Хлеб штодзённы

3 лютага
4-я  звычайная нядзеля, год С

 

Любоў – плод веры

 

1 чытанне — Ер 1, 4-5. 17-19.
Пс 71, 1-6. 15. 17.    
2 чыт. — 1 Кар 12, 31 – 13, 13.
Евангелле — Лк 4, 21-30.

 

“Устанавіў цябе прарокам для народаў” (Ер 1, 4-5).
Падобна таму, як нельга жыць без праўды, нельга жыць таксама без любові. У абодвух чытаннях, пра якія сёння разважаем, пераважвае тэма прароцкага абвяшчэння праўды, якая знаходзіць сваю рэалізацыю і ўвасабленне ў Хрысце. Як Ерамія, так і Езус сустрэліся з нежаданнем сваіх суайчыннікаў паверыць, абодва яны пакутавалі з-за слабой веры сваіх слухачоў. Урывак з Паслання святога апостала Паўла завяршае аповед, які мы можам акрэсліць наступнай формулай: слова – ісціна – любоў; Божае Слова – вера як прабыванне ў праўдзе – справа любові. Гэта формула, якая складаецца з трох частак і выражае глыбокую логіку, пра якую мы казалі ў пачатку. Божае Слова прыводзіць нас да жыцця з веры, і вера вядзе нас да справаў любові.
Братэрская любоў з’яўляецца канчатковай рэальнасцю і спаўненнем усялякай «ісціны». Калі мы не любім, словы застаюцца пустымі і поўнымі ілжывасці. Гаворка ідзе пра любоў, якая вынікае з веры і яднаецца з надзеяй. Ва ўрыўку з Паслання св. апостала Паўла да Карынцянаў мы чыталі пра ўласцівасці любові, якая пераходзіць у жыццё вечнае, таму што неба будзе дасканалым  удзелам у любові, якою з’яўляецца сам Бог. Там таксама ісціна знойдзе сваё спаўненне, бо мы будзем бачыць Бога «тварам у твар…».
Адмаўленне ад ісціны, якую абвяшчаў Ерамія, прывяло яго суайчыннікаў да насілля. Нежаданне назаранаў паверыць абуджала ў іх сэрцах намер забіць Езуса. Святы Ян Павел ІІ надзвычай дакладна выразіў адносіны   паміж  ісцінай і любоўю ў сваім пасланні на Дзень міру, калі сказаў: «Ісціна… адкрывае тое, што аб’ядноўвае бакі, якія да гэтага былі супраць адно аднаго; мінулы недавер яна адсоўвае на задні план і рыхтуе глебу для далейшага прагрэсу ў справядлівасці і братэрстве, у мірным суіснаванні ўсіх людзей».


10 лютага
5-я  звычайная нядзеля, год С

 

gr-str-30

Вось я, пашлі мяне

 

1 чытанне — Іс 6, 1-2а. 3-8.
Пс 138, 1-5. 7-8.   
2 чыт. — 1 Кар 15, 1-11.
Евангелле — Лк 5, 1-11.

 

“Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей” (Мц 4, 19).  
На першы погляд здаецца, што ўвесь урывак з Кнігі прарока Ісаі вядзе нас да думкі пра тое, што гаворка ідзе пра добрае: даты, імёны, месца. Гаворыцца пра «бачанне» Бога, пра сустрэчу з Панам, у якой Ісая атрымаў сваю прароцкую місію. Ісая хоча выступіць па-срэднікам для нас у глыбокім унутраным перажыванні.
Літаратурная схема, у межах якой прарок прыводзіць сваё перажыванне адносна Бога, мае грамадска-палітычную структуру: кароль на троне, акружаны прыдворнымі высокапастаўленымі асобамі, прымае свайго слугу, якому ён даручае далікатную місію.
На самой справе ў аповедзе Ісаі паказаны Бог, які сядзіць на троне, акружаны дарадчыкамі і слугамі. «Слуга» тут прадстаўлены праз тое, што  ён  прызнае сваю «нячыстасць», ад якой ачышчаны сімвалічным жэстам. Кароль пытаецца: «Каго Мне паслаць? Хто пой-дзе дзеля нас?». «Слуга» адказвае:  «Вось я, пашлі мяне». Потым гучыць загад, у якім афіцыйна прадстаўляецца місія.
Гэты ўрывак, безумоўна, мы не можам чытаць як звычайную хроніку, але як багаслоў-скае разважанне пра аўтарытэт прарока. Задача аповеду пра пакліканне Ісаі – як і далейшых аповедаў пра іншых прарокаў – заключаецца ў тым, каб растлумачыць абгрунтаванасць прароцкага абвяшчэння перад вачыма чытачоў. Прарок пасланы Богам, таму ён кажа ад імя Бога, а не па сваёй ініцыятыве. Ён прамаўляе Слова Божае, а не выказвае свае ўласныя меркаванні.
У Сімвале веры мы кажам: «Веру ў Духа Святога, які прамаўляў праз прарокаў».
Аўтарытэт у Касцёле заўсёды з’яўляецца дарам і справай Духа Святога, які робіць яго здольным гаварыць ад Яго імя. Аўтарытэт у Касцёле заўсёды мае канкрэтнае прароцкае заданне – служыць Божаму Слову.


17 лютага
6-я  звычайная нядзеля, год С

 

gr-str-31

Дзяліцеся шчасцем

 

1 чытанне — Ер 17, 5-8.
Пс 1, 1-4. 6.   
2 чыт. — 1 Кар 15, 12. 16-20.

Евангелле — Лк 6, 17. 20-26.

 

“Гора вам, хто цяпер сыты, бо галадаць будзеце!»(Лк 6, 25).  
Казанне  Езуса, частку якога мы чытаем у гэтую нядзелю, займае амаль цэлую шостую главу Евангелля ад  Лукі. Езус сказаў гэтыя словы, стоячы «на роўным месцы», таму некаторыя называюць  гэты  ўрывак з Евангелля «Казанне на роўным месцы». Гэтае  казанне  падобнае да важнага і знакамітага «Нагорнага казання» Езуса, якое  змяшчаецца ў Евангеллі ад Мацвея.
Як  і  ў Мацвея, так і ў Лукі, перш  за ўсё мы сустракаем Блажэнствы. Але ў Мацвея іх восем і яны нясуць пераважна духоўны сэнс. А  ў Лукі мы  сустракаем чатыры блажэнствы і чатыры аблічэнні («гора вам!»). Пры гэтым яны напоўнены сацыяльным сэнсам. Тут  Езус  называе блажэннымі жабракоў,  галодных, выгнанцаў. Адначасова Ён прадказвае неспрыяльны лёс для заможных і самазадаволеных.
Такі сацыяльны змест вельмі ўласцівы для Евангелля ад Лукі. Менавіта так мы чытаем Песню Панны Марыі, дзе ёсць словы «дабром галодных насыціў, а багатых  ні з чым адправіў» (Лк 1, 53) ці «прыпавесць пра багацея і Лазара». Справядлівасць і клопат пра бедных – гэта непадзельная частка Евангелля. Аднак, як  нам разумець  словы Хрыста, калі ён благаслаўляе жабракоў і асуджае заможных? Атрымоўваецца, што калі тваё жыццё добра наладжана  –  ёсць добрая праца, шчаслівая сям’я, няма непрыемнасцей. Хіба гэта дрэнна?  Хіба мы павінны скардзіцца  і плакаць? Канешне, не! Мы па-вінны разумець, што ўсё гэта – дар Божы і не хаваць сваё шчасце  толькі для сябе, але дзяліцца ім з тымі, хто побач. Такім чынам  мы  выконваем  волю Езуса, Які  загадаў нам бачыць самога сябе  ў  кожным жабраку, у кожным  чалавеку, які  церпіць ня-стачу. Бо ў  Евангеллі  ад Мацвея Хрыстус  кажа: «Чаго вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне» (Мц 25, 45).


 24 лютага
7-я звычайная  нядзеля, год С

 

Любіце ворагаў вашых

 

 

1 чытанне — 1 Сам, 26, 2. 7-9.
Пс 103, 1-4. 8. 10. 12-13.   
2 чыт. — 1 Кар 15, 45-49.
Евангелле — Лк 6, 27-38.

 

“Благаслаўляйце тых, хто  вас праклінае, маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць” (Лк 6, 28).  
Жыццёвы вопыт  пэўным чынам уплывае на наша разуменне свету і нашыя паводзіны, якія вынікаюць з гэтага разумення. З дзяцінства мы вывучаем простыя  ісціны, як, напрыклад, што ўдзень светла, а ўначы цёмна.
Гэткае ж разуменне існуе і ў свеце нашых чалавечых адносін. З аднаго боку знаходзяцца такія  словы, як каханне, сяброўства, клопат, благаслаўленне. А з другога боку –  нянавісць, помста, варожасць, праклён. У сённяшнім евангельскім урыўку Хрыстус  здзейсніў штосьці незвычайнае. Ён злучыў парамі словы з гэтых супрацьлеглых бакоў. Ён запаведвае Сваім вучням: «Любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць, благаслаўляйце тых, хто вас  праклінае…»  (Лк 6, 27-28). Гэтыя запаветы супярэчаць нашаму чалавечаму вопыту, яны збіваюць нас з панталыку. Як так магчыма? Аднак Езус выказаў гэтыя словы з нейкай нагоды. Любіць ворагаў – гэта стрыжань Евангелля. Мы тады можам сказаць, што жывём паводле веры, калі здольныя рабіць дабро нашым ворагам. Чаму? Таму што ў любові мы робімся падобнымі да Бога. У нейкай ступені кожны чалавек, які робіць грэх, з’яўляецца ворагам Бога. Бо гэта ж за нашыя грахі пакутаваў Езус. Аднак нас выратавала міласэрная ахвяра Езуса. Вось гэтую дабрыню мы і павінны перадаваць далей. І менавіта гэта –  самае яскравае хрысціянскае сведчанне веры. Мы можам будаваць храмы, прапаведваць Евангелле, аднак ніводная з гэтых рэчаў не кажа ясней і красамоўней, чым бескарысная любоў да ворагаў.
І напрыканцы варта адзначыць, што хрысціянская любоў –  гэта справа нашай волі. Хоць нашыя пачуцці не пагаджаюцца дараваць крыўду, маліцца за тых, хто крыўдзіць нас, тым мацнейшым павінна быць нашая воля рабіць гэта. Бо такім чынам мы становімся падобнымі да Айца нашага Нябеснага і сваёю любоўю набліжаем усіх да Яго.

 

 

кс. Алег  ГРЫГАРОВІЧ,  SAC
а. Дарый  ПЕЛЯК, SVD


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий