Хлеб штодзённы

1 снежня
I-я Нядзеля Адвэнту, год А
Сын Чалавечы прыйдзе
1 чытанне — Іс 2, 1-5; 64, 2b-7.
Пс 122 (121), 1-2. 4-9.
2 чыт. — Рым 13, 11-14.
Евангелле — Мц 24, 37-44.

Распачынаем новы год жыцця супольнасці  Касцёла. Так,  для нас, веруючых, гэта  “Новы Год”. Не 1 студзеня,  а менавіта 1-я нядзеля Адвэнту. Касцёл  мае  свой  час – час  Збаўлення. Таму  кожны Адвэнт  для  нас  з’яўляецца напамінкам  аб  тым,  што  з’яўляемся мы  пілігрымамі  да  Святога горада – Ерузалему. Гаворыць  нам сёння прарок  Ісайя,  што  ўсе народы дойдуць да таго месца. А што гэта  за месца?  Езус Хрыстус у Евангеллі  св. Яна, калі  надыйшоў час Яго Пасхі, звяртаецца да апосталаў: “ (…) куды Я іду, вы пайсці не можаце” (Ян 13,33). Запэўнівае  іх,  што ідзе “прыгатаваць ім месца” (Ян 14,2) і потым  прыйдзе яшчэ раз і забярэ іх да сябе. Хрыстус хоча, каб мы былі там, дзе Ён.  Адвэнт з’яўляецца перыядам  радаснага  прыгатавання  для  кожнага  з  нас і напамінкам,  што мэтаю нашага пілігрымавання  з’яўляецца Валадарства Нябеснае. Тут, на зямлі, кожны з нас – толькі пілігрым  здалёку ад Пана, як  гаворыць св. Павел. Каб не зблудзіць падчас  гэтай  нялёгкай пілігрымкі, Хрыстус дае нам яшчэ адно месца, часовае, па-надчасовае – супольнасць Касцёла. Вучымся  ў ёй дарогам Божым, здабываем  веды, дзякуючы  якім разумеем, як крочыць сцежкамі Пана, што суправаджаюць  нас да  нябеснага Ерузалему. Псалміст  нас заахвочвае, каб  ішлі з радасцю на тое найпрыгажэйшае спатканне, якое  напаткае  нас  ў  хвіліну  нашай смерці. Але гэта не смерць прыходзіць да нашага дому – Езус Хрыстус!!!  Ён  гэта  абяцаў  апосталам і нам абяцае. Таму, каб гэта дасведчыць, павінны  адкінуць цёмныя ўчынкі  – гулянкі, п’янкі, распусту, зайздрасць і сваркі. Павінны апрануцца ў зброю святла і жыць прыстойна, як у ясны дзень (пар. Рым 13, 12-13). Павінны чуваць, павінны жыць  мудра, ведаючы, што ёсць начны злодзей – д’ябал, які хоча  пранікнуць у нашае сэрца,  у нашыя сем’і, але чувайма і клічма на дапамогу Пана. Няхай будзе  благаслаўлёны той дзень, калі  Сын  Чалавечы  прыйдзе.


8 снежня
2-я  Нядзеля Адвэнту, год А
Кароткі  час
1 чытанне — Іс 11, 1-10.
Пс 72 (71), 1-2. 7-8. 12-13. 17.
2 чыт. — Рым 15, 4-9.
Евангелле — Мц 3, 1-12.

Ужо другая нядзеля Адвэнту – час кароткі, надта кароткі. Засталося нам нямнога дней, нямнога тыдняў, месяцаў ці гадоў. Час Адвэнту  заўсёды з’яўляецца пажаданнем, або нават крыкам, каб прыспешыць навяртанне. Але хто з нас пра гэта думае? Пажаданне Яна  Хрысціцеля: “Кайцеся, бо наблізілася  Валадарства Нябеснае” (Мц 3,2)  датычыцца кожнага з нас – біскупаў, ксяндзоў, кансэкраваных асоб  і  ўсяго веруючага люду. Не збіраемся  на  нядзельныя літургіі, каб судзіць людзей з таго свету, а каб саміх сябе аддаць пад суд  Слова  Божага. Колькі  ж  сярод  нас фарысеяў – супер пабожных, але без любові, без міласэрнасці для грэшнікаў. Колькі ж сярод  нас  садукеяў, якія ходзяць да касцёла, але  па-сапраўднаму не вераць ў змёртвыхпаўстанне. Сапраўды,  жыццё  колькіх  з нас падобна на “змяінае племя”– разгаворы, абгаворы блізкіх, пастаяннае  незадавальненне  жыццём,  нараканне на мужа, на жонку, на дзяцей і ўнукаў. Ян Хрысціцель сёння  ясна гаворыць да нас: пакажы годны плод навяртання. Дрэва,  якое не прыносіць добрага плёну, будзе ссечана і кінута ў агонь. Пекла сапраўды існуе. Пан хоча, каб мы былі збаўленыя, Ён нас  любіць, і св. Павел  пацвяр-джае  гэта ў лісце да Рымлянаў.


15 снежня
3-я  Нядзеля Адвэнту, год А
Хто мае шанс?
1 чытанне — Іс 35, 1-6а. 10.
Пс 146 (145), 6с-7. 8-9а. 9bc-10.
2 чыт. — Як 5, 7-10.
Евангелле — Мц 11, 2-11.

Засталося толькі дзесяць дзён да светкавання Нараджэння Пана, таму  прарок  Ісайя  заахвочвае нас: “Няхай  развесяліцца пустыня і сухая зямля (…), узмацняйце  аслабелыя рукі, (…), адвагі! Не бойцеся! Бог Сам прыходзіць, каб збавіць  нас.” (Іс 35, 1.3.4.). Трэцяя нядзеля Адвэнту мае радасны характар, колер літургічных шатаў павінен  быць ружовы. Весь Касцёл радуецца, бо збаўленне прыходзіць у Хрыстусе і праз Яго. Евангеліст  Мацвей  запэўнівае, што Добрая Навіна датычыцца ўбогіх. Хто не  хавае сваіх грахоў, той будзе збаўлены. Касцёл для грэшнікаў, якія  знайшлі  духоўныя вочы, але, як гаворыць псалміст, прызнаюць сваю неправату, і грэх іх заўжды перад імі.
Справа навяртання вельмі паважная, бо “найменшы ў Нябесным  Валадарстве ёсць большы, чым  Ян Хрысціцель” (Мц 11,11). А хто з нас можа параўнацца з найбольшым, народжаным жанчынаю?!  Што  азначаюць  гэтыя словы?  Хто з нас мае шанс на Ўваходжанне ў Валадарства Нябеснае?  Кажучы шчыра, ніхто з нас  не  мае  ніякага шансу – гэта дар з боку Езуса тым, хто не сумняваецца ў Яго Міласэрнасці. Ён  адчыняе   брамы  Валадарства.


22 снежняf-str-31
4-я  Нядзеля Адвэнту, год А
Прыйдзі, Пане!
1 чытанне — Іс 7, 10-14.
Пс 24 (23), 1-2. 3-4ab. 5-6.
2 чыт. — Рым 1, 1-7.
Евангелле — Мц 1, 18-24.

Сёння  ўвесь Касцёл кліча: “Прыбудзь, Пане, Ты ёсць Цар хвалы”. Гэтая радасць вынікае з гістарычнага факту, аб якім гаворыць  сёння  св. Павел: “Гэта Евангелле  пра  Сына  Ягонага, які целам паходзіў з роду Давіда,  і адкрыўся як Сын Божы ў моцы паводле  Духа  Святасці  праз  уваскрасенне  з мёртвых, пра Езуса Хрыста, Пана нашага” (Рым 1,4). Толькі  Ён  ёсць  тым, хто ўступіў на гару Пана і толькі Ён ёсць тым, хто стаў  у  Яго святым месце. Толькі Ён ёсць чалавекам незабруджаных рук і чыстага сэрца. З гэтага вынікае для нас радасная навіна – толькі Ён можа давесці нас да свайго Валадарства, для гэтага жадайма адным сэрцам: прыйдзі, Пане! Толькі Ты можаш змяніць нашае жыццё. Сёння бачым  такія  цуды ў жыцці св. Юзафа.  Справядлівы муж, як гаворыць аб ім Святое Пісанне, хацеў патаемна  аддаліць ад сябе Марыю, бо яна аказалася цяжарная, хоць і не жылі разам. Аднак пасля таго, як  пачуў  Слова Божае з вуснаў  анёла, прыняў такое рашэнне, якое змяніла яго жыццё. Рызыкнуў  сваімі  ўласнымі планамі і прыняў Маці Пана, бо паверыў Богу. І нам сёння па-трэбна прасіць аб веры, каб мы былі гатовыя ўсё рабіць паводле Слова – прыняць чарговае дзіця, даць згоду на цяжкасці  штодзённага жыцця, прыняць крыж  хваробы, даць адказ, згодна пункту гледжання  Евангелля. Так  жыве  хрысціянін, заўжды шукаючы таго, што прыемна  Богу, што з’яўляецца Яго воляй.


29 снежняgr-str-31-2
Нядзеля Святой Сям’і, год А
Актуальная праблема свету
1 чытанне — Сір 3, 2-6. 12-14.
Пс 128 (127), 1-2. 3-5.
2 чыт. — Клс 3, 12-21.
Евангелле — Лк 2, 13-15. 19-23.

Папа Францішак аб’явіў пра Незвычайны Сінод Біскупаў, які пройдзе з 5 па 19 кастрычніка 2014 г. і  засяродзіць увагу над душпастырскімі заданнямі, звязанымі  з сям’ёю. Гэта – найбольш актуальная праблема не толькі Касцёла, але і ўсяго свету. Гэта велізарная дылема для нашай Айчыны. Аб гэтым гаворым не толькі мы, католікі, але і Царква Праваслаўная, Пратэстанцкая, габрэі. Гэтыя праблемы ўздымаюць нашыя палітыкі. Шукаюць нейкіх рашэнняў, нейкіх эканамічных субсідый, сацыяльнай дапамогі  маладым сужэнствам, каб мелі адвагу прыняць такое нялёгкае заданне, якім з’яўляецца  бацькоўства. Касцёл адвеку гаворыць, што благаслаўлёны той, хто баіцца Пана, хто  ходзіць Яго дарогамі. Крыніцаю пладароднага бацькоўства ёсць любоў, атрыманая  ад Хрыстуса. Святы Павел прыпамінае цяжкасці, якія пануюць ў сям’і і паміж сужэнцамі, жыццё якіх належыць Богу. Адказнасць за сям’ю належыць мужу, як галаве сям’і. Яго глыбокія адносіны з Богам з’яўляюцца крыніцаю благаслаўлення для ўсёй сям’і. Гэта бацька, а не маці, адказны за выхаванне дзяцей у веры. Жонка – яму дапамога. Бацькі добра ведаюць, што Ірад – д’ябал, які хаваецца ў кожным пакаленні, каб знішчыць пачатае жыццё. Ад св. Юзафа вучацца бацькоўству, як важна паслухмянасць воле Божай, нават  калі гэта цягне за сабою шмат ахвяр. Ён разумее, што Айцец ведае, як найлепей абараніць сям’ю ад атакаў шатана. Любоў, шанаванне, паслухмянасць, паразуменне і міласэрнасць – цноты, якія пануюць ў сям’і хрысціянскай.

кс. Славамір ЛАСКОЎСКІ


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий