Хлеб штодзённы

1 верасня
22-я звычайная нядзеля

Ісці шляхам пакоры
1 чытанне — Сір 3, 17-18. 20. 28-29.
Пс 68 (67), 4-5ab. 10-11.
2 чыт. — Гбр 12, 18-19. 22-24а.    
Евангелле — Лк 14, 1. 7-14.

Шмат  каму з людзей незразумела вучэнне Езуса пра тое, што трэба займаць апошняе месца. Справа  ў тым, што часам, калі каму-небудзь  з нас даводзіцца быць на свяце  ці ўрачыстасці, мы  імкнемся заняць ціхае  і ўтульнае месца, каб і з сябрамі можна было паразмаўляць і,  адначасова, каб не быць навідавоку. Ці азначае гэта, што сённяшняе Евангелле згубіла сваю актуальнасць? Ні ў якім разе! Часам жаданне пашаны ўзнікае, калі чалавек  атрымоўвае высокую пасаду ці з дасягненнем пэўнага ўзросту.
На вучэнне Езуса варта пагля-дзець  больш  шырока. Бо размова тут не пра першыя месцы на ўрачыстасцях, а ўвогуле аб пэўнай жыццёвай пазіцыі і паводзінах. Шмат у якіх  сітуацыях людзі шукаюць  сабе першага месца. Няспынна ідзе барацьба за тое, хто багацейшы, прыгажэйшы, разумнейшы… Колькі ва ўсім  гэтым  барацьбы, расчаравання, адчаю? Колькі зайздрасці,злых намераў?
Жаданне  чалавека  быць большым за іншых парушае адзінства паміж людзьмі. Слабее сяброўская сувязь і каханне. Часам разбураюцца сем’і. Таму не дзіўна, што Езус  паказвае  нам  іншы  шлях, шлях пакоры і служэння. Вяршыняй пакоры Хрыста з’яўляецца Тайная  Вячэра, падчас  якой Ён абмыў  апосталам  ногі.
Звычайна людзі баяцца служыць іншым таму, што баяцца, каб іншыя людзі не злоўжывалі імі. Езус гэтага не баяўся. Ён ведаў, што свет належыць Айцу Нябеснаму, які здольны   ўзнагародзіць чалавека за ўсе ягоныя  намаганні, працу і нават  за  прыніжэнні.  Прыклад Езуса дапаможа нам ісці ў нашым жыцці не шляхам  нашай  пыхі, але шляхам   евангельскай  пакоры.


8 верасня
23-я звычайная нядзеля

 Несці свой крыжrel-1
1 чытанне — Мдр 9, 13-18b.
Пс 90 (89), 3-4. 5-6. 12-13. 14 і 17.
2 чыт. — Флм 9b-10. 12-17.
Евангелле — Лк 14, 25-33.

