6 студзеня
Урачыстасць Аб’яўлення Пана,год С
У пошуках Бога
1 чытанне — Іс 60, 1-6.
Пс 72 (71), 12.7-8.10-13.
2 чыт. — Эф 3, 2-3а, 5-6.
Евангелле — Мц 2, 1-12.
“Слава Пана ўзышла над табою” (Іс 60, 1-6).
Літургія сённяшняга дня вылучае тры моманты, у якіх Хрыстус аб’явіўся людзям, стаў для іх святлом: пакланенне мудрацоў у Бэтлееме; голас Божы ў хвіліну, калі Ян удзяляў Яму хрост у Ярдане: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я» (Лк 3, 22); цуд перамянення вады ў віно ў Кане Галілейскай, праз які вучні паверылі ў Яго (пар. Ян 2, 11).
Група ізраільцянаў з верай прыняла святло, што сыходзіла ад навукі і цудаў Хрыста. Многія, аднак, не прынялі яго. Падобны лёс напаткаў Хрыста і ў наступныя стагоддзі, таксама і ў нашыя дні, бо Яго эпіфанія – аб’яўленне – працягваецца, хоць сёння і без надзвычайных, цудоўных знакаў, як гэта было пры зямным жыцці Езуса.
У кожнага з нас ёсць у жыцці хвіліны, калі Бог нам аб’яўляецца. Мы можам перажываць гэта, разважаючы над Святым Пісаннем або нейкім рэлігійным выданнем.
Іншым разам мы чуем ціхі голас Божы, калі молімся ў засяроджанасці. Пэўную форму Божага аб’яўлення, перажывання Бога дае прыгожы спеў рэлігійных песень. Спеў кажа штосьці пра Бога асабліва маладым людзям, але больш прамаўляе да пачуццяў і сэрца, чым да розуму.
Некаторым людзям Бог аб’яўляецца праз сузіранне прыгажосці прыроды. На жаль, сучаснаму чалавеку не хапае часу і ўнутранага спакою, каб у маўчанні як мага даўжэй дзівіцца прыгажосцю.
Падарожжа мудрацоў і іх шуканне нованароджанага Караля з’яўляецца вобразам і ўзорам шукання Бога ўсім чалавецтвам, а разам з ім – таксама і намі.
13 студзеня
Свята Хросту Пана,год С
Бог дае жыццё
1 чытанне — Іс 42, 1-4, 6-7.
Пс 29 (28), 1-4, 3, 9-10.
2 чыт. — Дз 10, 34-38.
Евангелле — Лк 3, 15-16. 21-22.
“Ён прынясе народам Правасуддзе” (Іс 42, 1-4).
Мы жывём у грамадстве, у якім так часта адмаўляецца жыццё, пачынаючы ад забойстваў ва ўлонні маці і заканчваючы забойствамі людзей, якім бацькі далі жыццё і якія сталі часткай чалавечай супольнасці. Гэтае грамадства штодня засейвае ў адносіны паміж людзьмі вялікую долю цынізму, нянавісці, эгаізму і насілля. Адным словам, яно варожа ставіцца да жыцця. І ўсё ж такі людзі жадаюць жыць, яны носяць у сабе моцнае жаданне паўнацэннага жыцця. У той жа меры людзі моцна жадаюць зрабіць штодзённае жыццё больш якасным, каб яно стала больш праўдзівым, больш справядлівым і больш радасным.
Усімі намі ў меншай ці большай ступені авалодвае страх перад смерцю ці перад пагрозамі смерці, якія вісяць над чалавецтвам. І тут ёсць рэальная небяспека, што гэты страх у пэўным сэнсе паралізуе нас. Жыццё, пазначанае страхам і блізкай смерцю, становіцца пахмурным, бязрадасным, поўным боязі і панікі. Езус вядзе барацьбу супраць такога бяссілля. Ён прыйшоў і прыходзіць, каб дарыць нам радасць жыцця.
У Святым Пісанні Дух заўсёды спалучаецца з жыццём. Езус, напоўнены Духам Божым, з’яўляецца чалавекам, у якім паўната жыцця, і Ён можа яе перадаваць. Езус дае нам нашмат больш, чым мы самі маглі б папрасіць: Ён дае магчымасць жыць вечна, Ён дае надзею там, дзе яе больш няма, дае нам любоў, калі ўсе нам у ёй адмаўляюць, дае нам са-праўднае жыццё. Гэтае жыццё Ён даў нам ужо падчас нашага хросту. Аднак справа заключаецца ў тым, каб мы сапраўды жылі такім жыццём.
20 студзеня
2-я звычайная нядзеля,год С
Новы від адносінаў
1 чытанне — Іс 62, 1-5.
