1 ліпеня
13-я звычайная нядзеля, год В
Пан жыцця
1 чытанне — Мдр 1, 13-15;2,23-24.
Пс 30 (29), 2 і 4. 5-6. 11 і 12а, 13b.
2 чытанне — 2 Кар 8, 7. 9. 13-15.
Евангелле — Мк 5, 21-43.
“Ён стварыў усё для жыцця, стварэнні свету маюць ў сабе здароўе, няма ў іх знішчальнай атруты, ні валадарства памерлых на зямлі” (Мдр 1, 13-14).
Вядомы сучасны французскі філосаф Эмануэль Левінас напісаў: «Жыццё – гэта любоў да жыцця, адносіны да таго, што з’яўляецца маім быццём… Калі мы рэдуцыруем жыццё да звычайнага і голага існавання,.. то наша жыццё знікне, як цень…
Жыццю надае каштоўнасць менавіта сутнасць; і тут каштоўнасць ствараецца быццём. Рэальнасць жыцця заўсёды знаходзіцца на ўзроўні шчасця. Сапраўднае жыццё заўсёды было і ёсць такім, якая ў ім ёсць доля шчасця, і ў гэтым сэнсе яно пераўзыходзіць анталогію. Шчасце не з’яўляецца нейкай выпадковасцю быцця, таму што мы мяркуем, што само быццё смела бярэцца за справу, толькі каб дасягнуць шчасця. Значыць, мы не жадаем сабе „жыць“ у тым сэнсе, каб толькі „існаваць“, а каб быць шчаслівымі. Бо шчасце нараджаецца з сапраўднага чалавечага жыцця».
І Божая воля ў згодзе з гэтым асноўным жаданнем шчаслівага жыцця, якое ў сэрцы чалавека. Бо Бог хоча, каб мы жылі шчасліва. І толькі Ён можа здзейсніць гэтую задуму.
У нас жыве спакуса, што жыццё залежыць ад Бога, а шчасце ад нас. Аднак мы з цяжкасцю ствараем нашае ўласнае шчасце. І гэта заўсёды заканчваецца тым, што мы робім сябе самотнымі, збалелымі, і ўрэшце – смерцю.
8 ліпеня
14-я звычайная нядзеля, год В
Стаць новым стварэннем
1 чытанне — Эзх 2, 2-5.
Пс 123 (122), 1-2а, 2bcd. 3-4.
2 чытанне — 2 Кар 12, 7-10.
Евангелле — Мк 6, 1-6.
“Да Цябе ўздымаю свае вочы, які жывеш у нябёсах» (Пс 123 (122), 1).
Самы бліскучы прапаведнік Евангелля – апостал Павел – рашуча перасцерагаў аб спакусе ганарыцца сваімі ўласнымі поспехамі, «місійнымі», якіх, верагодна, ніхто не пазбягае, і раіў лічыцца з чалавечай карыслівасцю і стратэгіяй.
Яго словы такія: «Няхай я не буду хваліцца нічым, акрамя крыжа нашага Пана Езуса Хрыста». Укрыжаваны Пан выступае супраць усялякай чалавечай пахвалы, прыводзіць у крызіс усялякае эгаістычнае прагненне поспеху, асу-джае «свет», значыць, увесь комплекс думак, каштоўнасцей і паводзін, якія адмоўна ставяцца да Бога. «Знакі Езуса» павінны стаць знакамі хрысціяніна: яны паказваюць веру, намаганне, пераслед, штодзённае імкненне трывала прытрымлівацца прынцыповага рашэння ісці за Езусам як Праўдай, Прычынай і адзінай Асновай збаўлення.
