2 снежня
I нядзеля Адвэнту, год В
Чаканне новага свету
1 чытанне — Ер 33, 14-16.
Пс 80 (79), 2ас і 3b. 15-16. 18-19.
2 чыт. — 1 Тэс 3, 12 – 4, 2.
Евангелле — Лк 21, 25-28. 34-36.
“Чувайце, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому” (Мк 13, 33-37).
Чаканне – гэта пачуццё, якое мы зведваем штодзённа. Чаканне выклікана тым, што нам чаго-небудзь не хапае ці хто-небудзь знаходзіцца далёка ад нас, або яно паходзіць з пэўнага непакою, які выплывае з нядобрай рэчаіснасці. Ва ўсіх выпадках чаканне арыентуецца на новую «будучыню». Праз чаканне чалавек адасабляецца ад самога сябе, будуе планы, займае пазіцыю прыняцця.
Часта мы бываем расчараванымі або нам не хапае поўнага даверу, і таму разам з чаканнем нараджаюцца неспакой, сумненні і скептыцызм. Вельмі складана перажываць чыстае і нічым не парушанае чаканне. Тым больш, што вакол нас мноства «таямнічых запэўнівацеляў», якія штодзень імкнуцца запэўніць нас, заманіць рэкламай, рознымі абяцаннямі – амаль заўсёды падманлівымі, сумніўнымі ці несур’ёзнымі.
Адвэнт – гэта абяцанне і чаканне. Аднак ці зможам мы паверыць Божаму абяцанню? Ці ўдасца нам зразумець, што Божае абяцанне – гэта адзінае абяцанне, якое нас ніколі не падмане і якое апраўдае нашую на-дзею? Ці адкажа Бог на нашыя чаканні, нашыя мары і патрэбы?
9 снежня
II нядзеля Адвэнту, год В
Толькі Бог можа збавіць
1 чытанне — Бар 5, 1-9.
Пс 85 (84), 9аb-10. 11-12. 13-14.
2 чыт. — Флп 1, 4-6, 8-11.
Евангелле — Лк 3, 1-6.
“Паслухаю, што гаворыць Пан Бог” (Пс 85 (84), 9).
З даўніх часоў людзі шукалі спосабы і сродкі «збаўлення», яны правяралі ўсе шляхі. Яны стваралі імперыі і спадзяваліся, што «збаўленне» ім прынясе палітыка. Яны прапаноўвалі розныя эканамічныя парадкі, стваралі філасофскія дактрыны і самыя шматвобразныя ідэалогіі. Але людзям не ўдалося «збавіць» іншых людзей. І гэта не песімізм без падставы, а паражэнне. Гэта аб’ектыўная канстатацыя.
Уяўленне пра сталае і паступовае развіццё ў гісторыі, пачынаючы ад самых нізкіх ступеняў, ажно да ўсё больш высокіх мэтаў – гэта толькі ілюзія без трывалай асновы.
Толькі з забабонаў, што чалавек можа быць «збавіцелем» сябе самога, могуць узнікаць тэорыі пра пастаяннае ўдасканаленне гісторыі і пра неабходнае прасоўванне чалавецтва ў кірунку ўсё больш шчаслівай будучыні. У гісторыі чалавецтва дзейнічаюць таксама негатыўныя сілы, сустракаюцца перыяды ўпадку, рэгрэсу і сапсавання. Значыць, чалавек сам па сабе не здольны канчаткова сябе збавіць. Але хто тады?
Сцвярджэнне таго, што толькі Езус Хрыстус можа нас збавіць, – не пустая аратарская заява, якую нельга праверыць. Гэта сцвярджэнне разумнае: штодзённа мы канстатуем, што, калі мы адхіляемся ад плана Езуса, то якасць нашага жыцця пагаршаецца.
Тады жыццё ў грамадстве становіцца больш складаным і больш жорсткім, нашыя сэрцы напаўняе неўтаймаваны эгаізм. Тады нам неабходны больш справяд-лівыя і больш жорсткія законы, дзяржаўныя або мясцовыя мера-прыемствы, сацыяльныя або эканамічныя ініцыятывы. Дзейнічаючы такім чынам, мы ізноў рызыкуем, бо ўкладваем нашую надзею толькі ў чалавека.
Аднак святы Ян Хрысціцель прапануе нам будаваць грамадства на слове і моцы Месіі: усялякая наша ініцыятыва будзе паспяховай, калі яе крытэрыем будзе слова Пана.
Выканаўшы гэтую ўмову, мы можам спадзявацца на адра-джэнне свету.
16 снежня
III нядзеля Адвэнту, год В
Смутак і радасць
1 чытанне — Саф 3, 14-18а.
Лк 1, 46b-48. 49-50. 53-54.
2 чыт. — Флп 4, 4-7.
Евангелле — Лк 3, 10-18.
“Бо вялікае ўчыніў мне Ўсемагутны, а імя Яго святое” (Лк 1, 49).
Штодзённасць прыносіць з сабою шмат прычын для расчаравання, стомленасці і смутку. Расчараваны жыццём можа быць малады чалавек, якому не ўдаецца знайсці сабе працу, расчараваны хворы, для якога не хапае ложка ў шпіталі, расчараваны пажылы чалавек, які ў доме састарэлых адчувае сябе ў вы-гнанні з грамадства.
Біялагічныя законы бязлітасна звяртаюць нашую ўвагу на тое, што час мінае, мы старэем, што нашыя сілы не з’яўляюцца невычарпальнымі. Нігілістычныя і песімістычныя ідэалогіі нараджаюць пачуццё пустэчы, дарэмнасці або выклікаюць пасіўнасць перад наканаванай непазбежнасцю.
Як не дазволіць целу расслабіцца? Як не паддацца хранічнаму недаверу? Хто нас можа захаваць ад выцяснення на перыферыю грамадства, ад адзіноты, смутку і пагражаючай нам смерці? Ці яшчэ можна адшукаць свежую і чыстую крыніцу надзеі і радасці? З гэтых пытанняў паўстае іншае –пра сэнс жыцця.
23 снежня
IV нядзеля Адвэнту, год В
Благаслаўлёная ты паміж жанчынамі
1 чытанне — Міх 5, 1-4а.
Пс 89 (88), 2-3. 4-5. 27 і 29.
2 чыт.- Гбр 10, 5-10.
Евангелле — Лк 1, 39-45.
“Няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1, 38).
Божае Нараджэнне ўжо зусім блізка. У сённяшніх літургічных чытаннях на першым плане жанчыны, якія нараджаюць у свет Божы «дар». Варта ўсвядоміць сабе, што Божае Нараджэнне з’яўляецца дарам, а не справай нашых рук. Што гэта абяцанне, а не заваяванне. Што гэта прыйсце, а не наш шлях. А значыць, сёння мы атрымліваем запрашэнне падрыхтавацца да Нараджэння Пана так, як гэта зрабіла Марыя: адкрыць свае сэрцы, думкі і волю на прыняцце дару, давяраць Божаму абяцанню і даць магчымасць прыйсці «таму, хто хоча прыйсці».
Падчас Калядаў Езус прыходзіць, каб урачыста ўвесці нас у таямніцу веры і даць нам магчымасць жыць гэтай верай, каб мы аддалі сябе Богу, як гэта рабіў Езус. Альжбета і Марыя споўнілі Божую волю. Езус хоча прадставіць і нам магчымасць спаўняць волю Яго Айца.
30 снежня
Свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа, год В
Святая Сям’я
1 чытанне — Сір 3, 2-6. 12-14.
Пс 96 (95), 7-8а. 8b-9. 10.
2 чыт. — Клс 3, 12-21.
Евангелле — Лк 2, 41-52.
“Хто выконвае Божую волю, той жыве вечна” (1 Ян 2, 12-17)
У сучасным грамадстве сем’і сустракаюцца са шматлікімі праблемамі. Палітыкі, сацыёлагі, псіхолагі, святары і многія іншыя людзі імкнуцца даследаваць стан сем’яў у наш час і прапаноўваюць рашэнні розных праблем.
Сённяшняе літургічнае свята не дае нейкага новага «рэцэпту», які б мы маглі залічыць да мноства папярэдніх. Сёння святая Эўхарыстыя цэлебруецца не для таго, каб даць парады для вырашэння праблем, з якімі сутыкаюцца нашыя сем’і. Езус Хрыстус прапануе нашмат больш радыкальнае «рашэнне», якое глядзіць у корань усіх цяжкасцей не толькі ў сям’і, але і ва ўсім нашым жыцці. Ён кажа нам, што крыніцай усіх нашых «цярпенняў» з’яўляецца той факт, што мы не адважваемся быць Божымі дзецьмі. А менавіта гэта і з’яўляецца нашым пакліканнем – быць Божымі дзецьмі. Калі мы хочам жыць толькі як звычайныя «чалавечыя» дзеці і выключым Бога з нашага жыцця, а праз гэта таксама і з сям’і, мы прынізім сябе да таго, што бу-дзем жыць у супярэчнасці з нашым самым сапраўдным чалавечым пакліканнем, у выніку чаго мы пазбавім сям’ю чалавечнасці.
кс. Алег ГРЫГАРОВІЧ, SAC