Пс 96 (95), 1-3. 7-10.
2 чыт. — 1 Кар, 12, 4-11.
Евангелле — Ян 2, 1-11.
“Спявайце Пану новую песню, спявай Пану, уся зямля” (Пс 96, 1-3).
Давайце паспрабуем цяпер прачытаць тэкст другога чытання з пункту гледжання адкрытых пытанняў урыўку з Евангелля. Дзякуючы смерці Езуса і Яго ўваскрасенню з мёртвых, кожны чалавек мае сваю ролю ў жыцці, якая вынікае з яго адносінаў да Езуса. Так, адносіны да Езуса з’яўляюцца тым, што вы-значае наша месца ў жыцці. Такім чынам мы глядзім таксама на розныя харызмы, пра якія кажа апостал Павел: кожны атрымаў дар і ласку Духа Святога. Толькі Дух, які размяркоўвае розныя дары, забяспечвае адзінства ўсіх у Хрыстовым целе, якім з’яўляецца Касцёл. У кожнага свая харызма, кожны павінен выконваць сваю «місію». Але гэта мы не атрымалі ад нараджэння, гэта – дар Духа Хрыста. Таксама Марыі Дух вызначыў ролю Маці Хрыста і Маці хрысціянаў.
«Добрае віно» з’яўляецца знакам Новага Запавету, віном месіянскага вяселля, якое распачалося служэннем Хрыста. Суцяшальнае слова з Кнігі прарока Ісаі (Іс 62, 5) ажыццяўляецца прыйсцем Хрыста, Жаніха новай супольнасці збаўленых. У гэтай супольнасці, якой з’яўляецца Касцёл, дух Хрыста ня-спынна дзейнічае і размяркоўвае свае дары кожнаму, каб усе знайшлі сваё месца і сваё служэнне на карысць іншым.
27 студзеня
3-я звычайная нядзеля,год С
Цяпер прыходзіць збаўленне
1 чытанне — Нм 8, 2-6. 8-10.
Пс 19 (18), 8-10. 15.
2 чыт. — 1 Кар 12, 12-30.
Евангелле — Лк 1, 1-4; 4, 14-21.
“Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання” (Лк 1, 14-21).
Літургія – гэта час, калі супольнасць вернікаў перажывае Божае збаўленне як падзею і дар, якія здзяйсняюцца менавіта зараз, і калі яна ўмацоўвае сваю сувязь зносінаў ва ўрачыстай атмасферы братэрскага святкавання. Такім чынам, гаворка ідзе пра святкаванне і перажыванне «цяперашняга» збаўлення, пра якое нам абвяшчае Божае слова і якое пры яго дапамозе дзейнічае і прысутнічае ў дадзены момант.
Прамову ў Назарэце евангеліст Лука лічыць пачаткам публічнага служэння Езуса.
Таксама гэты пачатак злучаецца з прысутнасцю Духа ў Езусе: Езус «пачаў гаварыць».
Гэты «пачатак» Езуса азначае пачатак новай эпохі, «цяперашняга» збаўлення. Мы таксама жывём у новай эпосе, якую адкрыў Хрыстус. Яго словы гучаць для нас моцай Духа дзеля нашага збаўлення. Калі мы ў літургіі чытаем Божае слова, сам Езус абвяшчае сваё Евангелле моцай Духа. Кожны дзень, калі мы чытаем Евангелле, можам сказаць: «Сёння для мяне здзяйсняецца слова Божае».
У 18 і 19 вершах першага раздзела (паводле Лукі) Евангелля падкрэсліваецца абвяшчэнне Хрыста: збаўленне прыходзіць праз пасрэдніцтва Яго слова. У слове Езуса выконваецца абяцанне прарока Ісаі. Дзейнасць Хрыста – гэта здзяйсненне запавету і прысутнасці збаўлення ў цяперашні дзень. Але гэты дзень пастаянна прысутнічае ў Касцёле. Такім чынам, няма сітуацыі ў жыцці людзей, пра якую б мы маглі сказаць, што ў ёй няма прысутнасці збаўлення. Час Езуса злучаецца з часам Касцёла: сённяшні дзень жыцця Хрыста з’яўляецца таксама пастаянным збаўчым днём абвяшчэння збаўлення з боку Касцёла. Заўсёды і на кожным месцы, дзе сёння абвяшчаецца і прымаецца навіна пра збаўленне Хрыста, Бог прыводзіць у рух працэс сапраўднага вызвалення ад зла. І ў гэтым працэсе менавіта слова Езуса вызваляе і дае збаўленне.
кс. Алег ГРЫГАРОВІЧ, SAC