Сапраўдная місія Касцёла – прапаведваць і жыць дзеля таго, для чаго прыйшоў Езус, значыць, стаць «новым стварэннем». Акрамя гэтага, нічога не важна, нават тое, яўрэі мы ці язычнікі, багатыя ці бедныя, мужчыны ці жанчыны. Мы можам адрознівацца адзін ад аднаго метадамі місіянерства або рашэннямі, але ў адным мы, усе хрысціяне, згодныя: важна, каб мы былі новае стварэнне ў Езусе Хрысце. Але такую салідарнасць з Хрыстом неабходна выяўляць паслядоўна і глыбока, а менавіта тым, што мы будзем дзяліцца з Ім Яго знакамі, каб таксама атрымліваць асалоду ад пладоў «Божага супакою і міласэрнасці».
15 ліпеня
15-я звычайная нядзеля, год В
Час паклікання
1 чытанне — Ам 7, 12-15.
Пс 85 (84), 9ab-10. 11-14.
2 чытанне — Эф 1, 3-14.
Евангелле — Мк 6, 7-13.
“Няхай Айцец нашага Пана Езуса Хрыста прасветліць вочы нашага сэрца” (пар. Эф 1, 17-18).
Місіянерскае прапаведаванне і сведчанне пра ісціну Евангелля ў атмасферы культуры нашага часу патрабуе правільнай ацэнкі сітуацый, тлумачэння знакаў часу.
Кожны з нас, з’яўляючыся членам Касцёла, прымае ўдзел у місіянерскім пакліканні. Усе ахрышчаныя ў Касцёле з’яўляюцца суб’ектамі і ўдзельнікамі місіянерскага паклікання праз ласку святога хросту. У Касцёле ёсць розныя служэнні, аднак толькі адно пакліканне. Сённяшнія чытанні са Святога Пісання даюць нам імпульс да разважання на гэтую тэму.
Якая мэта паклікання? Гэта нам вельмі ясна паказвае другое чытанне: вызнаваць і абвяшчаць таямніцу Божай волі, паводле якой Бог «выбраў нас перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові. Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі».
Місіянерскі Касцёл нясе не самога сябе, а Хрыста і Божую волю, якая праявілася ў Хрысце, каб усынавіць нас. Гэта азначае, што Касцёл жыве ва ўмовах штодзённага чалавечага жыцця ў чаканні прыйсця Збаўцы. Кожны хрысціянін праз тое, што ён жыве таямніцай Боскага ўсынаўлення, з’яўляецца «місіянерам», пасланнікам. Але толькі тады, калі ён уваходзіць у існуючыя чалавечыя планы і намеры не дзеля іх замены на свае планы, а для таго, каб знутры перамяніць іх так, каб рэалізаваць патрабаванні Евангелля Езуса Хрыста і адчуваць радасць ад гэтага.
Што такое прадвызначэнне, пра якое гаворыцца ў Пасланні да Эфесцаў? Каб правільна зразумець, чым з’яўляецца хрысціянскае прадвызначэнне, мы павінны ўважліва сачыць за біблейскім тэкстам: «Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста». Мы павінны адрозніваць прадвызначэнне Хрыста і прадвызначэнне хрысціянаў.
Хрыстус здзяйсняе бескарыс-лівую, універсальную і беспамылкова дзейсную Божую волю, каб мы сталі Яго ўсыноўленымі дзецьмі. Бог, даўшы нам Езуса, даў нам усё. Хрыстус быў першай думкай Бога і Ён уцелавіў у Яго ўсю сваю волю, каб учыніць нас Божымі дзецьмі.
Прадвызначэнне хрысціянаў азначае, што, калі мы прымем дар, які атрымалі ў Езусе, то бу-дзем мець удзел у Божай задуме і станем сапраўднымі Божымі дзецьмі, з’яднанымі з Езусам Хрыстом. І калі б мы адкінулі Яго, наш праклён заўсёды «крычаў» бы нам: Бог хацеў прыпадобніць нас да сябе праз Хрыста.
22 ліпеня
16-я звычайная нядзеля, год В
Божы народ
1 чытанне — Ер 23, 1-6.
Пс 23 (22), 1-3а. 3b-4. 5. 6.
2 чытанне — Эф 2, 13-18.
Евангелле — Мк 6, 30-34.
“Прыйшоўшы, Ён абвясціў спакой вам, якія далёка, і спакой тым, якія блізка” (Эф 2, 17).
Касцёл – гэта «таямніца», бо стварыў яго Дух Святы як завяршэнне і напаўненне таямніцы Езуса Хрыста. Другі Ватыканскі Сабор імкнуўся падкрэсліць такі аспект Касцёла, спасылаючыся на катэгорыю «Божага народа». Тое, што істотна характарызуе гэты народ і адрознівае яго ад кожнага іншага народа, – гэта факт, што ён жыве, памятаючы пра Езуса Хрыста, у чаканні Яго.
Таму Касцёл з’яўляецца Божым народам, сабраным вакол Хрыста, але які заўсёды знаходзіцца «ў дарозе»: ці то ў накірунку мінулага Езуса, памяць якога ён захоўвае, ці то ў накірунку будучага Езуса, канчатковага прыйсця якога чакае. Касцёл прапануе чалавецтву не сябе, а Таго, каго ён атрымаў у дар, – самога Езуса Хрыста.
Божы народ – пакорны, верны свайму Пану – паказвае, як пражываць жыццё шчаслівае і поўнае сэнсу.
29 ліпеня
17-я звычайная нядзеля, год В
Бог пераўзыходзіць нашыя чаканні
1 чытанне — 2 Вал 4, 42-44.
Пс 145 (144),10-11, 15-16,17-18.
2 чытанне — Эф 4, 1-6.
Евангелле — Ян 6, 1-15.
“Ты адкрываеш сваю руку і ўдосталь насычаеш ўсё жывое” (Пс 145 (144), 16).
Калі чалавек зведае беднасць і бяссілле, у ім можа ўзнікнуць уяўленне, што Бог – гэта «моц», якая служыць для пераўзыходжання і задавальнення нашых блакіраваных і фрустрыраваных мараў або жаданняў. Маючы такі пункт гледжання, мы лёгка можам стварыць сабе ўяўленне пра Бога для нашага ўласнага прымянення і нашых патрэбаў, які служыць чалавеку і які зацыруе ўсе дзіркі. Калі мы ствараем сабе ўяўленне пра Бога, зыходзячы з нашых патрэбаў, мы лёгка ідзем на рызыку, што Бог згубіць сваю трансцэндэнтнасць і зробіцца ідалам па мерцы чалавека, ідалам, які існуе ўжо з таго часу, калі чалавек знаходзіцца ў па-трэбе, і менавіта таму, што чалавек яго патрабуе. Але гэта не вобраз Бога, які дадзены нам у хрысціянскім Аб’яўленні, згодна з якім Бог з’яўляецца абсалютнай адданасцю Самога Сябе чалавеку. Бог – гэта Той, які дорыць сябе бескарысна не па фатальнай непазбежнасці, не таму, што чалавек Яго патрабуе, а дорыць сябе з любові. Ён бязмежна пераўзыходзіць нашыя чаканні, нават іх крытыкуе, пратэстуе супраць іх. Мы ў сапраўднасці задавальняліся б заўсёды ня-многім. Але Бог хоча не толькі знішчыць нашу «беднасць», але Ён шырока раскрывае нам бясконцы гарызонт. Цуды – гэта знакі, з якімі Бог ідзе нам насустрач, ацаляе нашыя раны і задавальняе нашыя мары, але Ён таксама раскрывае нам свой дар сябе. Цуд – гэта знак бескарыснасці Бога, які хоча, каб мы не шукалі Яго пад націскам нашых патрэбаў, але Ён хоча, каб мы Яго пазналі на падставе Яго адданасці.
5 жніўня
18-я звычайная нядзеля, год В
Хлеб свабоды
1 чытанне — Зых 16, 2-4. 12-15.
Пс 78 (77), 3 і 4bc. 23-24.25 і 54.
2 чытанне — Эф 4, 17. 20-24.
Евангелле — Ян 6, 24-35.
“Не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб з неба” (Ян 6, 32).
