3 сакавіка
8-я звычайная нядзеля, год С
Унутранае выздараўленне
1 чытанне — Сір 27, 4-7.
Пс 92, 2-3. 13-26.
2 чыт. — 1 Кар 15, 54-58.
Евангелле — Лк 6, 39-45.
“… будзьце моцнымі, непахіснымі, заўсёды будзьце цалкам адданымі справе Пана і ведайце, што не дарэмная праца ваша ў Пану” (1 Кар 15, 58).
Калі б мы жадалі ў некалькіх словах выказаць агульны вопыт чалавецтва ўсіх часоў і ўсіх краін, то маглі б вызначыць яго словамі: «Чалавек – гэта хворая істота». Чалавецтва пакутуе ад незлічонай колькасці хваробаў, церпіць фізічна і духоўна; хваробы ўражваюць цела і псіхіку пажылых людзей і дзяцей, мужчын і жанчын, добрых і злых людзей.
Патрэба вылечыцца і гарачае жаданне быць здаровым вялі чалавецтва да пастаянных спробаў шукаць выздараўлення. Прыведзенае ў пачатку вызначэнне чалавека мы можам выразіць і словамі: «Чалавек – гэта істота, якая шукае выздараўлення».
Але хто можа нас вылечыць? Чалавецтва з незапамятных часоў шукала выздараўлення ў навуцы, якая была ў розныя часы на розным узроўні. Таму людзі пастаянна выклікалі дзеянне акультных, таямнічых сілаў праз пасрэдніцтва варажбы, забабонаў і іншых форм, якія выяўлялі патрэбу чалавецтва звяртацца да таямнічай і невызначальнай сілы, звязанай больш ці менш з нейкай рэлігіяй. Таксама ў Святым Пісанні вера ў Бога звязваецца з лячэннем чалавека. Вера і выздараўленне непадзельныя.
10 сакавіка
1-я Нядзеля Вялікага Посту, год С
Спакушэнні і вернасць Богу
1 чытанне — Дрг 26, 4-10.
Пс 91, 1-2. 10-15.
2 чыт. — Рым 10, 8-13.
Евангелле — Лк 4, 1-13.
“Ты маё прыстанішча і мая цвярдыня, Божа мой, на Цябе спадзяюся” (Пс 91 (90), 2).
Пачынаецца час Вялікага Посту. І адразу ж да нас прыходзіць пытанне: што мы павінны рабіць у гэты час? Многія прыслухоўваюцца да парадаў біскупаў і святароў.
Аднак ёсць прапанова, якая ўключае ў сябе ўсе іншыя прапановы і пранікае ў сутнасць, у сэрца часу посту. Яна перавышае тое, што мы можам выконваць практычна. Гэта заклік навяртання, заклік да цвёрдай веры. Гэты заклік скіроўвае да нас таксама св. Павел: «Кожны, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены».
Кожная ініцыятыва павінна дапамагаць нам узрастаць у нашым навяртанні да Бога, у веры ў Яго. А гэта значыць, што час Вялікага Посту з’яўляецца для нас заклікам паставіць Бога на першае месца, вышэй за ўсё. Час Вялікага Посту мы толькі тады перажывём «добра», калі ў глыбіні нашай душы адчуем і ўсвядомім сабе, што без Бога мы не можам жыць. Калі мы пазнаем, што Бог нам патрэбны больш, чым хлеб, больш, чым прызнанне і розныя формы «прыбытку», мы зможам адпаведна перажыць час посту.
17 сакавіка
2-я Нядзеля Вялікага Посту, год С
Езус – Сын Божы
1 чытанне — Быц 15, 5-12. 17-18.
Пс 27, 1, 7-9. 13-14.
2 чыт. — Флп 3, 17– 4,1.
Евангелле — Лк 9, 28b-36.
“Хрыстус пераменіць нашае прыніжанае цела на падабенства свайго праслаўленага Цела” (Флп 3, 20 – 4,1).
У першую нядзелю Вялікага Посту мы канстатавалі, што час посту павінен быць для нас ад-крыццём і практычным сцвяр-джэннем таго, што Бог мае абсалютнае першынства ў нашым жыцці. Сёння мы працягнем разважаць пра гэта. Засяродзімся на тым, ці не паддаем мы сябе рызыцы, ствараючы кожны сам сабе ўласны малюнак Бога?
Рызыка ёсць, але тады, калі Бог будзе для нас абстрактным і далёкім.
У сённяшнім урыўку з Евангелля гаворыцца, што Бог аб’явіў сябе і што Ён прысутнічае ў Езусе Хрысце, які з’яўляецца жывой і асабістай сустрэчай паміж Богам і нашым канкрэтным жыццём. Нам не трэба напружваць сваё ўяўленне, каб пазнаць думкі і паводзіны Бога, таму што Ён мае аблічча Езуса Хрыста. Езус з’яўляецца апошнім, канчатковым і дасканалым аб’яўленнем Бога. Але Ён з’яўляецца таксама поўнай і дасканалай рэалізацыяй чалавечай свабоды. Таму нашая вернасць і навяртанне да Бога павінны быць вернасцю і навяртаннем да Езуса Хрыста.
У другім чытанні мы чулі, як святы Павел заахвочвае да чыстых «паводзінаў» хрысціянаў у Філіпах, якія вядуць сябе як ворагі крыжа Хрыстовага. Апостал папракае іх не за думкі, а за паводзіны. Яны непаслядоўныя, аддзялілі практычную дзейнасць (волю і прыняцце рашэнняў) ад мыслення. Яны хваляцца тым, чаго ім варта было б саромецца, яны арыентуюцца на зямныя рэчы. Яны – хрысціяне, якія не здолеюць уключыць «шаленства крыжа» ў сваё хрысціянскае мысленне, бо стварылі сабе ўласны малюнак Бога. Пры гэтым яны зыходзяць не з гісторыі жыцця Езуса на зямлі, а перш за ўсё з Яго смерці на крыжы.
Паводле святога Паўла, Божую ісціну разумее толькі той, хто прымае гістарычнае існаванне Езуса як аб’яўленага Бога. Такім чынам, калі мы зыходзім з таго, што Езус добраахвотна прыняў смерць на крыжы, і калі мы лічым яе «знамянальнай» для нас смерцю, толькі тады мы зможам зразумець «шаленства крыжа». З іншага боку, толькі сур’ёзнае разважанне пра смерць Езуса дапамагае зразумець, што гэтае «шаленства» азначае для чалавечага розуму.
24 сакавіка
3-я Нядзеля Вялікага Посту, год С
Вярнуцца да свабоды
1 чытанне — Зых 3, 1-8а. 13-15.
Пс 103, 1-4. 6-8. 11.
2 чыт. — 1 Кар 10, 1-6.
Евангелле — Лк 13, 1-9.
“Калі не пакаецеся, усе таксама загінеце” (Лк 13, 5).
У кожным з нас існуе пасрэднасць і нікчэмнасць, але кожны чалавек адначасова жадае дабрыні і абсалюту. На жаль, гэтае прагненне абсалюту часта пераходзіць у спакусу эгаістычна замыкацца ў сабе. Гэтая спакуса нясе шмат адчаю, робіць наша штодзённае жыццё пахмурным, разбурае грамадства і разбэшчвае асобу.
Час посту заклікае нас зрабіць вырашальны «пераварот» у сваім жыцці – навярнуцца, скіраваць позірк на Бога-Збаўцу, да сапраўднага Абсалюту, цярплівага і міласэрнага Бога, якога нам аб’явіў Езус. У гэтую нядзелю Езус паказаны як той, каму можна давяраць, як наша ісціна і жыццё: Ён – адзіны, жыць без якога азначае падвергнуць сябе рызыцы загінуць і бясплодна пражыць жыццё.
31 сакавіка
4-я Нядзеля Вялікага Посту, год С
Новыя стварэнні ў Хрысце
1 чытанне — Нав 5, 9а. 10-12.
Пс 34, 2-7.
2 чыт. — 2 Кар 5, 17-21.
Евангелле — Лк 15, 1-3. 11-32.
“Гляньце на Яго і прасвятліцеся, і твары вашыя не спазнаюць сораму”(Пс 34 (33), 6).
Нас стамляе штодзённасць, аднолькавасць дзён. Мы прагнем аднаўлення. Аднак хто можа аднавіць нашае жыццё, перамяніць яго? Адкуль чэрпаць сілы для аднаўлення?
Пакуль мы пераконваем сябе, што дабро і шчасце з’яўляюцца вынікам толькі нашых намаганняў, мы губляемся ў незлічоных бясплённых досведах, якія нас не задавальняюць, якія прыгнятаюць нас і прыносяць расчараванне. Мы павінны пазбавіцца шкодных прадузятасцей, што мы зможам самі кіраваць нашым жыццём, што можам узяць «частку маёмасці» і будаваць нашае жыццё самастойна, незалежна ад Бога. Гэта вельмі небяспечная прадузятасць, якая вядзе да таго, што мы пакідаем Богу толькі ролю «памочніка».
кс. Алег ГРЫГАРОВІЧ, SAC