5 студзеня
2-я Нядзеля пасля Нараджэння Пана, год А
Слова ўцелаўляецца ў кожным пакаленні
1 чытанне — Сір 24, 1-4. 12-16.
Пс 147, 12-13. 14-15. 19-20.
2 чыт. — Эф 1, 3-6. 15-18.
Евангелле — Ян 1, 1-18
або Ян 1, 1-5. 9-14.
Таямніца Божага Нараджэння святкуецца і сёння, бо ў кожным пакаленні Пан “прыходзіць да свае ўласнасці” і шукае таго, хто хоча Яго прыняць. Можна прыняць навуку аб Збаўцы, можна прыняць дагматы веры і згаджацца з маральнасцю, якую абвяшчае Касцёл, можна прыняць традыцыю і лічыць сябе хрысціянінам, можна ў гэтыя дні прыняць ксяндза з душпастырскім візітам ў сваім доме, але застаецца адкрытым пытанне: ці прынялі Хрыста? Адказ на гэтае пытанне пашукаем у сённяшнім Евангеллі: “А тым, хто прыняў Яго (Слова), дало ўладу стаць Божымі дзецьмі!” (Ян 1, 12). Хто з’яўляецца дзіцём Божым? Ці я дзіця Ягонае? Святы Ян падказвае, што тым дзіцем з’яўляецца той, хто “не ад крыві, і не ад жадання цела, і не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіўся” (Ян1, 13). Напэўна, Дзіцятка Езус нарадзілася ад Бога, праз Духа Святога, як тлумачыць нам св. Лука. А як ва мне мае адбыцца такое нараджэнне, або дакладней, як гэта адбываецца? Пошук адказу вельмі важны, бо гісторыя вучыць нас, што, калі Езус прыйшоў да свае ўласнасці, то менавіта свае Яго і не прынялі. То так, як бы сёння прыехаць да сваіх дзяцей або родных з візітам, а яны нам дзверы не адчыняюць. Змушаюць нас, каб шукалі іншае месца, дзе застанавіцца. Паспрабуем знайсці два абавязковыя элементы, каб гэты цуд нараджэння адбыўся. Першым элементам ёсць Слова, праз якое “(…) усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася” (Ян 1, 3). Касцёл – супольнасць Вышэйшага, новы Ізраэль, ёсць супольнасць, якая слухае, бо першае прыказанне любові пачынаецца словамі: Слухай, Ізраэль! Чалавек, сталы ў веры, разумее, якім абавязковым з’яўляецца ўдзел у што-дзённай святой Імшы. І якім вялікім дарам з’яўляецца хоць бы слуханне яе ў першую чаргу, чым радыё, калі няма іншай магчымасці. Павінны паглынуць сэрцам Слова жыцця. Яно хоча “укараніцца ў праслаўленым народзе, (…), у Яго спадчыне” (Сір 24, 12). Другім элементам з’яўляецца ласка, якую таксама, як і Слова, ад Бога атрымоўваем як дар. Чарговаю крыніцаю ласкі з’яўляюцца ўсе святыя сакрамэнты. Слова і ласка, прынятыя з верай, даюць рост новаму чалавеку, які з Бога нараджаецца, як Збавіцель з Маці Божай.
12 студзеня
Нядзеля Хросту Пана, год А
Ці ведаеце справы Езуса з Назарэту?
1 чытанне — Іс 42, 1-4. 6-7.
Пс 29, 1-2. 3-4. 3. 9-10.
2 чыт. — Дз 10, 34-38.
Евангелле — Мц 3, 13-17.
Ні адна з кніг сусветнай літаратуры не была пераведзена больш разоў, чым Біблія. Гэта бестселер, вядомы на 2527 мовах. Няма у сусветнай гісторыі асобы, якая была б болей вядома, чым Езус Хрыстус. А пытанне “Ці ведаеце справы Езуса з Назарэту?” заўжды застаецца адкрытым. Чаму? Бо кожны чалавек, які прыходзіць на гэты свет, павінен асабіста пачуць і прыняць Добрую навіну аб Езусе з Назарэту. У біблійным сэнсе пазнаць кагосьці – гэта значыць спаткацца з гэтай асобай і згадзіцца на персанальныя адносіны з ёю. Каб іншыя маглі даведацца аб “справах Езуса з Назарэту”, у кожным пакаленні патрэбныя Яго вучні, Яго жывыя сведкі. Ні ў якім выпадку нельга звесці пазнанне Езуса да школьнай катэхезы, ці нават да найлепшых біблійных курсаў ва ўніверсітэтскіх факультэтах, ці ў духоўных семінарыях. Тым больш пазнанне Езуса з Назарэту не наступіць пасля прачытання інфармацыі аб Ім. Патрэбны час, каб у школе вучняў Езуса прайсці дарогаю, якая давядзе да вельмі глыбокіх асабістых адносін са Змёртвыхпаўсталым Езусам Хрыстусам. Вынікам гэтага спаткання, гэтага пазнання будзе перамяненне жыцця, аб якім гаварыла нам свята Аб’яўлення Пана. Чалавек пераменяны ўжо не верыць толькі ў Бога, але верыць Богу, Яго слухае, адказвае любоўю на Яго любоў. І толькі Яго прысутнасць і спатканне з Езусам Змёрвыхпаўсталым можа весці да адносін справядлівых, дзе няма месца шызафрэніі духа – калі адно гаворыць, а другое робіць.
Застаецца яшчэ адно пытанне: для чаго Езус прыняў хрост праз Яна Хрысціцеля? Ян астанавіў Яго, будучы перакананы ў тым, што ён сам патрабуе хросту ад Езуса. У гэтым акце Збаўца выконвае справядлівасць Старога Запавету, выканаць якую для нас немагчыма! І нават больш, Ён яе ўдасканаліў. Езус адкрывае новую эру гісторыі Збаўлення. Цяпер ўжо не я, а Хрыстус ва мне, Ён ёсць прычынаю майго новага жыцця і гэта дармовая ласка для тых, што сябе дрэнна адчуваюць! Вось што азначае – знаць справы Езуса з Назарэту.
19 студзеня
2-я звычайная нядзеля, год А
Радасна выконваю Тваю волю, мой Божа
1 чытанне — Іс 49, 3. 5-6.
Пс 40, 2. 4. 7-8. 8-9. 10.
2 чыт. — 2 Кар 1, 1-3. 3.
Евангелле — Ян 1, 29-34.
У літургічным календары касцёла працягваем звычайны перыяд жыцця Касцёла, хоць ва многіх парафіях яшчэ спяваюцца песні калядныя і радуюцца Нованароджанаму Дзіцяці. Благаслаўлёны Папа Ян Павел II сказаў, што ў пэўным сэнсе Божае Нараджэнне адбываецца кожны дзень. Бо кожны дзень Сын Чалавечы знаходзіць або не знаходзіць месца для Сябе ў гісторыі кожнага з нас, нават у гісторыі ўсяго чалавецтва.
Можна б рызыкнуць і сказаць, што перыяд звычайнага жыцця Касцёла ёсць незвычайны, бо на вачах свету адбываецца цуд, які? У штодзённай гісторыі свету паяўляецца люд Божы, які “радасна выконвае Яго волю”. Гэта цуд небывалы, калі хто не хоча выканаць сваю волю. Усялякія канфлікты, незадавальненне, абгаворы, нараканне, злосць, гнеў, сварка, плёткі, мноства праблем сужэнстваў ці бунты маюць свой пачатак у тым, што нехта не можа выканаць сваю волю, бо сустракае нечае супраціўленне. Чымсьці цудоўным ёсць сведчанне дапамогі Пана, каб “ права Божае пасялілася ў маім сэрцы”, якое нахіляе мяне да спаўнення волі Божай. І тады мысленне, разгаворы, дзеянні ёсць святлом для язычнікаў. Сутнасцю нашага паклікання, гэта значыць “Дзяцей Бога”, ёсць сведчанне аб тым, “што Ён ёсць Сын Божы”. У шпіталь на Ўкраіне прывезлі старэнькага, у якога знайшлі захворванне – рак языка. У той момант, калі ляжаў на аперацыйным стале і чакаў ампутацыю языка, да яго падышоў малады хірург – неверуючы і ня-хрышчаны. Жартаўліва прамовіў да дзеда: “Ну, дзядуля, скажыце апошняе слова, бо пасля нічога не зможаце сказаць”. Узрушаны старэнькі прашаптаў: “Хвала Хрысту!“. З вачэй доктара паліліся слёзы. Праз тры месяцы ён знайшоў касцёл і папрасіў аб хросце сам. Каб кожны дзень нашыя адносіны былі такімі, трэба “на кожным месцы звяртацца да імя Пана нашага Езуса Хрыстуса”. Малітва што-дзённая ёсць чымсьці рэчаісным і незаменным. Хто яе пазбягае, хто не моліцца рэгулярна, той рызыкуе атрымаць дрэнныя вынікі, нават утрату ласкі, гэта значыць дапамогі, якая прыходзіць ад Бога. Хто не моліцца, становіцца самотным, выстаўленым на “з’я-дзенне д’яблам” – духоўным самазабойцам!
26 студзеня
3-я звычайная нядзеля, год А
Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае
1 чытанне — Іс 8, 23 — 9, 3.
Пс 27, 1. 4. 13-14.
2 чыт. — 1Кар 1, 10-13. 17.
Евангелле — Мц 4, 12-23.
Звернемся да думкі з папярэдняй нядзелі аб звычайным жыцці Касцёла, гэта значыць і кожнага з нас. Гэта адносіны навяртання. Услухваючыся ў сённяшняе чытанне Слова Божага, вельмі лёгка спакусіцца на мысленне аб тых, хто адсутнічае. Гэта яны “жыхары краю змроку”, гэта яны язычнікі, да якіх патрэбна ісці з Евангеллем. Гэта мой сын, муж, жонка, зяць, нявестка, а яшчэ мае ўнукі. Я прыкладны католік – малюся, ха-джу да касцёла, пашчу, маю яшчэ некалькі заслуг на сваім ліку. Многакратна гаварыў ім пра патрэбу хадзіць да касцёла, нават крычаў і назваў іх грэшнікамі, каб зразумелі, што дрэнна робяць. І наогул сумна на сэрцы, бо жывуць яны ў цемры, ах, якія сапсаваныя людзі, ай-яй! Так, гэта рабіў, але ці яно акурат тое, аб чым сёння слухаем?! Ці гэта абвяшчэнне Евангелля аб Валадарстве? Ці выпадкам гэта не маралізатарства, якога ніхто не хоча слухаць?! Ці выпадкам гэтым спосабам мы не ўзносім сябе над іншымі?
Святы Павел, аўтар другога чытання, абвяшчэнне Евангелля зрабіў правілам свайго жыцця. Думаў, што гэта важнейшае, чым хрост! Такім чынам ён ломіць і сёння ўсе застарэлыя схемы нашага мыслення і дзеяння. Ці гэта выпадкам не касцёльныя “пабожныя” бабулькі націскаюць на пробашча, каб як найхутчэй ахрысціў дзіця? А ён прагне давесці ягоных бацькоў да спаткання з Хрыстусам, каб хоць крыху адкрыць ім, як святы Павел, гэтую найвялікшую таямніцу. Скажу болей, гэта – запавет самога Змёртвыхпаўсталага Пана: “Ідзіце і навучыце ўсе народы, удзяляючы ім хрост”. Навучаць – гэта перадусім адкрыць перад іншымі, за святым Паўлам, таямніцу майго з Ім спаткання. Расказаць, як мне, грэшнаму, Ён адкрыў вочы і як збавіў. Як верная любоў Хрыстуса пераменьвае маё сэрца.
І яшчэ адна таямніца дня сённяшняга: хто пачуў слова жыцця, той, як Сымон, Андрэй, Якуб і Ян “пакінуць сеці, і айца, і пойдуць за Езусам”.