Амерыканскі філосаф М. Валзер вось якім чынам каментуе нараканне ізраэльскага народа ў пустыні: «Нават у рабстве існуе пэўная форма свабоды: адной са старэйшых тэмаў палітычнага мыслення, блізкага перш за ўсё класічнаму і неакласічнаму рэспубліканізму і сярод кальвінаў, з’яўляецца менавіта тое, што існуе цесная сувязь паміж тыраніяй і тым, што дазволена законам. Безадказныя і наіўныя, раб і прыгонны з’яўляюцца свабоднымі такім чынам, якім грамадзянін рэспублікі і пратэстант ніколі не змогуць быць. Існуе таксама пэўнае рабства ў свабодзе: рабства закону, абавязку і адказнасці». Сапраўдная свабода ў вачах рабінаў заключаецца ў тым, што яны – слугі Бога. Ізраільцяне былі рабамі фараона, у пустыні яны былі Божымі слугамі (на яўрэйскай мове гэтае слова гучыць аднолькава). Раз яны ўжо прынялі Божы закон, Бог і Майсей, якія прадстаўляюць яго, абавязалі іх быць свабоднымі. Гэта было вялікай справай Майсея. Ён ператварыў масу «нешчаслівых бежанцаў», у якіх адсутнічалі гонар і адвага, у вольны народ… Думку, што гэты стан мог бы ўласна вызначацца як «свабода», вельмі моцна крытыкуе – часам нават справядліва – навейшая філасофская літаратура. Яна ўтрымлівае глыбокую праўду, якая датычыцца працэсу вызвалення. Ці хопіць манны, каб чалавек быў сапраўды свабодным? Які хлеб свабоды?
12 жніўня
19-я звычайная нядзеля, год В
Шлях жыцця
1 чытанне — 1 Вал 19, 4-8.
Пс 34 (33), 2-3, 4-5, 6-7, 8-9.
2 чытанне — Эф 4, 30 – 5,2.
Евангелле — Ян 6, 41-51.
“Шчаслівы чалавек, які на Яго спадзяецца” (Пс 34 (33), 9).
Кожны з нас мае свой уласны вопыт, што датычыцца падарожжаў. Набытыя падчас падарожжа перажыванні сталі сёння настолькі звычайнымі, што яны ў нас ужо не пакідаюць амаль ніякіх уражанняў, і іх багатая і старажытная сімвалічная каштоўнасць губляецца. Бо «шлях» заўсёды тлумачыўся як прыпавесць, якая распавядае пра жыццё. Раз мы ўжо нарадзіліся, то мы знаходзімся ў дарозе, хоць мы самі не вырашалі ні аб адпраўцы, ні аб станцыі, куды нам даехаць. З гэтага вынікаюць нашы пытанні, якія датычаць паходжання шляху і яго канчатковай мэты, але таксама пра лепшы спосаб, як дазволіць сабе гэты таямнічы шлях. Як зрабіць, каб наша жыццё не стала бегствам ад нашага паходжання, не стала бессэнсоўным «бегам» у межах дурнога лозунга «пакуль лодка плавае, дазволь ёй плаваць»? Знайсці зноў сэнс свайго ўласнага паходжання і канчатковай мэты з’яўляецца адзінай умовай, каб мы пазбеглі адчужанасці шляху без станцыі адпраўкі і без станцыі прыезду. Маладушнасць, сумнае жыццё, скаргі на невыносныя ўмовы і напружанне з’яўляюцца спакусай у дарозе, дзе адсутнічае радасць, таму што ў яе адсутнічае сэнс.
19 жніўня
20-я звычайная нядзеля, год В
Жыць разумна
1 чытанне — Прып 9, 1-6.
Пс 34 (33), 2-3, 10-11, 12-13, 14-15.
2 чытанне — Эф 5, 15-20.
Евангелле — Ян 6, 51-58.
“Не будзьце ж неразважнымі, але пазнавайце, што ёсць воляй Пана”(Эф 5, 17).
Кожны з нас хоча не толькі жыць, а жыць разумна і шчасліва. Але якая са-праўдная мудрасць? Тут пачынаюць разыходзіцца нашы меркаванні. Для разумнага жыцця неабходна «мэтанакіраванасць», «паўната», дакладней сказаць, мудрасць, якая не паддаецца нейкаму абмежаванню або дэфініцыі. Але мудрасць не тоесная рэчам, якія ў нас ёсць або якімі мы хацелі б валодаць. Яна – не толькі сума назапашаных ведаў, не палкае жаданне, але яна з’яўляецца ў агульным ацэньваемай здольнасцю мець «добры сэнс», «добрае пачуццё». Святое Пісанне нас вучыць, што мудрасць – гэта практычнае веданне правіл, якімі кіруюцца свет і жыццё ўвогуле, што яна азначае ад-крыццё таямнічага сэнсу рэчаіснасці. Такая мудрасць нам сапраўды дае магчымасць жыць, таму што без дакладнага вышэйшага сэнсу рэчаіснасці немагчыма сапраўднае чалавечае жыццё. І гэты таямнічы сэнс рэчаіснасці называецца «Божая воля». Стаць мудрым – значыць пазнаць Божую волю і дзейнічаць згодна з Божай воляй, якая цалкам праявілася ў Езусе Хрысце. Таму мы можам казаць, што Езус – гэта Прамудрасць, невычэрпная крыніца жыцця і яго сэнсу. Ад Яго мы можам чэрпаць пазнанне вышэйшага сэнсу рэчаіснасці і сілу, каб свае паводзіны мы ўзгаднялі з намаганнем жыць шчасліва.
26 жніўня
21-я звычайная нядзеля, год В
Галоўны выбар
1 чытанне — Нав 24, 1-2а,15-17, 18b.
Пс 34 (33), 2-3, 16-17, 18-19, 20-21, 22-23.
2 чытанне — Эф 5, 21-32.
Евангелле — Ян 6, 60-69.
“Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця” (Ян 6, 69).
Нашае жыццё часта выглядае памылковым, няправільным і мы адчуваем сябе нешчаслівымі. Нам здаецца, што не тую атрымалі адукацыю, працуем не ў тым месцы, якое было б для нас цікавым. Але ці не таму так здараецца, што часам дазваляем, каб іншыя выступалі ў якасці нашага «пана» замест адзінага Пана, якім з’яўляецца Езус Хрыстус.
Мы імкнёмся да добрага, правільнага і шчаслівага жыцця, аднак часта шукаем яго па-за Богам – адзіным, хто можа і хоча даць нам паўнавартаснае жыццё. Мы маем гарачыя жаданні і намаганні, аднак нашае жыццё часта перажываем толькі як цяжар фрустрацый, расчараванняў і стомы. Таму замест адзінага магчымага рашэння мы шукаем замену, кампенсацыю, часта нават высакародную і ўяўна правільную, як, напрыклад, праца, радасць, забава або інш. Аднак пры гэтым мы не зможам пазбавіцца ўнутранага пачуцця заклапочанасці, прыгнечанасці ад адасаблення, неспакою, якія паўсюль нас суправаджаюць.
Часта мы няздольныя на радыкальны выбар, адназначнае рашэнне розуму і сэрца на ўсё жыццё адносна сэнсу нашага існавання, які мы можам пазнаць і зразумець у Езусе Хрысце. Часта ў нас адсутнічае здольнасць прымаць рашэнні ў святле веры, і такім чынам прыняць Езуса Хрыста як адзінага Пана, што за-кранае самы глыбокі ўнутраны свет нашай свабоды. Са-праўдная вера з’яўляецца самым інтымным, самым радыкальным, але таксама аб’ядноўваючым дзеяннем, праз якое чалавек цалкам аддае сябе Богу.
Верыць азначае з’яднаць нашае сэрца толькі з Езусам Хрыстом.
кс. Алег ГРЫГАРОВІЧ, SAC