місію Езуса і што яе характэрныя знакі – гэта выгнанне злых духаў, прымяненне ўлады Езуса над злом, вызваленне ад усялякай прывязанасці да рэчаў, бескарыслівасць, моц аздараўляць людзей ад хваробаў, абавязак вызнаваць навяртанне сэрца дзеля таго, каб прыняць Збаўцу Езуса Хрыста.
Дванаццаць прадстаўляюць «дванаццаць кален Ізраэля», а гэта значыць увесь Касцёл. Адпаведна, яны маюць задачу, якая ўключае ў сябе ўвесь Божы народ.


 25 чэрвеня
XII  нядзеля звычайная, год А

 

Не бойцеся  тых, хто забівае цела

 

1 чытанне — Ер 20, 10-13.
Пс 69 (68), 8-10. 14 і 17. 33-35.
2 чытанне — Рым  5, 12-15.
Евангелле — Мц 10, 26-33.

 

«Але Пан са  мною, як магутны волат” (Ер 20, 10-13).
Духоўнае перажыванне заўсёды нараджаецца з таго, што чалавек «выходзіць» з самога сябе і палюбіць Бога, якога разумее як вышэйшы, благаслаўляючы сэнс свайго быцця. Такое выйсце і любоў даюць чалавеку магчымасць дасягнуць аўтэнтычнасці, значыць рэалізаваць сябе як «эксцэнтрычную» істоту, створаную для таго, каб свой цэнтр перанесці ў Іншага. Высакароднасць чалавека ніколі не азначае таго, што ён чыста, спакойна і неабвержна валодае чымсьці, што ў яго ёсць. Ёй заўсёды штосьці пагражае і трэба яе непарыўна ствараць аднаўляемым выйсцем за праўдай і дабром, пастаянным працэсам аднаўлення любові да Бога і ўсяго, што з Ім звязана. Бог – гэта трансцэндэнтная звышнатуральная Таямніца, гэта не рэч, не істота з гэтага свету, Ён –Незнаёмы. Але Ён не зусім Незнаёмы, таму што чалавек усё-такі заўсёды зможа – хаця і са складанасцямі і напружаннем – расшыфраваць патрабаванні Абсалюту, даведацца пра Яго волю, якая павінна прывесці нас да аўтэнтычнасці, да таго, каб мы сталі сапраўднымі людзьмі. Шукаць Бога – гэта менавіта той шлях пастаяннага, усё больш глыбокага і яснага адкрыцця Бога і Яго волі і нашага намагання праводзіць яе ў нашым жыцці. Думкі Бога і Яго шляхі верагодна вельмі адрозніваюцца ад чалавечых думак і шляхоў. Працэс пошукаў у чалавека суправаджаюць многія пасткі, такія, як лянота, стомленасць, рассеянасць, эгаізм, павярхоўнасць, грэх. У Езусе і праз Яго пасрэдніцтва мы бачым аблічча Бога чалавечым спосабам. Езус нам паказвае, якім чынам трэба выконваць Божую волю, як стаць сапраўднымі людзьмі. Бо Езус заўсёды прымаў правільныя рашэнні.

 

 

кс. Алег  ГРЫГАРОВІЧ,  SAC


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий