Хлеб штодзённы

3 чэрвеня
9-я звычайная нядзеля, год В

 

У таямніцы Бога

 

1 чытанне — Дрг 5, 12-15.
Пс 81 (80), 3-4. 5-6 ab. 6с-8а. 10-11аb.
2 чытанне —  2 Кар 4, 6-11.   
Евангелле — Мк 2, 23-3,6.

 

“Асвяці іх у праўдзе. Слова Тваё – гэта праўда” (Ян 17, 17).
Хто такі Бог? Чалавек стварае сабе сваё ўласнае ўяўленне пра Бога. Гэта сцвярджае культура, якая ставіць чалавека ў цэнтр усяго і лічыць яго пачаткам усяго. А гэта  і з’яўляецца  прымхай, з якой вынікаюць  пазіцыі  сучаснай культуры: усё створана чалавекам, чалавек  нават  ствары ў ідэю і ўяўленне пра Бога; не існуе нічога, што не зрабіў бы чалавек. Аднак бачыць у чалавеку першапачатак усяго – абсурдная ідэя. Такім чынам, чалавек  замыкаецца сам у сабе і ў тым, што ён сам стварыў, – у сваіх уяўленнях.
Сённяшняя ўрачыстасць нагадвае нам, што не чалавек стварыў Бога, а Бог стварыў чалавека. І мы пакліканы да пазіцыі пошукаў і вялікага здзіўлення ў адносінах да акаляючай нас рэчаіснасці, да прызнання таго, што нам дадзена і што ўжо існуе без нас і для нас. Хто бачыць вакол сябе толькі рэчы, створаныя чалавекам, той не можа ісці наперад і адкрыць звышнатуральнае і бескарыснае вымярэнне рэчаіснасці, «таямніцу», якая прасякае яе і з’яўляецца яе крыніцай.
Рэчаіснасць мае сімвалічнае вымярэнне, яна здольна праявіць асабістую таямніцу, якую Езус дазволіў нам пазнаць у прапаведванні, што Бог – гэта Айцец, Сын і Дух Святы. Толькі Езус мог навучыць нас пазнаваць інтымную рэчаіснасць Бога і сэнс свету: Ён явіў нам Бога, і сёння мы з радасцю праслаўляем гэтую цудоўную ісціну.


10 чэрвеня
10-я звычайная нядзеля, год В

 

gr-str-30

Езус выганяе злых духаў

 

1 чытанне — Быц 3,9-15.
Пс 130 (129), 1-2. 3-4. 5-6ab. 6с-8.
2 чытанне —  2 Кар 4, 13-5, 1.   
Евангелле — Мк 3, 20-35.

 

“…Той, хто будзе блюзнерыць супраць Духа Святога, ніколі не атрымае адпушчэння, а будзе асуджаны  навекі” (Мк 3, 29).
Істотнай складальнай часткай паклікання Езуса было прабачэнне грахоў і выгнанне злых духаў. Кардынал Ёзаф Ратцынгер пра гэта казаў так: «Твар Езуса, Яго духоўнае аблічча, не змяняюцца. …Свет жа, які фарміраваўся шляхам эвалюцыі ці не, сутнасна зменіцца, калі з яго выключыць барацьбу супраць перажыванай намі ўлады валадарства нячыстых духаў».
Езус прыйшоў моцаю свайго Духа менавіта для таго, каб знішчыць валадарства сатаны: «Калі сатана паўстаў супраць самога сябе і раздзяліўся, не можа выстаяць, але канец яму». Так саркастычна адказвае Езус тым, хто абвінавачвае Яго ў выгнанні нячыстых духаў моцаю «князя дэманаў» або ад імя Бэльзэбула. Людзі ж казалі пра Езуса: «Ён апантаны», гэта значыць, яны ў Яго цудах не хацелі  прызнаць  дзеяння Духа Святога.
Потым Езус сказаў: «Сапраўды, кажу вам: дараваныя будуць сынам чалавечым усе грахі і блюзнерствы, якімі б ні блюзнерылі. Але хто будзе блюзнерыць супраць Духа Святога, не атрымае даравання ніколі». Што такое блюзнерства супраць Духа Святога?  Гэта нежаданне  прызнаць, што ў Езусе дзейнічае Дух Святы, нежаданне  прызнаць  Божую волю збавіць нас ад злога. Хто блюзнерыць супраць Духа Святога, той чыніць з Езуса апантанага, адмаўляецца  бачыць  у Ім ахвяру і праяўленне  дасканалага Божага прабачэння.
Як жа можа збавіцца той, хто не жадае прыняць Божае прабачэнне, якое было яму дадзена ў Езусе? Бо Езус – адзіны, у кім Бог дае нам сваё бясспрэчнае прабачэнне. Абвінавачваць Езуса, што Ён апантаны, азначае адмаўляцца ад Бога і Яго збаўленчага дзеяння.
Як  жа важна, каб мы, хрысціяне, скіроўвалі свой позірк найперш на  Езуса – нашага Збаўцу. Езус збаўляе  нас  ад нячыстых духаў моцаю Духа Святога, і Ён адзіны, хто гарантуе нам канчатковую перамогу над злом. Толькі калі мы цалкам бачым вобраз Езуса і Яго праўду, толькі тады можам казаць пра сатану і дэманаў. У адваротным выпадку і мы застанемся  аслепленымі падманлівым  ззяннем  злога.


17 чэрвеня
11-я звычайная нядзеля, год В

 

gr-str-31

Валадарства Божае падобнае да зерня гарчычнага

 

1 чытанне — Эзх 17, 22-24.
Пс 92 (91), 2-3. 13-14. 15-16.
2 чытанне —  2 Кар 5, 6-10.   
Евангелле — Мк 4, 26-34.

 

“Найменшае з усяго насення на зямлі (…) становіцца большым за ўсялякую зеляніну” (Мк 4, 31-32).
Хрысціяне ў сучасным грамадстве застаюцца меншасцю. Мы жадаем, каб нас было больш, каб мы былі больш актыўнымі, больш заўважальнымі і важнымі.
Узгадаем Езуса і Яго вучняў. Яны былі меншасцю, вельмі маленькім семенем у вялікім свеце. Хоць Езус чыніў цуды, казаў пра цудоўныя рэчы, быў увасабленнем дабрыні і пабожнасці, свет не жадаў ведаць пра Яго. Нават апосталы і вучні задавалі Яму пытанне: «Дзе Валадарства Нябеснае, калі свет не змяніўся і яго нельга змяніць?» На гэта Езус распавёў вучням прыпавесць пра гарчычнае зерне, якое здаецца дробным і нязначным, падобна да таго, як выглядала ў іх вачах Ягоная місія.
Таксама і ў нашым жыцці. Хіба да нас не прыходзіць пачуццё марнасці, хіба не адчуваем мы стомы, што выцякае з расчаравання, калі мы не бачым канкрэтных вынікаў? Таму людзі і казалі Езусу: «Калі свет усё яшчэ поўны зла і смерці, Ты не можаш казаць, што да нас ужо прыйшло Валадарства Божае». Сённяшняе першае чытанне і Евангелле вядуць нас да разважання менавіта пра гэтую важную праблему – аб прысутнасці Бога сярод нас, Яго таямнічай сіле і дзейснасці Яго паводзінаў.


24 чэрвеня
Урачыстасць Нараджэння св. Яна Хрысціцеля, год В

 

gr-str-31-2

Служыць  іншаму

 

1 чытанне — Іс 49, 1-6.
Пс 107 (106), 23-24. 25-26.28-29. 30-31.
2 чытанне — Дз 13, 22-26.   
Евангелле — Лк 1, 57-66. 80.

 

“Хто ж Ён такі, што і вецер, і мора слухаюцца Яго?” (Мк 4, 41).
Сёння будзем вучыцца, як жыць і служыць іншаму чалавеку, ад св. Яна Хрысціцела, якім кіравала надзвычайная любоў Бога.
Постаць св. Яна Хрысціцеля акурат на нашыя часы. У яго жыцці і місіі ёсць шмат для наследавання. Яго місія заключалася ў тым, каб падрыхтаваць народ да прыйсця Месіі, падрыхтаваць увесь свет да прыйсця Езуса Хрыста.
Святы Ян быў вялікі дзякуючы сваім цнотам і аскетычнаму жыццю. Ён быў чалавекам, цалкам адарваным ад радасцей гэтага свету. Ён быў прыкладам сціплага жыцця. Таму сёння ён вучыць нас: «Пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное» (Клс 3, 1). Хрыстус – наша багацце, і ў Ім, як  навучае  святы Павел, усе  скарбы  мудрасці і ведаў.
Святы Ян Хрысціцель не баяўся казаць праўду ўсім, хто да яго прыходзіў. Сказаў праўду, проста ў вочы, і каралю Іраду, сцвердзіўшы, што той вядзе распуснае жыццё. За гэтую праўду Ян Хрысціцель быў кінуты ў вязніцу і пазбаўлены жыцця. Гэтым ён вучыць нас заўсёды быць вернымі праўдзе, незалежна ад таго, якія могуць быць наступствы. Беручы прыклад са св. Яна Хрыс-ціцеля, будзем  адважнымі хрыс-ціянамі.
Цікава, колькі б сёння з нас за справядлівасць і праўду паставілі пад пагрозу сваё жыццё ці нават здароўе?
Дэвізам жыцця святога Яна Хрысціцеля, можна сказаць, былі словы: «Падрыхтуйце дарогу Пану. Раўняйце сцежкі Яму». З гэтым заклікам ён звяртаецца да кожнага, каб падрыхтавалі свае сэрцы на прыйсце Пана.
Кожнаму з нас даручана місія, і кожная місія вельмі важная: заснаванне сям’і, выхаванне дзяцей, навяртанне іншага і г.д. Кожны з нас павінен падыходзіць да сваёй місіі з вялікай адказнасцю, так, як гэта рабіў св. Ян Хрысціцель, калі заклікаў людзей раўняць свае сцежкі – змяняць свае дзеянні, мысленне, учынкі.
Святы Ян Хрысціцель заклікае і нас мець вялікія сэрцы, вя-лікія душы, вялікія жыццёвыя ідэалы, і каб пры гэтым мы ўмелі за іх змагацца ў сваім жыцці, былі нязломнымі і цвёрдымі, як Ян.
Сёння Бог прамаўляе да кожнага хрысціяніна: ты пойдзеш перада Мною, менавіта цябе я пасылаю раўняць Мне дарогу ў сучасным свеце.

 

кс. Алег  ГРЫГАРОВІЧ,  SAC


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий