Хлеб штодзённы
3 лістапада
31-я звычайная нядзеля
Малы гігант
1 чытанне — Мдр 11, 22-12, 2.
Пс 145 (144), 1-2.8-9.
10-11. 13cd-14.
2 чыт. — 2 Тэс 1, 11-2, 2.
Евангелле — Лк 19, 1-10.
У гісторыі і літаратуры можам знайсці мноства прыкладаў пра людзей вельмі малога росту і вялікіх духам (св. Тэрэза, якую называлі Малою Тарэскаю, Пан Валадыёўскі, якога называлі малым рыцарам, кароль польскі Ўладыслаў, якога называлі Лакеткам).
Пэўна ж, бывае і інакш. Некаторыя, закамплексаваныя з прычыны свайго малога росту, кампенсіруюць гэта агрэсіяй і выкарыстаннем сілы (дастаткова ўспомніць шэфа НКВД Яжова, якога празвалі крывавым карлікам).
У сённяшнім Евангеллі сустракаемся з Закхеем, які быў кіраўніком мытнікаў і надта багаты. Няцяжка дадумацца, што як мытнік (тады гэта азначала супрацоўнік для акупанта) не мог разлічваць на павагу людзей. Яго багацце таксама было падазронага паходжання… І яшчэ гэты надта малы рост. Усё так складвалася, што Закхей быў усюды агідлівы і пры кожнай аказіі высмеяны.
Захацеўшы ўбачыць Езуса, Закхей залазіць на дрэва і чакае. Езус затрымліваецца пад дрэвам. Звяртаецца да некага, хто ўкрываецца ў галлі. Тады ўсе бачаць яго – ненавіснага, багатага карліка, які сядзіць, як дзяцел, на дрэве!!!
Закхей, напэўна, не чуе смеху і “шпілек”, бо Пан “папрасіўся” да яго дому. Агарнула яго вялікая радасць. Падчас сустрэчы наступаюць перамены: гэты малы чалавек, малы ашуканец і махляр ператвараецца ў чалавека ВЕЛІКАДУШНАГА. Палову свайго маёнтку аддае бедным, а пакрыўджаным праз сябе хоча адплаціць ў чатыры разы болей. Во гэта жэст! Жэст барона!
Бачачы такую перамену ў Закхея і такую адкрытасць на Бога і бліжняга, Езус прамаўляе знамянальныя словы: “Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты…”.
Людзі вельмі часта гавораць пра сябе: “Такіх вялікіх грахоў не маю”. Праўда. Звычайна не з’яўляемся “вялікімі” грэшнікамі. І ў гэтым мы падобныя да Закхея – з’яўляемся малымі грэшнікамі. Аднак мова пра тое, каб перамяніцца, як Закхей, з “малога” грэшніка – на вялікага святога! Тады збаўленне стане нашым удзелам.
10 лістапада
32-я звычайная нядзеля
Бясплодныя спрэчкі
1 чытанне — 2 Мак 7, 1-2. 9-14.
Пс 17 (16), 1. 5-6. 8 і 15.
2 чыт. — 2 Тэс 2, 16 -3, 5.
Евангелле — Лк 20, 27-38.
Чуў калісьці характарыстыку на тэму асобы, якая мае вельмі сумны і рызыкоўны выраз твару, маўляў, выглядае, “як удава, пахаваўшы сем мужоў”.
У сённяшнім Евангеллі з’яўляецца замалёўка ўдавы, якая пахавала сем (!) мужоў (аж страшна падумаць, што гэта павінна была быць за жанчына!). Гэта, напэўна, толькі прыклад, прыдуманы садукеямі дзеля па-цверджання сваіх аргументаў. А якія гэта былі аргументы? Садукеі сцвярджалі, што няма змёртвыхпаўстання.
Колькі ж разоў мы ўдзельнічалі ў розных спрэчках? Прыводзілі аргументы, довады, прыклады. Трацілі мноства часу, энергіі, нерваў і здароўя. Канешне, у большасці выпадкаў усё дарэмна. Кожны заставаўся пры сваім меркаванні.
Вялікае значэнне мае інтэнцыя (мэта), з якою мы прыступаем да дыскусіі: ці я хочу чагосьці даведацца, ці ёсць адкрыты, каб прыняць іншае меркаванне, ці – наадварот – ёсць перакананы ў выключнай маёй слушнасці і прыйшоў фарсіраваць сваё меркаванне.
Варта болей звярнуць увагу на мэты майго суразмоўцы: калі гэта ёсць нехта перакананы ў сваёй рацыі і “беспамылковасці”, тады, пазбягаючы дыскусій і спрэчак, мы эканомім многа часу, здароўя, нерваў і г.д.
Для чаго весці спрэчкі, калі абодва бакі адчуваюць сябе пераможцамі? Навошта весці спрэчкі і гарачыя дыскусіі, калі пасля іх кожны перакананы ў сваёй рацыі?
Колькі ж карысных спраў можна зрабіць дома, зберагаючы час ад бясплодных і безсэнсоўных абменаў меркаваннямі, вынік якіх вядомы ўжо напачатку! Усе скардзімся на недахоп часу – можа гэта і ёсць адна з магчымасцей яго эканоміі – не ўдавацца ў пустыя дыскусіі. Вытрымаць, быццам правакацыі і зачэпкі, і спакойна рабіць сваю справу далей.
І яшчэ. Варта памятаць, каб, незалежна ад удзелу ў дыскусіі, ад яе выніку, твар твой не быў, як у той “удавы, якая пахавала сем мужоў”!
17 лістапада
33-я звычайная нядзеля
Святыня Бога
1 чытанне — Мал 3, 19-20а.
Пс 98 (97), 5-6. 7-8. 9.
2 чыт. — 2 Тэс 3, 7-12. Евангелле — Лк 21, 5-19.
Для кожнага веруючага габрэя святыня была не толькі сімвалам еднасці народу выбранага – гэта быў яшчэ бачны знак прысутнасці Бога ў святым месце, а таксама гонар перад іншаверцамі.
Габрэі цешыліся прыгажосцю, веліччу і пабудоваю святыні (аб яе памерах і значэнні мае ўяўленне кожны, хто хоць раз стаяў перад Сцяною Плачу – адзіным ацалелым яе фрагментам), аб чым дазнаёмся мы з сённяшняга Евангелля. Павінны былі іх давесці да жывога слова Пана Езуса, які замест таго, каб далучыцца да хору ўсхваляючых прыгажосць гэтай сакральнай забудовы, сказаў: “Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе зруйнаваны”.
Многія з нас трымаюць у памяці зруйнаванне і апусташэнне святыні. Тыя вострыя словы Езуса датычыліся б і нас, каб датычыліся нашага касцёла, якім (я мяркую) кожны з нас ганарыцца.
Варта паставіць сабе пытанне: у чым сутнасць святыні? Зразумела, у прысутнасці Бога! (у нашым выпадку гэта прысутнасць Езуса Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце). Аднак ёсць нешта яшчэ.
На нашым касцёле ў Шарашове ёсць старапольскі надпіс: “Дом мой дом маёй малітвы”. Гэта малітва ёсць тым, што ажыўляе святыню. Не прыгожая канструкцыя, не багатае ўпрыгожванне, не прыгожае абвяшчэнне гаміліі… Малітва. Малітва літургічная, малітоўныя групы (такія, як жывы Ружанец) і г.д. Важная таксама малітва кожнага з нас.
Святы Павел прыпамінае ў лісце да карынцянаў: “Ці не ведаеце, што вы святыня Божая і Божы Дух жыве ў вас? Калі хто знішчыць святыню Божую, таго знішчыць Бог, таму што святыня Бога святая, а вы ёю з’яўляецеся”.
У часы, калі святыні былі знішчаныя, даведзеныя да руінаў, Касцёл мог трываць, бо святыня людскіх сэрцаў была вельмі моцнай, непахіснай. Сёння ў большасці выпадкаў не павінны смуткаваць па матэрыяльнаму стану нашых святыняў, але варта задумацца аб стане святыняў нашых сэрцаў.
24 лістапада
34-я звычайная нядзеля
Кожны мае шанс
1 чытанне — 2 Сам 5, 1-3.
Пс 122 (121), 1-2. 4-5.
2 чыт. — Клс 1, 12-20.
Евангелле — Лк 23, 35-43.
Сцэна з сённяшняга Евангелля моцна ўмоўная. Праз хвіліну пасля ўкрыжавання Езуса. Каб лепей яе зразумець, паспрабуем уявіць сабе яе удзельнікаў. Удзельнікамі той драмы былі: Пан Езус, два злачынцы, жаўнеры, члены Высокай Рады і натоўп. У той сцэне маем таксама цэлы дыяпазон людскіх паво-дзінаў: члены Высокай Рады – здзекуюцца над Езусам, жаўнеры – глумяцца над ім, адзін са злачынцаў – блытае яго, другі – просіць аб заступніцтве. Што робіць натоўп? Нічога. Евангеллле зазначае: “Калі ўкрыжавалі Езуса, людзі стаялі і гля-дзелі!”.
Ці ж гэта не шчыт абыякавасці? Стаяць і глядзець. Нуль рэакцыі. Нуль дзеянняў, нуль эмоцый.
Найбольш выразная тут постаць “добрага злодзея”, які ў адну з астатніх хвілін свайго жыцця “спраўляе” сабе месца ў небе. Можа некаторыя думаюць пра яго з пэўнага роду зайздрасцю: гэты то меў жыццё! Цэлае жыццё грашыў, а напрыканцы атрымоўвае абяцанне раю ад самога Пана Езуса!
Так здарылася ў першыя вякі хрысціянства (а нават і ў сярэднявечча), што ўсведамленне факту, што крыж згладжвае ўсе грахі, прыводзіла да таго, што некаторыя адкладвалі момант хросту на пазнейшы ўзрост. Хацелі быць падобнымі да “добрага злодзея”, або награшыць колькі ўлезе, а пазней пахрысціцца і… адразу на неба.
Калі хто і сёння думае такім чынам, то няхай адкажа, што гэта за грэх: “Звышмерная ўпэўненасць у Божай Міласэрнасці”.
Бог ведае сэрца кожнага з нас. Бог ведае матывы нашых паводзінаў. Шчыры жаль за грахі і скруха злачынцы на крыжы не можа быць параўнаная да свядомых дзеянняў, якія маюць на мэце “перахітрыць” Пана Бога (грашыць свядома і дабравольна з думкаю аб пазнейшым навяртанні!). Звычайна такое “рашэнне” заканчваецца тым, што чалавек пралічыўся. Альбо не паспеў…
Калі разважаем над сённяшняю сцэнаю з Евангелля, то па-трэбна паглядзець, з кім бы я мог ідэнтыфікавацца. Якія мае паводзіны на штодзень: глумленне, здзекаванне, дэспатызм, просьба аб заступніцтве? А можа гэта (найбольш папулярнае) захаванне – стаць (найлепей крыху збоку) і глядзець?
кс. Яцэк ДУБІЦКІ, СМ