У жыцці часта можна спаткаць людзей, якія наракаюць  на свой лёс. Скардзяцца на блізкіх, на сям’ю, суседзяў, супрацоўнікаў. Здараецца, што і мы самі далучаемся да гэтага хору. Наракаем на дрэннае  фінансавае становішча (калі ўсе гавораць, што ім не хапае, то і мы таксама), наракаем на здароўе (пакажыце  мне  чалавека здаровага!), на надвор’е (калі горача – мы скардзімся,  але калі прыходзяць халады – працягваем скардзіцца). Адным словам, наракаем на ўсё і на ўсіх. Здараецца, што пачынаем абвінавачваць  і  Пана Бога за цяжкі крыж і яшчэ за тое, што хіба не слухае нашых малітваў, бо ніяк гэты крыж у нас не забірае…
“Хто  не нясе свой крыж, а  ідзе за Мною, той  не можа быць Маім вучнем”.
Можа  не ўсведамляем гэтага сабе, але  нельга  быць  вучнем Хрыста  без нясення  крыжа!
Такое сцвярджэнне неяк не вельмі нам падыходзіць, таму  мы спрабуем  стварыць  сваю “папраўленую”  версію хрысціянства, дзе можна быць вучнем і без крыжа. З наследавання Хрыста выбіраем  іншыя  моманты. Мы  ахвотна хадзілі  б па  вадзе і размнажалі б хлеб, але не вельмі нам хочацца вісець  на крыжы…  Кожны  веруючы хацеў  бы  папасці  на  неба, але ніхто не хоча паміраць! На жаль, інакш не атрымаецца. Хрыстус вучыў, што без крыжа мы не можам  стацца  Ягонымі вучнямі. Варта пра гэта памятаць. Асабліва, калі  прыйдзе ахвота  паскар-дзіцца  на  свой штодзённы  крыж. Варта таксама памятаць, што крыж, таксама  як  і  смерць, з’яўляецца нечым балючым і непазбежным, але ўсё ж не мэтай, да якой  трэба  імкнуцца. Мы  не  пакліканы да пакутаў на крыжы і да смерці. Мы пакліканыя  да жыцця са Змёртвыхпаўсталым  Хрыстусам  у  Небе!
Мы  нясём свой крыж, бо хочам  быць вучнямі  Хрыста. Гэта лагічна. Так прадказваў Хрыстус. Але  трэба  старацца  несці  крыж годна, без хістання і наракання, трэба  таксама  заўважаць  тых,  хто аслабеў на гэтым шляху, упаў пад  цяжарам  крыжа і не мае  адвагі папрасіць дапамогі. Вось тады мы будзем сапраўднымі Хрыстовымі вучнямі.


15 верасня
24-я звычайная нядзеля

Ці я – сын марнатраўны?
1 чытанне — Зых 32, 7-11. 13-14.
Пс 51 (50), 3-4. 12-13. 17 і 19.
2 чыт. — 1 Цім 1, 12-17. Евангелле — Лк 15, 1-32
або Лк 15, 1-10.

Прыпавесці пра авечку, якая згубілася, і пра марнатраўнага сына – гэта пэрлы Евангелля, або, як нехта добра заўважыў, Евангелле  ў  Евангеллі. Чаму  так  лічаць? Таму, што распавядаюць  аб МІЛАСЭРНАЙ ЛЮБОВІ. Прадстаўляюць Бога, як Добрага Пастыра і Міласэрнага Айца. Таму нічога дзіўнага, што іх ахвотна слухалі  ўсе  грэшнікі. Тыя, хто ўсведамляў сваю слабасць. Тыя, што нічога не маглі сказаць у  сваю абарону і ведалі пра гэта. Тыя, пра грахі якіх усе ведалі і да якіх  адносіліся з пагардай г. зв. “прыстойныя грамадзяне”. Такія “прыстойныя” абураліся, гаворачы, што нельга сядаць есці з грэшнікамі і прымаць іх у сябе.
Тых, што лічаць  сябе “прыстойнымі”, шмат. Яны лічаць,  што не  для іх  гаворыць  казанні  святар у касцёле. Не яны  павінны біць сябе  ў  грудзі са словамі: “мая віна”. Не яны павінны хадзіць да споведзі, бо ім “няма з чаго спавядацца”. Яны не павінны нічога, акрамя  як  толькі  стаяць  у касцёле, у якасці фігур пры галоўным алтары…
Слухаючы  ўзгаданыя прыпавесці, кім ты сябе адчуваеш? Айцом, які прабачае? А  можа тым “прыстойным” сынам, які не бачыць ласкі свайго бацькі? Ці калі-небудзь ты адчуваў сябе авечкай, якая заблудзілася, разлічваючы толькі на сябе?  Ці ты  ўсведамляеш  сваю грэшнасць? Калі  не, то можаш  ніколі не адчуць блізкасці і любові Таго, хто прыйшоў, каб адшукаць і выратаваць тое, што згінула. Каб адной толькі знойдзенай авечкай даставіць Небу вялікую радасць.


22 верасня
25-я звычайная нядзеля
Нельга быць сябрамі ўсіх
1 чытанне — Ам 8, 4-7.
Пс 113 (112), 1-2. 4-6. 7-8.
2 чыт. — 1 Цім 2, 1-8.
Евангелле — Лк 16, 1-13
або Лк 16, 10-13.

У чалавеку ёсць імкненне падабацца ўсім. Нам хацелася б, каб усе нас любілі і ўсе адносіліся да нас добразычліва. Але ці дае гэта што? А нават, калі так, ці варта? Нарэшце, ці менавіта гэтага  чакае ад нас Збаўца? Бо сам Езус меў шмат  праціўнікаў, шмат ворагаў толькі і чакалі, каб злавіць Яго на слове. Былі і такія, што яўна абвяшчалі, што хочуць Ягонай смерці! А мы з усіх сіл стараемся, каб нікому не перашкодзіць, усім спадабацца.
У камуністычныя  часы многіх людзей, у  тым  ліку духавенства, нахілялі да супрацоўніцтва з уладай. Прымушалі рознымі спосабамі: магчымасцю зрабіць кар’еру, выехаць за мяжу, прапанавалі грошы або запалохвалі. Нярэдка ў якасці аргумента ўжываліся арышты і катаванні. І шмат  паддалося. Але, дзякуй Богу, заўсёды былі і такія, што на падобныя прапановы адказвалі: „non possumus” – НЕ МОЖАМ!
“Не  можаце  служыць  Богу і мамоне”. Гэтыя словы Хрыста гучаць  адназначна. Не  можаце! А мы ўсё  ж спрабуем. І заўсёды  мы б  хацелі быць “і Богу свечкай, і чорту качаргой”. Бо не такія  ўжо мы дрэнныя, але і  не на сто працэнтаў добрыя. Дык усё ж якія мы? Не добрыя і не дрэнныя? Вось у чым  праблема! Мы летуценныя, ніякія. Не маем адвагі  цалкам аддацца граху і служыць д’яблу.  А ў той жа час не маем сілы поўнасцю служыць Богу і толькі Яму. Можа адгэтуль імкненне дасягнуць немагчымага і падабацца ўсім? Калі мы грашым, дык не да канца, бо нам не дазваляе  сумленне. А калі служым Богу, то таксама не да канца, каб не прынялі нас за фанатыкаў. Таму і радасць нашая “не да канца”, і жыццё  нашае ніякае. І “не да канца” нашае шчасце.
Нельга быць сябрам усіх. Трэба, урэшце, некага выбраць, але ўжо да канца…


29 верасня
26-я звычайная нядзеля
Нашае пакліканне
1 чытанне — Ам 6, 1а. 4-7.
Пс 146 (145), 7. 8-9а. 9bc-10.
2 чыт. — 1 Цім 6, 11-16.
Евангелле — Лк 16, 19-31.

У сённяшнім  другім чытанні  св. Павел заахвочвае і нагадвае чалавеку аб патрэбе змагацца і здабываць  сабе жыццё  вечнае: “да яго быў пакліканы”. Самым важным і вышэйшым пакліканнем чалавека з’яўляецца жыццё вечнае!
Але мы ведаем, што  чалавек  мае  таксама  сваё “жыццёвае” пакліканне, злучанае з талентамі, сямейнымі  ці грамадскімі абавязкамі. Нехта  мае пакліканне да мацярынства, а  нехта да законнага жыцця. Нехта пакліканы да прафесіі ўрача, нехта – настаўніка, а нехта –  спартоўца і г.д.
Ідэальна складваецца, калі чалавек рэалізуе сваё пакліканне. Тады мы гаворым: “адпаведны чалавек  на адпаведным месцы». Няшчасце, калі нехта  размінецца са сваім пакліканнем. Напрыклад, калі бізнесмен па натуры стане ўрачом і яго будуць цікавіць толькі грошы, толькі даход. Гэта сапраўднае няшчасце і для яго, і для ягоных пацыентаў. Аднак самая вялікая трагедыя, калі чалавек размінецца са сваім галоўным пакліканнем – пакліканнем да вечнага жыцця. Не разумеючы і не рэалізуючы гэтае самае важнае пакліканне, чалавек не толькі страціць вечнае шчасце, але і магчымасць разумець свет, іншага чалавека і самога сябе.
Таму св. Павел  заклікае: “здабудзь шчасце вечнае: да яго ты быў пакліканы”…

кс. Яцэк ДУБІЦКІ, СМ


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий